Я дагэтуль ніколі не танцаваў і хацеў было ціхенька куды-небудзь прыхавацца, але тут сам Гарыныч схапіў за каршэнь і паставіў у кола. Колаў было два у адным стаялі дзеўкі, а ў другім, які яго атачаў, мальцы. Уласна кажучы, гэта быў ніякі не вальс. Проста дзеўка з мальцам браліся за рукі, матлялі імі ўбокі, затым паварочваліся на 180 градусаў, ляпалі адно другога далонню ў далонь і мальцы пераходзілі да суседняй дзеўкі. Напачатку ў мяне кепска атрымлівалася. Ногі запляталіся, круціўся не ў той бок, змакрэў увесь, а потым пайшло, мне нават спадабалася матляць рукамі, але тут заўважыў, што хутка перада мной паўстане важатая з русявай касой. І вось гэты страшны момант наспеў. Важатая ўзяла мае потныя, мляўкія ад хвалявання пальцы, павяла ў адзін бок, потым у другі. «Раз, два, тры на дыбачкі; раз, два, тры на дыбачкі; пляснулі і разышліся» спявала важатая, а я стаяў ёлупнем, неадрыўна пазіраючы на два грудкі, што пукаціліся пад напятай кашуляй. Мяне пхнулі, я таксама некага пхнуў, і малады дзядзька тады яшчэ не ведаў ягонага імя, які граў на баяне, жартаўліва крыкнуў: «Дана Юреўна, кіньце зачароўваць моладзь!» Той хвіляй мне здалося, што ўвесь летнік глядзіць у мой бок. Я гатовы быў кінуцца, шукаючы ратунку, у кусты, ды тут, на шчасце, на ганку сталоўкі кухарка заляскатала лыжкай па рандолі, і ўсе кінуліся на вячэру. Ад той пары, калі чую пра Дану, вушы мае гараць пякельным агнём ад сораму, які зазнаў тады, першым днём летніка.
Мішка прыслухоўваецца, падымае ўгору палец. У лесе ўжо не чуваць баяна, адно шчабечуць птушкі.
Мы бяжым напярэхваткі, і Мішка Касач яшчэ здалёк запабежліва гамзае:
Дзядзька Коля, вы ж абяцалі
Баяніст махае рукой.
Ідзіце, дзяўчаты мне тут пагаманіць трэба з адным таварышам.
Дзеўкі з неахвотаю, азіраючыся, ідуць па сцяжыне, а дзядзька Коля, крыкнуўшы ім услед: «А сёмай гадзіне генеральны прагон!» хапае Мішку за чупрыну і хвацка тузае.
Гэта табе аванс.
Тузанулі Мішку балюча, бо небарака войкнуў, потым шморгнуў носам, і дзядзька Коля, зразумеўшы, што тузануў задужа моцна, ускінуў на плечы баянныя рамяні.
Ну, што там табе сыграць?
«Раз (усхліп) мы шли (усхліп) по Уругваю», пакрыўджана выдыхае Мішка.
Не, «Уругвай» больш граць не буду, а то мяне з-за тых песень таксама з летніка папруць. Як таго Ваську Чыжыка.
Дзядзька Коля керхае і, адкінуўшыся крыху назад, спявае: «Давным-давно на дальнем севере человек сидел на дереве, а под ним толпа голодная мослами била в барабан. Посиневшие от холода, зубами ляская от голода, под барабанный бой и дикий свист, они танцуют твист»
Дзядзька Коля яшчэ ніколі так шырока не расцягваў мяхі, у яго ніколі так не бліскалі вочы, і ніколі дагэтуль не спяваў ён з такім натхненнем. Я на момант забыўся пра ўсё на свеце, і ў апошнім куплеце далучыў свой голас да імпэтнай песні: «Ну укуси меня за талию, ну укуси меня за грудь!» І падалося, што я кусаю за талію Дану, і сэрца маё гатова было вырвацца з грудзіны і ляцець за небакрай.
