Даря Трайдэн
Крыштальная ноч
Апавяданні
© Трайдэн Д., тэкст, 2018
© ПУП «Кнігазбор», 2018
© ТАА «Электронная кнігарня», 2019
Хвароба
У распранальні нікога не было, але праз расчыненыя дзверы чуліся галасы: нехта смяяўся, гуляўся, выклікаў імёны, і выхавацелька рабіла заўвагі тым, хто пачаў бегаць паміж сталоў. Мама націснула на гузік, ён праслізнуў у дзірку і расшпіліўся. Брудна-ружовая футрачка знялася разам з рукавіцамі (яны трымаліся на гумцы, што працягвалася праз рукавы). Шапка, якая ўвесь час лезла на вочы, калючы шалік, мокры ад майго подыху, дутыя непрамакальныя нагавіцы і чорныя боты маці зняла таксама. На чырвоныя калготы абула карычневыя сандалі (амаль усе дзяўчынкі з групы мелі каляровыя, зыркія, а на святы прыходзілі ў белых. Мая святочная пара была цёмна-вішнёвая. Гэта было адзіным выключэннем на кожным ранішніку, і я адчувала, як усе бацькі, дзеці, звяры і Дзед Мароз глядзяць на мае ногі, глядзяць і не ведаюць, што я тут ні пры чым, я не хацела). Я павінна была ісці туды, у групу. Дадому толькі вечарам. Толькі б не апошняй. Мама падштурхнула мяне да адчыненых дзвярэй. Я пераступіла цераз лінію сутыкнення двух розных адценняў лінолеуму. Святло, мітусня. Спінаю адчула скразняк, пасля пачулася рыпенне мама сышла. Стрымала жаданне бегчы за ёю, крыкнуць уніз лесвіцы што заўгодна, зараўці без словаў, без сувязі, каб гэта быў проста гук загнанай у пастку жывёлы, унутры якой трушчацца косткі. Нават не заплакала не трэба, не мае сэнсу, нельга, каб яны бачылі.
Марта і Марыя раскладалі лялькі і іх сукенкі, Вова і Саша сутыкалі жоўтыя грузавікі, Каця раскладала фарбаваную драўляную гародніну, усе пачыналі гульні, і тыя раз-пораз зліваліся: лялькі ішлі ў краму, грузавікі збівалі іх, наязджалі на ногі Марыі і Марты, і цяжкія штучныя яблыні каціліся па чырвоным дыване. Я прайшла да свайго стала і лёгка пацягнула шуфлядку. Старое дрэва не зрушыла. Я ведала, што трэба рэзка торгнуць і вытрываць енк і віск, якімі абавязкова суправаджалася адкрыццё. У шуфлядзе ляжалі мае фламастары, алоўкі, размалёўкі, папера. Але пакуль нельга. Толькі пасля сняданку. Я пачакаю, я пасяджу тут.
Неяк рана мы сёння. Я сяджу, а ежу ўсё не нясуць, і іншыя дзеці ўсё гуляюць. Звычайна я сядзела, занурыўшыся ваўчанём пасярод паляўнічага гону, трывала павольны рух часу, не глядзела на іншых. Адлічвала гадзіны, як умела сняданак, шпацыр, абед, сон. Чакала, калі можна будзе сысці, калі ніхто не будзе пільна назіраць, прымушаць, трымаць, заглядаць у талерку, ложак, вочы, сціснутыя далоні, кішэні, калі ўсе гэтыя чужынцы разыдуцца, знікнуць, суцішацца і пакінуць мае вушы ў спакоі. Але сёння сняданак не нясуць так доўга. Я падняла вочы. Я паглядзела на іх, абвяла позіркам памяшканне, усе яго каляровыя плямы, ружовыя рукі нянечкі, потны твар выхавацелькі, хвасты, косы, абветраныя падбароддзі, саплівыя насы. І ўбачыла яе.
