Дзядзюля апавядаў і апавядаў пра павешанне румынскага дыктатара і яго жонкі гэтак, нібыта бачыў усё на свае вочы. Пасёрбваючы Дзедлёнін чыфір, Дзядзюля прыгаворваў, што хутка небаракі-румыны зажывуць як след. Што ўся Усходняя Еўропа нарэшце скіне са сваіх змучаных плячэй крывавых і бесталковых дыктатараў. Так, сапраўды, у тыя дні румынскай рэвалюцыі Дзядзюля, разважны і шматмудры пячкур, абсалютна не кантраляваў сябе.
Дзядзюлеў уздым я прыгадаў гадоў праз колькі, у пару, калі, ледзьве ачуняўшы ад шматвекавой няволі, ужо і беларусы ўправіліся прыдбаць свайго тырана.
Два месяцы пасля першых і апошніх дэмакратычных выбараў у сваім жыцці Дзядзюля быў дэмаралізаваны ўшчэнт. На яго стала шкада глядзець. Дысідэнт у душы пасівеў і згорбіўся. Пакрысе адбіўся ад сну і ежы. Варта было толькі яму пачуць па БТ або па Радыё-1 чарговую прамову гэтага Македонскага, як у Дзядзюлі пачыналася арытмія. Мой палкі аматар гісторыі і палітыкі надта добра засвоіў, да чаго прыводзяць хамуйлаватыя маналогі перад камерай. Гэтая нахрапістая гульня ў адну браму. Дзядзюля ўжо цудоўна ведаў на красамоўных прыкладах з гісторыі, чаго чакаць ад флірту ўлады са звярамі калектыўнай падсвядомасці.
Каб хоць неяк прывесці Дзядзюлю да ладу і рытму, падчас аднаго з маіх да яго візітаў я як бы незнарок запытаўся, ці радаваўся б ён, калі б і ў нас, як колісь у Румыніі Чаўшэску, народ скінуў бы Македонскага.
Гэта дапамагло. Дзядзюля, які толькі што млявы і абыякавы да жыцця ляжаў на канапе перад выключаным тэлевізарам, цяперака ажно падскочыў, падняўшы вакол сябе фантан з падушак.
Ціпун табе, Ігаль! Ты што, здурнеў? галасіў ён. Ты ўвогуле думаеш наперад, што кажаш?!
Кроў увачавідкі вярталася да бледнага чала Дзядзюлі.
То тады тут будзе хаос, анархія! Ты што, не разумееш, што наступіць разгул антысемітызму і пагромы?!
Дзядзюля ставаў на дыбкі. Яго вочы шалёна круціліся. А голас зрабіўся трубны. Дзядзюля нагадваў параненага дзідай слана.
Ну, зладзяць набліжаныя патрыцыі змову і скінуць Македонскага, пачаў Дзядзюля ў сваёй манеры аматара гісторыі. Ну, будзе добра ім усім які тыдзень Хай сабе месяц будзе ўсім воля Але потым усё зробіцца яшчэ горай і паскудней. Усе будуць хадзіць голыя і дурныя Без цара ў галаве.
Дзядзюля запстрыкаў адначасова ўсімі выключальнікамі на тэлевізійнай панэлі. На экране намалявалася пастаральная ніва, па якой нетаропка пахаджваў пахмурны Македонскі ў атачэнні сваёй яшчэ больш пахмурнай світы, складзенай выключна з мужчын.
Таму, Ігаль, напрамілы Бог!..
Дзядзюля трапна плюнуў у экран тэлевізара і, па-малітоўнаму склаўшы рукі, павярнуўся ў бок усходняй сценкі кватэры. За ёй знаходзіліся менскі раён Грушаўка і Ерусалім.
Хай, Ігаль, усё цячэ так, як яно ёсць Любая ўлада ад Бо тут атэіст Дзядзюля запнуўся, а на ягоным твары я прачытаў збянтэжанасць. ад ад каго трэба!
Ён хапатліва схаваў за спіну паказнік, які тыцкаў быў у столь.