Мяне абудзілі непрыемныя, натужліва-адрывістыя зыкі. Ну вядома, гэта салагі з трэцяга атрада апанавалі лаву пад вакном і вучацца трубіць на горне. Я задаволена пацягваюся у ложку. За ўвесь час, што знаходжуся ў летніку, упершыню заснуў па абедзе. Час гэты называецца «ціхай гадзінай», і мы мусім калі ўжо не спаць, дык прынамсі ляжаць у ложках.
«Ціхая гадзіна», падобна, даўно скончылася, бо Лёшкі і Здзіслава няма ў пакоі і іх ложкі шчыгульна запраўленыя. Поруч варушыцца Мішка Касач. Мішку таксама абудзілі гарністы. Ён здушана крэкае, падымаецца на ногі, ідзе да адчыненага вакна.
Харэ пярдзець! крычыць Мішка, і надрыўныя зыкі аціхаюць.
Сябар плюхаецца на ложак, мы разам пазяхаем, і ў гэты момант у пакой залятае Нінка Беглік.
Чаго ляжым? Ужо ўсе на месцы, вас чакаем
«Отвалите скоре-ей, почтальон у двере-ей» жартам спявае сябар, і Нінка з грукатам зачыняе дзверы.
Пасля «ціхай гадзіны» мы звычайна рыхтуемся да агляду строю і страявой песні. Ідзем на пустку за школай, ходзім шыхтом па коле, і ў адказ на Нінчын вокліч: «Наш дэвіз!» бязладным хорам адказваем: «Сам памірай, а таварышу дапамагай!» Потым яшчэ, ужо зусім бязладна, спяваем «нашу» песню, ад якой я запомніў толькі першы радок: «Мы пионеры советской страны, нас миллионы!» Вось калі б дзядзька Коля збацаў пра чалавека, які сядзіць на дрэве і вакол якога стаіць галодны натоўп, тут бы мы заспявалі на ўсе застаўкі.
Дзвярныя завесы гучна рыпаюць, і ў пройме паўстае ўскудлачаная Кірпа.
Вам што, індывідуальнае запрашэнне трэба? Зараз жа прыбірайце ложкі і выходзьце на шыхтаванне!
А мы ў ложках будзем рэпеціраваць, азываецца Мішка і, махаючы ў паветры нагамі нібыта ён ідзе, галёкае: «Мы идё-ом за дружиной дружина, мы идём за отрядом отряд!»
Я гляджу на Мішкавы жылаватыя лыткі, таксама дрыгаю нагамі ў паветры і чую дакорлівы голас Даны, ад якога ў мяне халаднее сэрца і перахоплівае дыханне.
Хлопчыкі, ну што гэта такое? Другі атрад ужо маршыруе, а вы ляжыце І важатую да слёз давялі
Мы скочваемся з ложкаў, роспачна, не патрапляючы ў калашынне, нацягваем порткі Мішка пры гэтым ліхаманкава плюе на пальцы, прылашчвае чупрыну, і выбягаем у калідор, дзе яшчэ не аціх стук Данчыных туфлікаў.
Цэлую гадзіну ходзім па лузе і спяваем пра піянераў савецкай краіны. Нарэшце Кірпа бе ў ладкі, сарваным ад спеваў голасам абвяшчае:
А зараз ідзём слухаць піянерскую радыёгазету!
Касач таксама бе ў ладкі, але глуха, складзенымі карцом далонямі. Усе смяюцца, я таксама, але пры гэтым не цямлю што тут смешнага, і запытальна гляджу на Лёшку Лубчонка.
Карова ляпехі кладзе, тлумачыць Лёшка, што тут незразумелага, і таксама глуха ляпае далонямі.
З форткі вакна другога корпуса паволі вытыркаецца пакарабачаны рупар. Той самы, у які гарлае Гарыныч на беразе возера, калі хто далёка заплывае.
