Зяць хвіліну маўчаў, а потым, мацюкнуўшыся, паведаміў:
У мех які запіхні Ну ты што ўжо індыка не зловіш?
І хай папярэдне лапы звяжуць, падхапілася з лавы цешча, і зяць бязгучна мацюкнуўся ў адказ.
Званок прагучаў рэзка, звінюча, спалохана, і цётка Аўгіння ізноў прыхапілася на ногі. І па тым, як спахмурнеў зяцеў твар, зразумела, што больш ужо не ўбачыць сваіх гадунцоў.
А ты ўсё агледзеў? запытаўся дзеля прыліку зяць і, павесіўшы слухаўку, асуджана развёў рукамі. Засеклі б на майскія святы, дык цяпер і бяды б не мелі.
Каб цябе самога, паскуду, засеклі, выдыхнула ў сваю чаргу цешча і з такім імпэтам прычыніла вакно, што трэснула шыба і з даху сыпанула парахня.
Цётчыным індыкам дагэтуль не даводзілася ездзіць на цягніку, ды яшчэ на адкрытай платформе, і таму яны з захапленнем пазіралі на прыдарожныя кусты, высокія дрэвы і кіламетровыя слупы, што праплывалі міма, і вецер вандраванняў, насычаны густым цеплавозным смуродам, прыемна казытаў голыя шыі і чырвоныя «смаркачыны», што матляліся ў такт хістанню платформы. Праехаўшы так колькі кіламетраў, індыкі саскочылі на вагонны насціл і пачалі, хістаючыся ў бокі, шукаць якіх крыхотак. Аднак нічога спажыўнага не знайшлі. Нечакана цягнік загамаваў, дык так рэзка, што кулдыкаў прыціснула да пярэдняга борта. Калі рух зусім запаволіўся, крылатыя вандроўнікі ўзляцелі на той самы борт і агледзеліся. Поруч, на суседняй каляіне, стаяў такі ж цягнік з такімі ж платформамі; індыкі, не згаворваючыся, узняліся ў паветра, а праз імгненне ўжо стукалі дзюбамі па металёвай падлозе: у адным з кутоў платформы, на якую яны пераляцелі, ляжала, высыпаўшыся з меха, ладная кучка камбікорму. Потым цягнік крануўся з месца, падлога пачала зыбацца, дробна дрыжэць, але індыкі нічога не заўважалі, бо ўпершыню ў жыцці дзяўблі грануляваны камбікорм. Але вось птушыны далікатэс быў даедзены, падлога падмеценая віслымі індычымі бародамі; вандроўнікі згадалі раптам родны хлеў, гаспадыню, ускочылі на край платформы і, на сваю радасць, убачылі знаёмую вадавежу, станцыю, гаспадынінага зяця, які гэтым разам не сядзеў на лаве, а нервовым крокам хадзіў сюды-туды па ходніку і дыміў папяросай; убачылі фарбаваны ў светла-брунатны колер дамок пад шэрым дахам, на які яны, калі былі маладымі, любілі залятаць, і хаця цягнік толькі крыху скінуў хуткасць і, падобна, не збіраўся спыняцца, залапаталі крыламі і былі падхопленыя народжанай цягніком віхурай.
Тым часам цётка Аўгіння сядзела на ганку на пару з суседкай Гамзаціхай той самай, у якой летась прыдушылі гусака, і апалым голасам дзялілася сваім горам. За іхнымі спінамі паныла вуркатаў кот Базыль. Кату таксама было шкада індыкоў, з якімі ён хоць і не надта сябраваў, але якіх штодня бачыў на падворку.
Во як яно гадавала, гадавала і выгадавала падлюкам азярышчанскім на патэльню. Схапілі, відаць, маіх саколікаў і вокам не міргнулі, пасля такіх слоў цётка плаксіва смаркнулася ў брудную насоўку. Азярышчанцы ж дужа не глядзяць чужое гэта, ці сваё
А можа, гэта паравознік індыкоў пахапаў? Злавіў, у мех запіхнуў, а сказаў, што нікога не бачыў, шапялява азвалася Гамзаціха ды так і застыла з разяўленым ротам.
У разнасцежаныя весніцы, ляпаючы крыламі і наўзахапкі кулдыкаючы пра сваю вандроўку, заляцелі два індыкі, і кот Базыль, пабачыўшы вандроўнікаў, узняў хваста і задаволена пацёрся ад цётчыну спіну.
