Ты будзеш маёю каралеваю на адну ноч, урачыста абвясціў ён.
Чаму на адну ноч? зноў уражана спытала яна.
А на колькі ты хочаш? На дзве, на тры?
На ўсё жыццё. Я моцна кахаю вас, Сяргей Анатольевіч.
У партызана век вельмі кароткі. Сёння ёсць, а заўтра няма.
З вамі нічога не здарыцца, вы не ходзіце на заданні, спакойна адказала Клава.
Што? Ты мяне папракаеш? Я па-твойму пры штабе аціраюся? А ты ведаеш, колькі ў мяне такіх сувязных, як ты? Усім трэба даць заданні, асэнсаваць вынікі зробленага, распрацаваць стратэгію і тактыку далейшых дзеянняў! Ты хоць уяўляеш, абём работы, якую мне даводзіцца выконваць? Я па трое сутак не сплю!
Прабачце, Сяргей Анатольевіч, я зусім не хацела вас пакрыўдзіць. Мяркуючы па зводках саўінфармбюро, хутка прыйдзе вызваленне. Вайна скончыцца. Не варта думаць пра смерць.
Гэта для жанчын вайна скончыцца, а мужчыны пагоняць фашыстаў далей, на захад.
Я заўсёды буду вас кахаць і чакаць, Сяргей Анатольевіч.
Мне не трэба заўсёды, я хачу цябе зараз, катэгарычна сказаў ён і памкнуўся абняць Клаву.
Яна адхіснулася і адказала:
Я вясковая дзяўчына старасвецкага выхавання. У нас не прынята жаніцца па-сабачы без сватоў і шлюбу. Мне пара, бывайце.
Клава памкнулася да дзвярэй зямлянкі, але Сяргей абхапіў яе за плечы, затрымаў:
Ну, куды ты, дурненькая? Я цябе не пакрыўджу. Нам будзе добра, пабачыш.
Не хачу я вашага дабра, адказала Клава, вырываючыся з ягоных абдымкаў.
Я цябе нікуды не пушчу, утрымліваў яе за рукаў Сяргей. Ты будзеш мая, мая, уся, уся, яго свавольныя рукі абмацвалі яе грудзі.
А я заўтра ўсё камандзіру раскажу! Вы пяны, і невядома што вырабляеце!
Клаве раптам здалося, што яна баіцца гэтых ачмурэлых вачэй і ўчэпістых рук. Яна бараніла сябе, сваю годнасць і пры гэтым кахала яго, такога жаданага і чужога.
Ты не сувязная, ты даносчыца! Ты шпіёнка! злосна прамармытаў Кедраў. Заўтра ж напішу рапарт, каб цябе арыштавалі і расстаралялі за тое, што ты ў такі адказны час адмаўляеш савецкаму афіцэру ў самым неабходным!
Ён, няпэўна стоячы на нагах, раптам зарагатаў хрыпла і жорстка, быццам уявіў, як яе будуць расстрэльваць і зласліва радаваўся гэтаму.
Пішыце зараз, калі ўтрымаеце аловак у пальцах, зедліва адказала Клава, вырвалася, адштурхнула Кедрава і памкнулася да выхаду.
Змяя балотная! Тваю маць! пачула яна ўслед і хуценька зачыніла за сабою дзверы, адбегла, схавалася за сасну, баялася, што Сяргей кінецца даганяць.