Вакно спрэс завешана пажоўклымі газетамі, і толькі на самым доле маецца шчыліна, праз якую бачныя нечыя ногі.
Рупар кашляе і азываецца голасам галоўнага выхавальніка.
У эфіры піянерскі летнік «Гвардзеец»! Пачынаем нашу перадачу
Мне смешна тое чуць. Ну якое гэта радыё, калі проста прамаўляюць у бляшаны рупар. На вялікім пальцы правай нагі ў выхавальніка ён стаіць на падваконні вялізны жоўты пазногаць. Мне робіцца сумна, бо згадваю свой дом, Джэка, маці і матчын аповед пра тое, як яна, яшчэ зусім малая, хадзіла глядзець на павешаных здраднікаў. «Адзін быў бургамістрам пры немцах, нават у нашу хату заходзіў, казала яна аднойчы суседцы, цётцы Серафіме. І вось бачу, боўтаецца на вяроўчыне, а на пальцах, на нагах, вялізныя жоўтыя пазногці». «Кажуць, яны ў мёртвых растуць», адказала тады суседка, і мне, памятаецца, ад тых словаў нават сцягнула скуру на лбе. На кароткае імгненне здаецца, што і небарака-выхавальнік боўтаецца на вяроўчыне, але тут жа пераводжу дых, бо выхавальнік ажывае і пераступае з нагі на нагу.
Піянерскія дружыны ўключыліся ў барацьбу за атрыманне годнасці «Спадарожнікі сямігодкі». Імі сабраныя сотні тон металалому, дзясяткі тон макулатуры, пасаджаны паркі і скверы ў гарадах і пасёлках прамаўляе бляшаны рупар і пракурана кашляе.
Я паглядаю на сталоўку. Ахвота есці, а да вячэры яшчэ дзве з паловай гадзіны.
А зараз Ніна Беглік з другога атрада пачытае нам вершы, крахтае рупар, і пальцы з жоўтымі пазногцямі знікаюць з відавоку.
Рупар варушыцца ў фортцы падаецца наперад, потым назад, і няўцямна мармыча: «Ты толькі не хвалюйся».
Нас называют пионеры дрогкім голасам азываецца Нінка, рупар ізноў падаецца наперад і падае на галаву недаростку з трэцяга атрада таму самаму, які за намі ўвесь час бегае.
Усе выбухаюць смехам, пазіраючы на стрыжанага небараку. Недаростак стаіць з нацубленым на голаў рупарам і спалохана лыпае вачыма. З форткі цягнецца валасатая рука выхавальніка.
Нікога не стукнула? пытаецца Гарыныч, падхапіўшы рупар.
Неўзабаве піянерскае радыё ледзь чутна шапоча: «Ты кажы, я сам буду трымаць», і Нінка Беглік, ужо без дрыготкі ў голасе, дэкламуе:
Нас называют пионеры, мы для других всегда примером, и нашей дружбы крепче нет! Ребята, что шагают в ряд и гордо носят
Што там яны носяць, засталося тайнай, бо Мішка Касач кінуў у рупар каменьчык, Нінка папярхнулася, і мы, утуліўшы галовы ў плечы, чарговым разам падумалі: «Цяпер ужо Мішку дакладна выганяць з летніка».
Адвячоркам мы сядзім на партах ля сталоўкі і чакаем, калі скончыцца генеральны прагон апошняя рэпетыцыя перад канцэртам. Парты свойчас вынеслі з класаў, і цяпер яны стаяць даўгім шыхтом пад адкрытым небам.
«Сла-авен Павлик Моро-озов, жив он в наших сердцах, презирая угрозы, он за правду стоял до конца» вырываецца з прачыненых сталоўскіх вокнаў, і шматгалосую песню перарывае ляпанне далоняў.
Дзяўчынкі, ну што вы, далібог, як сонныя мухі больш агню!