Дэманы доктара Глінскага - Сяргей Егарэйчанка 12 стр.


 Што ж, я вас слухаю. Мне вельмі цікава, хто вы такі на самой справе, як да вас патрапілі гэтыя паперы і што вам ад мяне трэба.

Гор выцягнуў тэлефон.

 Для пачатку я хачу даказаць вам, што не краў гэтыя дакументы. Я пры вас патэлефаную доктару Эшу, і вы самі з ім пагаворыце.

Ён набраў нумар і працягнуў мне трубку.

На тым канцы лініі адгукнуліся практычна імгненна.

 Добры дзень, доктар Глінскі. Спектакль ужо адбыўся?

Голас без сумневу належаў намесніку Генеральнага сакратара.

 Добры дзень, доктар Эш. Можа быць, вы растлумачыце мне, што ўсё гэта значыць?

 Лепш за мяне вам усё растлумачыць палкоўнік Гор. Мая місія заключаецца ў тым, каб пацвердзіць вам факт перадачы вашых дакументаў ад мяне да яго. Ён нічога не скраў, аднак, прадбачачы тое, што вы падумаеце менавіта так, мы запланавалі гэтую размову.

 Палкоўнік? Які, да чорта, палкоўнік?

 Не кіпяціцеся, калі ласка. Лепш пагаварыце з ім. Са свайго боку я прашу прабачэння за тое, што перадаў без вашага ведама праект трэцім асобам. Аднак я хачу запэўніць вас, што я зрабіў так з лепшых памкненняў, і вы можаце безумоўна давяраць гэтаму чалавеку. Я ведаю яго даўно, і ніколі ў мяне не ўзнікала прычын сумнявацца ў ім.

 Цяпер я ўжо не бачу падстаў давяраць нават вам, доктар Эш.

 Гэта ваша права. Тым не менш, я думаю, вам будзе карысна выслухаць Гора. Затым вы будзеце самі прымаць рашэнне, ці верыць яму і мне. Я прашу мне прабачыць, я вымушаны ісці і не магу гаварыць больш. Аднак, калі вы захочаце пасля звязацца са мной, мой асабісты нумар тэлефона вам у любы момант прадаставіць Тамім. Усяго добрага, Якуб. І не прымайце паспешных рашэнняў.

У слухаўцы загучалі кароткія гудкі.

Я цяжка глядзеў на чалавека, які, прадставіўшыся мне бізнэсменам і мецэнатам, апынуўся кімсьці зусім іншым, з няяснымі для мяне мэтамі і намерамі.

 Значыць палкоўнік, так?

 На жаль, не мільянер, усяго толькі палкоўнік, хоць і ў адстаўцы. Я не зяўляюся дзеючым ваеннаслужачым, але маім старым знаёмым зручна зваць мяне менавіта так.

 Добра. Я вас слухаю. У вас ёсць дваццаць хвілін, каб пераканаць мяне ў тым, што я павінен даверыцца вам.

 Я паспрабую ўкласціся ў адведзены мне час. А далей вы самі вырашыце, ці варта працягваць размову. Хоць мне здаецца, тэма вас зацікавіць.

Мяне сапраўды завуць Тамім Гор. Я родам з Катара. Доўгі час быў на службе ва ўзброеных сілах гэтай краіны. Па абавязку службы мне даводзілася выконваць самыя розныя даручэнні, у тым ліку першых асоб маёй краіны. Адзін час я адказваў за ахову эміра і, па вялікім рахунку, быў яго спецпасланнікам. Зараз я служу не дзяржаве, а канкрэтнаму чалавеку, імя якога я пакуль не магу агучыць, ды яно і наўрад ці пра што-небудзь вам скажа. Гэта вельмі багаты чалавек, і часткова легенду, якую я распавёў вам падчас палёту, я запазычыў з яго ўласнай біяграфіі. За адным толькі выключэннем: я, мякка кажучы, прыменшыў памеры багацця гэтага чалавека і сферы яго інтарэсаў.

