На парозе раю - Зінаіда І. Дудзюк 9 стр.


Няўпэўненаю, хісткаю хадою Юля доўга ішла да брамы, мінаючы мноства магіл, свежых і даўніх, тысячы нябожчыкаў пазіралі на яе з фотаздымкаў з нямым дакорам, што яна не ўратавала свайго сына, не вынасіла яго, не дала магчымасці пажыць на белым свеце, сказаць сваё першае ў жыцці слова: «Мама». Яе сын заставаўся сярод гэтых чужых магіл, сярод чужых душ.

«Як жа я не дадумалася пахаваць сыночка на вясковых могілках побач з яго бабуляй маёй мамай? Яна б прыняла яго на тым свеце і даглядала б, а цяпер  з жахам падумала яна.  Што ж, можа, я не надта зажывуся і прыйду да свайго сына, каб ніколі не разлучацца. Ніколі, ніколі»

Знясіленая непамерным горам Юля увайшла ў свой пакой і са здзіўленнем убачыла Барыса.

 Прывітанне! Чаму ты мяне не дачакалася?  нездаволена спытаў ён.  Я прыехаў забраць цябе, а мне сказалі, што ты ўжо выпісалася і пайшла.

Юля моўчкі скінула паліто, села на канапу, заплюшчыла вочы.

 Не трэба мне дэманстраваць сваё гора! Я таксама пакутую,  злосна сказаў Барыс.  Гэта быў і мой сын!

Юля распюшчыла вочы, з нянавісцю паглядзела на Барыса і спытала:

 Што ты тут робіш?

 У якім сэнсе?  здзівіўся ён.

 У самым прамым.

 Я тут жыву на правах твайго мужа.

 Заўтра я падам на развод. А цябе прашу пакінуць мяне назаўсёды і не трапляць на вочы.

Барыс замітусіўся, збіраючы нейкія рэчы, потым выпрастаўся і сказаў:

 Калі я пайду, дык ужо назаўсёды.

 Я толькі гэтага ад цябе і чакаю.

 Я кахаў цябе.

 Я, здаецца,  таксама. Але ліміт выбраны. Усё скончылася. Можа, у цябе на русалку знойдзецца больш гэтага дэфіцытнага рэчыва.

Барыс раптам упаў на калені, схапіў Юлю за рукі, стаў іх цалаваць і казаць нешта бязладнае і бессэнсоўнае. Яна вызвалілася, з агідаю адштурхнуўшы яго, і закрычала:

 Пакінь мяне ў спакоі! Малю! Я не вытрымаю тваёй прысутнасці побач! Мне лепш легчы ў магілу з сынам, чым з табою ў адзін ложак! Ты можаш гэта зразумець?

 У цябе пасляродавы псіхоз!

 Затое ты разумны і цвярозы. Кіруйся далей сваім пачварным розумам!

 Я чалавек, а не рэч, якою ты хочаш распараджацца!

 Я? Табой? Эх, ты. Я хацела пакахаць у табе мужчыну, паважала як асобу, як чалавека. А ты толькі звычайны самец, гатовы сеяць сваё мярзотнае насенне куды заўгодна. Праходзь міма, сейбіт!

 Я табе гэтага не дарую!

Ён замахнуўся, гатовы выцяць яе. Юля выпрасталася перад ім, зрабілася быццам вышэйшаю ростам, і крыкнула.

 Забіў сына, цяпер забі і мяне, як сведку свайго паскудства!

Барыс выскачыў з пакоя, моцна грукнуўшы дзвярамі.

Юля няўпэўнена наблізілася да дзвярэй, замкнула іх, легла на канапу і апусцілася ў цяжкую дрымоту. Гэта было нешта сярэдняе паміж сном і смерцю, калі цела здатнае было пачуць кожны гук, але не магло варухнуцца, апанаванае здранцвеннем.

