Мяжа знікла. Больш не было варагуючых бакоў, не было нават «нашых» і «чужых». Было пекла. І хоць усе разумелі ў глабальным сэнсе, хто ў каго страляе, сам факт таго, што вайны няма, а ёсць нейкая аморфная «антытэрарыстычная аперацыя», войск няма, а ёсць апалчэнне, якое купіла ў «Ваенгандлі» ракетныя ўстаноўкі і АК апошняй, «сотай», серыі, зламаў успрыманне звыклага свету занадта многім.
Калі была створана Ісламская дзяржава, спачатку ніхто не надаў гэтаму належнага значэння. Гэта чалавечая прырода. Прасцей заняцца тым, што зразумела аддача будзе большая. Але ўсё аказалася нашмат складаней.
Я мару дажыць да таго дня, калі Ісламская дзяржава стане толькі артыкулам у Вікіпедыі. Пакуль жа арміі прасуюць Блізкі Усход высокадакладнымі бомбамі, якія нібы канструююцца ўжо з убудаваным штабам ІД куды бомба ўпала, там і штаб ІДЗІЛ.
Гібрыдная вайна на самой справе не была вынаходствам дваццаць першага стагоддзя. Яна была заўсёды. Анекдоты пра савецкага лётчыка «Лі Сі Цына» ў Ветнаме найлепшае таму пацвярджэнне.
Але яшчэ ніколі яна не была настолькі небяспечная для ўсіх нас.
Другі раз пасля стварэння ядзернай зброі людзі пачынаюць вучыцца жыць з узведзенай бомбай пад уласным крэслам.
Раней сродкам ад параноі была сістэма стрымак і проціваг, якой аперыравалі ААН і найбуйнейшыя дзяржавы свету. У выпадку гібрыднай вайны гэтая сістэма выявілася практычна бескарыснай. Складана кантраляваць тых, у каго няма імя.
Новых лекаў пакуль не знайшлося.
Самае страшнае тое, што патрэба ў сродках ад гэтай хваробы відавочная сёння далёка не ўсім.
Пакуль хтосьці думае, што, раз страляюць недзе там і на сусветную вайну яно не цягне значыць не так ужо і страшна, стрэлы пачынаюць гучаць зусім побач.
Калі ў Кіеве снайперы расстралялі дэманстрантаў на Інстытуцкай, я плакаў, зноў і зноў пераглядаючы гэтыя кадры.
Я рабіў гэта наўмысна, каб убіць сабе ў душу нянавісць да тых, хто лічыць гэта магчымым сёння. У сістэме майго светапогляду ёсць месца для кожнага чалавека на зямлі, за адным толькі выключэннем. У маім свеце няма месца тым, хто аддае загад націснуць на курок і хто лічыць дапушчальным для сябе гэты загад выканаць.
Побач з тымі, хто ўпаў, былі тады мае сябры, і я задыхаўся ад адной думкі пра тое, што яны маглі быць на месцы людзей, якія хапаюцца за горла і падаюць на маставую, каб ужо не падняцца.
Вайна, якая пачалася адразу пасля гэтага, так ці інакш закранула ўсіх. Усё часцей на вуліцах маёй краіны на пытанне «Адкуль вы?» гучаў адказ «З Украіны». У збітым транспартніку ІЛ76 загінуў сябар майго таварыша, у мірным жыцці малады кандыдат навук, які стаў дэсантнікам, каб вайны ў яго краіне не было. Так апасродкавана мы ўбіралі асновы «гібрыднага канфлікту» і задаваліся пытаннем: калі гэта адбылося там, дзе два гады таму ніхто не мог нават ўявіць сабе такога пекла, чаму заўтра тое ж не можа здарыцца ўжо на вуліцах нашага горада?
І гэтыя пытанні задавалі сабе не толькі мы, але і ўсе нашы суседзі. Дзе сродак ад «ветлівых людзей» без апазнавальных знакаў і якая прафілактыка ад гэтай бацылы?
Далёкая вайна раптам стала блізкай.
Многіх гэта прымусіла пасталець.
Сталенне не закранула толькі тых, «закансерваваных».
Для іх свет па-ранейшаму быў просты.
Што мог зрабіць з гэтым я?
Нічога.
Мяне завуць Якуб Глінскі.
Мне трыццаць шэсць гадоў. Я атрымаў доктарскую ступень па паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце, затым стажыраваўся ў ЗША, там жа вывучаў сацыялогію.
Калі я быў зусім малады, яшчэ да Варшавы і Стэнфорда, пасля заканчэння бакалаўрыята ў сябе на радзіме я працаваў «хлопчыкам на пабягушках» у сістэме дзяржкіравання, якая захрасла ў савецкай рэальнасці на многія гады наперад. Ужо пасля гэтага мне давялося прымаць удзел у працы розных, у першую чаргу міжнародных, праектаў.
Я бачыў у гэтым сэнс і карысць. Гэта мне падабалася. Напэўна, менавіта таму ў мяне не прыжыліся комплексы маіх аднагодкаў аб немагчымасці перамен. Мяне не паспела раздушыць безвыходнасць, якая кіравала балем у абшарпаных калідорах міністэрстваў. Так-так, вы ўсё зразумелі правільна, у гэтым свеце яшчэ ёсць краіны, дзе нават у міністэрствах са сцен адвальваецца фарба, а да канца года заканчваюцца не толькі папяровыя канверты для карэспандэнцыі, але і гадавы бюджэт на набыццё новых.
Я наіўны. Занадта наіўны, каб вярнуцца ў гэтую сістэму, бо на кожным кроку ў мяне будзе ўзнікаць пытанне «Божа, ну як жа так?!»