Гісторыя з Македонскім мела працяг. У той вечар Дзядзюля яшчэ доўга шумеў, лямантаваў, усяляк бэсціў мяне. Хапатліва соваўся па гасцёўні. Урэшце знямогся. Мама, якая прыйшла па мяне, накарміла Дзядзюлю дзвюма празрыстымі кулькамі валідолу. Мінаючы мяне ў вітальні, мама замахнулася на мяне і заскандаліла шэптам:
Ад цябе, Ігар, я такога не чакала! Думала, ты дарослы!
Пасля прыкрасці з Дзядзюлем мае ўзаеміны з членамі Ордэна не тое што сапсаваліся, але, скажам так, змяніліся ў трывожны бок. Я патыліцай адчуваў, што цяпер усе дзяды ўважліва, як бы новымі вачыма абглядаюць мяне. Дзедлёня шэпчацца з Бабаманяй за маёй спінаю. Бабагруня кідае позіркі, поўныя згрызотаў і заклапочанасці. Нават бацька, схаваны апанент Бабарозінага рэжыму, падбухтораны навакольнымі, дасылаў у эфір спагадлівыя і шкадоблівыя сігналы. Ягоныя глыбокія ўздыхі, здаецца, казалі: Так, Галя, наш сын ідзьёт, але што ўжо тут паробіш
Праз месяц фаза глухога адчужэння і стрывожаных позіркаў змянілася чарадой ветлівых допытаў.
Дзядзюля сам адмыслова прыязджаў да нас на мікрараён Зялёны Луг і задаваў мне нібыта наіўныя такія пытаннечкі на гістарычныя і палітычныя тэмы, або пра зусім ужо адцягненыя рэчы.
Я хутка сцяміў, што адбываецца. Пасля майго правалу з Македонскім бабулі і дзяды намацвалі глебу, асцярожненька, але настойліва правяралі, ці годны я, адзіны спадкаемца, увогуле працягваць іхнюю справу. Ці здольны я быць у ордэне Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Я разумеў яшчэ нарэшце, пасля ўнутранай дыскусіі мне ўсё ж вырашылі даць апошні шанец.
Я хутка сцяміў, што адбываецца. Пасля майго правалу з Македонскім бабулі і дзяды намацвалі глебу, асцярожненька, але настойліва правяралі, ці годны я, адзіны спадкаемца, увогуле працягваць іхнюю справу. Ці здольны я быць у ордэне Тых, Хто Самі Ўсё Разумеюць. Я разумеў яшчэ нарэшце, пасля ўнутранай дыскусіі мне ўсё ж вырашылі даць апошні шанец.
Я стараўся як мог і супрацоўнічаў са следствам. Я хадзіў як па струнцы, не дазваляючы збыткоўных свавольстваў і непрыхаваных дурнотаў. Каб залішне не цвяліць маму, нават перастаў слухаць на касетніку бесшабашны грандж і хэві-метал. На ўсе правакатыўныя пытанні адказваў памяркоўна і разважна, як уласціва не хлопчыку, але мужу. Як адказаў бы сам Дзядзюля.
Я гатовы быў выканаць любы дзядоўскі загад. Не жартую я быў дужа ўстурбаваны незайздроснымі перспектывамі адрынутага. Калі б мне сказалі выкачацца ў пыле, я б з ахвотаю паваліўся і стаў бы качацца там у вопратцы. Або зжэрці ёлкае масла без хлеба з лядоўні Сара, калі б маім самавітым дзядам знянацку прыйшла на думку такая дурота. Бо я, бачыце, дужа не хацеў выбыць з гэтага ўплывовага ордэна. Не хацеў я, напрыклад, каб наступны раз, калі прыйдуць немцы, непаінфармаваны своечасова пра навалу, загінуць у гета, як ніколі не бачаны мною Дзедборух, які так і не стаў дзедам. Мілы мой Божа, вельмі прашу цябе дай мне быць з валадарамі свету заадно і вырашаць разам з імі лёсы планеты!
Калі праз нейкі час пасля допыту з Дзядзюлем увага да мяне з боку дзядоў і бацькоў паслабла, а вымоўных позіркаў стала значна менш, я ўцяміў, што вернуты ва ўлонне таемнага ордэна на выпрабавальны тэрмін. І жыццё зноў ператварылася ў шчаслівую руціну.
