На парозе раю - Зінаіда І. Дудзюк 3 стр.


 Вы таксама змяніліся, яшчэ больш папрыгажэлі. Я ўвесь час сачыў за вамі. Маю на ўвазе газетныя публікацыі

 Сачыць ваша прафесійнае захворванне?  засмяялася Юля.

 Вядома. Не без таго. Дазвольце правесці вас дадому.

 Правядзіце, калі так хочацца.

 Вы не ўяўляеце, як хочацца,  адказаў ён, беручы яе пад руку.

Яна здзіўлена паглядзела на яго кірпаты профіль пад казырком фуражкі, адчула нейкі дзіўны спакой і абароненасць. Яны ішлі поруч, маўчалі.

 Я не магу ўспомніць, як вас завуць,  схамянулася Юля.

 Барыс Бабровіч.

 А бацька ваш Міхаіл Канстанцінавіч?

 Не, Кандратавіч.

 Склероз пачынаецца,  засмяялася яна.  А вы ведаеце, што я жыву ў мікрараёне, вас чакаюць транспартныя выдаткі.

 Я гатовы ехаць з вамі хоць на край свету,  адказаў хлопец, спыняючы таксі.

Як толькі селі ў машыну, Барыс назваў яе адрас. Юля моўчкі здзіўлена паглядзела на хлопца. Ехалі яны ўсяго хвілін пятнаццаць і за гэты час не прамовілі ніводнага слова, саромеючыся таксіста, толькі паглядвалі адно на аднаго, ніба вывучаючы рысы твару.

Барыс меў тую непрыкметную знешнасць, якая не вылучаецца ў натоўпе. Шэрыя вочы, кірпаты нос, свежы твар, валасы коратка стрыжаныя. Хлопец як хлопец. Калі выйшлі з машыны, Юля падзякавала за якасную транспартную дастаўку каштоўнага грузу.

 Я гатовы гэты груз да смерці на руках насіць,  запэўніў яе хлопец.

 Каму патрэбны такія ахвяры?  засмяялася Юля.

 Ахвяраванне ў гонар багіні кахання,  ці жартам, ці ўсёрёз адказаў хлопец.

 Адкуль вы ведаеце мой адрас?

 Я ж у міліцыі працую.

 Зразумела. Што ж, мне пара ў маю вавілонскую вежу,  сказала дзяўчына, ківаючы ў бок дзевяціпавярховага інтэрната.

 Нічога, у мяне ёсць магчымасць атрымаць службовую кватэру, трэба толькі ажаніцца.

 Нявеста ўжо ёсць?  спытала Юля.

 Ёсць, з тае першай нашай сустрэчы

 Не размею.

 Не ўсё адразу,  усміхнуўся Барыс.  Можа, пойдзем у кафэ пасядзім? Ці вас правесці дадому?

Юлі не спадабалася, што гэты хлапчук раптам уварваўся ў яе жыццё і спрабуе распараджацца паводле свайго меркавання.

 Мяне дома чакаюць муж і дзеці, схлусіла Юля.

 Не трэба выдумляць алібі, Юлія Максімаўна. Я сабраў пра вас усю неабходную інфармацыю. Сустрэча наша зусім не выпадковая. Разумею, што для вас гэта нечакана. Але ж у мяне не было іншага выйсця. Усе гэтыя гады я думаў пра вас.

Яна адчула сябе ніякавата, бо не мела звычкі хлусіць, а яшчэ таму, што гэты хлопец быў маладзейшы за яе.

 Давайце сустрэнемся заўтра ўдзень,  прапанаваў ён.

 Чаму ўдзень?

 У мяне заўтра выхадны. І пашпарт вазьміце з сабою.

 Навошта?

 А што ж я буду правяраць, грамадзяначка?

 Вам абавязкова трэба нешта праверыць?  засмяялася Юля не столькі са свайго пытання, колькі з-за прыхаванага падтэксту.

 Абавязкова. Прафесійнае захворванне, як вы заўважылі.

 Добра, але рыхтуйцеся ў такім разе расказаць і пра вясковае жыццё вашых бацькоў, і пра вашу міліцэйскую службу. Не буду ж я дарма час марнаваць.

 Усё, усё раскажу.

Яны дамовілі аб месцы і часе спаткання. Барыс пацалаваў ёй руку на развітанне.

