Крыштальная ноч - Даря Трайдэн 3 стр.


Там, на апошнім мосце, Люта зразумела, што ніколі не народзіць. На гэтай зямлі, якая магутна дыхае праз сон, нельга даваць жыццё, бо не чалавечая маці можа ратаваць і бараніць толькі вялікая маці-зямля, нялітасцівая і няўважная. Ад любові ўзнік страх, ад замілавання сілай, уладай і чараўніцтвам чорнай разоры бяздзетнасць. Люта думала, што зможа перагуляць тое, што вылекавала яе, што пасля не аднойчы забівала, закалыхвала, заваблівала і труціла.

Люта не хацела дазволіць зямлі прымусіць яе да новага падарожжа, да малітвы, да ўкленчвання на сёмым мосце побач з дзіцём, якому не дапамагаюць чалавечыя лекі.

«Можа, кадук зесць маіх немаўлят, можа, хапун ухваціць іх за ручкі і звядзе прэч. Лізун зліжа, ламец зламае. Можа, вужалка пакрыўдзіцца на майго сына і адпомсціць яму, можа, лазавік завядзе маю дачку, заблытае.

То хай яно спыніцца, хай не будзе ў Віргінаў нашчадкаў, хай гэты выкляты радавод чорных удоваў і пасівелых заўчасна мужчын забудзецца і занепадзе»,  так шаптала Люта Віргін у сваім першым жыцці, так загаворвала сваё каханне, сваю апантанасць думкай пра ружовую дзіцячую скуру.


Калі беларуская жанчына кажа «хачу», зямля адказвае ёй «перахочаш».

Калі беларускі мужчына кажа «зраблю», зямля ўсміхаецца «паглядзім».


Зямля не даравала Люце наўмыснага пазбягання яе ўлады: выпхнула ў другое жыццё так, як ставяць у кут неслухаў, прымусіла глядзець у безвыходную лінію сутыкнення плоскасцяў, у белую сцяну паміж быццём і нябытам. Люта наноў пражывала мінулае, тонучы ва ўспамінах пра няпэўныя сны і крыўды дзяцінства, пакуль не дайшла да сёмага моста, да таго жаху і захаплення, да свайго бунту супраць таемных моцных істотаў, якімі поўніліся лясы і балоты.

Пасля Люце дазволілі выйсці, скочыць у чорную ваду, памерці ад зямлі ў лёгкіх.


Хто мы? Чаму зямля жарэ нас, быццам мёртвае мяса? Мы жывыя, мы прыдуманыя, мы пакалечаныя забаронамі на жыццё і мастацтва.

Я думаю пра Люту Віргін, жанчыну з прывіднымі рухамі, маркотнымі валасамі і горкай скурай. Зараз у яе новая магіла, другая за жыццё. На гэтае пахаванне ніхто не прыйшоў. Люта Віргін пасля яго не прачнулася: схаваная пад крыжом з чужым імем, якое прыдумалі ў міліцыі, яна ляжыць і трымае мёртвымі рукамі сваё цёмнае чэрава: усё скончана, нічога не скончана.


Калі я вымаўляю слова «зямля», ніз жывата сціскае экстатычны спазм.

Калі я ўяўляю вільготную чарнату размытай дажджом глебы, вочы закрываюцца, і язык павольна слізгае па вуснах.


Баразна. Разора. Гліна. Чарназём. Пясок. Суглінак.


Я б хацела кахацца на аголенай зямлі, адчуваць яе водар, холад, правобраз будучага магільнага покрыва. Без словаў, быццам мовы яшчэ няма толькі гартанныя ўскрыкі, пах, інстынкт, кроў, смерць.


Кулон з Дзевай Марыяй патанае ў маіх мяккіх грудзях, бы ў размяклай цэгле, што набрыняла вясновымі залевамі. Я дакранаюся да свайго жывата. Я апускаю руку ніжэй. Я ведаю, што літасці не будзе, я не папрашу аб ёй.


Гандляркі і паэты, атланты і карыятыды, каласы і сярпы, людзі і балоты дай нам усім досыць любові, каб трываць зямлю над нашымі целамі.

