Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў 8 стр.


 Дзяўчынкі, ну што вы, далібог, як сонныя мухі больш агню!

Гэта крычыць дырэктар летніка. Дзерык не дае спяваць увесь час пляскае ў ладкі і чагосьці там патрабуе.

Мы дарэшты згаладалі, а таму і размовы нашы выключна пра ежу.

 Хто з вас еў бананы? пытаецца Мішка Касач, прыхоўваючы пяцярнёй зяхлівы рот.

 Я! азываецца Лёшка, і Мішка свідруе сябра іранічным позіркам.

 Еў, кажаш? А якога яны колеру?

Лёшка панурвае вочы, шморгае носам і няўпэўнена прамаўляе:

 Зялёныя

 Зялё-оныя перадражнівае Мішка Касач, заўважаючы, што ўсе наўкол аціхлі, бо відавочна ніхто тут бананаў у вочы не бачыў. Яны жоўтыя толькі па краях крыху зеленаватыя.

 Ты і сам іх, відаць, толькі на карцінцы бачыў, падае голас Здзіслаў.

 Я?! Мішка ад абурэння нават падскочыў на ногі. Ды мне бацька з Масквы іх кожнага разу прывозіць Мішка хоча яшчэ нешта сказаць, але ў сталоўцы адчайна рыкае баян і дзеўкі надзіва суладнымі галасамі спяваюць: «Гори, костёр, подольше, гори, не догорай. А завтра лагерю скажем прощай, прощай, прощай!»

 Апошняя, выдыхаем усе разам і саскокваем з партаў. Дзеўкі рэпеціруюць не першы дзень, таму мы даўно вывучылі іх рэпертуар.

 Цікава, а ці будуць бананы пры камунізме? пытаецца, ні да каго не звяртаючыся, стрыжаны недаростак гэта яму надоечы на голаў нацубілі рупар. Недаростак ад самага ранку круціцца калі нас ды слухае нашы размовы.

Пазаўчора ладзілі піянерскі збор ля вогнішча, і дырэктар летніка распавядаў як добра будзе жыць пры камунізме. Казаў, што ў кожнага будзе па пяць касцюмаў, па дзесяць, а то і болей, кашуляў, што ў крамах будзе поўна рознай смакошы, а вось пра бананы нічога не сказаў.

 А ты вазьмі ды спытай у дзерыка, кажа, вядома ж, жартам, Лёшка Лубчонак, і ў гэты момант сам дырэктар летніка выходзіць на сталоўскі ганак.

Дзерык, былы ваенны лётчык, выцягвае з кішэні пачак «Казбеку», дастае папяросіну, стукае ёю па пачку, збіраючыся прыпаліць, і пад ягонай рукой узнікае стрыжаная галава недаростка.

 Іван Іванавіч

 Што, гвардзеец? дзерык сціскае зубамі папяросу.

 А пры камунізме будуць бананы?

Дзерык выцягае папяросіну з рота, уважліва глядзіць на гвардзейца.

 Ну, жоўтыя такія іх з Масквы прывозяць.

Што адказаў Іван Іванавіч, мы не пачулі, бо ўгледзелі, што пяюхі ўжо даўно сядзяць за сталамі, і, пхаючы адно другога, кінуліся ў сталоўку.

На вячэру далі амлет з макаронай, ды яшчэ цётухна-кухарка хадзіла між сталоў ды падлівала малака ў шклянкі. Амлет я глытаю адным махам, а вось макарона збілася камяком, не лезе ў глотку.

 Хутчэй бы ўжо, кажа стрыжаны недаростак, які сядзіць насупраць.

 Што, малака налілі? пытаюся я, перастаўшы жаваць.

 Ды не хутчэй бы камунізм прыйшоў. Тады, казаў Іван Іванавіч, на вячэру будуць бананы даваць.

 Ты што, думаеш, ён яшчэ да канца нашай змены прыйдзе? мармычу, падстаўляючы шклянку пад струмень малака, і ўпотай паглядаю ў той бок, дзе сядзіць Дана Харуцкая.