Незнаёмая, іншая, не падобная да дзіцяці сваім бэзавым вытанчаным строем і выразам твару. У яе былі два хвасты, смуглявая скура, карычневыя спрытныя вочы, тонкія вусны з прыгожай прыпухласцю ўнізе.
Яе звалі Маргарыта. Я даведалася яе імя, бо ўстала з-за стала і падышла да яе, ціха села побач, пасунула ў яе бок далонь. Яна глядзела на падлогу, туды, дзе расцякаліся непрыгожыя карычневыя ўзоры дывана. Яна паглядзела на маю далонь. На прыдалонне. У твар.
Упершыню, здаецца, у мяне была сяброўка. Мы размаўлялі, я распавядала ёй пра тое, што робіцца ў нашым садку, хто з нянечак глядзіць, ці спяць падчас ціхай гадзіны, а каму ўсё роўна. Паказвала, як можна пранесці ў спальню забароненыя там цацкі. Прайшоў сняданак, мы хадзілі на шпацыр, абедалі, зноў гулялі. Мая шуфлядка з фламастарамі і алоўкамі ніводнага разу не адчынілася. Я люблю маляваць, але як прыемна займацца іншым.
Сёння я сыходзіла з дзіцячага сада з нецярплівым жаданнем вярнуцца там зявілася нешта такое, чаго больш нідзе няма, і я не магу хацець застацца дома, не жадаю больш прыкідацца хворай, абы толькі мяне пакінулі ў ложку (пасля таго, як маці зачыніць дзверы, адлічваеш да дваццаці, пасля блытаешся і пачынаеш з адзінкі, і хутка ўжо можна спусціць на падлогу босыя ногі, і маляваць, і гуляцца, размаўляючы на розныя галасы).
Ісці было цяжка. Цела налівалася свінцом, гарачым, вадкім, і я адчувала, як той плёскаецца знутры галавы, шуміць. Зімовае неба навальвалася на маю ружовую футрачку, забіралася ў рот і нос, і там станавілася металам. Усё было цяжарам і гарачынёй.
Увесь вечар я марыла пра Маргарыту і пра нашыя гульні. Заўтра будзе яшчэ адзін дзень побач з яе прыгажосцю, будзе яе голас у адказ на мой, будзе сумесны шпацыр, магчыма, мы нават пачнем маляваць разам О, як было б цудоўна паказаць ёй мае сшыткі і альбомы, растлумачыць, якія гісторыі распавядаюць малюнкі, пабачыць, як сама Маргарыта дамалёўвае нешта да іх
Ноччу я прачнулася ад жару ва ўсім целе і ў галаве. Мама прынесла градуснік, і чырвоны слупок у ім узняўся высока.
Ляжы, ляжы, ты нікуды не пойдзеш.
Трэба хутчэй прачынацца, трэба ўстаць, апрануць нелюбімыя дутыя нагавіцы, боты (я проста заткну шнуркі ўнутр, калі мама не дапаможа), калючы шалік (але я нават не войкну ад яго дотыку), штучную брудную футрачку
Я думала ліхаманкава, хутка, я не зважала на дэталі, я ведала толькі адно: трэба ісці, трэба быць там, як заўгодна, але зараз. Трызненне перапынялася снамі, і ў іх крыштальных пухірах я бачыла Маргарыту пасярод пекла дзіцячага сада, у коле нованароджаных цёмных сяброўстваў, у зграі крыку і тлуму, у здаровай жахлівай радасці ад уласнага поспеху.
Супакойся, ляжы, заўтра ты нікуды не пойдзеш, будзем чакаць доктара і лячыць горлачка, паўтарала мама.
Твая новая сяброўка нікуды не знікне, дадавала яна.
Вельмі гарачы, казала пра мой лоб.
І я не магла патлумачыць пра мой стол, пра рыпенне шуфлядкі з алоўкамі, пра тое, як доўга мне даводзіцца маляваць (сняданак, шпацыр, абед, сон, поўднік), пра тое, як хораша і балюча амаль не адкрываць рота.
