На парозе раю - Зінаіда І. Дудзюк 6 стр.


 Госпадзі, якая жахлівая смерць. Між іншым, ён ніколі не казаў мне пра каханне.

 Што ён мог табе сказаць, калі ўвесь раён ведаў, што ты гуляла спярша з Кедравым, потым з Сіроціным?

 Не расказвай мне пра вашы калгасныя плёткі. З Кедравым у мяне нічога не было! Зразумела? Ён заляцаўся, а я яму адмовіла. А што датычыцца Сіроціна, дык і тут склаліся чыста дзелавыя адносіны. Ён быў маім непасрэдным начальнікам. Вам абы языкамі мянціць. Паўсотні гадоў мінула, а той-сёй яшчэ ўсё ад зайздрасці памірае! Калі Сіроцін мяне кахаў, дык навошта ахвяраваў мною? Чаму не збярог? Падумай!

 Падумала даўно. Прыехала ягоная жонка з дзецьмі, вось ён і пастараўся пазбыцца цябе. Спачатку накіраваў на курсы ў Брэст, а потым наогул перадаў нкусаўцам на расправу. Прынёс цябе ў ахвяру дзеля спакою сямі і непарушнасці дзяржавы. Зрэшты, паскудны ён быў чалавек. Помніш, у Антопалі лавачнік Зыгмусь быў, яго з сямёю выслалі некуды на Поўнач, а ўсе рэчы забралі? Дык футрачка, у якім хадзіла лавачнікава дачка, я потым бачыла на дачцэ Сіроціна. Ты ўсё маўчыш. Ніколі нават не расказвала, як там у вас было.

 Годзе! Гэта не тэлефонная размова. Бывай,  Клаўдзія Міхайлаўна злосна пляснула трубку на апарат, села на канапу, задумалася.

«Ах, Алёшка, Алёшка, бадай, ты адзін не здрадзіў мне ў жыцці. Заўсёды падтрымліваў, стараўся правесці ды сустрэць з лесу, але не адважыўся нават абняць. Хаця, канешне, я і не заўважала цябе, аслепленая Кедравым, а потым Сіроцін свет засціў. Варта было мне хоць намякнуць табе пра якую-небудзь патрэбу, ты заўсёды стараўся аблегчыць маё становішча. Як толькі паскардзілася, што страшна хадзіць у лес без зброі, ты праз два тыдні недзе раздабыў пісталет».

Раптам выплыла ў памяці апошняя сустрэча з Алёшам ужо ў пасляваенны час. Яна тады затрымалася да цямна ў клубе, дзе быў прагляд мастацкай самадзейнасці. Алёша чакаў яе каля хаты гаспадыні, дзе Клава кватаравала. Аддзяліўся ад дрэва, што расло каля весніц. Яна ажно спалохалася. А ён супакоіў:

 Гэта я, Клава.

 Алёшка, куды ты прапаў?

 Гаспадарка ўвесь час забірае.

 Што ж, і гэта трэба.

 А ты ўсё ў начальстве ходзіш?

 Ай, Алёша, стамілася я ад усяго. Які з мяне начальнік? Праз два дні еду вучыцца на курсы ў Брэст, а пасля не ведаю, куды накіруюць.

 Хіба Сіроцін цябе крыўдзіць? Людзі кажуць, што ў цябе з ім шуры-муры.

 Хлусня гэта ўсё, Алёшка. Ты ж мяне ведаеш. Ад зайздрасці плятуць абы-што! Сіроцін па серадах у Вышанскай вечаруе!

 Дык жа з гэтаю Вышанскаю Кедраў сустракаўся.

 Да Кедрава жонка прыехала, ён і аціх. А гэтага ката памаўзлівага Сіроціна нішто не спыняе: ні сямя, ні пасада. Яны Вышанскую з рук у рукі перадаюць, як рэч. Божа, як я яе ненавіджу гэтую самадайку! Раскажы лепш пра сябе, Алёшка. Ты яшчэ не ажаніўся?

 Пакуль не сустрэў такую, як ты.

 Дзякую за камплімент. Што ж мы тут стаім? Пайшлі да мяне, узварам якім напаю.

 Дзякую, я толькі на хвілінку, мяне сябры чакаюць,  раптам заспяшаўся Аляксей.  Яшчэ сустрэнемся Ты доўга будзеш вучыцца?