Ліфтам Юля паднялася на сёмы паверх. Тут было шумна, у некага гарлапаніў тэлевізар, гаманілі дзеці, якія звычна бавілі час пасля садка на калідоры. Юля прайшла ў свой пакойчык. Есці не хацелася, гарбата з пачастункамі ў Клаўдзіі Міхайлаўны, пэўна, перабіла апетыт. Яна павесіла куртку, села за стол, стала праглядаць запісы, збіралася накідаць артыкул і раптам злавіла сябе на тым, што думае пра Барыса і ўсміхаецца.

«Вось паскудны хлапчук,  падумала яна,  зусім натхненне выбіў, перашкаджае працаваць. Даўно са мною такога не здаралася. Што ж будзе далей?»

4

Пасля візіту журналісткі ноч у Клаўдзіі Міхайлаўны выдалася бяссонная. Нават рэладорм не дапамог. Яна то клалася ў ложак, то ўключала святло, пачынала чытаць, але не магла адбіцца ад навязлівых успамінаў. Постаці людзей з яе далёка мінулага акалялі яе, пра нешта пыталіся, нечага патрабавалі. Паступова яна выбілася з сіл і больш не працівілася, а пачала размаўляць з імі, перагортваючы дні сваёй маладосці. І сама здзівілася, што так яскрава ўсё помніць з мінулага, у той час як звычайна забывалася пра тое, што здарылася зусім нядаўна.

Ёй згадаўся Сяргей Кедраў. Толькі яго аднаго яна і кахала ў сваім жыцці. У партызанскі атрад ён прыляцеў з Масквы ў снежні 1943 года ў новенькім белым кажушку, у шапцы з чырвонай зорачкай, чарнавокі і жвавы, як цыганчук, з кабурой на поясе. Паколькі ён узначаліў камсамольскую арганізацыю партызанскай брыгады, дык яна, сувязная і сакратар падпольнай камсамольскай арганізацыі Антопальскага раёна, атрымлівала ад яго заданні раскідаць лістоўкі, разведаць колькасць тэхнікі ў нямецкім гарнізоне. Клава была гатовая на ўсялякую рызыку, толькі б спадабацца яму. Упершыню яна перажывала такое моцнае захапленне. Калі раней, накіроўваючыся ў лес, апранала на сябе розную старызну, і ледзь сажаю твар не пэцкала, каб не кідацца ў вочы акупантам, дык цяпер прыбіралася, як на свята, у квяцістую хустку і цёмную світку, аздобленую пушыстым цыгейкавым каўняром. Аднойчы, калі яна, расчырванелая з марозу, шчаслівая ад прадчування сустрэчы з каханым, зявілася перад Сяргеем, ён здзіўлена прамовіў:

 А ты нішто сабе дзяўчына!

 Якая ўжо ўдалася. Вось, Сяргей Анатольевіч, я накрэсліла, як размяшчаюцца ў Кобрыне паліцэйскі ўчастак і ўправа, а тут іхняя сталоўка, усё, як на далоні. Да таго ж і гэтага польскага нацыяналіста Збышака Смактуноўскага ўпекла. Забралі яго ў гестапа.

 Ну, ну раскажы, прыгажуня мая лясная!  Сяргей глядзеў на яе з непрыхаванай пажадлівасцю.

 Данос на яго напісала па-польску, што, маўляў, ён супрацоўнічае з савецкімі партызанамі, што разам яны збіраюцца знішчыць гарнізон акупантаў у Кобрыне. Мая сястра паслала гэты ліст па пошце, праз тры дні яго арыштавалі.

 Малайчына! Такія твае поспехі варта адзначыць.

Сяргей паставіў на стол пляшку самагонкі, паклаў паўбохана хлеба, нарэзаў сала.

 Сядай, чаго стаіш, як чужая? Мы ж з табою ўжо цэлы месяц знаёмыя! Можна сказаць: своеасаблівы юбілей!  сказаў Сяргей, наліваючы два металічныя кубкі, зробленыя з гільз, і спакусліва пазіраючы на Клаву з-пад ілба.

Яна маўчала. Ёй хацелася проста глядзець яму ў вочы і слухаць ягоны голас. Гэта была найвялікшая насалода.

 За цябе,  сказаў Сяргей, адной рукой уздымаючы чарку, а другой абдымаючы Клаву за плечы.

 За нас,  адказала яна і прыгубіла горкае пітво.

 Закусвай, не саромейся, ты ж з дарогі, стамілася, напэўна.

