Ён цэлы дзень блукаў, ачмурэлы, мадэлюючы ў свядомасці розныя жахі, якія могуць напаткаць у дарозе, але напярэдадні адезду дзіўным чынам супакоіўся і памяць ягоная ўлягла ў шчымлівыя ўспаміны. Ён нават забыўся куды едзе і навошта, ды вось убіўся ў прыцемны вагон, убачыў нечыя жоўтыя пяткі, што вытыркаліся з-пад коўдры, і халодны кокан трывогі ізноў спавіў трапяткое сэрца. А можа і ён будзе вось так ляжаць, свецячы ў паўзмроку голымі пяткамі, і ліпучая, нябачная для суседзяў кроў будзе сцякаць з перарэзанага горла?!
Ён знайшоў сваё месца, плюхнуўся на лаўку, працяжна ўздыхнуў. Суседзямі па купэ былі тыя самыя кабеты, што сядзелі з ім у пачакальні.
Да Масквы? спыталіся кабеты, ён моўчкі кіўнуў, гэтак жа моўчкі сцягнуў долу скручаныя ў трубку матрацы, і потым, лежачы на верхняй паліцы, да самага Смаленску слухаў бязладную балбатню: пра Марымоніху, што набыла сабе новыя ласіны й спрабавала абкруціць чужога мужа; пра тое, што ў Хадорыхі выдалілі кісту і ўзялі тры тысячы за аперацыю; пра тое, што даўганосік летась зеў зімовы часнык, што Люда Халімонава бе свайго пянтоса кухоннай качалкай, а медсёстры з паліклінікі здаюць слоікі з-пад мачы ў прыёмны пункт і маюць з таго кучу грошай. Пасля Смаленска суседкі суняліся, разам захраплі адна цягутка, натужліва, другая залівіста, з прысвістам; потым храпенне аціхла і ўжо нічога ў свеце не перашкаджала вагонным колам мерна грукаць, парывіста ляскатаць на стрэлках і нараджаць у галаве думкі-летуценні.
«Першае, што зраблю, перашлю Юрку ноты. Мамант добры аранжыроўшчык. Зляпае музон толькі трымайся. Занясе ў Галівуд, ці яшчэ куды Можа, і мне перападзе капейка» цягнік тузанула, наперадзе, басавіта й журботна, загуў цеплавоз, і вочы міжволі заплюшчыліся. Цеплавоз загуў яшчэ раз, і з шэрага бяздоння, як з туману, выплыла дашчаная веранда і самотная постаць Юркі Мамантава. Сябрук стаяў пасярод веранды, перабіраў пальцамі клавішы іонікі. «Юра, ты вярнуўся? А як жа Амерыка?» крыкнуў ён сябру і не пачуў уласнага голасу. Мамант нават не ўзняў галавы, толькі пасміхнуўся аднымі вуснамі, паволі растаяў у смузе, і адтуль, з туманнай бяздонніцы, даляцелі чужыя галасы, мерны грук і здушаныя крыкі. На кароткае імгненне ён прачнуўся і не зразумеў, дзе знаходзіцца.
Каму трэба ідзіце ў прыбіральню! крыкнулі ў другім канцы вагона: Зачыняем санітарная зона! Якая зона? Вязьму толькі праехалі! азваліся непадалёку.
Ізноў наваліўся сон, і яму прыснілася тая самая санітарная зона бязмежныя, парослыя пустазеллем расейскія палі, над якімі луналі, не знаходзячы спакою, сіпатыя цеплавозныя гудкі.
Абудзіла яго грымотная песня: дзесьці над галавою залівіста, як падбіты цюцька, скавытаў Валеры Лявонцьеў. Суседкі на доле елі крутыя яйкі, нягучна, з набітым ротам, перамаўляліся, а калі Лявонцьеў, набраўшы паветра, натужна крыкнуў: Августи-и-н! узнялі вочы і голасна ікнулі.
Ад начных страхаў не засталося і следу. На душы было лёгка і чыста. Ён спружна, да хрусту ў суставах, пацягнуўся, хацеў быў кульнуцца на бок, ды правадніца, праходзячы па вагону, тузанула за нагу:
Здавайце пасцелі!
