Ранішняе сонца схавалі за шчыльнымі фіранкамі, яму заставалася толькі напаўняць пакой барвовым паўзмрокам. Бася збіралася прасядзець тут колькі неабходна, ловячы ўнутры і разбіраючы на драбніцы хваляванне перад магчымай небяспекай. Але хутка скончылася паветра, стала горача, суха і сумна. Пакой, на які ніколі не звяртала ўвагі, уявіўся турмой: звыклыя рэчы на звыклых месцах раздражнялі, заміналі, адбіралі прастору і паветра. Некалькі разоў напорвалася на зэдлік, камоду, ножку ложка і іншыя рэчы, якія цяжка не заўважыць. Мэбля, быццам адчуўшы Басін стан, вырашыла адпомсціць за ўсе гады непаважлівага карыстальніцкага стаўлення.
Мама час ад часу заходзіла, прыносіла ежу і навіны: па ўсім горадзе толькі і гутарак, што пра росшукі. Ад людзей чакалі радасці: як бяльмо на воку ім адметныя перашкаджаюць жыць спакойна, адным сваім выглядам абражаюць. Ды звычайныя гараджане ставіліся па-рознаму. Хтосьці, вядома, злараднічаў: даўно варта гэтых нелюдзяў пахапаць. Было, праўда, і тое, што людзі заступаліся за няшчасных. Абаронцаў хапалі ў вязніцу. Большасць жа хоць і ведалі, што ім небяспека не пагражае (прынамсі, не павінна), а княскім жаўнерам усё адно не давяралі і маўкліва назіралі з-за кута: абы іх не схапілі.
Словы ахутвалі Басю, падхопліваючы сваёй музыкай, заварожваючы рухамі мамінага твару. Дачка і маці зусім непадобныя. Мама невялікага росту, прыемна круглая: мяккія недаўгія рукі, колеру пазалеташняй травы валасы, маленькі круглы твар, на якім вылучаецца нос, што хавае пад сабой тонкія светлыя вусны. Такія твары называюць птушынымі, і праўда, мама падобная да верабейчыка. Яе дагэтуль лічаць прыгажуняй жаніхі час ад часу ходзяць, нягледзячы на выродлівую адметную дачку. Дзяўчына кінула позірк у люстэрка, хоць за пятнаццаць гадоў жыцця вывучыла кожны міліметр свайго твару, кожную хібу сваёй постаці задаўгой і худой, як жардзіна заўсёды няма куды дзець ногі і рукі, на целе ганебна вылучаюцца часткі, якіх у нармальных дзяўчат быць не можа. Больш за іх Бася не любіла толькі свае валасы даўгія чорныя кудзеры, якія хоць стрыжы, хоць рві, а нікуды не дзенуцца. Зрэшты, іх хаця б можна схаваць, у адрозненне ад ярка-сініх вачэй на палову твару (другую палову займалі пульхныя ружовыя вусны, а дзесьці паміж імі ледзь-ледзь утачыўся невялікі тонкі нос). На такія дробязі, як ружовыя шчокі, што няведама адкуль узяліся на тонкім твары, можна нават не звяртаць увагі. Зноў захацелася кінуць штосьці ў люстэрка, разбіць не проста да павуціння стрэшчынак, а да аскепкаў. І каб чароўным чынам не толькі адбітак знік, але і сама Бася стала іншай, звычайнай, як мама. Бываюць жа чароўныя люстэркі, чаму б і гэтаму не быць такім? Праўда, правяраць не наважвалася: мама засмуціцца.
* * *Бася заўважыла, што з ёй нешта не так, гады ў чатыры. Свет існаваў у межах плота, які агароджваў хату і двор, і жылі тут толькі Бася і мама. Не тое каб маміна кампанія ёй надакучыла, але хацелася бачыць побач кагосьці яшчэ. Чуваць жа мноства галасоў звонку, у іншых дварах і хатах, ды і да мамы час ад часу людзі наведваліся. Але Басю яна на гэты час адсылала ў далёкі пакой. Дзяўчынка, можа, і сядзела б так яшчэ доўга, не рвучыся далей за плот, калі б не зручны выпадак.
