Бабадора з Дзядзюлем дапялі да Казані. Па дарозе было ўсяго, але адбылося і страшнае. Дзедзэлік моцна захварэў на гішпанку, і каб не быць цяжарам для сямі, якая ўцякае, павесіўся ў дрывотні прыдарожнага смаленскага сяла.
Але вернемся да Ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Мудрая непрыкметнасць і непрыкметная мудрасць гэта ордэнская рэлігія. Ісці супраць вады, Юлій Зэлікавіч? Занясе ў вір! Тузацца і цярэбіцца, Барыс Валеревіч? Сэнсу няма, бо вас асабіста тады а вашу сямю і ну вы самі ўсё разумееце
Дзядзюля радаваўся, што яго прозвішча Шапіра, Бабаманя што Іванова, а Дзедбарыс, бацька бацькі, чуючы сваё прозвішча Качуня, якое яму дасталася ад зніклых у лагерах бацькоў, яшчэ шчыльней заплюшчваў вочы, і ягоная дурнавата-мройлівая ўсмешка пры гэтым шырэла.
Радаваліся яны незаўважнасці і някідкасці. Носьбітам такіх прозвішчаў за нашым часам вельмі лёгка ўхіляцца ад падатковых службаў.
Чальцы Ордэна ніколі не захапляліся хараством моманту, бо не забываліся (ды іншым не давалі забыць), што за прасветлай паласой ідзе чорная. Пасля росквіту абавязкова, абавязкова наступіць заняпад! За бурлівым банкетам заўсёды навальваецца меланхалічнае працверазенне. Пасля жвавенькай маладосці кульгае нямоглая старасць. Усё трухлее, парахнее, выцвітае і лысее. Смех? Недарэчнасць! Радасць? Што яна дасць! Мінздароўя папярэджвае: пасля выпаленай цыгарэты на сценках лёгкіх імгненна пачынае выкрышталізоўвацца рак.
У поспеху бабулі і дзяды ўжо наперад бачылі руйнаванне, у багацці банкруцтва. Апошнія гізунты выцягне бессэнсоўная беганіна. Грашовыя багацці зжарэ інфляцыя. Маёмасць і каштоўнасці, як мы ўсе ведаем з нашага тутэйшага досведу, адцяпае сквапная дзяржава. А калі дзяржава будзе ў даважак дэспатычная, дык выме і жыццё. Паратунку няма.
Аўтар кнігі Эклезіяста, цар Саламон, выдае на тое, таксама належаў да гэтага старадаўняга ордэна вялікіх разумнікаў. Аднойчы, перачытваючы адпаведны раздзел Бібліі, я адразу ж уявіў на нашых сямейных урачыстасцях сярод іншых гасцей і гэтага каранаванага пашыральніка дэпрэсіўных настрояў.
Вось ён, шматмудры Саламон Давідавіч. У белай фланельцы з кароткім рукавом засядае за святочным сталом у кватэры на вуліцы Чкалава. Скінуў старазапаветныя сандалі ў вітальні і павесіў ерусалімскую карону на чыгунны вяшак, бо Бабароза карае горлам усіх тых, хто ходзіць па доме ў вулічным абутку і вопратцы. І вось ужо зіхціць ягоная ядвабная ярмолка, прашытая золатам і парчой, між убялёнага авечкавымі кудзеркамі цемені Дзядзюлі і сакратаўскага плёха Дзедбарыса.
Саламон Давідавіч накладае сабе на гжэльскую парцаляну гефельтэ-фіш і крэветкавы салат ды пастарэчы рыпіць: Ось так ось Такія справы вынікаюць Марная марнасць Пагоня за (паўза, падчас якой кавалак гефельтэ небяспечна балансуе на відэльцы) ветрам.
Доўгі, доўгі шлях гэтага кавалка да месца прызначэння! Тым часам голасам, поўным філасофскае стомы, засяроджаны на відэльцы Саламон Давідавіч працягвае мармытаць сабе пад нос. Яшчэ нешта пра адсутнасць новага і карыснага пад сонцам, пра немагчымасць крывому выпрастацца, а воку насыціцца бачаным.
