Сяргей Календа
Часам панкі паміраюць
But Im a creep
Im a weirdo
What the hell am I doing here?
I dont belong here
Radiohead, «Creep»Ці не здаецца вам, што фактычна
кожны з нас два чалавекі:
адзін левы, другі правы?
Адзін карысны, другі ні на што не прыдатны?
Хульё Картасар, «62. Мадэль для зборкі»Уяўныя фігуры больш выразныя і праўдзівыя, чым рэальныя.
Фэрнанду Пэсоа, «Кніга неспакою»© Календа Сяргей, 2018
© Logvino Literatūros namai, 2018
© Распаўсюджанне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Ключы
0. Alive
1. Бар
2. Вёска
3. Горад
4. Запалкі
5. Машына
6. Панкі
7. Раён
8. Раман
9. Сустрэчы
0
Я не хачу пераяжджаць, да падарожжаў я гатовы, да часовага побыту, ня больш за месяц, таксама, мне ня хочацца жыць у Эўропе, я ніколі не хацеў бы трапіць у Расею, у Штаты я б паехаў працаваць. Я мог бы жыць у Аўстраліі, каля пяці гадоў, і мог бы пажыць на пэнсіі ў Шатляндыі, калі б мне дазволіла мая пэнсія. Я адчуваю, што здольны на раман з краінай, на прыгожыя дачыненьні, а потым доўгае вяртаньне дадому, сваркі, нянавісьць, стрэс, бо ня хочацца з той, якую ты гэтак любіў, аднойчы зрабіцца адно аднаму не цікавымі, стомленымі. Толькі радзіма зможа цябе прыняць такім, які ты ёсьць, і любіць зь любым настроем і целаскладам.
Я шмат дзе жыў, дыхаў паветрам вольным і ня вельмі чыстым, назіраў за суседзямі і эмігрантамі, такімі чужымі і блізкімі, за мясцовымі і карэннымі, як мае расхістаныя зубы, жыхарамі. Мяне цягне дадому, у гэты горад, у гэтую вялікую вёску, на гэтыя расколатыя двары, і мне хочацца вяртацца да сваіх ужо родных бабак каля падезду, і сустракаць, хоць не заўсёды ў гуморы, сваіх суседзяў музыкаў, міліцыянтаў, інжынэраў, прадаўцоў, кіроўцаў таксі розных, дзіўных, шаблённых, ад нараджэньня вопытных, мудрых і бадзёрых, якія звычайна без парады ці пытаньня пра жыцьцё, так проста не прапусьцяць, хоць ты дакладна ведаеш пароль дамафона і маеш ключы ад усіх замкоў.
У сваім раёне, горадзе, краіне, можна напіцца і адседзець пятнаццаць сутак за яе свабоду. Тут усё маё: мая памяць, магчымасьці, расчараваньні ды немагчымасьці, каханьні і сьмерці родных. Гэты горад яго зямля ўтрымлівае мае эмоцыі, пачуцьці, яна ўсмактала ў свае нетры мае сьлёзы, кроў і мачу.
У гэтым двары я адначасова вялікі і мужны, і нейкі дурны і нязграбны падлетак. Я сябе адчуваю адным вялікім цэлым, складзеным з разьбітага посуду, кавалкаў мабільнага тэлефона і раскіданага адзеньня, якога я ўжо ніколі ў жыцьці не надзену.
Я нарадзіўся тут, і, зразумела, мяне яшчэ будзе закідваць у розныя месцы зямнога шару, але я ведаю, што ў маім пакоі, які ўсе сэзоны году застаецца ў цені, ахінуты пасаджаным мною бэзам пад вакном, схаваная сярод кніжных паліцаў бутэлька купажнага віна, і гэтая бутэлька ведае, што і калі рабіць: каго клікаць на другі келіх, а пра каго варта забыцца, можа толькі часова, не назаўсёды. Алькаголь дапаможа ўзважыць стомленасьць, супраць мараў усяго жыцьця.