Два месяцы таму яму патэлефанаваў доктар Эш і расказаў пра вашу праграму, якую вы даслалі яму для ацэнкі. Мой начальнік (ці гаспадар як заўгодна) вельмі зацікавіўся вашым праектам. Эш адразу сказаў, што па цэлым шэрагу прычын яго магчымасцей недастаткова нават для таго, каб ініцыяваць разгляд вашых дакументаў, тое ж самае ён, наколькі я ведаю, паўтарыў і вам ўчора. Але ён ведаў, як дапамагчы вам іншым спосабам. У свеце ёсць людзі, для якіх дзяржаўныя інстытуты і нават наднацыянальныя арганізацыі значаць няшмат, а магчымасці ў такіх людзей практычна бязмежныя. Хтосьці выкарыстоўвае гэтыя магчымасці дзеля ўласнага ўзбагачэння, нехта для патурання ўласнаму славалюбству, хтосьці на карысць сваім палітычным амбіцыям. Аднак ёсць і такія, каму ўсё вышэйпералічанае мала цікава. Ім цікавыя маштабныя і нават ўтапічныя праекты. Мой гаспадар з такіх. Ён адзін з нямногіх людзей на зямлі, калі не адзіны, хто мае магчымасці і жаданне дапамагчы вам даць хаця б старт той справе, якую вы прапанавалі Эшу.

У нас ёсць пэўная інфраструктура і рэсурсы, якія мы можам перадаць для развіцця праекта. Мне было даручана сустрэцца з вамі, каб асабіста ацаніць ступень сурёзнасці вашых намераў. Нам важна ведаць, наколькі далёка вы гатовыя зайсці. Для нас гэта таксама свайго роду гульня ва-банк. Учора, пасля вашага сыходу з Сакратарыята, я пабываў у Эша і падрабязна абмеркаваў з ім план дзеянняў. Ад яго ж я і атрымаў копію дакумента. Мы прынялі рашэнне даць вам час падумаць аб вашых далейшых кроках і зразумець, што іншых варыянтаў у вас няма. А пакуль што я павінен быў пазнаёміцца з вамі, увайсці да вас у давер. Значна менш шанцаў у мяне было б, калі б я падышоў да вас і расказаў пра ўсё ў лоб. Баюся, вы не сталі б нават слухаць мяне.

Я павінен зрабіць вам канкрэтную прапанову. У вас ёсць два варыянты: пагадзіцца з ёй ці забыць і пра мае словы, і пра мяне, і пра гэтую сустрэчу, назаўжды развітаўшыся са сваёй марай. Я разумею, што вы таксама рызыкуеце ўсім і не абавязаны верыць мне, аднак іншага шанцу, на жаль, у вас не будзе. Вы гатовыя выслухаць гэтую прапанову?

 А ў мяне ёсць выбар?

 Выбар ёсць заўсёды, Якуб. Аднак, я мяркую, што гэта быў станоўчы адказ. Вось прапанова, якую я павінен вам перадаць. Мой гаспадар цалкам згаджаецца з усімі пунктамі, выкладзенымі ў вашай праграме, згаджаецца з яе мэтамі і задачамі. Ён абавязваецца не выкарыстоўваць вашу працу ў сваіх карыслівых мэтах і запэўнівае вас у выключна гуманістычных пазіцыях, на якіх ён аказвае вам падтрымку. Ён перадае вам ва ўпраўленне адасобленую тэрыторыю для пачатку працы над вашай праграмай, інфраструктуру, пабудаваную на яго сродкі; абавязваецца ўкласці сурёзныя сродкі ў вашу ідэю з тым, каб даць ёй годны старт. Гэтых сродкаў вам хопіць як мінімум на некалькі гадоў працы.

 А што ўзамен?

 Нічога. Аднак вам давядзецца пагадзіцца з некаторымі зменамі ў праграме, неабходнымі не з-за капрызу майго гаспадара, а з саміх рэалій, у якіх вам давядзецца працаваць. Акрамя таго, вы павінны дазволіць яму апасродкавана ўдзельнічаць у кіраўніцтве вашай праграмай. У яго не будзе ніякага права «вета», вы толькі даяце згоду ўлічваць яго меркаванне і яго пажаданні настолькі, наколькі самі палічыце патрэбным. Гэта ўсё.

