Часам панкі паміраюць - Сяргей Календа 2 стр.


Пачынаючы з шасьці гадоў я пракручваў у галаве плян зьнікненьня, марыў аб тым, як гэта будзе выглядаць для маці. Як яна будзе праз гэта пакутаваць, як пачне вінаваціць сябе, што кепска мяне гадавала, што не даглядала і не любіла як трэба, што я сышоў, і, можа, недзе ў падвале невядомага менскага дому ўжо нюхаю клей, ці мяне ўжо пасьпелі згвалціць і забіць.

Я ўсё разьлічыў, каб зьнікнуць: дзяцінства навучыла мяне жыць паводле ўласных правілаў і давяраць толькі сабе. Тое, што мяне забралі ў сталіцу і з шостай клясы я вучыўся і жыў прыстойней, ніж раней, ніякім чынам не адбілася на маім адчуваньні ўдзячнасьці або падсьвядомым. Мне хапіла моцы і розуму скончыць школу, сабраць заплечнік, грошы і дакумэнты, і мэтанакіравана выправіцца на чыгуначны вакзал.

Мой бліскуча пабудаваны плян зьнікненьня быў распрацаваны акурат да моманту, як я зьяўлюся на вакзале. Далей мне трэба было наважыцца на падарожжа. Я наўмысна не плянаваў месца свайго далейшага жыцьця: рамантычнасьць выпадковасьці цешыла мяне ня менш за думку пра помсту маці зьнікненьнем.

1

У кожнага пісьменьніка мусіць быць бар, свая кавярня, сваё гарадзкое месца, дзе ён будзе ствараць кнігі, разважаць і ператварацца ў мясцовы помнік, пэрсону, да якой можна дакрануцца, зь якой можна выпіць і проста пагутарыць пра надворе, і абавязкова, што зусім не ў традыцыях Менску, пасьля сьмерці пісьменьніка ягоны любімы бар павесіць шыльду і зробіць стол, за якім той любіў сядзець, месцам пакланеньня.

Але, яшчэ да сьмерці аўтара, гарадзкія ўлады пасьпеюць некалькі разоў зруйнаваць бар і дом з барам, і нават суседні дом-гістарычную-каштоўнасьць зьнесьці, так што ніякай памяці, акрамя гэтага тэксту, пра месца не застанецца.

Адна з сакральных роляў беларускай літаратуры захаваньне, і гэта датычыць нават кнайпы і дому, у якім гэтая кнайпа ёсьць.

Я выбраў бар «Рукі Мадонны», абсалютна выпадкова, кіруючыся толькі блізкасьцю да дому, каб, калі ўжо так напрацуесься, што будзе складана перасоўваць ногі, ня ехаць паўвечара праз горад на таксі, але акуратна і прыгожа дапаўзьці да сваёй нары за дзесяць хвілінаў.

У першы дзень працы ў «Руках Мадонны» я выпіў два кубкі кавы, астылай і шэрай, як танны пуэр, нічога ня еў, і ўвогуле саромеўся свайго перабываньня ў гэтым месцы на працягу пяці гадзінаў, бо цадзіў каву і нічога не замаўляў, нават двухрублёвую манэту ўмудрыўся закаціць пад барную стойку, калі даваў барыста гасьцінца.

Няўклюдны і спужаны, я выйшаў у халодны горад зь вялікай, велічэзнай цеплынёй унутры ад напісаных трох няшчасных старонак кнігі.

Няшчасных, але доўгачаканых і вартых таго, каб яшчэ раз адчуць усю няёмкасьць замоваў кавы ў «Руках М.».

2

Я быў малым падшыванцам, і цягаў пад сталом котку за хвост, калі мая бабуля, сабраўшы ў садзе вялікія букеты ружаў і прывёзшы з гораду пэрсікаў, стаяла на кухні й рыхтавалася варыць з гэтага каляровага багацьця сочыва. Яна брала сваімі старымі, лядашчымі рукамі маладыя бутоны белых цнатлівых ружаў, камячыла іх скручанымі пальцамі й кідала ў вялікі рондаль, потым брала чырвоныя ружы, трушчыла й дадавала да белых скамечаных пялёсткаў, далей у кулачках сьціскала жоўтыя ружы, і таксама дадавала да астатніх, ціхенька напяваючы сабе пад нос, наразала сакавітыя пэрсікі, якія расьціскаліся пад пальцамі, як плястылін, і запаўнялі прастору салодкім пахам.