Мама выбегла да суседкі. Звонку не заскрыгатала засаўка. Некалькі імгненняў было дастаткова, каб паддацца на спакусу.
Дзяўчынка хацела прайсціся толькі да канца вуліцы, але з імі ў горадзе не ўсё так проста: адна чаплялася за другую, другая выводзіла на трэцюю, што збочвала на чацвёртую На кожнай было нешта цікавае: рознакаляровыя шкельцы ў вокнах, што пускаюць сонечныя зайчыкі, бліскучы каменьчык з крапінкамі каштоўнасць, якую варта мець, чорная котка з белым хвастом, белая котка з чорным хвастом, рудая котка. І ўсё гэта ззяла святлом яснага дня, іскрылася радасцю і свабодай пазнавання новага. Бася не заўважыла, як скончыліся вядомыя ёй лічбы, разбегліся коткі, а яна забылася, у якім баку хата.
Скажыце, калі ласка Бася была ветлівай дзяўчынкай і ведала, як звярнуцца да незнаёмых дарослых, хоць ніколі не бачыла іх так блізка.
Адметны вырадак! завіскатаў вялікі круглы мужчына з прыплюснутым носам-лычом і бела-шэрай праплешынай. На крык сабраліся мінакі. Калі мама знайшла дачку, вакол яе стаяла цэлая зграя драпежных віскуноў, абыякавых лайдакоў і цікаўных разепаў галёкалі, махалі рукамі, толькі што палкамі ў дзяўчо не тыкалі. Ледзь вывела.
Як ты зразумела, дзе я? запыталася Бася.
Як ты зразумела, дзе я? запыталася Бася.
Прайшла ля хаты з каляровымі шкельцамі, пабачыла каменьчыкі з крапінкамі, а недалёка трох прыгожых котак. А потым пачула крыкі, на апошніх словах мама стала сурёзнай.
Нейкі час яна стрымлівала Басю ў межах плота, але гады надавалі дзяўчыне настойлівасці і разважлівасці, якія дапамагалі выпрасіць (а то і адваяваць) дазвол выйсці на вуліцу. Зрэшты, пасля пары асцярожных самотных шпацыраў не далей за першы паварот, пасля пары тыканняў брудных пальцаў неабыякавых гараджан імпэт згас.
* * *Пад акном у рытме чыіхсьці крокаў зашаргацела трава. Зарыпелі веснічкі, бразнула клямка на дзвярах (казала ж маме зачыніцца знутры!). Бася стрымала жаданне залезці пад ложак заціснулася ў кут паміж шафай і сцяной.
Суседачка! пачуўся ў калідоры рыпучы голас старой Вікці.
«Цьху, варона! падумала Бася, ужо нешта вышуквае».
Вікцю не любілі. Ніхто не ведаў, калі і адкуль яна зявілася тут. Кепскага, здаецца, не рабіла, але і добрага ад яе не чакалі.
Дабрыдзень, спакойна сказала маці. Што здарылася?
Нічога сабе дабрыдзень! Колькі людзей пахапалі!
А Баська твая дзе?
Збегла.
Яно канешне, хай перасядзіць, а то ўсіх хутка перахапаюць.
А вам што трэба?
Ды я ўжо і забылася. Загаварыла ты мяне. Пайду. Бразнула клямка, рыпнулі веснічкі, зашаргацела трава.
Счакаўшы, Бася асцярожна вызірнула з-за фіранкі і вочы ў вочы сутыкнулася з Вікцяй. Пад прымружанымі павекамі суседкі бліснула па хітрынцы.
Дзяўчына адскочыла і захінула фіранку. Ды позна.