Песні піянерскага лета
Дзіўна, але ніяк не магу заснуць, калі знадворку гуляе вецер. Вось і цяпер ляжу з расплюшчанымі вачыма і слухаю, як ён шуміць у шатах старых ліп, зласліва шамаціць па даху, гойдае ліхтар на слупе, што стаіць пад вокнамі. Кволае святло ліхтара блукае па супрацьлеглай сцяне і варушыць вусны Хрушчова яго партрэт вісіць пад столлю. Здаецца, Хрушчоў нешта кажа. Я нават наструньваў слых, але чую толькі шум знадворку ды лёгкі звон шыбаў, у якія бецца няўрымслівы вецер.
Лямпачку ў ліхтар укруціў учора наш баяніст. Дзеўкі яны спяць за сценкай наслухаліся адна ад адной розных страшных аповедаў: пра «чорную руку», пра крывавую пляму на шыфаньеры, пра вужа, што выпаўзае ноччу з падвала, і баяцца выйсці сярод ночы ў прыбіральню. Вось Іван Іванавіч, дырэктар летніка, і загадаў баяністу на слуп узлезці ды лямпачку ў ліхтар укруціць каб цёмнай парой на двары святлей было. Дзядзька Коля, так завуць баяніста, спачатку палез на слуп, у зубах лямпачку заціснуўшы, але толькі да сярэдзіны і дапяў долу паехаў ды стрэмак у далоні набіў. Слуп жа стары, збуцвелы. Нават шкада стала баяніста. Але знайшлі каго шкадаваць. Дзядзька Коля, на парэпаныя далоні папляваўшы, выцягнуў са штаноў рэмень, абвязаў вакол слупа і зноўку палез. Падцягне нагой зашмаргу, схопіцца рукамі за слуп, потым зноў рэмень падцягне. І так на самы вяршак залез ды лямпачку ўкруціў. Мы нават у ладкі ўдарылі. Законны дзядзька. Што хочаш можа сыграць. Калі дзерык у горад па харчы едзе, мы яго заўжды просім песню пра Уругвай збацаць. Дзядзька Коля спачатку адмаўляецца, маўляў, пачуе хто з выхавальнікаў будзе яму на арэхі. Але, паслухаўшы, як мы ўмольна канькаем: «Ну дзя-адзька Коля-а», расцягвае мяхі і стоена, зыркаючы на бокі, спявае: «Раз мы шли по Уругваю», мы гамузам туруем: «Ваю!», «Ночь хоть выколи глаза», і мы, ужо зусім шалёна, выдыхаем: «За!»
Летнік месціцца ў вясковай школе-васьмігодцы. Наш пакой маленькі, у яго ўлезла толькі чатыры ложкі. Гэта кабінет дырэктара школы. Дарэчы, сам дырэктар працуе ў летніку старшым выхавальнікам. Завуць яго Іванам Гаўрылавічам, але міжсобку мы яго называем Гарынычам.
Поруч са мной спіць Мішка Касач. Ён з першага атрада, на год за мяне старэйшы, ды пасялілі з намі, бо ў класе, дзе месцяцца ягоныя аднагодкі, няма дзе паставіць ложак. Наша важатая (мянушка Кірпа) спачатку ўзрадавалася, думала, Мішка будзе нас выхоўваць, а цяпер скардзіцца дзерыку. Маўляў, Касач другі атрад разбэшчвае і дысцыпліну парушае. З важатай нам наогул не пашанцавала: кірпатая, непрыгожая, і тхне ад яе нейкай агідай. А вось у першым атрадзе тут я нясмела ўздыхаю важатая сапраўдная прыгажуня. Русявыя валасы ў тоўстую касу сабраныя, вейкі падфарбаваныя, і спадніца зусім кароткая. І ймя ў яе на дзіва рэдкае: Дана; і прозвішча на дзіва прыгожае: Харуцкая.
У сталовай насценгазета вісела «Юныя гвардзейцы». Яшчэ з першай змены засталася. І там Данін фотаздымак быў. Важатая на ім глядзела некуды ўгору і шчасліва пасміхалася. Дык я аднойчы, па абедзе, лязом той здымак выразаў. Увечары дзерык, калі сцяг спускалі, загадаў выйсці з шыхта таму, хто сапсаваў газету. Я, вядома, увесь схаладнеў, але з шыхта не выйшаў. Доўга потым думаў куды схаваць фотку. Пхні ў валізу, дык знойдуць ёсць у нас аматары ў чужых рэчах поркацца. Можна было, вядома, дзе-небудзь у лесе ў дупле схаваць, але хацелася, каб Данін партрэт заўсёды пад рукой быў. Вось я і прыдумаў: адсунуў ложак, надарваў каля самай ліштвы шпалеру і туды, за шпалерыну, запіхнуў фотаздымак. Цяпер, сярод ночы, не ўстаючы з ложка, магу яго выцягнуць, зірнуць і змежыць вочы, згадваючы Даніну ўсмешку.