Бабуля засыпала наскрыляныя пэрсікі ў рондаль з ружамі, дадавала цукар, запальвала агонь на нямецкай газавай пліце й сядала, з абмазанай смакатой драўлянаю лыжкаю ў руцэ, на скасабочаны зэдлік.

У гэты час чаканьня пакой пакрысе насычаўся пахам і чорна-белымі малюнкамі, фотаздымкамі ды стужкамі. Пра што разважала альбо марыла мая бабка? Можа быць, пра мужа, які маладым сышоў з гэтага сьвету? Можа быць, пра першы дарослы ровар, на якім яна, перакінуўшы праз раму левую нагу, круціла пэдалі ў лес. А можа быць яна, паглядаючы на мяне, думала, кім я зраблюся, калі вырасту, і ці будзе мая маці калі-небудзь мяне гадаваць, альбо гэта цяпер яе, старой жанчыны, лёс. Невядома. Адзінае можна сказаць дакладна: у гэты момант, варэньня сочыва, я пачуваўся Дома, як ніколі больш нідзе.

5

Як гэта, адкатаць дзесяць гадоў на машыне і ніводнага разу ня быць спыненым даішнікам?

Атрымаць за дзесяць гадоў толькі некалькі штрафаў ад відэарэгістрацыі за перавышэньне, і ўсё?!

Зразумела, за стырном лёгка разьнявольваесься і пачынаеш лічыць сябе калі ня Богам, то хаця б Ягоным сынам.

З такім шчасьцем варта было б у казыно хадзіць і зрываць вялікі куш. Нахабна выйграваць, але я чалавек азартны, мяне лёгка можа зацягнуць.

Калі мінае шмат гадоў беспакаранасьці, становісься сьмелым і дзёрзкім кіроўцам, якому выдалі ці ня самыя шчасьлівыя правы, ліцэнзавана дазволілі праяжджаць праз даішныя кардоны непрыкметным. Кранутым ласкаю Ўсявышняга.

І за два месяцы да заканчэньня тэрміну дзеяньня правоў, калі трэба было паклапаціцца аб іх замене на новыя, адной жнівеньскай раніцай захацелася паехаць на працу незвычайным шляхам, ня так, як заўжды, бо не вядома чаму, але так было трэба.

7

З маім суседам змагацца за цішыню немагчыма. У яго заўсёды знойдуцца два аргумэнты супраць майго пытаньня: маю права да адзінаццатай слухаць музыку любой гучнасьці, бо інакш можна лёгка атрымаць у вока.

Сваё права маёмасьці і «даць у вока» ён гэтак дбайна ахоўвае, што падыходзіць блізка да яго кватэры немагчыма, ён успрымае гэта як напад. Ён можа проста адчыніць дзьверы і кінуцца ў бойку. Суседзі-мужчыны да яго ўжо ня ходзяць. На агульных тамбурных дзьвярах засохлыя адбіткі крыві, напамін пра тое, што лепш гэтага гопніка не чапаць нават на нэўтральнай тэрыторыі.

Цяпер да суседа пачалі хадзіць толькі суседкі, бо мужыкоў шкада. З жанчынамі ён ня бецца, толькі лаецца і крычыць, каб не чапалі яго і не заходзілі за межы ягонай законнай нерухомасьці.

8

Вечар, усе, каго ты ведаеш, сёньня пюць.

Пюць у рэстарацыях, барах і на здымных кватэрах, у гасьцях і дома, у машынах і грамадзкім транспарце.

А я сяджу на зэдліку, на кухні, мяне пачынае ціха калаціць:

«Можа, схадзіць купіць выпіць?

Вельмі хочацца.

Ажно скулы зводзіць.

Альбо ня піць?

Так.

Не, ня буду сёньня піць.