 Не. Я звыкла шмат хадзіць.

 Што, і ногі не баляць?  ён працягнуў руку пагладзіў яе калена.

 Пабаляць і перастануць. Не трэба, Сяргей Анатольевіч, я саромеюся.

 Колькі табе гадоў, сарамлівая?

 Колькі ні ёсць, усе мае,  пакрыўдзілася Клава ад намёку на яе ўзрост, бо па вясковых мерках яна заседзелася ў дзеўках.

 Я не ў тым сэнсе. Думаў, што ты ўжо даволі самастойная дзяўчына. Зрэшты, давай яшчэ па адной.

Сяргей наліў сабе новы кубак, зазірнуў у Клавін, расчаравана пакруціў галавою:

 Якая ж з цябе будзе партызанка, калі ты зусім не пеш? Ну, давай да дна за Сталіна, за Радзіму!

Клава вымушаная была выпіць за такі тост увесь кубак, у процілеглым выпадку гэта азначала б здраду, і адразу адчула, як запякло пад грудзьмі, цёплая пянкая хваля разлілася па ўсім целе.

 Вось гэта па-нашаму, па-партызанску!  пахваліў яе Сяргей.

 Я больш не буду піць, бо не дайду дадому, сп'яна заблуджуся ў лесе, і ваўкі мяне зядуць, або засну і замерзну.

 Я цябе сам зем, такую салодкую,  сказаў Сяргей, абхапіў яе за шыю і пачаў цалаваць.

Клава адказвала на ягоныя пацалункі пяшчотай і любасцю, няўцямна шаптала ласкавыя словы, і не было зараз на свеце шчаслівейшага чалавека, чым яна.

 Усё, дапіваем гарэлку і кладзёмся спаць, табе ж трэба адпачыць з дарогі, пянаватым голасам прамовіў Сяргей, выпрабавальна пазіраючы на сувязную.

Ён напоўніў кубкі, з хітравата-змоўніцкай усмешкай падміргнуў дзяўчыне і абвясціў тост:

 За ноч кахання!

 Чаму толькі ноч? Бываюць жа і дні, заўважыла Клава.

 Ну, удзень гэтым няма калі займацца,  пасміхнуўся Сяргей.  Давай за каханне.

 За каханне,  паўтарыла Клава.

Пакуль Сяргей закусваў, потым прыбіраў са стала, Клава сачыла за ягонымі рухамі і думала пра тое, што ён вельмі прыгожы. Кучаравы смаляны чуб спадаў на лоб, чорныя вочы хавалі ў сабе нейкую таямніцу ранейшага жыцця, якое было ёй невядомае. Як бы яна хацела даведацца пра яго мінулае хоць што-небудзь, пахадзіць па тых шляхах, да якіх дакраналіся яго ногі, пабыць сярод людзей родных і блізкіх яму, каб раздзяліць яго жыццё, усе мінулыя і наступныя радасці і надзеі. І гэта здавалася тым больш недасяжным, бо зараз яна мусіла збірацца і ісці дамоў, нягледзячы на тое, што на дварэ была глухая ноч. Зімовыя дні кароткія, усё роўна дамоў трапіш поначы. Лепш выйсці зараз, дык да таго, як развіднее, можна дайсці да сваёй вёскі.

 Ты будзеш маёю каралеваю на адну ноч,  урачыста абвясціў ён.

 Чаму на адну ноч?  зноў уражана спытала яна.

 А на колькі ты хочаш? На дзве, на тры?

 На ўсё жыццё. Я моцна кахаю вас, Сяргей Анатольевіч.

 У партызана век вельмі кароткі. Сёння ёсць, а заўтра няма.

 З вамі нічога не здарыцца, вы не ходзіце на заданні, спакойна адказала Клава.

 Што? Ты мяне папракаеш? Я па-твойму пры штабе аціраюся? А ты ведаеш, колькі ў мяне такіх сувязных, як ты? Усім трэба даць заданні, асэнсаваць вынікі зробленага, распрацаваць стратэгію і тактыку далейшых дзеянняў! Ты хоць уяўляеш, абём работы, якую мне даводзіцца выконваць? Я па трое сутак не сплю!

 Прабачце, Сяргей Анатольевіч, я зусім не хацела вас пакрыўдзіць. Мяркуючы па зводках саўінфармбюро, хутка прыйдзе вызваленне. Вайна скончыцца. Не варта думаць пра смерць.

Назад Дальше