Кацярына Захарэвіч
Час Вогненнага Птушкалова
© Захарэвіч К., тэкст, 2018
© ПУП «Кнігазбор», 2018
Нядобры дзень
Усё няправільна.
Гэткае відовішча мусіла адбывацца ў цэнтры горада, ля ратушы і княскага палаца. На яго маглі б прадаваць квіткі за шалёныя грошы ў першыя шэрагі і за яшчэ больш шалёныя на галіны бліжэйшых дрэў, якія бясплатна і нахабна аблюбоўвае дзятва і бедната. Рамеснікі някепска нажыліся б на продажы малюнкаў з падзеі, скруткаў з апісаннем таго, што было і чаго не было, лялечных герояў, якіх пачалі б рыхтаваць за некалькі месяцаў. Гандляры ў такі гарачы і багаты на ўражанні дзень распрадалі б усе запасы веераў, нюхальных збораў і халодных напояў. Ды што там, і вада ўчарашняга дажджу, што застаялася ў ямінах, чагосьці каштавала б на першыя рады падобных забавак зазвычай рвуцца тыя, каго трэба потым выносіць непрытомнымі.
Гэтым разам смяротнае пакаранне праходзіла інакш.
Вялікая зала ў сутарэннях пад палацам не памятае, ці бачыла калі-небудзь столькі святла, ці бывала тут так горача ад паходняў і людзей. Кожная дробязь рэзала вочы сваёй дакладнасцю. Кожны металічны інструмент на стале ў цэнтры адбіваў святло. Частка малаткоў, лёзаў, зубцоў, цвікоў заплямленая чырвоным. Акуратныя мазкі ці неахайныя кроплі ззялі, блікавалі, пакідалі радасныя водбліскі на змрочных сценах і тварах ганаровых гасцей, што размясціліся ў фатэлях уздоўж сцен. На самым пачэсным месцы сядзеў Яго Светласць князь сухі дзядок з нервовым і амаль нерухомым тварам, нямогла-сінім на фоне багатай чырвані вопратак. Паходні, нягледзячы на капялюш з шырокімі палямі, бязлітасна вылучалі кожную княскую зморшчынку, таму паплечнікі, дарадчыкі і міністры старанна пазбягалі глядзець на яго твар. Рука ўладара адбівала няясны рытм, і сэрцы прыбліжаных тахкалі ў гэтым рытме.
Адзінай з яснавяльможных асоб, хто пачуваўся ў вязніцы па-будзённаму вольна, быў гетман княскага войска Аляксандр. Нечакана пругкія для бывалага воя рухі выглядалі як танец у чырвоных бліках жывога агню і нежывой крыві. Зрэшты, наўрад ці гетман мог бы тут танцаваць. Вось неяснавяльможная асоба кат павольна і натхнёна рухалася па зале, быццам па садзе, кранаючы кончыкамі пальцаў лёзы і голкі, як найчароўнейшыя кветкі. Твар ката ахоўвала шчыльная маска, а жыццё праца, якая выклікае і павагу, і страх, і агіду.
У распластаных па падлозе анучах складана было заўважыць чалавека: натуральна-ружовая калісьці скура пабялела да сіняга, абвастрыліся выступы костак. Зрэшты, чалавекам падсуднага Якуба не лічылі. Дзіўна, што кроў у яго такая ж самая, чырвоная і гарачая, і пахне таксама металам, які доўга трымалі ў руках.
Яснавяльможныя асобы стаміліся. Ад прыемнага нервовага казытання, з якім яны назіралі за першымі, лёгкімі ўколамі, парэзамі і сцісканнямі, засталася агіда. Кроў, грымасы, крык, які адбіваўся ад каменных сцен, узмацняўся шматкроць і расцягваўся. Гетман Аляксандр насцярожана пазіраў на шаноўных гасцей: ці вытрымаюць яны галоўную частку відовішча, дзеля якой сабраліся? Зрэшты, справу ўсё адно трэба скончыць.
Якуб заварушыўся. Рэдкі чалавек дажывае да другога паўтузіна катавальных прылад, а гэтае стварэнне вытрымала ўсе. Яшчэ адзін доказ таго, што да людзей агідная істота не мае ніякага дачынення.