Было слова

Ён загадаў распрануцца. Прачытаўшы паведамленне, Амаранта сцягнула майткі і расхінула халат. «На мне нічога няма»,  адказала. Правяла пальцам па баку тэлефона, павярнула на іншую плоскасць, узмацніла ціск і пяшчотна сцішылася, спынілася каля шкельца ўбудаванага ліхтарыка. Пачакала.

Шчаўчок паведамлення.

Ён працягнуў кратаць яе, гладзіць, лашчыць, песціць, не бачачы. Лініі літар замест лініяў цела, успамін пра водар валасоў, пра інтанацыі, паўзы і выдыхі. Тэкст ачалавечваўся, брыняў крывёю і сокамі, прымаў кантэкст мінулага: зробленага і таго, на што ніхто не наважыўся; прамоўленага і прамоўчанага. Тэкст абагаўляўся і гуляў імі ці можна спыніцца, калі наяве нічога не адбываецца, ці можна не адчуць асалоды, калі ты кахаешся так, як заўсёды хацела, як марыў, як скажаш, як прачытаеш, як зразумееш, як адмовішся разумець? Тэкст дае столькі ўлады, каб на яго падселі, каб у яго ўвайшлі. Кіт праглыне і паплыве, людзі будуць пакутаваць і смяяцца ў яго чэраве, будаваць гарады сонца, даследаваць пачвар цемры і расліны няісных выспаў.

Атрымаеш волю, калі кіт званітуе табою на пясок халоднай краіны ён заўсёды так робіць, калі ты больш нічога не дадаеш да яго ўнутранага жыцця.

Ён апавядаў, якім бачыць яе цела. Недакладнае, звыш эратычнае слова «бледнасць» замяніла яе светлыя валаскі на сцёгнах, яе вагу, рост, узрост, абём таліі і памер грудзей.

Не было рыс і пэўнасцяў, было толькі «прыгожыя», «неверагодны», «дасканалая». Яны перакруцілі алфавіт, перакулілі, трэслі яго, пакуль не зацурчаў, не пабег хутчэй, чым маглі б іхнія ногі. Разагналі бег літар і скокнулі ў струмень (тэарэтыкі-постструктуралісты тлумачаць яго вытокі вельмі нудна і не могуць самастойна нарадзіць такі вадаспад: пільнуюць кіта, усё пра яго ведаюць, а кіт адмаўляецца іх есці, не пускае перабіраць свае вантробы, сэ-ля-ві). Кіт ухапіў яго і Амаранту ля рачнога парога, і яны ўдваіх скалануліся ад сціскання глыткі, якая штурхала іх унутр, далей ад усіх, бліжэй да ўсяго. Пісалі без пунктуацыйных знакаў, у адзін радок, тымі літарамі, якія аказаліся пад таропкімі скурчанымі пальцамі (хутчэй бы вярнуць рукі, хутчэй бы прывесці сябе на вышыню, хутчэй бы дацягнуцца, дамаліцца).

За пару хвілін да таго, як улонне сціснулася ў гарачыні, Амаранта выгукнула: «Я хачу ад цябе дзіця».

Ён падхапіў расповедам пра тое, як жадае быць у целе Амаранты: пакінуць там сляды, вывучыць, памяняцца вадкасцямі, застацца ў ёй, зрабіць ёй дзіця.

Яна пісала «так, так, так», робячы памылкі. Тэлефон выслізгваў з пальцаў, што сцякалі яе сокамі. Кранала электронную клавіятуру, пакідаючы на экране плямы. Чытала праз прымружаныя павекі, праз галлё веек, праз чырвань прыліўшай да твару крыві. Рабіла рытмічныя жрэцкія рухі, пакуль цішыня не перарывалася гукам новага паведамлення. Глядзела на літары, якія ўзнікалі без перарыву, шчоўк-шчоўк, лісты падаюць у яе скрыню, папера праціскаецца ў яе раскрытую шчыліну, хутка будзе ўжо да верху, хутка перальецца, выбухне, сціснецца, як паміраючая зорка, разляціцца аскепкамі крышталю.


