Дэманы доктара Глінскага - Сяргей Егарэйчанка


Сяргей Егарэйчанка

Дэманы доктара Глінскага

© Егарэйчанка, С., 2019

© ТАА «Электронная кнігарня», 2019

Частка першая

1. Дэкларацыя

Мы, супольнасць свабодных творцаў навукі, асветы, міру і ўстойлівага развіцця гэтай планеты,

Разумеючы, што ў чалавецтва няма іншых, больш важных мэт, чым ўласнае выратаванне, развіццё і непарыўна з гэтым звязанае усёабдымнае пазнанне Вялікай Архітэктуры Сусвету,

Усведамляючы, што сродкам дасягнення гэтых мэт могуць зяўляцца толькі навука (як прыкладная, так і фундаментальная), эстэтычнае развіццё грамадства, павага да нашага агульнага мінулага, сучаснасці і будучыні, вырашэнне ўсіх канфліктаў (пачынаючы ад міжасобасных і заканчваючы міжнацыянальнымі) выключна дыпламатычнымі метадамі без прымянення любога роду гвалту,

Канстатуючы, што ў нас няма іншага агульнага дома, апроч планеты Зямля з яе унікальнай экасістэмай, біяразнастайнасцю і выключнымі натуральнымі багаццямі,

Назіраючы прагрэсуючую неэфектыўнасць сучаснай сістэмы забеспячэння міру і бяспекі, пачынаючы ад наднацыянальных арганізацый і заканчваючы міждзяржаўнымі дамоўленасцямі,

З жалем адзначаючы нарошчванне ваеннага патэнцыялу і ваенных бюджэтаў асобных дзяржаў і міждзяржаўных абяднанняў,

Мяркуючы, што перанакіраванне каласальных рэсурсаў з ваенных патрэб на патрэбы развіцця медыцыны, выкаранення галечы і сацыяльнай няроўнасці можа даць грандыёзны штуршок у эвалюцыі чалавецтва ўжо ў кароткатэрміновай перспектыве, стаць гарантыяй выратавання мільёнаў жыццяў і забеспячэння годнага існавання кожнаму члену нашай супольнасці,

Ацэньваючы непапраўную шкоду, прычыненую ваеннымі канфліктамі ўсёй чалавечай цывілізацыі: пачынаючы ад каласальных эканамічных страт і заканчваючы вялікай колькасцю загубленых неацэнных чалавечых жыццяў,

Шкадуючы аб страчаных магчымасцях, якія мела б чалавецтва ў выпадку адмаўлення ад вайны на карысць мірнага развіцця,

Дэкларуючы, што ніякая вайна, за выключэннем вайны з мэтай абароны ад агрэсіўнага пасягальніцтва на ўласныя тэрыторыі і межы, прызнаныя ўсёй сусветнай супольнасцю, не можа лічыцца справядлівай,

Рашуча асуджаючы ўсе формы агрэсіі як асобных дзяржаў альбо міждзяржаўных блокаў, так і недзяржаўных абяднанняў,

Прымаючы як аксіёму той факт, што кожны чалавек ёсць унікальны па сваёй прыродзе мікракосм са сваімі пачуццямі, перажываннямі, амбіцыямі, надзеямі, страхамі і творчымі ідэямі,

Цалкам ухваляючы любую працу, якая вядзе да стварэння, і прынцыпова асуджаючы любыя дзеянні, накіраваныя на знішчэнне плёну такой працы, незалежна ад матываў, якімі апраўдваюцца такія дзеянні,

Паважаючы ўсю сістэму нацыянальных, расавых, моўных, гендэрных, духоўных і рэлігійных адрозненняў як галоўную і унікальную адметную асаблівасць нашага рода,

Прымаючы канцэпцыю ўстойлівага развіцця ў якасці краевугольнага каменю фарміравання нашай будучыні, будучыні нашых дзяцей і нашага агульнага дома,

Разумеючы сваю адказнасць перад нашымі дзецьмі і ўсімі наступнымі пакаленнямі за іх мірнае і шчаслівае існаванне,

Ведаючы, што чарговы глабальны ўзброены канфлікт чалавецтва можа не перажыць,

Мы, дзеячы навукі, асветы і міжнароднай дыпламатыі ствараем гэтае таварыства, прызначанае дапамагаць усім і кожнаму ў яго добрай місіі навуковага і грамадскага прагрэсу, асветы і будаўніцтва міру ў нашым агульным доме.

1. Зяўляючыся незалежным міждзяржаўным добраахвотным абяднаннем прыватных асоб, а таксама грамадскіх і навуковых арганізацый, фінансавых донараў, мы заклікаем далучыцца да нас кожнага, хто можа зрабіць свой унёсак у дасягненне нашых мэт.

2. Не валодаючы фінансавымі магчымасцямі, дастатковымі для істотнага ўнёску ў развіццё ўсяго чалавецтва, не маючы мэт здабыцця камерцыйнай выгады і не валодаючы паўнамоцтвамі для манетызацыі плёну нашай дзейнасці, заклікаем наднацыянальныя структуры, дзяржавы, камерцыйныя, грамадскія і навуковыя арганізацыі да ўсялякай падтрымкі (фінансавай, інфармацыйнай, навуковай, арганізацыйнай і маральнай) нашай працы, накіраванай на карысць кожнага з нас.

