Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў 11 стр.


Правадніца, што бегла па вагоне, знянацку супынілася, прысела на бакавой лаўцы, хлопцы з суседняга купэ вытыркнулі стрыжаныя галовы з-за перабойкі, а суседка адкінула часопіс і нейкімі дзіўнымі вачыма паглядзела паўзверх ягонай галавы. І здалося на міг, што там, над галавой, гараць зыркія лямпачкі, і бліскі мігатлівага святла кранаюцца напятых струнаў, і паветра наўкол працятае пахам прэлай ігліцы. Ён спяваў з адчуваннем, што наперадзе яшчэ адно жыццё, і ўсё ў тым жыцці паўторыцца: і травеньскі дождж, і шум танцпляцоўкі, і бліскі святла на вільготных дзявочых тварыках, і лёгкі трэск у акустычных калонках.

Правёўшы пальцамі па струнах, ён страсянуў грыф. Апошні зык залунаў у паветры, паволі зліўся з тахканнем вагонных колаў. У вачах жанчыны, што сядзела насупраць, блішчэлі слёзы. Падумалася яшчэ імгненне, і яны пральюцца, як гарачы парафін з васкоўкі. Жанчына выхапіла камячок насоўкі, хуценька выцерла шчокі. Ён перадаў гітару хлопцам, з самнамбулічнай няўважнасцю стаў глядзець у акно. Спадарожніца таксама зірнула ў акно і неўзабаве ціхім голасам спытала:

 Вы музыкант?

 Ды так граў калісьці

Жанчына ўздыхнула.

 У маладосці ведала аднаго хлопца. Таксама на гітары граў. А я яму, памятаю, увесь час гэтую песню замаўляла.

 Ну і дзе цяпер той хлопец? запытаўся ён звонкім голасам: суседка нарэшце разгаварылася.

 Згарэў у бензавозе. Дваццаць гадоў таму. На перавале Саланг.

Назад