 І вы хочаце, каб я пагадзіўся проста тут, у гэтую самую секунду, не ведаючы пакуль нічога, не маючы ніякіх гарантый, не бачачы твару чалавека, які робіць мне гэтую прапанову?

 Што да апошняга такія яго ўмовы. Ён хоча застацца невядомым нават вузкаму колу людзей, якія будуць працаваць у праекце. Па-першае, ён досыць замкнёны, а па-другое, як я ўжо сказаў, ён кіруецца выключна прынцыпамі гуманнасці, філантропіі і цягі да прагрэсу. Яму не патрэбныя падзякі. Людзі, якія дасягнулі ў жыцці значна большага, чым простыя смяротныя, як мы з вамі, аперыруюць іншымі катэгорыямі каштоўнасцей. Што тычыцца доказаў, я сапраўды не магу даць іх вам у гэтую секунду. У мяне проста іх няма. Аднак я змагу прадэманстраваць іх вам вельмі хутка.

 Калі ж?

 Прыкладна праз дваццаць гадзін калі вы пагадзіцеся азнаёміцца з імі.

 Патлумачце.

 Я хачу паказаць вам тую самую тэрыторыю, якую мы гатовыя вам перадаць, тыя магчымасці, якія будуць у вашым распараджэнні. Хачу, каб вы ўбачылі ўсё на свае вочы. І толькі тады вы прымеце сваё рашэнне. Вы маеце права адмовіцца зараз і адправіцца дадому, але вы павінны ведаць, што мы больш ніколі не вернемся да гэтай размовы. Альбо вы згаджаецеся проста ацаніць на свае вочы маштаб нашай прапановы, і ўжо тады рабіць свой выбар. Дваццаць гадзін, Якуб гэта той час, які аддзяляе вас ад доказаў.

 Я ўсё яшчэ не разумею, што значыць гэты адрэзак часу.

 Гэта дарога, якую нам з вамі давядзецца пераадолець.

 Вы хочаце сказаць, што я павінен праляцець паўсвету, каб убачыць тое, што вы хочаце мне паказаць?

 Менавіта. Роўна столькі ў нас зойме пералёт на самалёце, які чакае нас тут, у Швешахце. Гэта з улікам дазапраўкі на Карыбскіх выспах.

 Чалавек, з якім была ў вас запланавана сустрэча ў Вене

 Не ведаў, пра яе, Якуб. Гэта былі вы.

 Я абяцаў дачцэ, што сёння вярнуся да яе.

 Вы потым папросіце прабачэння перад ёй.

 Гэта нейкі страшны сон.

 Зусім не, Якуб. Вы толькі што атрымалі самую важную прапанову ў сваім жыцці. Хіба гэта можна назваць страшным сном?

Гор падняўся.

 Вы гатовыя адправіцца са мной? Ці мы развітаемся тут?

 Чорт бы вас пабраў. Вы ўявілі сябе Белым Трусам з Краіны цудаў, а мяне хочаце прымусіць згуляць ролю Алісы.

 Гэта не зусім дакладнае параўнанне, аднак, калі яно вам да душы, я не буду з ім спрачацца.

Я цяжка ўстаў.

 Мне трэба будзе патэлефанаваць дачцэ.

 Вы зможаце зрабіць гэта ў самалёце, доктар Глінскі.

 Адкуль мне ведаць, што вы не хочаце нашкодзіць мне?

 О, я клянуся вам, што прымяню гвалт толькі ў тым выпадку, калі самалёт пачне падаць, і мне давядзецца, у адпаведнасці з вашым жа пажаданнем, зламаць вам шыю.

 Хадзем.

Гор падхапіў маю сумку ў свабодную руку і, не азіраючыся, пайшоў да выхаду з транзітнай залы.

4. Самалёт да вострава Роса

Гор упэўненым крокам ішоў праз памяшканні, не прызначаныя для знаходжання там пасажыраў. Яго ніхто не спрабаваў спыніць: верагодна, ён не першы раз бываў тут. На гэта ж паказвала і тое, што ён выдатна ведаў, куды трэба ісці, без усялякіх указальнікаў.

Назад Дальше