Зімовы лес насцярожана маўчаў, толькі зрэдчас патрэсквалі на марозе дрэвы. Неба завалакло хмарамі, там-сям праз іх дзіравы невад праглядвалі зоркі. Напэўна, на адлігу. Сувязная пастаяла ў нерашучасці, падумала, мо варта вярнуцца, я ж яму падабаюся. Ён так сябе паводзіць таму, бо напіўся. Але тут жа сама сабе сказала, што, калі кахае, дык будуць новыя сустрэчы. Ён яшчэ будзе прасіць прабачэння за сваё нахабства. Да чаго дадумаўся! Не трэба мне шчасця на адну ноч! Яна намацала рукою халоднае жалеза пісталета ў кішэні і рушыла ў зваротны шлях. З таго часу, як Алёша Здзітаўскі падараваў ёй гэтую цацку, яна звыкла хадзіць са зброяй. Прынамсі, сустрэчы з ваўком не баялася, больш асцерагалася звяроў двухногіх, якія палаюць лютай нянавісцю да партызанаў і ўсіх, хто ім дапамагае. Алёша жыў на ўскраіне Антопаля з бацькамі, трымаў гаспадарку. Ягоны агарод выходзіў на шырокі выган з рэдкім кустоўем, далей цягнуўся лес. Гэта дазваляла незаўважна сустракацца з партызанскімі сувязнымі. Клаве ён дапамагаў асабліва ахвотна. Разам яны аднойчы напаілі паліцая Сцяпана Дзеркача самагонкаю і пакралі ў яго патроны. Алёша для яе быў надзейным сябрам. У памяці выплыў гэты сціплы хлопец з прыязным позіркам зялёных вачэй, у картузе з прымятым казырком, невысокі з крываватымі нагамі. Дзе ж ён цяпер? Ці жывы?
Пазней пры сустрэчах Кедраў быў з Клаваю падкрэслена сухі, гаварыў толькі пра справы. У хуткім часе, ён заняў Клавіну «пасаду», стаў лічыцца сакратаром Антопальскага падпольнага райкама камсамола, хоць з тэрыторыі размяшчэння партызанскага атрада не высоўваўся і да вызвалення не ведаў, як той Антопаль выглядае. Клава па-ранейшаму выконвала неабходную работу, якую ёй даручалі як сувязной. Яна таксама ніяк не выяўляла сваіх пачуццяў, хоць шмат думала пра Сяргея, пакуль не ўпэўнілася канчаткова, што ён яе не кахае. Здарылася гэта Восьмага сакавіка. Камсамолкі вырашылі наладзіць невялікі канцэрт у партызанскім атрадзе. Клава таксама далучылася да гэтага гурту. Сцэнаю была невялічкая палянка, акружаная высокімі елкамі, за якімі дзяўчаты пераапраналіся і прыхарошваліся. Клава выйшла на сцэну, каб праспяваць «Кацюшу», і раптам убачыла Кедрава. Ён стаяў побач з Вандай Вышанскай, сувязной з Антопаля, пра нешта з ёю гутарыў, усміхаўся і, здавалася, зусім не звяртаў увагі на тое, што адбывалася на ўяўнай сцэне.
Клава не помніла, як даспявала песню, як схавалася за елкамі, ускінула на плечы світку і паспяшала дамоў з адзінаю думкаю ў галаве: «Чаму я ў гэты дзень не захварэла?! Не трэба было спяваць. Вышанская, бадай, аказалася больш згаворлівай. Няхай жывуць. Такі лёс. Заблудзілася маё шчасце недзе, ніяк мяне не знойдзе. А я ж на Сяргея гатовая была маліцца».
Цяпер Клаўдзія Міхайлаўна разумела, што няварты быў Кедраў яе светлага кахання. Але што зробіш са сваёю апантанаю душою? Як ні ўгаворвай яе, якія доказы ні прыводзь, а яна цягнецца, бы кветка да сонца, да адзіна каханай асобы.
Калі Антопаль быў вызвалены, адразу пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Тады сакратаром райкама партыі быў прызначаны Іван Самуілавіч Сіроцін. Клаве Мартынюк прапанавалі пасаду сакратара па ідэалогіі, вядома, каму ж яшчэ, як не ёй, падпольшчыцы, партызанцы было заняць гэтае адказнае месца. Клаўдзія з сухім і строгім выглядам курыравала працу сакратара райкама камсамола таварыша Кедрава, і не прамінала, каб не паўшчуваць за недахопы і недастатковую працу сярод моладзі. Час той быў напружаны. Па лясах у зграі збіваліся ўзброеныя мужчыны з ліку тых, хто не прымаў савецкую ўладу ці баяўся яе, а найбольш было звычайных дэзерціраў, якія пазбягалі мабілізацыі, каб не трапіць на вайну. Трэба было ісці ў самую гушчу людзей, агітаваць за савецкую ўладу, абяцаць залатыя горы і ўтрымліваць хісткую раўнавагу ў раёне. Дарогу да дома Вышанскай Кедраў быў вымушаны забыць, бо ў хуткім часе прыехала з Масквы ягоная жонка. Пасля гэтага адносіны ў Кедрава з Мартынюк сталі амаль прыязныя. Камсамольскі правадыр з усяе сілы стараўся выслужыцца, але пры гэтым сам уважліва сачыў за ёю, часам мог і падкусіць пры нагодзе. Клава прапускала міва вушэй ягоныя кпіны, і, напэўна, усё было б добра, каб не Сіроцін. Ах, Сіроцін, Сіроцін Іван Самуілавіч, яна так спадзявалася на падтрымку, мужнасць, разуменне.
