Нічога асаблівага, тое, што і ў Маскве: чэргі, талоны, дэфіцыт.
Што пішаш?
Вершы пакуль, але ёсць задумы і на прозу. Хочаш, раскажу сюжэт, толькі ты не ўздумай красці.
Бог з табою, нашто мне твой сюжэт? Дам табе параду: ніколі не расказвай пра тое, пра што збіраешся пісаць. Выгаварышся і стане табе нецікава.
Можа, і так, пагадзіўся хлопец.
Але ты і жук! Адзіны раз прапусціла заняткі, дык ты тут жа прыйшоў мяне шукаць! І да каго? Да загадчыцы навучальнай часткі!
Прабач, я не ведаў, што ты загуляла. Вельмі хацелася пабачыцца. Можа, я табе паспяваю, каб віну загладзіць?
Паспявай, калі маеш жаданне.
Хлопец узяў у рукі гітару, пашчыпаў струны і сказаў:
Словы і музыка мае.
Выдатна. Ты і нотную грамату ведаеш?
Нашто яна мне? Мелодыю трымаю ў галаве. Наогул кожны верш мае сваю мелодыю і рытм, ці не заўважала?
Ён зацягнуў сіплаватым голасам нешта невыразнае, трэнькаў на струнах аднастайна, хіба мог ён параўнацца з Касьянам, у якога гітара ў руках быццам ажывала і выцінала дзівосныя гукі, а сам музыка так рухаўся па сцэне, нібы спраўляў нейкі таямнічы абрад. Ада ўзіралася ў смуглявы твар госця, чорныя вузкія вочы пад калматым чубам і думала: «Мала ў ягонай знешнасці славянскага, хіба толькі мова. Найхутчэй атрымалі ягоныя продкі генетычную спадчыну ад качэўнікаў-обраў, якія некалі межавалі са славянамі ды збыткавалі з іх. На зіму сяліліся ў семях славян, сілком бралі сабе іх жонак і дзяўчат, а пасля зязджалі, а чарнявыя нашчадкі заставаліся ў славянскім асяроддзі».
Мікола, скуль ты родам? спытала яна.
З Палесся, не без гонару адказаў ён, на Бабруйшчыну мяне накіравалі працаваць ветэрынарам пасля тэхнікума.
Там дзе рэчка Обраўка, вёска Обрава ды горад Кобрын твая радзіма?
Не, я з-пад Століна.
Гэта не істотна. Галоўнае, што душа ў цябе беларуская і спяваеш па-нашаму.
Ведаеш, я хоць і вясковы, у беларускай школе вучыўся, але выветрыліся ўсе веды, пакуль служыў у войску, цяпер наганяю са слоўнікам.
Мікола праспяваў яшчэ колькі песень сваіх і чужых, нарэшце сказаў:
Мне ў цябе падабаецца. Бадай, заначую
Табе няма дзе спаць? здзівілася Ада, а сама падумала: «Вось калі ў ім обр прачнуўся».
Ёсць ложак, але аднаму сумна, хацеў бы з табою
У цябе ёсць жонка для гэтае справы, засмяялася Ада.
Яна дома, а тут не лішне каля добрай жанчыны пагрэцца.
Бачу: у цябе на шыі крыжык матляецца
Я шчыры вернік праваслаўны
Дык чаго ж ты мяне на грэх штурхаеш?
Які там грэх! Бог сказаў: кахайцеся і размнажайцеся!
Мне твая задума не падабаецца, ідзі ты, хлопец, па-добраму туды, скуль прыйшоў
Слухай, чаму няма гармоніі ў свеце? спытаў ён. Чаму я хачу, а ты не?
А таму, што ты шчыры праваслаўны вернік можаш сабе дазволіць награшыць, потым пакаешся і зноў будзеш рабіць тое самае. А я нехрышчоная, мне нельга грашыць, бо няма перад кім каяцца, толькі перад сабою, а гэта значна цяжэй і страшней, чым перад Богам. Павер мне. Уласнымі згрызотамі можна сябе да смерці давесці.