Наступныя тыдні Амаранта нечым поўнілася, пашыралася і разыходзілася ўглыб. Заўсёды адчувала пасярэдзіне жывата нястрыманы голад: хацела ўсяго, нават зямлі (сніла, як есць яе з рукі, ліжа чорныя пальцы).

Нешта ў ёй адбывалася, нешта рвалася і ўтваралася.


Ля люстэрка яна ўзняла прыпол да самага твару, агаліўшы ногі, трыкутнік майткоў і жывот белае, чорнае, белае, кветкі. Глядзела сабе ў вочы, пакуль ціснула на скуру. Зрэнкі расплыліся па-над сінім колерам ва ўлонні рухалася тое, пра што было напісана.

Дом

Дом будаваўся ў двары маіх стрыечных сясцёр. Адразу было зразумела, што ён будзе вялікім, узвысіцца над старэнькім пяціпавярховікам, дзе я гасцявала ўлетку. З вокнаў новага дома можна будзе ўбачыць рэчку Муху і зялёныя палі, дзе ранкам туман ахінае вербалозы. Будучыя жыхары дзявятага паверха выйдуць на гаўбцы і паглядзяць на бетонны прамавугольнік даху таго дома, што стаяў тут раней за іхні. Недакуркі і пачарнелыя запалкі паляцяць уніз, пакідаючы паміж дамамі выразную лінію варожасці.

Усё мясцовыя дзеці лазілі за агароджу, каб пагуляць на будоўлі. Я чула гісторыі пра хлопцаў, якія ўзбіраліся на другі паверх без лесвіц, ведала, што нехта з падлеткаў амаль загінуў, бачыла, як злавесна свеціцца кабіна крана па начах. Гэтае месца, якое кожны дзень мянялася, страчвала рысы і набывала новыя, было падобнае да сну, у які вяртаешся ўжо ў які раз, але не можаш спасцігнуць: кожны твой крок да сэнсу робіцца не ў тым напрамку, і ты губляешся пасярод цемры. Калі я глядзела на бязладдзе формаў і загадкавую мітусню будаўнічых, то не верыла, што гэта будзе звычайны жылы дом.

Шэрыя пліты з дзіркамі вокан, перакрыцці і таемныя металічныя пруты абяцалі веліч.


Але пакуль дом не пабудаваны. Пакуль гэта калі мне было шэсць год, і час яшчэ не меў трываласці. Яго прамежкі адчуваліся па-рознаму, але звычайна цяклі вельмі марудна. Свет не спяшаўся быццам наўмысна шкадаваў дзіцячыя вочы, даваў на сябе паглядзець і запомніць, перш чым праглыне. Тое лета было доўгім, той вечар быў бясконцым.


Старшая сястра і яе сяброўка ўзялі мяне за агароджу, каб я паглядзела на збор.

Вечаровы змрок прагнаў дарослых, і будоўлю захапілі падлеткі. Іх было шмат, і ўсе нечым займаліся: дзяўчыны раскладалі касметыку і ўпрыгожванні на бетонных плітах, хлопцы паказвалі, якія спрытныя ў іх целы, якія рашучыя душы. Дзяцей там амаль не было, і я моцна трымала руку сястры Рыты, бо адчувала сваю прысутнасць тут як злачынства супраць традыцыі, супраць закону (не таго напісанага закону дарослых, які забараняе знаходзіцца на будоўлі, а ціхага правіла дваравой гульні, што прадпісвае трымацца сваіх адналеткаў). Мне падавалася, што дзяўчыны і хлопцы, якія паказваюць адно аднаму свае вартасці, не хочуць маленькіх сведак, і, калі сястра расцісне пальцы і звядзе з мяне позірк, усе яны кінуцца да мяне, каб зесці. Я пільна сачыла за кожным рухам тых, паміж кім мы праціскаліся, але пазбягала глядзець у вочы: не трэба клікаць бяду.

Назад Дальше