* * *Цяпер, разехаўшыся з Роні па сваіх краінах, мы думалі, дзе і як убачыцца ў наступны раз. Пакрысе гадавалі наш План. Разам песцілі будучыя сустрэчы. Ліставаліся, каардынуючы падарожжы. Роні казала, у які горад яе стэнд Офіса Усходніх Пераменаў выправіцца ў наступны раз, і я шукаў як падладзіцца, каб тудысама быў запрошаны і я з беларускім стэндам, kautun.by.
У Менску я зрабіўся няўрымслівым і надзвычай актыўным. Ад чалавека, які ідзе з вадою, нічога не засталося. З багемнага мопса, які жывіцца вытворнымі і рэфлексіямі, я ператварыўся ў галоднага да дзеянняў ваўка. Нарэшце я стаў выкарыстоўваць свае навыкі псіхолага, заняўшыся практычным дастасаваннем, уключыўшы асцярожнасць і назіральнасць. Каб паскорыць справу, я псіхалагічна апрацоўваў патрэбных людзей, калі даводзілася хлусіў, выкручваўся. Ставіў подпісы за начальнікаў. Калі партнёры зацягвалі з адказам, падрабляў іх подпісы таксама.
Колісь млявы і абыякавы да бясконцых падарожжаў, я цяпер горача даводзіў партнёрам і фундатарам мэтазгоднасць беларускага стэнда-партала kautun.by. Бажыўся, што да мяне ўрэшце дайшло, чаму ўвесь гэты час нас хацелі навучыць еўрапейцы. Усе навокал не верылі сваім вачам з безыніцыятыўнага псіхаванца гэтак мяне за вочы называлі ў Менску, я знянацку зрабіўся рухавіком пераменаў.
Мегабайтамі я дасылаў палкія лісты пра тое, што трэба абяднаць культуру, навуку, медыцыну і грамадскую думку ў адзін пункт. Альманах сучаснай Беларусі. Пра тое, што гэты стэнд-партал мусіць стаць для замежнікаў амбасадай нармальных людзей з ненармальнай дзяржавы. Зладзіць трыбуну, праз якую абвяшчаць усёй Еўропе, што мы не такія безнадзейныя, як нас усе ў ёй уяўляюць.
Апазіцыйным палітыкам я даводзіў ідэалагічны складнік стэнда-партала, культурніцкім дзеячам культурныя выгоды. Гундосіў, што настала чарга ўвасобіць гэта ў жыццё. Наш мэсыдж, казаў я ў сваіх пракламацыях для ўнутранага ўжытку, засведчыць еўрапейцам, што мы такія самыя, як і яны. Проста гадоў ста таму назад патрапілі ў адзін непрыемны закалот, з якога не можам ніяк выблытацца. І каўтун тут ключ. Наша паглыбленне ў каўтунную хваробу заўжды ратавала нас ад каланістаў і акупантаў.
Адным словам, я імітаваў прасвятленне, актыўна ўдаваў набыццё трэцяга вока. Партнёры і фундатары цешыліся нарэшце, нарэшце беларусы абуджаюцца! Дзеля раскруткі стэнда-партала я нават напісаў і выдаў кнігу.
У сваім пакоі, па-над канапай, я ўмацаваў купленую ў Берліне вялізную мапу Еўропы. Лежачы, штовечар перад сном я аглядаў тую мапу, густа ўшпіляную круглымі кропкамі гарадоў. Былі тут кропкі тлусцейшыя, з абадочкамі, усё роўна як старасвецкія столікі з парыжскіх кафэ. Пракідаліся на мапе і буйныя белыя кропкі яны нагадвалі абцягнутыя а-ля хатнімі абрусамі сталы балканскіх страўняў. Трапляліся і зусім маленькія чорныя кропачкі рыхтык дыхтоўныя дубовыя столікі венскіх шакаладняў ды іх вытворныя браціслаўскія цукерні. Уся мапа Еўропы ператваралася для мяне ў адну вялікую кавярню, дзе я мог прызначыць Роні спатканне адно выбірай, каханая, зручнейшае месцейка, ля вады ці сярод зеляніны.