 Прыкладна паўгода.

 Ну, бывай. Шчаслівага вяртання,  ён паціснуў яе руку на развітанне і знік у цемры.

Толькі цяпер жанчына звярнула ўвагу на словы, сказаныя Алёшам тады: «Не сустрэў такую, як ты». Выходзіла, што яна была ўзорам, якім ён кіраваўся ў пошуку сваёй палавіны. Дзіўна, яна ніколі нават не ўяўляла, што гэты хлопец мог быць яе мужам. Ён быў толькі добрым чалавекам, спагадлівым, надзейным, у лепшым выпадку сябрам.

Праз два дні Клаўдзія зехала ў Брэст на курсы партыйных і савецкіх работнікаў. Спачатку там было цікава, новыя людзі, знаёмствы, а пасля яна адчула, што сумуе па Сіроціну, па ягонай мужчынскай сіле і пяшчоце, напісала яму доўгі і прачулы ліст. Адказу не атрымала, пакрыўдзілася і вырашыла больш не нагадваць пра сябе. Напэўна, Вышанская зусім яму галаву затлуміла, а жонка ягоная і не здагадваецца, што па серадах пасля вячэрніх сходаў, яе муж спяшае да палюбоўніцы.

Жонку Сіроціна Клаўдзія ціха ненавідзела да гэтага часу і ў нейкай ступені лічыла віноўніцай усіх сваіх нягод. Каб яна не зявілася, усё было б добра. Усталяваліся трывалыя адносіны з Іванам Самуілавічам. Клава адчувала пры ім сябе абаронена і ўпэўнена. Варта было прыехаць жонцы, як пляткаркі адразу расказалі ёй пра каханне Сіроціна да Клавы, што разюшыла кабету. Яна прыслала палюбоўніцы ліст, у якім абвінавачвала Мартынюк ва ўсіх смяротных грахах і называла брыдкімі словамі. Тады Клаўдзія адчула, што вакол яе ўтварыўся вакуум, усе цураліся яе. А найбольш пакрыўдзіла тое, што і Сіроцін пачаў пазбягаць сустрэч з ёю, больш таго, паклапаціўся, каб выправіць яе на курсы. Дзе падзелася яго кахане, тыя словы, пяшчота і жарсць? А потым інструктар Дробкіна сказала, што ён сустракаецца з Вышанскай. Усё гэта трэба было перажыць, перадумаць і змірыцца з лёсам.

Калі Клава вярнулася ў Антопаль пасля заканчэння курсаў, дык даведалася, што Вышанскую нехта забіў. Ішло следства. Тэхнічны сакратар Таня Нічыпарук сказала, што ліст, які Мартынюк прысылала Сіроціну, знаходзіцца ў маёра дзяржбяспекі Войкава, які расследуе забойства Вышанскай.

Толькі цяпер, праз пяцьдзясят гадоў Клаўдзія Міхайлаўна міжвольна падумала: «Калі Аляксей у сорак шостым хаваўся ў лесе з рэшткамі ўкраінскай паўстанцкай арміі і ведаў, што сакратар райкама партыі Сіроцін бывае ў Вышанскай па серадах, можа, хацеў забіць яго там. Напэўна, тады Івану Самуілавічу пашчасціла, можа, у той вечар не наведаў палюбоўніцу.

За што забілі Вышанскую? Няўжо толькі за тое, што спала з раённым начальнікам? А мо таму, што я сказала пра сваю нянавісць да яе? Дык гэта ж я вінаватая. Я  раптам падумала жанчына і заціснула сабе рот, каб не ўвасобіць у словах тую думку, што, як маланка, працяла яе сэрца.  Госпадзі, даруй і памілуй. Няўжо гэта праўда? У такі страшны час цяжка выжыць, выстаяць, не разгубіцца, не памыліцца, хто свой, хто чужы? Усе мы толькі кволыя стварэнні Божыя, няздатныя ні абараніцца, ні знайсці правільны шлях у поцемках беспрасветнага жыцця».

7

Пазванілі ў дзверы. Клаўдзія Міхайлаўна зазірнула ў вочка, убачыла Юлю, адчыніла.

 Добры дзень! Прабачце, што я без папярэджання,  сказала журналістка.

 Добры дзень. Заходзьце.