Па незаўважным знаку гетмана на сярэдзіну залы выкацілі дзіўную машыну. У святле паходняў і зацікаўленых вачэй ззяла трохкутнае лязо, замацаванае высока над чалавечымі галовамі на двух драўляных слупах. Наспех габляваныя калодкі з круглай выемкай для шыі стаялі на драўляным услончыку.
Дасканалы сродак забойства, які выключае выпадковасці, умяшанні Лёсу, памылкі і іншыя акалічнасці, з гонарам абвясціў гетман Аляксандр. Механізм наверсе трымае цяжкое вострае лязо, але варта захацець і яно ляціць з дасканалай хуткасцю ў патрэбным напрамку і падае менавіта туды, куды мусіць упасці.
Кат паклікаў двух вояў-вартаўнікоў. Тыя, знайшоўшы ў істоты на падлозе рукі, схапілі за іх, усцягнулі чалавекападобнае цела на ўслон і замацавалі шыю паміж калодкамі. Даўгія чорныя валасы, мокрыя ад поту і крыві, звісалі і наліпалі на твар, нішчылі апошняе падабенства з чалавекам. Кат павольнай да грэблівасці хадой наблізіўся да прылады. Вось і пачалося: нейкая машына абясцэньвае само мастацтва забіваць. Кат і госці дрыжэлі ад крыўды і хвалявання. Падатлівы механізм зрушыўся, лязо абрынулася на белую шыю ўнізе. Свіст рассечанага паветра змяшаўся з уздыхамі ўдзельнікаў і гледачоў. Калі ўсе адплюшчылі вочы, лязо павольна пагойдвалася, тарчма стоячы ў верхняй калодцы. З-пад чорных зваляных валасоў гучаў чысты залівісты смех.
«Ствары цэлы свет!
З унікальным наборам Ідэальны свет ты пабудуеш сапраўдную цывілізацыю і яна будзе існаваць па тваіх правілах. Плануй вуліцы, гарады і цэлыя краіны, пражыві мноства гісторый і выберы сваю.
120 непаўторных лялек з рознымі характарамі 120 магчымых жыццяў, і ўсе яны ў тваіх руках!»
На экране заўсёды ўключанага тэлевізара хутчэй, чым можна было разгледзець, мільгалі постаці выкшталцонатанклявыя жаночыя, шыракаплечыя і даўганогія мужчынскія, з пералівамі сілы пад пластыкавай скурай, у прыгожым адзенні з лёгкіх тканін высакародных колераў, што падкрэслівалі іх статнасць. Так выглядаюць дарослыя ў іншым шчаслівым, цікавым, радасным жыцці. Стракатанне колераў прыцягнула ўвагу рудога ката Персіка. Ён падскочыў да экрана і некалькі разоў ударыў па ім лапай. Бела-блакітны хвалісты папугайчык Бяляшык сеў Персіку на шыю і некалькі разоў дзюбнуў яго па макаўцы.
Дзесяцігадовая Леся ў абсалютна звычайным, сумным свеце з жалем паглядзела на свае пухлаватыя рукі, на ногі, што ўпарта трымалі форму слупоў, вярнулася позіркам да тэлеэкрана. Камера наблізілася і паказвала твары тонкія, крыху выцягнутыя, прыгожа-светлыя з лёгкай ружовінкай на шчоках, сонечна-смуглявыя, колеру найпрыгажэйшага ў свеце загару, які дорыць толькі заморскае сонца; з вялікімі яркімі вачыма сінімі, зялёнымі ў сіні, у шэры, у кары, з шэрымі ў блакітны, з карымі ў руды, у дзёгцевы, у чорны Леся не думала, што можа быць столькі розных колераў вачэй. Але што вочы валасы! Даўгія, як у жанчын, так і ў мужчын, простыя, у кудзеркі ці ў буйныя хвалі. Дзяўчынка вечны дзьмухавец ледзь не заплакала так хацелася мець падобныя валасы. Белыя, як снег, які яшчэ не растапталі, белыя настолькі, што аж блакітныя, срэбрана-шэрыя, вогненна-рудыя, медныя, колеру чайнай ружы, чорныя ў сіні, у чырвоны, у мноства адценняў адразу Россып каштоўных камянёў, свята колераў, прыгажосці і дасканаласці.