Альбо буду?

Усё-ткі не, і кропка.

Пайду павешуся!

А можа, лепей раней спаць пакласьціся.

Гэта называецца ўнутраны гандаль.

Блядзкі гандаль!

Трэба заняцца чымсьці цікавым!

Але трэба быць яшчэ і моцным, і хаця б раз на месяц ня піць!

Порна паглядзець?

Адцягнуць увагу ад думак?

Ці?..

Не!

Альбо адцягнуць увагу ад думак?!

Ня буду сёньня піць!

Вырашана!

А ў мяне, дарэчы, і міні-сэрыял з Ўудзі Аленам ёсьць.

Але калі я гляджу кіно я пю. І як так, паглядзець фільм і не нажэрціся?

Трэба дачакацца дзесяці вечара калі зачыніцца крама!

Але я бачыў, што ў майго суседа па кватэры ў лядоўні дзьве бутэлькі гарэлкі!

Пачытаць?!

Не, не атрымаецца, калі галава так пульсуе ад іншай думкі!

Зьесьці чаго смачнага?

Але я паеў гадзіну таму.

Заварыць гарбату?

Але літаральна трыццаць хвілін мінула, як я выпіў два вялікія кубкі зялёнай гарбаты!

Альбо ўсё-ткі схадзіць у краму і не ябаць сабе мозг?!

А можа, выпіць снатворнага?

Паболей!

Альбо яшчэ пасьпець схадзіць у вінны аддзел?

Жыцьцё боль».

Прыйшоў ліст: адзін пісьменьнік прапаноўвае перакласьці пару маіх тэкстаў на адну з эўрапейскіх моваў.

Дзякуй Богу, ёсьць нагода! Я адразу пішу Тэрэзе, каб кідала ўсе справы і ехала па мяне на сваёй машыне, альбо на таксі, ня важна, тэрмінова трэба ў начнік!

Няма часу тлумачыць, усё распавяду па дарозе.

Тэрэза адказвае мне адразу.

9

«Ты, канечне, майстра апісаць момант. Крута! Ну і пра сэксуальныя, інтымныя рэчы пішаш сьмела часам шакуе, але я прызвычаілася.

Калі разьмежаваць пачуцьці на сымпатыі ды спачуваньне герою, то я хутчэй яму спачуваю.

Ягоныя разгубленасьць, супярэчлівасьць, эмацыйнасьць гэта тое, што рэзануе з маім унутраным станам. Магчыма, я сама сабе спачуваю, ці хачу, каб мне паспачувалі».

«Наконт моманту так, я шмат над гэтым працаваў, часам сам адчуваю, наколькі гэта мяне ўласна кранае.

Наконт шчырасьці, я стараюся апісаць тэму як мага больш эмацыйна і шчыльна да дробязяў, мне тады здаецца, што гэта дапамагае сюжэту жыць напоўніцу».

«Не магу сказаць, што я закрыты чалавек. Супярэчлівасьць для мяне ў тым, што з таго панка, які быў (а ён быў? хацелася б больш доказаў), не вынікае чалавек, які цяпер ёсьць. Значыць або праўда жыў жыцьцём кагосьці іншага, або некалькі супрацьлеглых граняў асобы сышліся ў адным чалавеку. Вось гэта мне знаёма. Я куляюся часьцей за ўсё ад гіпі да сурёзнай бізнэс-лэдзі. Супярэчлівасьць і ў тым, як плавае самаадзнака, ступень упэўненасьці ў сабе. Эмацыйнасьць калі кранае. Амаль усё кранае. Часам хочацца пазбавіцца ад гэтых акуляраў, якія высьвечваюць для цябе ўсё: прыгажосьць, боль, пачварнасьць. Але бязь іх робісься цынікам і губляеш ласку тых, хто побач. Так і застаесься неабыякавым дэбілам, якому баліць і трэба больш за ўсіх. Я гэтак адчула героя. Але я апошнім часам параною на тэму «мы бачым у іншых тое, што ёсьць у нас», таму чорт яго ведае. Я дакладна такая, таму мне адгукнулася».

Назад Дальше