Каля крамы сабраўся натоўп цікаўных людзей, якія прагнулі першымі ўвайсці ў памяшканне. Папярэдне рэклама паведаміла, што наведвальнікаў чакаюць нейкія прыемныя сюрпрызы. Сярод некалькіх міліцыянераў, якіх прыслалі сачыць за парадкам, Юля ўбачыла Барыса. Нянавісць і агіда варухнуліся ў яе сэрцы. Не хацелася сустрэцца з ім твар у твар. Яна спынілася каля кіёска і, зводдаль назіраючы за крамаю, пачала чакаць пачатку цырымоніі адкрыцця. Калі на прыступкі выйшлі прадстаўнікі гарадской улады і гандлю, Юля, стараючыся не трапіць на вочы Барысу, улілася ў натоўп, уключыла дыктафон. Разам з людзьмі увайшла ў памяшканне, паназірала, як першаму наведвальніку ўручылі кававарку, прайшлася па гандлёвай зале, з задавальненнем агледзела бытавую тэхніку з выдатным дызайнам. Рэчы прываблівалі зрок, радавалі, здзіўлялі. Нечакана перад ёю ўзнікла постаць Барыса.
Добры дзень, каханая, сказаў ён ціха.
Яна нічога не адказала, рэзка павярнулася і пайшла да выхаду. Ён паспрабаваў затрымаць, яна вырвалася з ягоных абдымкаў і кінула пагрозліва:
Адчапіся, бо ўчыню сварку!
Паслухай, ты ж мая жонка!
Ненавіджу цябе! А развод будзе! Не турбуйся. У мяне проста яшчэ рукі не дайшлі, сказала яна і пабегла да дзвярэй.
Сэрца яе калацілася, усё ў сярэдзіне напялася і дрыжала, быццам гатовае абарвацца. Бадай, гэта не былі ўжо ні нянавісць, ні каханне, а парушаная раўнавага, здабытая ў выніку перажытага невыноснага душэўнага болю і самоты. Хацелася хутчэй даехаць дамоў, застацца адной. Яна спыніла маршрутнае таксі і праз дзесяць хвілін была ўжо дома. Узяла чайнічак, падораны Клаўдзіяй Міхайлаўнай, усыпала жменю заваркі, заліла кіпнем, пачакала пакуль настоіцца, наліла сабе гарбаты, панюхала, пакаштавала і падумала, што ў гаспадыні заварніка напой атрымліваўся больш духмяны.
12Праз некалькі тыдняў Юлі патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што яна атрымала дазвол на тое, каб вывучыць справу Мартынюк Клаўдзіі Міхайлаўны, але папярэдне трэба дамовіцца з супрацоўніцай архіва Антанінай Георгіеўнай Кашырынай пра канкрэтны дзень і час. Гэтая вестка вельмі ўзрадавала журналістку. Яна неадкладна пазваніла супрацоўніцы і ў той жа дзень па абедзе накіравалася ў архіў.
Малады чалавек, які сядзеў на вахце, сам выклікаў па тэлефоне служачую архіва і сказаў Юлі трохі пачакаць. Яна села ў адно з крэслаў, што стаялі каля сцяны, і пачала назіраць, як снуюць туды-сюды па калідоры маладыя мужчыны, падымаюцца і спускаюцца па лесвіцы, адны вітаюцца з вахцёрам за руку як з даўнім знаёмым, іншыя, мінаючы яго, паказваюць пасведчанні. Журналістцы ўсе яны ўяўляліся сакрэтнымі агентамі, якія незаўважна ходзяць па вуліцах, прыслухоўваюцца да гаворак людзей, а потым робяць нейкія высновы пра стан грамадства. Зрэшты, падумала яна, і журналісты займаюцца тым самым: сустракаюцца з людзьмі, робяць свае высновы і пішуць у газету, кожны працуе ў меру сваіх здольнасцей.