Уночы зноў не сплю. Выспаўся ўдзень, ды і цікую калі Мішка Касач палезе ў вакно. Мішка таксама не спіць, круціцца ў ложку, раз-пораз уздыхае.

Нечакана дзверы пакоя прачыняюцца і ў пройме дрогкага святла у канцы калідора ўсю ноч гарыць лямпачка паўстае ўстрывожаны твар Пецькі Іздрыка. Пецька ўзіраецца ў цемру, тузае падбароддзем, і ў адказ яму трывожна рыпае ложак. Мішка падхопліваецца, махае сябру рукой і сцярожка, на цырлах, ідзе да вакна. Просвы гучна ляскаюць, Мішка ўтульвае голаў у плечы, азіраецца, выглядаючы ці не прачнуўся хто з нас.

Ну вядома сябрукі хочуць неўпрыкмет патрапіць на двор. Праз дзверы не выйсці там сядзіць дзерык. На мінулым тыдні да дзевак, што спяць за сценкай, лезлі мясцовыя мальцы, вось Іван Іванавіч і сядзіць да дванаццатай ночы на ганку ды смаліць папяросы. А то яшчэ замест сябе дзядзьку Колю пасадзіць ці каго з выхавальнікаў. Таму Мішку з Пецькам і даводзіцца лезці ў вакно.

Я вылажу з-пад коўдры, бягу, пацепваючыся ад начнога халадку, да разнасцежанага вакна. Мішка з Пецькам стаяць, прыціснуўшыся спінамі да сцяны, а ўбачыўшы мяне, крывяць твары і махаюць рукамі. Маўляў, без цябе абыдземся. Але я лезу ў ваконную пройму, ступаю босымі нагамі на расянай траве.

 Толькі ціха! пагрозліва шапоча Пецька Іздрык, прыклаўшы палец да вуснаў.

Прыгнуўшыся, мальцы бягуць да сталоўкі. Там, у крайнім акне, гарыць затуманенае прасцінай святло.

«Ці не надумалі прасіць дзядзьку Колю што-небудзь сыграць? думаю я, паспяваючы за Пецькам, але як той будзе расцягваць мяхі сярод ночы?»

У сталоўцы, у невялічкім катуху, што месціцца ля ўвахода, жыве наш баяніст. Вакно спрэс завешана прасцінай; на самым версе прасціна правісла і з адтуліны ліецца зыркае святло.

Мішка з Пецькам падхопліваюць бліжэйшую парту, цягнуць да вакна. Першым на парту лезе Мішка. Выцягнуўшы шыю і раскрыўшы рот, Мішка зазірае ў адтуліну і, адхінуўшыся, раскрывае рот яшчэ шырэй. Я хапаюся за голыя Мішкавы лыткі, лезу на парту, станаўлюся на дыбкі і бачу Дану. Важатая сядзіць на каленях у дзядзькі Колі і, абхапіўшы рукамі ягоную галаву, цалуе ў вусны. У вушах маіх пачынаюць біць званы, кроў прылівае да твару, па целе прабягае дрыготка, пальцы ног зязджаюць па спусцістай паверхні, і я валюся на Пецьку, які таксама пнецца залезці на парту. Вечка парты гучна ляскае, і мы ўтрох кідаемся ўпрочкі. Я першым залажу ў вакно, драпаю чэрава, бюся каленам аб падаконнік і, ужо непрытомны, валюся на ложак ды з галавой накрываюся коўдрай.

Мне млосна. Ці то ад таго, што пабачыў, ці то ад болю ў калене. Ложак круціцца пада мною, я вытыркаюся з-пад коўдры, са стогнам удыхаю паветра. На шчасце, сэрца, якое ўжо збіралася вырвацца з грудзіны, паволі сунімаецца і званы ўжо не бюць у скронях. Па калідоры хтосьці прабег, за сценкай пстрыкнуў выключальнік, бразнулі ўваходныя дзверы. Усё ж такі мы нарабілі шуму.

Нечакана вочы мае поўняць гарачыя слёзы.