ІІІ
Пянкое паветра кінулася ў вочы, зварухнула чупрыну на лобе. У электрычцы было душна, таму ён прагавіта перавёў дых, перакінуў з пляча на плячук абрыдлую кайстру і рушыў па платформе, прыладжваючы крок да напорыстай хады натоўпу.
Дзе тут у вас вуліца Маршала Епішава? запытаў выпадковага мінака няголенага дзядзьку у пакамечаным, пазначаным зоркамі рыбнай лускі, капелюшы.
А х яго знае, машынальна буркнуў мінак, потым, нібыта згадаўшы штосьці, перапытаў: Якая? і, пачуўшы маршальскае прозвішча, махнуў рукой уздоўж шырокай вуліцы: Туды вунь два прыпынкі на аўтобусе.
У аўтобус не палез. Пашыбаваў па дарозе, уголас мармычучы пад нос: Не спяшайся табе нельга спяшацца, але ўсё адно ляцеў, як ветрам гнаны, і на хаду азіраўся ці бяжыць хто-небудзь ззаду?
Ля пашарпаных дзвярэй, на якіх вісела шыльда «Выраб і падгонка ключоў», спыніўся, каб аддыхацца.
Майстэрня месцілася ў падвале. Туды вялі пакручастыя сходы, і, ступаючы па іх, даводзілася прыгінацца, каб абмінуць касмылі іржавай ваты, што звісалі з трубаў.
За нізкім, перапэцканым чорнай каланіцай столікам сядзеў кучаравы каўказец і калупаўся ў амбарным замку.
А мне Руслана.
Я Руслан, каўказец кашлянуў, зірнуў з-пад пукатага лба і, паказаўшы на почапку замка, прамармытаў: Падэржы тут.
За нізкім, перапэцканым чорнай каланіцай столікам сядзеў кучаравы каўказец і калупаўся ў амбарным замку.
А мне Руслана.
Я Руслан, каўказец кашлянуў, зірнуў з-пад пукатага лба і, паказаўшы на почапку замка, прамармытаў: Падэржы тут.
Давялося ўзяцца за почапку двума пальцамі і назіраць, як майстар, з расейскімі мацюгамі на вуснах, спрабаваў крутнуць у замку масянжовы, крануты зялёнай пацінай ключ. Ключ гэты рабіў каўказца падобным да Бураціна.
Вам прывітанне ад бабулі.
Замок шчоўкнуў, каўказскі Бураціна бліснуў вачыма, выцер прыполам халата брудныя рукі.
Паспарт ест?
Каўказец параўнаў, мружачы левае вока, пашпартны здымак з арыгіналам, узяў з паліцы мабільнік, набраў нумар, тыцнуў мабілу яму ў рукі.
Слухаўка азвалася сіплым голасам Лёхі Кайданоўскага.
Лёша, я ўжо тут, у Дзедаўску!
І ў той жа міг на брудны стол упалі два цупкія, перацягнутыя чырвонай стужкай пачкі.
Пінжак надо было одэт. Палажыл бы в карманы, заўважыў Бураціна.
Ён нічога не адказаў. Моўчкі ўкруціў грошы ў швэдар, піхнуў швэдар у кайстру і выйшаў з майстэрні.
Праз дваццаць хвілін прыгарадная электрычка ўжо несла яго да Масквы, праз гадзіну ён ужо ехаў у метро, а яшчэ праз паўгадзіны, падымаючыся па эскалатары станцыі «Беларуская-кальцавая», злавіў жаночую ўсмешку і на кароткі міг ізноў адчуў сябе маладым і шчаслівым.
І вось ужо пад нагой вагонная прыступка, ён кідае камплімент правадніцы («Думаў, так і не пабачу ў Маскве прыгожых жанчын»), з лёгкім уздыхам («Як абрыдлі гэтыя цягнікі!») вешае кайстру на алюмініевы гачак і плюхаецца на лаву. Заплюшчвае вочы, а скронь надзейна і трывала прыціскае да цёплай ад травеньскага сонца і мяккай ад убітага ў яе швэдра кайстры.