Дык ты мо і ў Хрыста не верыш?
Якая табе розніца, у што я веру?
Хрыстос быў, навукова даказана!
Ці мала што, Мікола, было. Мо і ты яшчэ святым угоднікам станеш. Зрэшты, ні даказаць, ні абвергнуць існаванне Бога немагчыма. Кожнаму чалавеку патрэбен хаця б уяўны абаронца. А з другога боку, калі нейкая вышэйшая сіла існуе, дык выглядае яна далёка не так, як малявалі іх мастакі з барадою ды вусамі Людзі стварылі сваіх багоў падобнымі сабе, а не наадварот. Разумееш?
Калі жанчына пачынае філасофстваваць, мне робіцца сумна, бо як ветэрынар добра ведаю яе сапраўднае прызначэнне. Пайду я лепш да дзяўчат на свой пяты паверх, расчаравана сказаў Патапеня, падхапіў гітару і падаўся з пакоя.
Ада з палёгкаю ўздыхнула і падумала: «Вось яшчэ адзін рыхтуецца ў інжынеры чалавечых душ. Усе мы толькі блудзім ды блукаем на гэтым свеце, не бачым сваёй дарогі, прызначэння, не разумеем уласнага шчасця, не навучаныя. Нешта важнае страчана ў нашым соцыуме: традыцыі, добры прыклад сямі, што павінна жыць у вяках. А яно, тое галоўнае, рушылася і гублялася з пакалення ў пакаленне з моваю, з самабытнаю культураю, з рамёствамі, з фальклорам Навошта я падцягвала і друкавала вершы гэтага Патапені? Нічога людскага, мабыць, з яго не атрымаецца. Хаця хто тут з нас без заганаў? У кожнага свой шлях, свае памылкі і згрызоты. У мяне таксама гэтага дабра хапае. Усе мы збеглі ў Маскву ад нейкіх жыццёвых нягод. Бежанцы ад саміх сябе»
8
Ада ўзяла друкарку на пракат, падрыхтавала тэксты падрадкоўнікаў і прынесла іх на заняткі секцыі паэзіі, якая налічвала дзесяць чалавек. Перад званком вырашыла раздаць вершы аднакурснікам. Армянін Ара і кіргіз Кажагільды грэбліва адвярнуліся.
Мы жаночых вершаў не чытаем, сказаў Ара.
А я вашы з задавальненнем пачытаю, калі дойдзе чарга, ды і разбяру дэталёва, адказала Ада з іранічнай усмешкай. Я гэта ўмею рабіць, бо шмат гадоў кіравала літабяднаннем.
Гэтыя два хлопцы выклікалі ў яе адмоўныя эмоцыі паводзінамі з першах дзён сумеснага навучання. Аднойчы прыземісты Кажагільды падымаўся з Адаю ў ліфце. Кіргіз змераў жанчыну позіркам і сказаў:
Я згубіў ключ ад пакоя, можна ў цябе пераначаваць?
Нельга, у кіргізаў мужчыны на жаночай палавіне не начуюць, зедліва адказала яна.
Я думаў, ты мне паспачуваеш.
Тут, акрамя мяне, жывуць яшчэ трыццаць мужчын, думаю, яны з радасцю дапамогуць, адказала Ада і выйшла з ліфта, абурана думаючы: «Трэба такую лухту прыдумаць, ключ ён згубіў!»
Ара жыў злева ад Адзінага пакоя. Быў ён высокі, з чорнаю кучараваю галавой і арліным носам, насупленымі зламанымі бровамі, з-пад якіх пазіралі халодныя непрыемныя зрэнкі. З яго пакоя часта чуліся крыкі і спевы ледзь не да світання, што не давала магчымасці заснуць. З-за гэтага Ада злавала на яго.