Да Юлі падышла невысокая худзенькая дзяўчына з тонкімі рысамі твару, якія бываюць у адухоўленых асоб, ці ў тых, хто перажыў у жыцці вялікую страту, ветліва ўсміхнулася і запрасіла ў пусты пракураны пакой, дзе стаялі стол і два крэслы. Юля агледзела гэта няўтульнае памяшканне і міжвольна падумала, што, напэўна, тут сакрэтныя супрацоўнікі сустракаюцца са сваімі апекунамі і расказваюць пра розныя таямніцы.
Дзяўчына паклала перад журналісткай не вельмі тоўстую папку і сказала:
Калі ласка, чытайце, але гэтыя дакументы нельга выкарыстоўваць у публікацыях.
Такое папярэджанне трохі збянтэжыла Юлю, аднак, паколькі для яе было зараз самым важным дазнацца пра сапраўдныя факты з жыцця Клаўдзіі Міхайлаўны, яна пайшла на кампраміс:
Добра, я выкарыстаю іх для напісання мастацкага твора.
Юля раскрыла папку і пачала чытаць следчую справу. Нейкі маёр Макавеяў паведамляў, што ён разгледзеў матэрыялы па антысавецкай дзейнасці Мартынюк Клаўдзіі Міхайлаўны, 1915 года нараджэння, з вёскі Зёльнава Антопальскага раёна, з сялян-сераднякоў, беларускі, адукацыя чатыры класы, члена ВКП(б), былой сувязной партызанскага атрада імя Кірава, з верасня 1943 да студзеня 1944 сакратара падпольнага Антопальскага РК ЛКСМБ, партработніка, і знайшоў, што ў ноч на 6 лістапада 1946 года ў райцэнтры, горадзе Антопалі, былі раскіданы і расклеены лістоўкі тэрарыстычнага зместу ў адрас кіраўніцтва партыйных і савецкіх устаноў. У здзяйсненні гэтага акта падазравалася вышэй згаданая Мартынюк і, маючы на ўвазе, што яна можа ўхіліцца ад суда і следства, кіруючыся артыкулам 145 і 158 КПК БССР прынята рашэнне ўзяць яе пад стражу. Ордэр на арышт 2565 ад 10.10.1946 года выдадзены супрацоўніку таварышу Шубіну для правядзення арышту і вобыску.
Юля была здіўлена і ўражана прачытаным. Што гэта? Сфабрыкаваная справа? І навошта Клаўдзіі Міхайлаўне спатрэбілася пісаць нейкія лістоўкі, калі яна займала важную пасаду ў раёне. Лухта нейкая! Яна паглыбілася ў чытанне справы.
Далей прыводзіўся акт вобыску, дзе ў шаснаццаці пунктах пералічваліся асобныя рэчы арыштаванай, якія зацікавілі супрацоўнікаў органаў бяспекі, у тым ліку былі пашпарт, два медалі «Партызану Айчыннай вайны» і «За перамогу над Германіяй», ордэн Чырвонай зоркі, ордэнская кніжка і грашовыя купоны да яе, пасведчанне аб заканчэнні курсаў партыйных і савецкіх работнікаў, фотаздымкі і лісты, праўда, нічога з гэтых матэрыялаў да справы не было падшыта. Юля спытала ў служачай архіва, дзе могуць быць гэтыя рэчы. Тая ў адказ толькі паціснула худзенькі плячамі і схілілася над нейкай кніжкай. Відаць, ёй не дазваляецца шмат размаўляць з наведвальнікамі ці, можа, характар такі нелюдзімы?
Як вам працуецца тут, сярод мужчын? спытала Юля.
Звычайна.
Не чапляюцца?
Яны наіўныя, як дзеці. Няварта іх успрымаць усурёз! дзяўчына ўсміхнулася, махнула рукой. Відаць, яна прыстасавалася да працы тут і даражыла ёю.
Работнікі такой установы не могуць быць наіўнымі, заўважыла Юля.
Усе мы развіваемся аднабакова. Нешта ў нас выдаецца, нешта западае, у нечым мы майстры, у нечым няздары.
