Цемра падыходзіла бліжэй, бо не было святла, якое б яе спыніла.
Смуглявыя дзявочыя рукі перакрыжоўваліся над бетонам, выхоплівалі з няроўных стракатых шэрагаў завушніцы, крэмы, грубыя шкляныя флаконы таннай парфумы, перасоўвалі гэта, мянялі, вярталі зноў, і хлопцы набліжаліся адно да аднаго, штурхаліся плячыма, спачатку без ціску, са смехам, пасля з ледзь прыхаванай спаборніцкай жорсткасцю. Падавалася, што галоўнае адбываецца не на вачах, а недзе ў бясслоўнай глыбіні зліцця ўсіх сувязей, якія прыцягнулі на будоўлю целы асілкаў і прыгажунь суседніх дамоў. Нервовыя, спатнелыя, яны выконвалі няпісаны рытуал адно для аднаго, па-сапраўднаму існавалі для нюху і дотыку, а не для зроку, казалі не словамі, і раптоўнымі ўскрыкамі і гукамі, што з вышыні ўпэўненасці сягалі ўніз, зрываліся пасярод сябе на маўчанне.
Я адчувала, што тут ёсць шыфр, але не ведала яго ключа: мне было шэсць, а не шаснаццаць, я не мела памады для вуснаў, тушы для веек, ценяў для павекаў і нават вусны, вейкі і павекі былі не тыя. Адчуваючы няёмкасць, я адышла ад натоўпу і збочыла ў цемру паміж бетоннымі блокамі. За спінаю выбухнуў дзявочы рогат, крыштальная ваза для садавіны, закранутая рукой, зляцела з бетоннага прамавугольніка ўніз, і пацеркі змяшаліся з аскепкамі. Пад нечай нагой хруснула шкло, нехта войкнуў і ляпнуў даланёй па скуры, нехта азваўся, нехта крыкнуў больш нічога я не чула, навокал быў толькі шэры бетон і цемра, і сусвет застаўся рэхам, цьмяным адчуваннем іншай прасторы я выслізнула па-за яе межы.
Сястра Рыта крычала маё імя. Не адразу: спачатку рагатала разам з усімі, ушчыкала хлопцаў за разбітую вазачку з пацеркамі, дапамагала збіраць круглыя каменьчыкі і пластыкавыя шарыкі, якія разяднаў моцны ўдар аб падлогу з шэрага бетону.
Рыта заўважыла маю адсутнасць тады, калі рукі суседа па дому скончылі даследаванне яе шыі і слізганулі ўніз па хрыбеціне.
Кажуць, што мяне не было гадзіну. Стаяла пасярод вусцішы адзіноцтва. Ішла паміж бетонам і бетонам. Пралязала пад невядомым. Пераскоквала праз нішто. Свет застаўся недзе па-за мною, па-за гэтым бясконцым домам, які вёў ўверх, уніз, управа, ўлева, у нікуды, у мяне.
Хлопцы і дзяўчаты разышліся па кутах і намагаліся зрабіць выгляд, што гэта няважна: проста выпадковыя кароткія размовы пасля сапраўды значнага абмену ўпрыгожваннямі, поўхамі і жартамі.
Падлеткі вывучаюць адно аднаго, дзеці сябе, прыроду і нежывое.
Бетонны замак, бязладны і немагчымы, атачаў усіх нас абалонкай цемры.
Я ўбачыла дом дабудаваным, калі мне было сямнаццаць. Шэсць паверхаў, вастракутныя эркеры, цёмна-сінія металічныя гаўбцы, у якіх няма ні пагарды, ні велічы.
Травы дасягаюць грудзей, калі адысці далей ад мяжы горада. У межах горада ўсё пераўзыходзіць чалавечае цела, але гэта ўражвае менш за дотык зялёнай сцябліны, марудны рух слімака і шматгалоссе птушак.
Кожны год жыцця ўзмацняе ўнутры чалавека нешта такое, што робіць яго менш чулым да вышыні бетону, да плошчы шкла і хуткасці ліфтаў.
Бабуліна хата, будоўля каля дома маіх стрыечных сясцёр памяць пра будынкі, якія амаль не падняліся ад зямлі, з кожным годам хвалюе ўсё больш.
Пакой
Раней неяк можна было жыць. Канечне, не так, каб набываць што заўгодна і не думаць, але над кожнай капейчынай разважаць не даводзілася. Пасля таго, як Іосіф памёр, а сама Іна выйшла на пенсію, стала цяжка. Не было сіл хітраваць і вылічваць, таўчыся ў буйных супермаркетах у акцыённыя дні, корпацца на лецішчы, цягнуць у жалкім металічным вазку гародніну і кветкі, не было ніякай магчымасці гандляваць гэтым ля метро, пільнавацца такіх жа старых, сцерагчыся міліцыянтаў, крычаць услед пяным чырванаскурым мужчынам: «Прыгожыя букеты, нядорага, парадуйце жонку». Іна доўга думала, як для гэтага апрануцца, што зрабіць з голасам, куды глядзець. Відавочна, што яна ў жыцці была нечым, а як лепей: каб гэта было відавочна ці не? Будуць падыходзіць з жалем, маўляў, ай-ай, былая настаўніца, а зараз галеча, мы не такія, мы зусім не такія, таму можам дапамагчы, мы нават павінныя даць гэтыя грошы і ўзяць кветкі, узяць так, быццам яны непатрэбныя, несапраўдныя, быццам грошы былі дадзеныя проста так.
256 рублёў што набываць, а з чым пачакаць, а пасля яшчэ пачакаць, і зноў адкласці?
256 рублёў што набываць, а з чым пачакаць, а пасля яшчэ пачакаць, і зноў адкласці?