3. Наша добраахвотнае абяднанне пераследуе наступныя мэты, закліканыя служыць прагрэсу нашага грамадства і згуртаванасці чалавецтва як закладу яго выжывання:

3А. Прызнанне чалавечага жыцця недатыкальным і святым для ўсіх індывідаў і супольнасцей на Зямлі;

3Б. Развіццё ўсіх відаў прыкладной і фундаментальнай навукі тэхнічнай, натуральнай і гуманітарнай;

3В. Спрыянне паляпшэнню якасці жыцця кожнага члена грамадства, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці і сацыяльнага статусу;

3Г. Пашырэнне ведаў пра сістэму Вялікай Архітэктуры Сусвету;

3Д. Выкарыстанне вынікаў нашых навуковых пошукаў для мірнага прагрэсу чалавецтва;

3Е. Агульнасусветная барацьба з захворваннямі, эпідэміямі і пандэміямі, якія штогод забіраюць мільёны жыццяў;

3Ё. Стварэнне экалагічнай мадэлі развіцця чалавецтва, якая гарантуе выжыванне нашага віду і непрычыненне шкоды нашаму агульнаму дому;

3Ж. Усялякае асуджэнне і адмаўленне ўсіх форм і відаў агрэсіі і гвалту;

3З. Паўсюдная асвета і адукацыя ўсіх членаў чалавечай сямі дзеля агульнага развіцця;

3І. Паўсюднае эстэтычнае і культурнае выхаванне грамадства ў атмасферы ўзаемнай павагі да іншых поглядаў, нацыянальнасцей, рас, рэлігій пры поўнай адсутнасці ацэнак і меркаванняў;

3К. Актыўная дыпламатычная праца на ўсіх узроўнях чалавечага супрацоўніцтва з мэтай найхутчэйшага спынення існуючых ваенных канфліктаў і прадухілення новых;

3Л. Супрацьдзеянне любым формам бюракратыі і фармалізму ў пытаннях, якія тычацца навуковых даследаванняў, адукацыі, культуры, будаўніцтва міру і ліквідацыі ўсіх форм няроўнасці і беднасці.

4. Наша таварыства дзейнічае па-за кантэкстам канкрэтных дзяржаў, міждзяржаўных утварэнняў, навуковых, грамадскіх і іншых арганізацый, камерцыйных структур, але ў непасрэдным супрацоўніцтве з імі.

5. Членам нашага добраахвотнага таварыства можа стаць любы дзеяч навукі, асветы і дыпламатыі, а таксама кожны, хто падзяляе нашы мэты і прынцыпы.

6. Кожны член нашага добраахвотнага таварыства абавязаны рабіць свой пасільны ўнёсак у развіццё навукі, асветы і мірных дыпламатычных зносін на сваім узроўні і ў рамках праектаў, арганізаваных нашым таварыствам.

Адгэтуль і навечна мы клянёмся быць пуцяводнай зоркай для тых, хто прагне лепшай будучыні для сябе і сваіх дзяцей, нават у смяротны час не адыходзячы ні на крок ад веры ў тое, што будучыня залежыць толькі ад чысціні нашых намераў і грандыёзнасці нашых амбіцый, накіраваных не на ўзвялічванне саміх сябе, але на карысць кожнаму.

Востраў Роса, архіпелаг Святога Роха, 1 верасня 2017 годаДаніялЯкуб ГлінскіВольфганг КлаўсЭлеанора Кэтрын Эш(і яшчэ 217 подпісаў)

2. Кабінет намесніка Генеральнага сакратара ААН у XXI стагоддзі

Дваццатае стагоддзе гранічна абвастрыла мяжу паміж дабром і злом. У сярэдзіне дваццаць першага гэтая мяжа практычна знікла.

Яшчэ ў той час, калі я хадзіў у школу, нават у галовах дарослых і разумных людзей свет падзяляўся на «нашых» і «тых, чужых». Гэта быў час, калі чарвяк сумневаў ужо пачаў запаўзаць у масавую свядомасць, «жалезная заслона» прыадчынялася, рыпаючы нязмазанымі паліспастамі, павольна, па міліметры, яшчэ не ў стане даць дастаткова прасторы для новых ідэй і светапоглядаў. «Нашы» былі добрыя. «Тыя, чужыя» дрэнныя. Мільёнам людзей так было прасцей жыць.

Потым раптам ўсё знікла. Аказалася, што «яны» мала чым адрозніваюцца ад нас. Яны сварацца і мірацца, мараць пра светлае «заўтра». Яны любяць сваіх дзяцей не менш, чым мы. І дрэнных сярод іх ніяк не больш, чым сярод нас.

Гэта было як выбух у замкнёнай прасторы. Ранейшых простых ісцін больш не існавала. Зявілася нешта новае, складанае, захапляльнае і страшнае. Прычым страшнага для многіх аказалася больш. Тыя, хто не змог перастроіцца пад новы свет, закансервавалі сваё ўспрыманне добрага і дрэннага. Яны і зараз жывуць з ім. Гэтыя людзі, напэўна, шчаслівыя. Для іх усё зразумела.

Калі ў Афганістан зайшлі «нашы», гэта было добра.

Калі зайшлі «яны» дрэнна.

Усё было проста, нават вайна. Былі тыя, хто змагаўся па розныя бакі раздзяляльнай паласы, і мы заўжды ведалі, хто дзе.

Калі стрэлы раздаліся ва Украіне, бакоў не было. Тыя самыя «нашы» з закансерваванай свядомасцю для прастаты ўспрымання назвалі гэта грамадзянскай вайной. Для ўсіх астатніх быў створаны новы тэрмін «гібрыдная вайна».

Мяжа знікла. Больш не было варагуючых бакоў, не было нават «нашых» і «чужых». Было пекла. І хоць усе разумелі ў глабальным сэнсе, хто ў каго страляе, сам факт таго, што вайны няма, а ёсць нейкая аморфная «антытэрарыстычная аперацыя», войск няма, а ёсць апалчэнне, якое купіла ў «Ваенгандлі» ракетныя ўстаноўкі і АК апошняй, «сотай», серыі, зламаў успрыманне звыклага свету занадта многім.

Дальше