Юля паглыбілася ў чытанне пратаколу допыту, дзе рукою Клаўдзіі Міхайлаўны было напісана паведамленне пра той дзень пятага лістапада 1946 года, калі на яе звалілася вялікае гора: «Я прыйшла дамоў з клуба, куды заходзіла паслухаць радыё. На кватэры, дзе я здымала пакойчык, у гаспадыні былі госці: хлопец і дзяўчына. Я павіталася і пайшла ў свой пакой, дзе пачала чытаць матэрыялы для даклада па працы сярод жанчын. З-за дзвярэй чуўся смех і гаворка. Гэтая гамана мне замінала засяродзіцца на чытанні. Я прыслухалася і пачула наступнае: Англія і Амерыка хутка заваююць Савецкі Саюз. Здаецца, гэтыя словы прамовіла дзяўчына, якая гасцявала ў доме гаспадыні. Паколькі працаваць было немагчыма, я вырашыла скарыстаць вольны час для таго, каб памыць бялізну. Узяла вядро, пайшла да калодзежа і раптам убачыла, што на сцяне дома, дзе жыў суддзя таварыш Тараканаў, прылеплена лістоўка. З акна падала святло, я прачытала тэкст контрэвалюцыйнага зместу, сарвала і ўзяла з сабою. Зачарпнула вады, прыйшла дамоў, паказала лістоўку гаспадыні, спытала, хто гэта мог зрабіць, але адказу на гэтае пытанне не атрымала. Калі памыла бялізну, пайшла да таварыша Тараканава, расказала пра лістоўку. Ён узяў паперку і накіраваўся да маёра дзяржбяспекі Войкава, а я вярнулася дамоў. На другі дзень а дзясятай гадзіне я прыйшла на працу ў будынак насупраць РК КП(б). Пабыла 20 хвілін і вырашыла заявіць у органы дзяржбяспекі пра тых гасцей, што ўчора былі ў гаспадыні, зайшла ў райвыканкам да сваёй добрай прыяцелькі Косцікавай і прапанавала ёй прайсціся па горадзе. Гаварылі мы пра масавыя мерапрыемствы, якія рыхтаваліся да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. На зваротным шляху Косцікава падняла чатыры ці пяць лістовак, у якіх былі пагрозы партыйным работнікам у тым ліку і мне. Гэтыя паперкі мы занеслі маёру Войкову».
Далей было запісана пытанне, пастаўленае следчым: «Хто мог выказваць пагрозы ў ваш адрас?» На яго Мартынюк адказала так:
«Асабіста мне ніхто не пагражаў, але мая сястра Надзея, якая жыве ў вёсцы Зёльнава, перадавала выказванне Аліфярук Веры, быццам я стала зусім не нашай дзяўчынай, таму што скончыла савецкую вучэльню і цяпер буду на ўсіх пісаць даносы. Між тым, сама Аліфярук дачка кулака, у 19421943 гадах яна вучылася кравецкай справе ў Антопалі, да яе часта наведваліся паліцаі, адзін з іх Бортнік зехаў з немцамі. Цяпер яна працуе тэлефаністкаю. Наогул, думаю, што гэтыя лістоўкі магла распаўсюдзіць тая дзяўчына, што прыходзіла да маёй гаспадыні. Ды і сама гаспадыня не раз выказвала сваю незадаволенасць пастаўкамі, якія абавязана была плаціць».
Да пратаколу допыту прыкладаліся лістоўкі, на якіх друкаванымі літарамі было напісана: «Смерць савецкім заправілам прыгнятальнікам народу», «Смерць камуністам-фашыстам! Смерць здрадніцы Мартынюк».
Юля прачытала цыдулкі, ёй здалося, што гэта правакацыі і яна звярнула да работніцы архіва з абурэннем:
Паглядзіце, ці ж гэта почырк Мартынюк?
Следчым і суду відней, я толькі архіўны работнік, адказала Антаніна.
Юля перагарнула старонку, убачыла пісьмо Клаўдзіі Мартынюк да Сіроціна, прабегла яго вачамі і сказала: