Крыштальная ноч - Даря Трайдэн 2 стр.


З тымі, хто ружавеў і прымаў падарункі ў хваляванні, хто абяцаў вачыма помніць яе і лашчыць гэтую рэч, такую прыгожую, патрэбную,  з тымі Лана была шчаслівая.

«Ігнат, што з ёй рабіць? Яна набывае сяброў за грошы, дзічыцца, слова не выцягнуць. Што з яе будзе, калі працягне так тыркаць усім банцікі і каробачкі?» маці клапацілася пра Лану, як клапоцяцца прыгожыя жанчыны, расчараваныя тварамі і здольнасцямі любімых дзяцей.

«Нічога, усё зразумее»,  Кахоцкі паціснуў плячыма. Бізнес без лёгкіх стымуляцый і сімуляцый не працуе, таму Лана, можа, і не дурніца. Ён развіваў у дачцэ іншыя навыкі забяспечанага жыцця: замежныя мовы, усмешка без жадання ўсміхнуцца, матэматычны падлік карыснасці знаёмства, атрыбуты абранасці Ігнат Кахоцкі даў столькі ўрокаў, а яна маўчала, яна шукала стужкі для падарункаў, цешылася не абранасцю, а абрадавасцю, радасцю, яна дыхала плебейскім паветрам кухняў бабуліных сябровак і хавала паштоўкі, якія пакуль няма каму падпісаць.

Кахоцкія неяк убілі ў яе кепскаватую польскую і выправілі вучыцца ў Варшаву.

Калі Лана кінула варшаўскі гістфак, бацькі параілі ёй знайсці працу (і пажадана ў сталіцы, каб Лана глядзела на шчаслівых менскіх студэнтаў і адчувала сорам, і рыхтавалася да іспытаў, і сніла сябе першакурсніцай, пажадана факультэта міжнародных адносінаў).

Але Лана ўладкавалася на працу фларысткай, працавала ноччу, палову дзён тыдня спала, другую палову бавіла без шчаслівых студэнтаў і іншых герояў чужых фантазій. Спачатку яна жыла ў кватэры бацькоўскіх сяброў сямейнай пары навукоўцаў, якія ў той час паехалі нешта паралельна вывучаць у Швецыі. Калі сінхронныя даследчыкі вярнуліся, Ланіна адзіноцтва якраз пералівалася цераз край усіх кубкаў, і рукі стаміліся ад дотыкаў да нежывых непатрэбных падарункаў, і пах кветак, якія пойдуць да чужых каханак, пазбаўляў прытомнасці.

Лана пачала шукаць новы дом.

Знаёмы даў Лане нумар дзяўчыны, ад якой зехала суседка. Яны дамовіліся на сустрэчу праз Фэйсбук і, здаецца, паразумеліся, але ўсё роўна было страшна, і сэрца кожную ноч атрымлівала назад нераскрытыя пакункі, і сны поўніліся шапаценнем паперы для падарункаў, і гэты пошум зліваўся ў словы без сэнсу яна прачыналася ў жаху ад таго, што страціла разуменне чалавечай мовы і назаўсёды застанецца адна.

Лана абрала сціплыя светла-фіялетавыя кветкі.

Была ранняя вясна. Снег пачаў сыходзіць, але пакуль лянотна. Ён гулліва пакідаў сваю бялізну пад вокнамі і дрэвамі, ціха падаў раніцай, каб адразу растаць на тварах (белых-белых), на каўнярах (мяккіх, мёртвых), на вейках (цвёрдых, сонных, жывых).


У думках Лана адразу пачала зваць яе Суседкай. Лана паспела столькі сказаць гэтым фіялетавым кветкам, так выкшталцона вылічыла будучыню па падабенству яе вачэй і пялёсткаў, што падавалася: яны ўжо даўно знаёмыя.

Суседка ўзяла букет. Перад тым, як адвесці руку назад да цела, дзяўчына патрымала яе ў паветры, быццам спрабавала прызвычаіцца да вагі фіялетавых кветак, вывучыць перахрыст сцяблінаў. А пасля рука з букетам прыціснулася да грудзей, і гэты парывісты жэст даказаў ціхае «дзякуй», выказаў разуменне недастатковасці маўлення.


Лана насіла кветкі штотыдзень. Ставіла букеты ў высокую крыштальную вазу на ўскрайку стала, і пах прахалодных лісцяў і пялёсткаў абводзіў заплюшчаныя вочы, сціснутыя вусны, раскіданыя ў снах валасы. Празрыстасць вады і крышталю прыцягвала першыя прамяні раніцы, якія зырка адбіваліся на суседкіну шчаку. Суседка прачыналася ад дотыку святла, бачыла букет з белай атласнай стужкай і ён быў кнігай, размовай, пажаданнем, бутонам новага дня, што распускаўся дзеля яе адной.

Зямля

Танклявая і хваравітая пакупнікі не глядзяць на яе, калі працягваюць картку для разліку. Канечне, зусім пазбягаць яе цяжка: вялікі горад прымушае скарачаць усе міжчалавечыя дыстанцыі, мець дачыненне да іншасвету і чаго заўгодна. Да таго ж у Беларусі нельга мець слабыя нервы, баяцца нябожчыкаў, цемры і халаднечы. На працу ў гандлёвым цэнтры досыць лёгка патрапіць нават мярцвячцы і ніхто не паскардзіцца, не спалохаецца, не адчуе паху падгнілага цела. Люта давала рэшту, не дакранаючыся да чужых рук, і яе самотнае вандраванне паміж нябытам і родным горадам працягвалася.

Люта Віргін прадавала аксесуары для тэлефонаў у вялікім шкляным будынку. Людзі не пыталі, ці можна тэлефанаваць памерлым толькі набывалі чахлы. Людзі не раіліся з Лютай наконт складу любізніка толькі абіралі слухаўкі. Людзі не прасілі дараваць ім грахі толькі глядзелі карткі памяці на дванаццаць гігабайт. Люта гандлявала і гандлявала, паказвала, раіла, не шукала сабе іншай працы.

Пакорліва чакала вызвалення ад гэтай зямлі, ад сваёй да яе любові, якая і не дазволіла ў зямлі ляжаць: на трэці дзень пасля пахавання Люта расплюшчыла вочы і пачала лезці ўверх. Мёртвая жанчына жэрла зямлю, прарывала сабе шлях вуснамі і зубамі і апынулася на чорнай спіне магільнага прыгорка. Вецер расхітаў яе валасы, і Люта стаяла над уласным крыжом ці то сама перамагла і вызвалілася, ці то роднае чарноцце проста выплюнула яе, званітавала ў булімічным прыпадку.


Жыццё ў Беларусі гэта метажыццё. Як у метарамане распавядаецца пра працэс напісання твора, так і падчас нашага існавання мы тлумачым сабе быццё, апісваем сябе ў ім, быццам маем адказнасць перад вялікім аўтарам. Які тэкст атрымаўся з прычыны нашага нараджэння? Ці дазволіць рэдактар яго надрукаваць і паказаць чытачам-пісьменнікам, якія жывуць і пішуць метажыццё пасля нас? Ці не атрымаецца так, што ўсе нашыя пакуты і высілкі нічога не вартыя і не патрэбныя нікому нашыя тэксты, і няма больш гісторыі, і змаганне ўжо не каштуе нічога? Воля і годнасць, паэмы і пахаванні, жаданне кранаць белую льняную тканіну, вада з глінянага нефарбаванага кубка, лазовыя кошыкі, старыя сінія ровары што з гэтага больш важна, што застанецца, што будуць любіць на гэтай зямлі? Ці будуць любіць хоць што-небудзь? З кожным стагоддзем касмічнай чарнаты ўсё менш, зямля і твары становяцца аднолькавага шэрага колеру.