«І сапраўды надзеў бы пінжак, дык і гора не ведаў. Грошыкі б былі вось тут, ля сэрца», апанаваны такімі думкамі, ён мацае грудзіну, нібыта там і сапраўды ляжаць грошы, і адчувае пах дарагой парфумы.
Насупраць сядае чарнабровая жанчына ягоных гадоў не па ўзросце зграбная, з цёмным пушком на верхняй губе. Суседка адсоўвае фіранку на сваім баку акна, папраўляе валасы на патыліцы.
Ён пазяхае ўпотай і прыгадвае раптам «Цёмныя прысады», свой улюбёны аповед. Акурат такую цыганаватую саракоўку абмаляваў у сваім апавяданні нобелеўскі эратаман.
Вы чыталі Буніна? зрываецца з вуснаў недарэчная фраза, і суседка, не адрываючы вачэй ад перона, ківае.
І які ваш улюбёны бунінскі твор?
«Руся», незадаволена выдыхае саракоўка.
Перон за вакном кранаецца з месца, паволі плыве. Разам з перонам плывуць людскія галовы, слупы, квадратныя дугі электрычак, і бялюткі, ружаваты спадысподу, кужаль аблокаў.
Суседка, відаць, з інтэлігентак. Абы з кім гаманіць не будзе. Ну ды Бог з ёю. Ён ізноў, цяпер ужо на поўную губу, пазяхае, крыжуе рукі на грудзіне. Уваччу лунаюць вясёлкавыя кулі. Кулі падымаюцца, ападаюць долу, і ён ляціць разам з імі ў шэрае прадонне неадольнага сну.
Ачуўся, уражаны цішынёй і спакоем навокал. Цягнік стаяў на нейкай станцыі.
Дзе мы?
У Мажайску, адказала кабета, гартаючы жаночы часопіс.
Цягнік паволі, як бы з неахвотай, стаў набіраць хуткасць, і на дне душы боўтнулася шчымлівая крыўда.
«Нават вачэй не падыме. Руся загуменная. У маладосці я такіх» ён пачухаў коўцік, згадваючы што ён рабіў з такімі ў маладосці, ды нечакана за тонкай перабойкай мацюкнуліся і зайгралі на разладжанай гітары.
Льёт ли тёплый дождь,
Падает ли снег
Спяваў нейкі маладзён, прычым дарэшты фальшыва. Гамзаты голас цвяліў нервы і на дне душы паболела чорнай вадкасці: там пачала боўталася не толькі крыўда, але й свярблівая злосць. Пару хвілін сядзеў, прыкусіўшы вусну, потым паваліўся бокам на сядзенне, зазірнуў у суседняе купэ.
Хлопцы, а што за песня? гукнуў двум стрыжаным бэйбусам.
Гурт «Прэмер-міністр», адказаў гітарыст, падхапіўшы са століка піўную пляшку.
Ён хацеў нагадаць бэйбусам пра Валерыя Абадзінскага, ды зразумеў, што гэтае імя нічога ім не скажа, і, калі гітарыст адарваўся ад бутэлечнага рыльца, з рэзкасцю ў голасе прамовіў:
Дайце я вам гітару настрою.
Ён доўга круціў рыплівыя калкі, кранаў звінючыя струны, спытаў суседку якія песні тая любіла ў маладосці? і, не дачакаўшыся адказу, выдыхнуў:
Песни у люде-ей разные,
А моя одна на века-а.
Звёздочка моя ясная
Как ты от меня далека
Правадніца, што бегла па вагоне, знянацку супынілася, прысела на бакавой лаўцы, хлопцы з суседняга купэ вытыркнулі стрыжаныя галовы з-за перабойкі, а суседка адкінула часопіс і нейкімі дзіўнымі вачыма паглядзела паўзверх ягонай галавы. І здалося на міг, што там, над галавой, гараць зыркія лямпачкі, і бліскі мігатлівага святла кранаюцца напятых струнаў, і паветра наўкол працятае пахам прэлай ігліцы. Ён спяваў з адчуваннем, што наперадзе яшчэ адно жыццё, і ўсё ў тым жыцці паўторыцца: і травеньскі дождж, і шум танцпляцоўкі, і бліскі святла на вільготных дзявочых тварыках, і лёгкі трэск у акустычных калонках.