0/7
Людзі пераяжджаюць, перамяшчаюцца зь вёсак у гарады, спальныя раёны множацца, шматпавярховыя панэлькі дублююцца, размываецца сэнс жыцьця, усе драбняцца на маленькія сямейкі, гетэрасэксуальныя і гомапары, альбо абіраюць самоту і кампутарныя гульні, зьяўляюцца даўншыфтэры і гіпстэры, вэйпэры і хайпэры, нацболы і літрболы, раёны ператвараюцца ў клоны, хтосьці з блогераў вам скажа, што гэта ня так, бо кожны новы раён стварае своеасаблівы ўнёсак, адбітак праз жыхароў і новае пакаленьне, але рэальнасьць паказвае зусім іншы бок манэты.
Акрамя гаджэтаў і новай моды, у кожным раёне застаецца той асаблівы подых, які лунае, як Дух Божы пасьля стварэньня сьвету, іманэнтны прывід, створаны праз адмысловы рознакаляровы кантынгент насельніцтва, які часта бывае шаблённым, нават архетыповым. Дух гэты складзены з густых пахаў згатаванага абеду і вячэры, з квашанай капусты і смажанай бульбы, з пахаў тытуню, траўкі і ацэтону, які выпарваецца падчас варэньня маку. Усё ёсьць, і было, і будзе, пакуль сьвеціць сонца.
Ад усіх гэтых гарадзкіх ваколіцаў і побыту немагчыма пазбавіцца, немагчыма перабудаваць раён, перастравіць яго, пакуль не адсячэш галавы ад гэтай гідры, якая завецца кожны раз па-рознаму, але заўсёды застаецца тым самым местачковым прывідам, якому пакланяюцца, Сьвяты воблік мінулых шчасьлівых савецкіх гадоў і яго памагаты збраяносец, пяны супрацоўнік ЖЭСу.
Я станаўлюся выпадковым сьведкам чужога жыцьця, праз усю нашу блізкасьць панэльныя сьценкі. Жыву, назіраючы міні-сэрыялы, хоць сам таго і не жадаю. І я адчуваю абсалютную аддаленасьць ад людзей, суседзяў, раённых герояў.
Гэта як быць Гі дэ Мапасанам і праз сваю нянавісьць да Эйфэлевай вежы есьці ў яе рэстарацыі, бо гэта адзінае месца, дзе вежы не відаць, гэтак і ў маім выпадку я жыву сярод сваіх настолькі блізка і шчыльна, што мне іх не відаць, я проста застаюся сярод сваіх пэрсанажаў для новай кнігі, мяне пачынаюць цікавіць жыхары, што побач, адно дзеля наданьня новай рысы свайму герою.
Я не эгацэнтрык і не мізантроп, магу ненавідзець, але так, па-добраму. Я ніколі нікому не зычыў сьмерці, але Можа быць, аднойчы, калі думаў, пра тое, як было б файна назіраць, як мазгі гэтага гопніка-суседа бягуць кроплямі, апярэджваючы адна адну, як адвальваюцца невялікімі кавалачкамі ад засранай, аблупленай і сьпісанай вільготнымі жаданьнямі кісла-зялёнай сьцяны, рэшткі чэрапа.
Я неяк сядзеў дома, на краі ложка, а трэцяй ночы, і ўяўляў, як міліцыя, якую я выклікаў на гук шансону ў суседняй кватэры, падчас супрацьстаяньня і пагрозаў акуратна, высокапрафэсійна, выносіць мазгі гэтаму курдупелю. Страляе знэрваваны малады сяржант роўна і проста вышэй левай вачніцы, і галава расколваецца, і фантаны крыві, і вока левае, такое зьдзіўленае, спаўзае на шчаку.
Літаральна як у фільмах Квэнтына Тарантына, як я люблю, каб зь перабольшаньнем, з надрывам і няёмкім адценьнем скрыўленьня.