Апрача мяне і Мішкі ў пакоі яшчэ Лёшка Лубчонак. Мы з ім вучымся ў адным класе, і нават летась сядзелі за адной партай. Але потым мяне падсадзілі да Нінкі Беглік. Нінка таксама тут, у летніку. Гэта страшэнная выскачка і даносчыца. Мішка Касач хацеў яе нават пабіць пасля таго, як яна сказала Кірпе, што мы з дзядзькам Колем у кустах «Уругвай» спявалі.
Ля супрацьлеглай сценкі, пад партрэтам Хрушчова, спіць стрыжаны вясковы хлопец з дзіўным імем Здзіслаў, якое я ўчора, пад рогат сяброў, перарабіў на Бздзіслава. Здзіслаў ні з кім не сябруе, і ніхто нават не ведае ягонага прозвішча.
Я скаланаю галавой, адганяючы начныя думкі, і заўважаю, што вецер, падобна, пачаў аціхаць. Вунь і Хрушчоў ужо не варушыць вуснамі і прыхаваўся ў змроку. Бацька мой, дарэчы, яго не надта любіць. Вершыкі, падпіўшы, чытае пра Хрушчова ды Гагарына: «Паляціш ты на арбіту, прыхапі з сабой Мікіту». Маці потым лаецца і кажа, што бацьку за такія вершы хутка пасадзяць, а наш Джэк, ірландскі тэрер, уголас падтрымлівае маці ды залівіста дзяўкае.
Я згадваю Джэка як ён ляжыць, скруціўшыся абаранкам, на сваім каберцы, і ўздыхаю.
Вецер яшчэ раз, але ціхенька, на астачу, дзынкнуў у шыбах і заціх. Пашчэнкі крывіць салодкі позех, я хачу перад сном зірнуць, у кволым святле ліхтара, на Дану, пхаю руку пад ложак, ды раптам чую, як дзесьці непадалёку, гэтак жа ціхенька шморгаюць носам і плаксіва енчаць. Патыліца мая міжволі адрываецца ад падушкі. Думаў, што ва ўсім свеце не сплю толькі я адзін, а тут пад бокам, дакладней, пад партрэтам Хрушчова, хтосьці здушана плача. Прыслухоўваюся, вызначаючы хто гэта румзае пасярод ночы, і бачу, як Здзіслаў выцірае ражком прасціны вочы ды куляецца на левы бок.
Учора ўвесь дзень было пахмурнае надворе, вецер шумеў у ліпах, а сёння цяплынь і сонца слепіць вочы.
Адразу пасля зарадкі ў летніку падём сцяга. Стаім, мружачы вочы ад сонца, і паныла глядзім, як па трубе яе злёгку перакасіла ад ветру паўзе-дрыгаецца чырвоны сцяжок. Мішка Касач кожнага разу пытаецца ў Кірпы: навошта яго кожнай раніцы ўздымаць? Ну, прыехалі ў летнік, узнялі той сцяг, і хай вісіць да канца змены. А ў апошні дзень урачыста спусцілі долу. На што важатая пагрозліва выдыхае: «Касач, я буду ставіць пытанне аб тваім выключэнні з піянерскай арганізацыі». Кажа так, нібыта Мішка нейкія там піянерскія законы парушыў. І яшчэ ўвесь час Ваську Чыжыка згадвае, якога з летніка выгналі. Быў такі на першай змене. Любіў вужоў лавіць на беразе возера: зловіць, у бутэльку запусціць і пужае ўсіх. А аднойчы даўмеўся прынесці вужа ў клас, дзе дзеўкі жылі. Можна ўявіць, які там пачаўся вэрхал! За Чыжыкам на наступны дзень маці прыехала, забрала дахаты. Але на гэтым вужачыя жарсці не скончыліся. Мішка Касач жартам паведаміў Нінцы Беглік, што вужа таго не злавілі, што ён цяпер жыве ў падвале і ноччу выпаўзае праз дзірку ў падлозе ды поўзае па школе. Нінка, вядома ж, распавяла пра тое сяброўкам, і аднойчы сярод ночы за сценкай раздаўся страшэнны віскат. Мы ўсе, у адных трусах, кінуліся ў суседні клас. Туды ж і дзерык прыбег. Аказалася, у куце кавалак вяроўкі ляжаў, а нейкай дурніцы прымроілася, што гэта вуж поўзае.