Пасля смерці Люта заўсёды была бледнай. Яна гандлявала мабільнымі тэлефонамі і прыгадвала мінулае жыццё у ім была прычына вяртання, у ім было тлумачэнне гэтай ненатуральнай бессмяротнасці, гэтай белай скуры. Люта шукала вытокі таго, што з ёй адбываецца, узнаўляла ў фантазіі сцэны, ахутаныя подыхам магічнай цемры, думала пра кожны свой дотык да зямлі, вады, травы і дрэваў. Пыталася, чаму яе вярнулі. Жадала зразумець, што вінная свайму лёсу, у чым яго так моцна падманула.

Ад таго, што Люта памерла ўжо, яе жыццё амаль не змянілася. Яна схлусіла ў міліцыі, што згубіла пашпарт і нічога не памятае, некаторы час круцілася ў бюракратычным бязладдзі, але гэта было знаёмае, звыклае невыноснае, але кожны раз мы трываем тое, што немагчыма, і не ведаем іншага шляху. Калі ёй зрабілі пашпарт, дзе яна болей не была Лютай, адносіны з грамадствам вярнуліся да звычайнай адлегласці: не чапай мяне, не глядзі на мяне, не прыслухоўвайся да мяне, Левіяфан, каб я засталася.


Нам падабаецца тое, што нас не ведаюць. Не зяўляцца ў газетах шчасце, не прыцягваць залішняй увагі блаславенне. Не чапаць іншых, больш моцных, не глядзець у бок святочных парадаў і не прыслухоўвацца да трызнення чужых радыякропак адзіная воля. Мы абводзім крэйдавае кола ля нашых ног, чытаем старажытную вядзьмарскую замову, прымушаем паверыць, што белая лінія ўсцеражэ нас ад шэрані, шчыльнасці, шэрагаў, чэргаў, няшчасця. Унутры кола мы перавынаходзім свет, краіну і сябе, і там жыццё працякае з правільнай хуткасцю, пакуль вонкі спыняецца час.

Дудка, смык, скрыпка, жалейка тут здаўна збіраўся журботны аркестр, і вось музыка пацішэла, і ўжо толькі адныя падземныя токі пяюць і граюць на прасторах, дзе пануе бязладдзе бессэнсоўных гукаў. Нічога няма, але ўсё было і будзе.


У Люты не было дзяцей. Яна свядома не хацела нараджаць, і вырашыла гэта вельмі рана.

У пяць гадоў, калі Люта цяжка хварэла на кохлік і задыхалася па начах, яе маці шмат даведалася пра моц і таямніцу гэтай зямлі. Яны хадзілі да бабак, вядзьмарак, шаптух, бацюшак і ксяндзоў, маці чытала кнігі пра лекавыя расліны і народныя замовы ад бяды і нягоды.

Нехта сказаў, што Люту трэба правесці праз сем мастоў. Яны выправіліся ў дарогу. Масты былі адмыслова адабраныя, але па якой прыкмеце, Люта не памятала (па даўжыні? па прыгажосці? побач павінна была быць царква?). Ісці было цяжка: слабыя дзіцячыя ногі ледзь слухаліся, нос і горла бы забілі ватаю, галава кружылася ад вышыні моста і неспагадлівасці чорнай ракі пад ім. Сем гэта вялікая лічба, калі ты на мяжы жыцця. Кожны мост запэўніваў Люту, што яна крохкая, крыштальная, але можа крочыць далей, чым бачаць вочы. Апошні запомніўся назаўсёды: наляцеў вецер, Люта заплюшчыла вочы, але яе не скаланула ад кашлю, не скруціла ад болю, падавалася, што хвароба адступіла.

Там, на апошнім мосце, Люта зразумела, што ніколі не народзіць. На гэтай зямлі, якая магутна дыхае праз сон, нельга даваць жыццё, бо не чалавечая маці можа ратаваць і бараніць толькі вялікая маці-зямля, нялітасцівая і няўважная. Ад любові ўзнік страх, ад замілавання сілай, уладай і чараўніцтвам чорнай разоры бяздзетнасць. Люта думала, што зможа перагуляць тое, што вылекавала яе, што пасля не аднойчы забівала, закалыхвала, заваблівала і труціла.

Назад Дальше