4
Упершыню Амэрыку я ўбачыў здалёк і быў зачараваны. Я бачыў, як ён мудрагеліста пляваў скрозь зубы на адлегласьць дзесяць мэтраў (мэтры лічыліся вялікімі крокамі). Раніца, празь пяць хвілінаў усіх пачнуць запускаць у школу, а вакол Амэрыкі натоўп хлопцаў, ён усьміхаецца і харкаецца, а ўсе назіраюць, і колькі пацаноў адразу кідаюцца лічыць крокі-мэтры.
Амэрыка быў сапраўдным героем школы. Ён насіў кепку ЗША з выяваю арла, у яго былі модныя скураныя фенечкі; дзе, хто і як яму іх сплёў, прадаў ці падараваў, невядома; ён хадзіў у школу ў гарнітуры, зусім не падобным да нашых, якія нам набывалі бацькі ў «Гандлёвым доме на Нямізе», і ў замежных прыгожых красоўках, за якія яму часта даставалася ад дырэктара.
Ён усім распавядаў, што жыў у Штатах усё жыцьцё, а цяпер, калі здарылася перабудова, бацькі прыехалі сюды, бо вырашылі, што тут былым алімпійскім чэмпіёнам лягчэй. Амэрыка нас усіх заварожваў сваёй лёгкасьцю быць нахабным і прыцягальным, уважлівым да кожнага аднаклясьніка і хамам для настаўнікаў. Амэрыка мог лёгка пазнаёміцца зь дзяўчынаю і мог лёгка закінуць «трошку» за баскетбольнай лініяй любым мячом: футбольным, баскетбольным ці валейбольным. І ён мог лёгка пасварыцца з кожным мінаком і адразу даць у вока. Нашая школа такіх кадраў ніколі ня бачыла, і зразумела, абсалютна ніхто, акрамя саміх бацькоў Амэрыкі, не разумеў, навошта яны вярнуліся сюды, у Менск.
6
Як гэта было з аўтобусам нумар 313? Мы, нашая кампанія падлеткаў, якія амаль ад нараджэння былі фанатамі менскага «Дынама», пілі «Крыжачок» і гулялі ў панкаўскія гульні кшталту «рамонка» альбо замыкаліся ў пакоі, выключалі сьвятло і харкаліся ў розныя бакі, потым уключалі сьвятло й лічылі пляўкі на сваім адзеньні й скуры, і той, хто быў больш запляваны, выйграваў. У нас не было кампутараў, мы не цікавіліся тэлевізарам, мы мала чыталі, але ў нас была нашая музыка, правілы вуліцы, уласныя законы анархіі й гісторыі.
Шмат гісторыяў, кожны з нас імкнуўся стаць майстрам аратарскай справы. Печань, так звалі аднаго з нашых, ён пераўзышоў у гісторыях усіх, распавёўшы, як пяны гопнік піў піва й нават не заўважыў, што яму ў паўлітровую плястыкоўку па прыколе нахаркалі сопляў сябры, так ён амаль да канца й дапіў бы, але ж на апошнім глытку соплі зацягнула ў горла, і ён пачаў ванітаваць.
3
У першы дзень пасьля школьнага выпускнога я зьнік. Самым сапраўдным чынам зьнік.
Сышоў. І сышоў не абы-куды, падрыхтаваўся. Грошай, якія я назьбіраў, мусіла хапіць на доўгатэрміновае падарожжа, альбо каб дваццаць месяцаў аплачваць здымную кватэру.
Я чакаў гэтага дня. Я мог і раней зьбегчы, але мне не дазвалялі мае прынцыпы. Я быў упэўнены, што спачатку я мушу атрымаць мінімальную адукацыю, а ўжо потым уладкоўваць сваё жыцьцё.
Пачынаючы з шасьці гадоў я пракручваў у галаве плян зьнікненьня, марыў аб тым, як гэта будзе выглядаць для маці. Як яна будзе праз гэта пакутаваць, як пачне вінаваціць сябе, што кепска мяне гадавала, што не даглядала і не любіла як трэба, што я сышоў, і, можа, недзе ў падвале невядомага менскага дому ўжо нюхаю клей, ці мяне ўжо пасьпелі згвалціць і забіць.