Аднак тут кавалак гефельтэ, цэлы і здаровы, урэшце прызямляецца на талерку. Саламон Давідавіч спрытненька хапае акраец хлеба і паспешліва завяршае: Адным словам, вы самі ўсё разумееце. І вышнураваны абапал стала дзядоўскі сінедрыён ухвальна ківае галовамі на манер спружынных цацак. Хоць я гатовы паклясціся, што ў гэты самы момант кожны з прысутных насамрэч захоплены думкамі не пра марную марнасць, а пра пяцьсот жонак і тысячу наложніц, якіх меў Саламон Давідавіч у маладосці.
Выбухаў здзіўлення або захаплення за чальцамі ордэна Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць, заўважана не было. Праявы замілавання назапашваліся і па трошачкі адшкадоўваліся: падрыхтаванымі дозамі, адрэпетавана і цэнтралізавана, як раз на тыдзень песцяць дзетак кішэннымі. Шчырымі пачуццямі дзяды часам дзяліліся, але загадзя папярэдзіўшы пра прыліў эмоцыяў па тэлефоне ці праз бацькоў. Расставаліся з імі на дзень нараджэння ці майскія.
Пачуцці прадугледжвалі цырымонію. Проста так, без дай нагоды пацалаваць ці абняць? Ідзьяцізм! Далібог мы надта дасведчаныя, каб ведаць, што адразу пасля весялосці і пяшчоты сэрцы сыноў чалавечых сталёвымі абцугамі сціскае гора і адчужанасць. Дык нашто, Ігароша, звівацца, як засранец у бочцы з рассолам?
Далі пудла дзяды толькі двойчы. Мне вядомыя толькі два выпадкі, калі залётныя эмоцыі здолелі апанаваць сэрцамі і розумам Бабарозы і Дзядзюлі.
Пачуцці прадугледжвалі цырымонію. Проста так, без дай нагоды пацалаваць ці абняць? Ідзьяцізм! Далібог мы надта дасведчаныя, каб ведаць, што адразу пасля весялосці і пяшчоты сэрцы сыноў чалавечых сталёвымі абцугамі сціскае гора і адчужанасць. Дык нашто, Ігароша, звівацца, як засранец у бочцы з рассолам?
Далі пудла дзяды толькі двойчы. Мне вядомыя толькі два выпадкі, калі залётныя эмоцыі здолелі апанаваць сэрцамі і розумам Бабарозы і Дзядзюлі.
Спярша пра Бабарозу. У 2000 годзе яе папрасілі апазнаць далёкага прапрапляменніка Дзядзгрышу, які разам з палюбоўніцай захлынуўся газам у гаражы.
На дварэ ціснулі маразы, і таму напярэдадні вечарам каханкі схаваліся ад непагадзі ў гараж. Зашыліся там у машыне. Завялі матор, каб у салон пайшоў абагрэў. Пасля любошчаў заснулі. Выхлапны дым, які не змог выблытацца з закрытага памяшкання, задушыў іх. Пачуўшы пра палюбоўніцу, жонка Дзядзьгрышы Цёцьвера адмовілася апазнаваць мужа-здрадніка.
Калі мы прышлі ў трупярню, санітар адгарнуў адразу дзве прасціны. Бабароза, ледзьве глянуўшы на ссінелы твар племяша-жыгала, стала ўзірацца ў правільныя рысы незнаёмай ёй палюбоўніцы. Па нейкім часе, замест звычайнай шматдумнасці кшталту: Ось так ось! або: Людская дурота ўсё, прасцігоспадзі!, з Бабарозавых губ нечакана зляцела: Прыго-о-ожая! І з моцнай уражанасці ад жаночай красы яна ў даважак зацэкала языком і заківала галавою, як спружынная цацка.
Адразу ж пасля гэтага выплеску некантраляваных пачуццяў ёй зрабілася страшэнна няёмка і яна фальшыва закудахтала санітару: Ой, няможна ж пры дзіцёнку такое паказваць! І стала тыцкаць пальцам у мяне, дваццаціпяцігадовага.