Празвінеў званок у клас увайшлі знакаміты паэт Максім Сераброў і крытык Алег Махонькін, якія вялі паэтычны семінар. Сераброў быў даволі высокі, з хваравіта-шэрым колерам твару, разумнымі вачамі, маўклівы. Пры разборы вершаў устаўляў час ад часу слова, усю асноўную нагрузку браў на сябе дробны, са зморшчаным твара Махонькін, які вельмі ўважліва ставіўся да кожнага твора, не прапускаў ні аднаго ўдалага радка, а калі бачыў лухту, дык без жалю бэсціў яе.
У той дзень разбіралі творы ленінградскага паэта Сяргея Шастова. Нешта не спадабалася Махонькіну ў той падборцы і ён сказаў пра гэта аўтару. Шастоў набычыўся, не прымаючы ніякай крытыкі, стаў даводзіць, што ў Ленінградзе існуе свая паэтычная школа, а ён зяўляецца яе вучнем.
Мёртвыя вучні мёртвых паэтаў, не вытрымаў Сераброў, у якога была ўласная думка пра творчасць некаторых леніградскіх лірыкаў.
Шастоў страшэнна раззлаваўся, бо зняважылі не толькі яго, але і ягоных настаўнікаў, схапіў свае рэчы і падаўся з аўдыторыі. Усталявалася гнятлівая цішыня. Агнія Дымава, па-жаночы адчуваючы віну за ўсіх, сказала:
Што вы, мужчыны, ваюеце? Хопіць у літаратуры месца ўсім: геніям і графаманам. Вось у мяне бяда. З мужам развялася, а без мужчыны жыць не магу. Быццам палавіну мяне адрэзалі, і я хаджу, трымаючы рукамі вантробы, баюся, што яны вось-вось вываляцца. Масква поўная людзей, а роднай душы не знайсці. Скажыце мне, цудоўны паэт Максім Паўлавіч Сераброў, як вырашыць маю праблему? Вы ж разумны чалавек, пішаце геніяльныя вершы, якія не толькі вас, але і ўсіх нас, мададзейшых, перажывуць.
Агнія скардзілася на жаночую долю, ледзь не плакала. Адзе было няёмка слухаць яе, бо сама ніколі не адважылася б раскрыцца гэтак перад чужымі людзьмі, каб вызваліцца ад уласнага болю. Агнія магла. У яе была іншая ментальнасць, якая дазваляла ёй выглядаць слабой і нават бездапаможнай у гэтым мужчынскім асяроддзі, сярод паэтаў былі толькі тры жанчыны.
На гэтай слязлівай і маркотнай ноце скончыўся чарговы паэтычны семінар. Усе разышліся. Ада вярталася дамоў з сібірачка Тоняй Сурковай, ішлі да станцыі метро, разгаварыліся.
Як там у вас у Сібіры?
Прыемнага мала. Часам холадна, часам голадна. Не хочацца туды вяртацца. Сын даслужвае апошні год у войску, таксама турбота трэба яго неяк тут уладкаваць. Што ён адзін без мяне будзе рабіць?
Было ж там нешта добрае. Столькі песень Пахмутава напісала пра той край.
Было. Аднойчы на цеплаходзе ехала па Енісеі, мне далі паруліць! Уражанняў хопіць на ўсё жыццё. Нездарма мужчыны так рвуцца да ўлады.
Я некалі таксама хацела ехаць па камсамольскай пуцёўцы ў Сібір, ды маці не пусціла. У яе быў нейкі свой адмоўны досвед на гэты конт, заўважыла Ада.
Адна наша паэтэса склала такое чатырохрадкоўе:
Ах, ты, сука-романтика,
Краснаярская ГРЭС.
Я приехала с бантиком,
А уехала без.
Такая ў нас рамантыка! Ад яе ажно верне.
Так, Тонечка, вешаюць нам лапшу на вушы ідэолагі, а мы, наіўныя, верым. Мо зойдзем у Елісееўскі? У мяне нічога няма на вячэру.
Пайшлі.