Юля, ледзь пераступіўшы парог кватэры, дастала з сумачкі газету і аддала гаспадыні.

 Вось артыкул пра вас. Рэдактар паставіўся вельмі прыхільна.

 Дзякую, Юлечка. Што ж мы тут стаім? Заходзьце, калі ласка, у пакой. Зараз я гарбатку завару, і мы пачытаем ды абмяркуем ваш артыкул.

Клаўдзія Міхайлаўна ўзяла газету, хаваючы хваляванне, але рука здрадліва дрыжала, і накіравалася на кухню. Юля прымасцілася на канапе, ёй не цярпелася пачуць думку гераіні нарыса. Яна паглядзела на шафу з кніжкамі і сустрэлася з позіркам маладой гаспадыні з фотаздымка. Вочы яе хітравата ўсміхаліся. Юля здзіўлена прыўстала, зрабіла некалькі крокаў, каб памяняць ракурс і зноў сустрэла той самы позірк. Тыдзень таму гэты фотаздымак вылучаў зусім іншую інфармацыю. Яна зазірнула на кухню, каб спытаць у Клаўдзіі Міхайлаўны, гэта той самы фотаздымак ці новы, але ўбачыла, што гаспадыня ўважліва чытае артыкул і не стала адрываць яе, вярнулася на канапу. Разглядваючы кветкі, вытканыя на дыване, якім была заслана падлога, Юля згадала пра Барыса: ніяк не магла вырашыць, ці выходзіць ёй замуж. Добрае ўражанне ад ягонай асобы пераважвалася нейкімі адмоўнымі дробнымі дэталямі. Дарослага чалавека не перавыхаваеш, яго трэба ўспрымаць такім, які ён ёсць. Яна была ў тым узросце, калі першае, другое і трэцяе каханне развеяліся, і ўспамінаць пра тое не хацелася. Цяпер яна перажывала такі перыяд, калі душа была вольная ад захаплення якою-небудзь асобаю мужчынскага полу. Так, адзін з супрацоўнікаў заляцаўся да яе, але ён жанаты чалавек, найхутчэй проста шукае сабе забаўку за межамі сямі. Хоць даволі прыемны звонку, ды ў душы эгаістычны і чэрствы. Гэта бачна па тым, як ён ставіцца да супрацоўнікаў і да сваіх абавязкаў. Бырыс шчыры, адкрыты, але ўладны, і гэта пакуль яшчэ ён не муж, а толькі жаніх

 Вось і гарбатка,  прамовіла Клаўдзія Міхайлаўна, паставіўшы на круглы столік кубачкі, цукар, хлебніцу з лустачкамі нарэзанага батона.

 Дзякую. Якая духмяная заварка! У вас ёсць нейкі сакрэт?

 Не, няма. Праўда, іншы раз дадаю чабор або душыцу. Частуйцеся, Юлечка.

Гаспадыня і сама села да стала, паглядзела на дзяўчыну, раздумваючы, як пачаць гаворку.

 Вы малайчына, Юля, выдатна напісалі, мне спадабалася.

 Дзякую. Я рада зрабіць хоць што-небудзь добрае для вас. Можа, варта было больш распісаць вашы пакуты там, у Сібіры.

 Скрозь людзі жывуць. І ў Сібіры таксам. Былі там не толькі трагічныя, але і камічныя сітуацыі. Вось такая, напрыклад. Атрымалі золатаздабытчыкі разлік за сезон, купілі білеты на самалёт, каб вылецець на адпачынак ці да радні, а перад дарогай дзень балююць. Раніцай рынуліся да аэрадрома на таксі, а нехта дарогу перакапаў так, што машына не пройдзе. Самалёт чакае пасажыраў з загадзя набытымі білетамі, а яны, яшчэ непрацверазелыя, дарогу ладзяць. Вось табе смех і грэх!

 Клаўдзія Міхайлаўна, можа, яшчэ адзін артыкул напішам пра ваша жыццё ў Сібіры?

 Калі-небудзь потым, а цяпер дай Божа гэты перажыць.

 Што вас турбуе?  здзівілася Юля.

 Ды рознае. Ці мала як людзі гэта зразумеюць і ўспрымуць. Ды што мы ўсё пра мяне? Раскажыце лепш пра сябе.

Назад Дальше