«Як яна можа вось так сесці абы-каму на калені і абы з кім цалавацца?» віруе ў галаве неадчэпная думка. Слёзы казычуць шчокі, збягаюць па скронях, цёплым струмком ліюцца ў вушы. Мішка Касач круціцца на ложку, цяжка дыхае пасля беганіны, штосьці мне шапоча, але я яго не слухаю: сціскаю зубамі коўдру, каб не выдаць сябе. Бо калі Мішка пачуе, што я плачу, мне тут, у летніку, месца не будзе. Мішка пстрыкае мне пальцам у пятку, і я прыслухоўваюся да перарывістага шэпту: «А што ты думаў, яна нам, смаркачам, будзе на калені сядаць?» Убіваю галаву ў падушку, доўга ляжу нерухома, потым, пашнарыўшы рукой пад ложкам, выцягваю са схову Данчын фотаздымак і, прыхаваўшы пад коўдрай, пачынаю дзерці на дробныя кавалкі.

«Праз тыдзень закончыцца змена, мы зедзем з летніка і я больш ніколі не ўбачу Даны», думаю я і ўжо шкадую, што падзёр фотаздымак. І нават усхліпваю з тае нагоды, і бачу раптам, што Здзіслаў, падняўшы галаву, неадрыўна глядзіць у мой бок. Гэты хлопец ведае: калі хтосьці плача ўночы, значыць яму вельмі цяжка. Мне робіцца сорамна. Цяпер ужо перад Здзіславам. Бо мая маці жывая і чакае майго прыезду. І віславухі Джэк таксама чакае, прыслухоўваючыся да крокаў на лесвічнай пляцоўцы. Я пераводжу дых, закідваю далоні за патыліцу, і Хрушчоў на партрэце падміргвае мне вокам, пазіраючы, як я, ужо ў сне, танцую з Данай вальс дружбы.

Лох

І

Сярод сну пачуў нехта крануўся рукі, і абудзіўся.

Мурзатае цыганё (ці то хлопец, ці то дзяўчынка) стаяла поруч, грызла кукурузны кіях, дапытліва глядзела неміргаючымі вачанятамі. Ён абцягнуў швэдар, паспрабаваў пасміхнуцца.

 Поўны вакзал качэўнікаў, прамовілі за спінай; маці мурзы штосьці крыкнула па-свойму, і цыганё відаць, усё ж такі дзяўчынка пабегла між людскіх ног, махаючы кукурузным абглодкам.

Вакзальнае святло цвяліла павекі, нудзіла сэрца. Вушы нібыта заклала ватаю, і галасы навакольныя гучалі няўцямна, усё адно як са студні.

 Ну дык слухай, што скажу Паткнуўся ён да мяне, а ад яго і табачышчам і вінішчам і гаўнішчам

Дзве кабеты сядзелі на суседняй лаўцы і, зладзеявата пазіраючы на бокі, распавядалі адна адной пра свае любошчы.

 Ну а ты што? пыталася таўстуха ў фальбоністай сукенцы.

 А што я адпіхнула ды за дзверы вылецела. Нават сумачку не паспела ўзяць, адказала сяброўка і тужліва ўздыхнула. На сяброўцы была сукенка такога ж крою: белая, у зялёны гарошак.

Спаў ён нядоўга, можа, нейкіх дзесяць хвілін, але галава стала тлумнаю, і навакольныя галасы балючымі колькамі адбіваліся ў скронях. Пульсуючы боль выпетраў з галавы ўсялякія думкі. Лёгкі халадок крануўся гіпофіза, казытнуў гіпаталамус, зварухнуў наструненыя нейроны. Стваралася ўражанне, што пазбаўленая думак галава завісла ў паветры і ўжо гатовая, як той балонік, узняцца ўгору. Ён нават зірнуў на столь, спрабуючы ўгледзець яе ля цьмяных свяцільняў, а потым, схамянуўшыся, стаў сілком поўніць голаў дакучлівымі, сто разоў абсмактанымі думкамі.

Назад Дальше