* * *Увесь дзень Бася правяла ў чаканні. Старая Вікця скарыстаецца яе таямніцай. Вось толькі як?
Ці не ўпершыню дзяўчына зазірнула ёй наўпрост у твар. Раней, пабачыўшы праз акно згорбленую паставу, імкліва адыходзіла, адварочвалася ці хаця б апускала долу вочы баялася, што вывернецца назнальніцу, як толькі сутыкнецца позіркам. Ды і што там разглядаць? Хустка, насунутая на самы лоб, насупленыя бровы, падціснутыя вусны ды зморшчаны ў вечнай агідзе нос чалавек, пакамечаны жыццём і ўзнагароджаны гадамі.
Ноччу не спалася, таму шоргату травы пад вакном Бася ўзрадавалася. Здаровы сэнс стрымліваў памкненне ўстаць і паглядзець, але хтослухае здаровы сэнс сярод ночы, чуючы падазроныя гукі там, дзе іх быць не павінна? Калі ў шыбу каротка пастукалі, сумневы зніклі.
Бася ірванула фіранку. За акном стаяла Вікця. У разлітым святле месяца твар яе белы і зусім гладкі без штучных зморшчын вакол светлых-светлых вачэй і сціснутых у нітку вуснаў. Нават маленькі шнарык над левым брывом не загана, а дэталь, без якой вобраз быў бы няпоўным, як і без высокіх вострых скул у Басі такія не атрымаюцца, нават калі шчокі ўцягнуць. Рудыя кудзерыстыя валасы блішчаць, вызваленыя з-пад хустак. Распраўленая пастава тонкая, ганарлівая, быццам у гэтай танклявасці ёсць прыгажосць.
«Вікця якое недарэчнае імя для такога погляду і паставы! сама хаваецца ад пераследу», здагадалася Бася. Знакамі начная госця паклікала дзяўчыну на вуліцу.
Выгляд яе быў хітрым, але не злавесным. Бася выйшла. Няёмкае маўчанне нацягнулася паміж імі. Суседка, відаць, чакала пытанняў, а Бася адказаў.
Я шукаю тых, хто не трапіўся гетманавым людзям.
Пры чым тут я?
Чапаюць толькі адметных. Такіх, як ты ці я. Я ведаю, дзе можна ўратавацца.
Я ўжо схавалася.
Легенда пра ўцёкі задаволіла жаўнераў, але гетман працягне шукаць. Яны ведаюць кожнага, каго трэба схапіць. Бася маўчала. Адметным ніколі не жылося надта солад ка, але росшукі і ператрусы пачаліся нядаўна. Можа, хутка сцішацца?
Заўважыўшы, што дзяўчына вагаецца, Вікця насела:
Колькі ты будзеш тут хавацца? Пакуль валасы не ссівеюць ды хрыбет не сагнецца? Думаеш, перасядзіш і забудуцца на цябе? Халера там. Вырашай, зараз ці ніколі.
Бася прагнала перад вачыма прамінулы дзень. Колер столі і сцен, чырванаватае паветра, што панавала ў пакоі. Пражыць так магчыма, але з думкай, што можаш інакш, невыносна. Зрэшты, можна пражыць і дзень, і тыдзень, і год, калі ведаеш дакладна час свайго вызвалення. Халодны вецер нашэптваў рашэнне.
Што ўзяць з сабой?
Што хочаш. Панясеш сама. Збірайся, я пачакаю. Бася панура паплялася ў хату. Упершыню жыццё вымагала выбару і дзеянняў, да якіх яна зусім не прывыкла. Так хацелася залезці ў мяккі козытна-халодны ложак. Заснуць, а назаўтра ўсё будзе па-ранейшаму.
Сабраць рэчы і не разбудзіць маму задача ў цемры немагчымая. Бася не надта асцярожнічала. Прыслухоўвалася да шоргату можа, мама прачнецца, яны хаця б развітаюцца, ато і знойдуць такое рашэнне, якое не змусіць сыходзіць.