Дзядзюля, гэты шматмудры пячкур, таксама аднойчы даў пудла, бо цэлыя два тыдні зусім не хаваў эмоцыяў. Гэта здарылася ў канцы 1989-га. Дзядзюля надта перажываў за румынаў, якія сіліліся зрынуць (і ўрэшце зрынулі) дыктатара Нікалаэ Чаўшэску. Румынская рэвалюцыя выбухнула ўсяго на тыдзень, але на ўвесь гэты час Дзядзюлю апанавала нечуваная ўзрушанасць. І без таго аматар дысідэнцкіх галасоў, які жыць не мог без Бі-Бі-Сі і радыё Свабода, Дзядзюля цяпер увогуле зрабіўся навіновым наркаманам. Глытаў звесткі з Румыніі штодня нашча ды пасля яды, сем-восем разоў на дзень.
Гэтымі запойнымі днямі Дзядзюля панадзіўся хадзіць да Бабагруні з Бабарозай у госці. Запыханы, не раўнуючы пасланец з Марафонскай бітвы, ён прыносіў на Чкалава апошнія зводкі з полю бою. Разгортваў перад слухачкамі палатно тымішаарскага паўстання. Дакладаў пра рухі паўстанцкага войска і перасоўванні сіл камуністаў і дзяржбяспекі.
(Госпадзе, як я ненавідзела гэтыя камуняцкія рылы, гэтага Чаўшэску і яго жонку Элену табе не перадаць! мімохадзь каментуе Роні. І як мяне раздражнялі бацькавы словы: Перажылі фашыстаў, перажывем і камуняк. Тут Роні ўпершыню за маёй памяццю прамаўляе па-румынску. А дакладней, брудна лаецца).
Назіраць усю гэтую расчуленасць ад румынскіх падзеяў у Дзядзюлі, ці не самага адданага чальца змрочна-стрыманага ордэна, было вельмі дзіўна. Ясная рэч Тыя, Хто Самі Ўсё Разумеюць, любую ўладу ненавідзяць. Аднак, па-першае, ненавідзяць так, як чалавек ненавідзіць кепскае надворе або цялесную хібу: маўляў, непагадзь і калецтва, вядома, брыда брыдою, але нічога не паробіш, нягледзячы на іх, трэба далей век векаваць. Па-другое, паводле аднаго з ордэнскіх пастулатаў, ніякую ўладу, а пагатоў тутэйшую (а гэта пацвярджае наш шматвекавы досвед) няможна ані памяняць, ані зрынуць, ані пераабраць. Па-трэцяе, кесару кесарава, а слесару слесарава. Як выказаўся аднойчы зазвычай маўклівы і памяркоўны Дзедбарыс:
А ты б, Ігароша, хацеў апынуцца на месцы Гарбачова? Калі табе і не каму іншаму у патыліцу дыхалі і нагорна-карабахскі канфлікт, і мільён незадаволеных сухім законам? Ці хацеў бы ты не спаць ноччу ад экстранных паведамленняў шэфа КДБ, га? Браць грэх на душу і збройна разганяць мірныя дэманстрацыі ў Літве? Штодня ў крамлёўскіх кабінетах звівацца, як сам ведаеш хто ў бочцы сам ведаеш з чым?
Не даўшы мне і пальца ўсунуць, Дзедбарыс тады адразу сам на свае рытарычныя пытанні і адрэагаваў:
Вось і выходзіць, што ніхто іншы з нармальных людзей, а не з гэтых яйцакрутаў, не хоча быць прэзідэнтам.
Дзякуючы румынскаму паўстанню на якія два тыдні Дзядзюля забыўся на закарэлую ад даўніны варажнечу з Бабарозай. Цяпер, пасля столькіх гадоў разводу і разладу з былой жонкай Бабагруняй, ён наважыўся завітаць да яе і былой цешчы Бабарозы ў брэжнеўку на Чкалава. Радасны і самаіранічны, Дзядзюля зусім ужо пасябраваў з Дзедлёнем, другім мужам Бабагруні, хударлявым падцягнутым пенсіянерам, колішнім падпольшчыкам.