11

Некалькі месяцаў Юля праіснавала ў прыгнечаным стане, нішто не цікавіла яе. Калегі, спачуваючы яе бядзе, не надта даймалі прэтэнзіямі, ды і наўрад ці яна магда б зразумець і заўважыць іхнюю незадаволенасць ці прыязнасць. Душа апусцілася ў багну цяжкой дрымоты, каб не адчуваць востры боль ад страты дзіцяці. Скончылася лета, пачаўся верасень, а на дварэ ўсё яшчэ стаяла нязвыклая гарачыня, быццам і прырода запаволіла бег часу. Толькі калі аднойчы вераснёўскай раніцай Юля раптам узрушана заўважыла, што за акном зацвіла адна галіна каштана, нешта схамянулася ў яе душы, ажыло, прымусіла здзівіцца і ўзрадавацца. На дрэве віселі зялёныя калючыя шарыкі пладоў і цвілі кветкі! Гэта было неверагодна!

Юля доўна прыглядалася да кветак і потым прашаптала: «Каштан зацвіў другі раз. І я змагу. Я павінна. Трэба жыць. Душы вечныя. Я са сваім сыночкам сустрэнуся на тым свеце»

Белыя кветкі з карычневымі тычынкамі ўсміхаліся, гарэлі побач з парыжэлаю высахлаю лістотаю, якая час ад часу асыпалася долу. Каштан цвіў і не думаў, што не паспее выспеліць новыя плады. Белая галіна красавала, абуджала радасць і надзею, як нечаканы і светлы цуд.

Гэтае здарэнне разбудзіла Юліну душу, уліло ў яе сілу. Яна ўзяла фотаапарат, зрабіла некалькі фотаздымкаў. Села і напісала проста ад рукі некалькі радкоў: «Самая сенсацыйная навіна. У Брэсце зноў, другі раз сёлета, зацвілі каштаны! Цнатлівыя белыя кветкі дораць людзям прыгажосць. Адкажам ім узаемнасцю!»

Рэдактар, чырвонатвары і паўнаваты, расплыўся ва ўсмешцы і ўзрадаўся не столькі нечаканаму матэрыялу, колькі таму, як ажыў і засвяціўся твар падначаленай. Загадаў пусціць сенсацыйную навіну ў нумар неадкладна. Юля падзякавала яму за тое, што ён здолеў раздзяліць яе ўзрушэнне, і сказала:

 Прабачце, напэўна, я дрэнна спраўлялася апошнім часам з абавязкамі.

 Усё выдатна, Юля! Я цалкам задаволены тваімі артыкуламі.

 Вы мяне песціце, Мікалай Ігнатавіч.

 Паважаю,  удакладніў рэдактар,  і чакаю новых матэрыялаў.

 Адпрацую, пабачыце, сёння да мяне вярнулася надзея.

Юля ўвайшла ў свой рэдакцыйны кабінет, узяла падшыўку газет за леташні год, разгарнула, убачыла нарыс пра Клаўдзію Міхайлаўну Мартынюк і спахапілася: «Столькі часу прайшло, я нават ні разу не патэлефанавала ёй. Як яна?»

Юля дастала з шуфляды нататнік, адшукала патрэбны нумар тэлефона, пазваніла, папрасіла паклікаць Клаўдзію Міхайлаўну. Незанаёмы жаночы голас адказаў, што тут такая не жыве. Журналістка звярнулася ў гарадское даведачнае бюро, дзе ёй паведамілі, што Мартынюк памерла. Гэта навіна растрывожыла, усхвалявала душу, пасеяла ў сэрцы адчуванне віны. Міжвольна ўявілася, што Клаўдзіі Міхайлаўне перад смерцю патрэбна была нечая дапамога, а яна, Юля, нават і не згадвала пра яе. Здараецца роднасць душ не толькі па крыві, але па перакананнях, захапленнях ці аднолькавых поглядах на жыццё. Чамусьці Юля адчувала роднасць з гэтаю немаладою жанчынаю. Што ж для яе можна зрабіць цяпер? Занесці на магілу кветкі? Гэта зрабіць лёгка: у бліжэйшую суботу наведаць дзве магілы: сынаву і Клаўдзіі Міхайлаўны. І ўсё?.. Кветкі хутка завянуць. Памяць пра чалавека не павінна вянуць і засыхаць. Рашэнне прыйшло імгненна: трэба знайсці следчую справу Мартынюк і расказаць яшчэ раз пра гэтую жанчыну.