Некалькі дзён я ляжала ў гарачым, мокрым ад майго поту ложку, і цяжкія сны перапынялі цяжкія трызненні наяве, немагчымыя свінцовыя думкі. На чацвёрты дзень мама пагадзілася павесці мяне ў садок. Снег трошкі падтаў, і дарога падалася доўгай: ногі, саслабелыя пасля хваробы, везлі, саслізгвалі, і я гучна сапла, чырванела, злавалася кожнай хвіліне, што аддаляла нашую з Маргарытай сустрэчу.
У распранальні маці зняла з мяне брудна-ружовую футрачку, сцягнула шапку, зачапіўшыся за вушы, абула ў карычневыя сандалі а я нічога не чула, нічога не думала, не ведала, як я выглядаю і што ёй скажу. Трэба толькі хутчэй увайсці, трэба яе ўбачыць.
Яна сядзела паміж Аняй і Соняй, Нікіта каціў да іх вялікі жоўты аўтобус, а Каця цягнула яе за руку, казала: «Я прынесла, як абяцала, хадзем, пакажу».
Я пайшла за стол і паклала палец на пластыкавую дзірку. Калі засунуць палец глыбей і пацягнуць на сябе рэзка, не зважаючы на віск і рыпенне, шуфляда адчыніцца. Але пакуль нельга. Пасля сняданку. Няхай мама забярэ мяне сёння раней за ўсіх.
Нямая
Лана доўга абірала букет для гэтай незнаёмай дзяўчыны. Нязграбная ў словах, яна імкнулася звязаць тканіну адносінаў паднашэннямі старадаўняя мова павагі была больш зразумелай і менш балючай за прамовы, якія перасякаліся ў паветры, нібы нажы.
Лана пакідала людзям столькі, колькі вымагала сітуацыя. Яна лічыла хабар самай натуральнай формай афіцыйных зносінаў, спакойным і мудрым шляхам да пажаданага. Падарунак быў яе вітальным словам, яе падзякай, яе цвёрдай любоўю, яе нерашучай надзеяй на блізкасць.
Старыя багі патрабавалі падарункаў і хабараў, каб пераканацца ў адданасці мэце, у чысціні малітвы. Рэч патрэбная на тое, каб зазірнуць у сэрца і ўпэўніцца: чалавек ведае, што жыццё гэта бясконцы абмен, і нельга толькі атрымліваць без аніводнай страты. Рэч патрэбная на тое, каб праверыць, ці адрознівае чалавек сутнасць падарунка і хабару.
Сямя Кахоцкіх многа пераязджала: Лана нарадзілася ў Германіі, праз чатыры гады Кахоцкія пераехалі ў Ізраіль, праз тры вярнуліся ў Беларусь і мовы ў ёй змяшаліся і заблыталіся. Болей Лана не спрабавала размаўляць яна ведала, як лёгка несці пачуццё ў падарунках, жэстах, позірках, рытме рухаў і набліжэнняў, а таму не мела патрэбы ў новых гульнях. Дзеці лічылі Лану нецікавай дачкой багатых бацькоў, якой няма чаго паказаць, акрамя сваіх грошай. Толькі некаторыя сустрэчныя разумелі, чаму яна маўкліва цягне рукі са скрынкай у хрумсткай прыгожай паперы. Звычайна ў іх не было чаго даць ёй, акрамя прысутнасці, дотыку, гарманічнага рытму хады, белай дарогі пасярод рудых дрэваў. Але гэта быў правільны адказ яны давалі тое, што маглі, тое, чаго ў Ланы не было, і пах ліпы быў ладанам, і сосны складалі імклівыя прывідныя фрэскі, і простая лясная кветка глядзела ласкава, як святая Марыя.
З тымі, хто ружавеў і прымаў падарункі ў хваляванні, хто абяцаў вачыма помніць яе і лашчыць гэтую рэч, такую прыгожую, патрэбную, з тымі Лана была шчаслівая.