Ад гэтых згадак разбалеліся сэрца і галава. Клаўдзія Міхайлаўна паднялася, яе моцна павяло ўбок. Жанчына села на ложак, дацягнулася рукой да ўключальніка, шчоўкнула загарэлася святло, зірнула на гадзіннік, было каля трох гадзін ночы, пашукала на кухні таблетку нітрагліцэрына, паклала яе пад язык. Памерала сабе ціск нязручным танометрам і жахнулася. Стрэлка паказала 160 на 100.
«Гэта ж трэба, дурніца старая, расхвалявалася з-за леташняга снегу! Ды пайшлі яны ўсе! Даруй, Божа! падумала яна, наліваючы з чайніка ў кубачак вады і запіваючы таблетку клафеліна. Усё, ніякіх успамінаў і думак! Спаць! Спаць! Бо заўтра буду зялёная, як вадзянік».
Жанчына падышла да акна, паглядзела на пустую, цьмяна асветленую ліхтарамі вуліцу, узняла вочы ўгору, дзе ззялі зоркі. «Адзінае неба ніколі не губляе свайго хараства і не старэе, падумала жанчына. Можна бясконца глядзець у яго і не нагледзішся, але трэба хоць трохі паспаць». Яна лягла ў пасцель, уздыхнула і аціхла ў чаканні сну.
5Юля спазнялася на спатканне, але не прыспешыла крок, ішла па набярэжнай, паглядвала на спакойную роўнядзь ракі, якая ўсё ж такі цякла незаўважна, не спыняючыся ні на хвіліну. Гэтак струменіць і жыццё, незаўважна і будзённа, у памкненнях і клопатах. Сёння яна паспела да абеду напісаць артыкул пра Клаўдзію Мартынюк пад назваю «Палеская кветка ў Сібіры». Цікава, як успрыме гэты матэрыял рэдактар? Ён з тых абачлівых людзей, што сем разоў саломку падсцеліць, перш чым не тое што ўпасці, а проста сесці. З другога боку, яго можна зразумець. Каб заснаваць новую газету трэба мець першапачатковы капітал, прыкласці вялікія намаганні, а ў дзяржаўным выданні, дзе яна працуе, дастаткова аднаго кіруй сабе, мінаючы рыфы, мелі і штормы. Жыццё спакойна плыло да пенсіі. Праўда, у рэдактара таксама шмат праблем, часам ён цішком даставаў з сейфа пляшку з саракаградуснай вадкасцю і прыкладваўся да кілішка, каб зняць стрэс. Што ж, у кожнага свой лёс і воля выбару ў межах магчымага.
Юля здалёку пабачыла Бырыса, які абапіраўся на бетонную агароджу набярэжнай, памахала яму рукою, маўляў, не злуйся, што спазняюся, я ўжо тут. Хлопец пайшоў ёй насустрач. Быў ён на гэты раз у цывільным: сінія джынсы, шэрая куртка, шматколерныя кітайскія красоўкі.
«Дзеля першага спаткання мог бы апрануцца элегантней, падумала Юля. Дзіця вёскі, што з яго возьмеш?»
Барыс радасна ўсміхаўся. Юля залюбавалася гэтаю галівудскаю ўсмешкаю і замест прывітання спытала.
Чаму радуешся?
Сустрэчы, Юлія Максімаўна! адказаў ён, выцягнуў з-за спіны тры барвовыя ружы і падаў дзяўчыне.