Юля зноў пайшла да рэдактара і папрасіла напісаць заяву ў абласное ўпраўленне Камітэтата дзяржаўнай бяспекі з просьбою дазволіць ёй пазнаёміцца са справаю Клаўдзіі Міхайлаўны.

 Сёння не змагу, а заўтра падрыхтую гэты дакумент,  паабяцаў рэдактар.  Але ж для таго, каб працаваць у архіве, трэба шмат часу.

 Часу ў мяне дастаткова. Вы ж ведаеце, я зноў адна.

 Нічога, Юля, трымайся. Свет вялікі. Добрых людзей шмат,  спачувальна ўсміхнуўся рэдактар. Твар у яго быў чырвоны і лагодны, як пірог, які толькі што дасталі з печы.

Юля ўсміхнулася ў адказ, а сама падумала, што Мікалай Ігнатавіч, напэўна, ужо прычасціўся з самага ранку са свайго запаветнага сейфа рытуальнымі ста грамамі каньяку ці гарэлкі. На шчасце, на адносінах да калег, гэта адмоўна не адбіваецца.

 Клаўдзія Міхайлаўна для мяне была душэўна блізкім чалавекам. Я нават не ведаю што, але нешта звязвае яе са мною. У мяне ёсць патрэба вывучыць яе лёс, няхай па следчых і судовых матэрыялах. Гэта ж лёс цэлага пакалення людзей, якія перажылі жахі таталітарнага рэжыму.

 Добра, вывучайце, але не забывайце пра свае службовыя абавязкі.

 Газета для мяне справа святая і першачарговая,  адрапартавала Юля.

 У такім разе выконвайце рэдакцыйнае заданне: сёння а дванаццатай гадзіне адчыняецца новая крама «Разумныя рэчы». Трымайце запрашальны білет,  рэдактар пасунуў да Юлі па стале паперыну.

 Дзякую за давер.

 Чакаю цікавы рэпартаж.

 Будзе зроблена. Да заўтра,  адказала Юля.

Яна вярнулася ў кабінет, узяла дыктафон, паглядзела на гадзіннік. Да адкрыцця крамы заставалася яшчэ цэлая гадзіна. Вырашыла не садзіцца на тралейбус, а прайсціся пешкі, хоць і разумела, што хадзіць па вуліцы з інтэнсіўным транспартным рухам шкодзіць здароўю. Аднак хутка зразумела, чаму ёй захацелася прайсціся. На вуліцы Маскоўскай таксама зацвілі некалькі каштанаў. Ад летняй гарачыні і шкодных выкідаў лісце апала, тырчала голае вецце, але на асобных галіна распусціліся новыя, восеньскія, кветкі і светла-зялёная кволая лістота. Гэта не было буйнае квітненне, як вясной. Кветкі былі сціплыя, затоеныя, быццам разумелі, што робяць нешта недазволенае, але ўпарта цвілі ў акружэнні сухога лісця і калючых зялёных шарыкаў-пладоў. Гледзячы на гэтае хараство, Юля міжвольна падумала: «Прырода падказвае мне, што нават у самых неспрыяльных умовах трэба выжываць і выконваць сваё прызначэнне»

Раптам на адной бязлістай галіне, якая навісала над праезджай часткай вуліцы, дзяўчына заўважыла маленькае гняздзечка. Нейкая безразважная птушачка адважылася звіць сабе ўтульную хатку пад рыканне тысяч машын, якія дзень і ноч праносіліся міма. Няўжо ёй удалося вывесці тут птушанят і паставіць іх на крылы? Пра гэта цяпер ніхто не даведаецца. Гняздо было пустое. Аднак можна павучыцца мэтанакіраванасці птушкі, якая закладзена ў інстынктах. На жаль, чалавек, які цалкам падпарадкуецца інстынктам, ператвараецца ў жывёлу, хоць яму дадзены душа, дух, пачуцці, эмоцыі, памяць, розум, якімі ён кіруецца ў жыцці. Варта здрадзіць сваёй сутнасці, і жыццё ператвараецца ў пекла, бо можна падмануць каго заўгодна, толькі не ўласную душу.

Назад Дальше