Мама! паклікала дзяўчынка. Голас дрыжэў, зрываўся ад хвалявання, словы не змяшчаліся ў горле, лопаліся, як бурбалкі. Вось што я хачу ў падарунак.
Уяві, колькі гэта каштуе. Навошта табе 120 лялек?
Адной хопіць.
Але дзень народзінаў Мне ж дзесяць гадоў!
Табе чаравікі трэба ды кашуля ў школу. Вось і будзе падарунак.
* * *Боўтанка пачалася такая, што хоць на вузел вакол чоўна завяжыся, усё адно не ўтрымаешся. Цяжкія хвалі адна за адной падалі на плечы, збівалі, апякалі холадам. І чаго яе панесла на Хітрую раку? Нельга й мезенец у ёй памачыць, каб не выклікаць буру.
Уставай! Прачынайся!
Павекі не слухаліся. І калашмаціна працягвалася мама трэсла за плечы і навязліва шаптала:
Бася! Уставай! Прыйшлі!
Шчаку апякло рэзкім дотыкам мамінай рукі, сухім і зусім не пяшчотным. Вочы расплюшчыліся. Яшчэ адзін удар проста ў зрэнкі Бася атрымала ад балючага жоўта-белага святла, што плыло па вуліцы і пералівалася праз акно ў хату.
Зноў жаўнеры топчуцца. Ведаюць, дзе шукаць. Хутка тут будуць! маці штуршкамі накіроўвала Басю да падмосця.
Тупат цяжкіх чужых ног злаваў і пужаў. Вось бы вылезці, узяць якую качаргу ды надаваць хадакам кухталёў, каб дарогу сюды забыліся. Але Бася будзе сядзець ды злавацца. Не толькі на іх, але і на сябе за нясмеласць і бяссілле. А яны ходзяць туды-сюды, ды роўна над галавой, зваряцець можна ад гэтага тупату. Горш за крокі толькі маміна галашэнне: «Хто вы такія? Што вам трэба? А каб вас Птушкалоў пабраў! Толькі і робіце, што пяце нашу кровачку!» дурным сарваным, зусім не сваім голасам крычала мама. «Пераігрывае», думала Бася.
Крокі аддаліліся. Бразнула клямка на дзвярах, зарыпелі веснічкі. А Басі здавалася, яна чуе, як туп-туп-тупаюць цяжкія ногі па зямлі.
Зверху палілося святло.
Выходзь, прашаптала нарэшце па-роднаму мама, быццам баючыся, што нябачны жаўнер ці шпег падслухоўвае іх. Бася нягегла выкараскалася. Што карысці ад худзізны ды лёгкасці, калі зграбнасцю Лёс не надзяліў? Спачатку цюкнулася каркам аб столь, потым саданулася плячом аб рабро вечка і на апошніх прыступках ледзь не зляцела з лесвіцы ўніз на шматлікія збанкі ды шклянкі. Тут і жаўнераў ніякіх не трэба, сама калі не забецца, то пакалечыцца як след.
Ранішняе сонца схавалі за шчыльнымі фіранкамі, яму заставалася толькі напаўняць пакой барвовым паўзмрокам. Бася збіралася прасядзець тут колькі неабходна, ловячы ўнутры і разбіраючы на драбніцы хваляванне перад магчымай небяспекай. Але хутка скончылася паветра, стала горача, суха і сумна. Пакой, на які ніколі не звяртала ўвагі, уявіўся турмой: звыклыя рэчы на звыклых месцах раздражнялі, заміналі, адбіралі прастору і паветра. Некалькі разоў напорвалася на зэдлік, камоду, ножку ложка і іншыя рэчы, якія цяжка не заўважыць. Мэбля, быццам адчуўшы Басін стан, вырашыла адпомсціць за ўсе гады непаважлівага карыстальніцкага стаўлення.