Многія мае прапановы падаюцца ўтапічнымі нават тым, хто быў пазбаўлены сумнеўнага задавальнення жыць і працаваць ва Усходняй Еўропе пасля распаду Савецкага Саюза. Іншыя ж прымаліся на «ўра» толькі з-за таго, што я не абмяжоўваў сябе умоўнымі рамкамі, заўсёды прапаноўваў тое, што не рабіў яшчэ ніхто да мяне, і яно працавала.
Наіўнасць пайшла мне на карысць і служыла рухавіком майго развіцця. Калі б я застаўся там, дзе пачынаў, наіўнасць была б прычынай маёй галоднай смерці.
Я бываў у розных частках свету. Мяне закідвала туды, дзе вакол ляжалі мерцвякі і шанец атрымаць адпушчэнне грахоў быў вышэйшы, чым у самагубцаў на дахах шматпавярховак. Я бачыў многае. І многае я хацеў бы забыць. Кожны раз мяне прымушала працаваць у такіх месцах толькі адна думка: я тут для таго, каб палегчыць долю людзей, якія жывуць у гэтым пекле, у мяне ёсць магчымасць кінуць усё і вярнуцца на свой хутар у лесе, дзе не страляюць, а ў іх няма. Мне не было шкада сябе. І чым цяжэй і страшней рабілася, тым больш спартыўнай злосці і азарту было ў мяне.
На маёй пакуль яшчэ ціхай радзіме расла мая маленькая дачка. Напэўна, я дзейнічаў не так, як належыць бацьку, але я хацеў зразумець усе небяспекі, якія могуць непасільным цяжарам легчы на яе плечы каб умець своечасова іх прадухіліць. Менавіта таму я часцей бываў там, дзе страшна, убіраючы усю брыдоту чалавечай прыроды, каб дачка ніколі не ўбачыла ашчэр забойцы ў форме.
Нават цывілізаванае грамадства можа стаць зграяй галодных ваўкоў у лічаныя месяцы, гэта я зразумеў з гранічнай дакладнасцю. Парад украінскіх ваеннапалонных у Данецку стаў апошнім элементам гэтага разумення.
Я адчуваў сябе героем вядомага анекдота пра таксіста, які ведае, як трэба кіраваць краінай, але няма часу бо таксаваць трэба.
Я ведаў, што трэба рабіць. Не ведаў як. Дакладней сказаць, не ведаў, дзе знайсці патрэбныя каталізатары працэсу. Была праграма не было тых, каму яна патрэбная.
Перада мной былі толькі адны дзверы, у якія я мог увайсці, і я стаяў перад імі, утойваючы прывід надзеі глыбока ў душы, роўна як і поўную гатоўнасць сустрэць смех і сарказм. Мне было не прывыкаць.
Сёння, у панядзелак, 20 чэрвеня 2017 года я стаяў перад будынкам Сакратарыята штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку са змяшанымі пачуццямі.
Мне было добра знаёмае гэтае месца. Я бываў тут шмат разоў раней, і, верагодна, пабываю тут яшчэ не раз.
Трыццаць дзевяць паверхаў са шкла, сталі і бетону на працягу шасцідзесяці гадоў былі цэнтрам свету. Цяпер іх роля з кожным днём сыходзіла ў мінулае. Мары Дага Хамаршольда павольна, але дакладна прыходзіў канец.
Другі Генеральны сакратар ААН быў творцам і, у нейкай ступені, рамантыкам. Менавіта гэта дазволіла Арганізацыі стаць тым, чым яна была столькі гадоў.
Сёння ёй кіравалі нават не палітыкі, а чыноўнікі.
Я добра ведаў гэты тып людзей. У пагоні за захаваннем status quo яны развучыліся рэагаваць на пагрозы. Як вядома, нестандартная небяспека патрабуе прыняцця нестандартных рашэнняў.
Усе рашэнні былі рэгламентаваныя інструкцыямі, прыняцце якіх патрабуе некалькіх гадоў, у той час як праблема прагрэсуе штодня толькі за кошт таго, што яна развіваецца не па інструкцыі.
У маштабах гэтага месца і людзей, якія бывалі тут за апошнія паўстагоддзя, я быў нікім. Тое, што я нёс з сабой, было, магчыма, не пад сілу рэалізаваць і самому Хамаршольду. Я ішоў сюды толькі таму, што я не ўмею працаваць у стол. Я быў абавязаны паспрабаваць.
Я грукаў у адзіныя дзверы, да якіх мог дацягнуцца.
Намеснік Генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях доктар Эдмон Эш не быў падобны да таго падцягнутага энергічнага чалавека, якога я шмат разоў бачыў на фотаздымках. У жыцці ён горбіўся, знакаміты бляск вачэй аслабеў, лініі зморшчынак цягнуліся праз увесь твар дадолу, з-за чаго ўся энергічнасць сыходзіла на нішто. Яму было, калі не памыляюся, пяцьдзясят восем гадоў, але выглядаў ён значна старэйшым.
Апускаючыся ў крэсла, ён па-старэчы абцягнуў калашыны штаноў і крэкнуў, канчаткова сеўшы.
Лакіраваная стальніца была абсалютна чыстая, калі не лічыць шырокага манітора, пісьмовага набору і рамкі з фотаздымкам, якая была павернута так, каб выяву бачыў толькі гаспадар кабінета.
У мяне ніколі не атрымлівалася ўтрымліваць стол у такой чысціні больш за дзве гадзіны. Тое, што звычайна называецца «творчым беспарадкам» чароўным чынам узнікала з ніадкуль, насуперак універсальнаму закону захавання энергіі, аднак, у поўнай адпаведнасці з ім, зусім не спяшалася знікаць нікуды.