Так, Тонечка, вешаюць нам лапшу на вушы ідэолагі, а мы, наіўныя, верым. Мо зойдзем у Елісееўскі? У мяне нічога няма на вячэру.
Пайшлі.
Жанчыны мінулі помнік Пушкіну і пашыбавалі ў гастраном. Ён стаяў насупраць, зусім побач і вельмі падабаўся Адзе. Размяшчаўся ў шыкоўным будынку з высачэннаю столлю, аздоблены ляпнінаю з пазалотаю. У прасторнай зале заўсёды мелася ў няўнасці і ў дастатку харчовых тавараў, у той час як у другарадных гастраномах найчасцей свяціліся пустыя халадзільнікі. Увайшлі ў сярэдзіну памяшкання, агледзеліся. Па каўбасу стаялі тры чаргі.
Давай станем у розныя чэргі, мо якая хутчэй будзе рухацца, прапанавала Ада.
Нешта не хочацца ў чарзе марнавацца, мо якой рыбы купіць?
Дык і па рыбу таксама чарга
Жанчыны разышліся, сталі ў розныя чэргі. Ада назіраючы за знерваванымі ці пакорна маўклівымі людзьмі міжвольна пачала складаць верш:
Людзі ў чэргах Маўклівасць і крык.
Па надзённае і да святыняў.
І сябе ад тугі не акрыць
У агорклай жыццёвай пустыні.
Сем дзясяткаў гадоў адстаіш,
Хоць была гэта жытка няміла,
Атрымаеш ці зорку, ці крыж
На грудзях, а хутчэй на магіле
Хуценька дастала натанік і запісала яго, нават не згледзелася, як хутка дайшла яе чарга. Паэзія паскарае час. Клікнула Тоню. Яны купілі сыравяленай каўбасы, каб магла паляжаць без лядоўні колькі дзён, узялі хлеба і малака ды накіраваліся ў інтэрнат, разважаючы пра тое, што пара дэфіцыту занадта зацягнулася, ажно на ўвесь савецкі перыяд. Ёсць надзея, што аднойчы ўсё гэта скончыцца, бо жыццё рухаецца па прынцыпу вады хвалямі.
Тоня, а дзе твой муж? спытала Ада.
Чорт яго ведае, мо ў Ізраіль зехаў. Ён быў яўрэй. Усё, што я запомніла з сумеснага жыцця, гэта старых баб, якія ўвесь час нешта жавалі і чаўкалі ўстаўнымі сківіцамі. Як згадаю, дык і зараз на ваніты цягне. А як тваё сямейнае жыццё склалася?
Звычайна, толькі дзяцей яшчэ не завяла, такая вось бясплодная смакоўніца.
Ты яшчэ маладая, у цябе ўсё наперадзе. Колькі табе?
Трыццаць.
А мне ўжо за сорак. Іншы раз адчуваю сябе старою, старою
Што ты, Тонечка, ты вельмі добра выглядаеш
Стараюся
За размовамі яны непрыкметна даехалі да інтэрната, дзе іх сустрэла вахцёрка-армянка сярэдняга веку, захутаная ў шэрую пуховую хустку.
Замерзлі, Марыета Арамаўна? спытала Тоня.
Так, цяжка пераношу пахаладанні.
Тут столькі хлопцаў бегае, можна пагрэцца.
Вой, дзяўчаты, я ўжо і майткі лянуюся зняць, а вы кажаце Для мяне ўсё лепшае мінула. Даседжу тут адзін год да пенсіі ды і падамся ў вырай на поўдзень.
Ада зірнула на палічку, дзе паштальёнка пакідала лісты для насельнікаў інтэрната. Ад Касьяна па-ранейшаму нічога не было. Яна з сумам падумала: «Крыніца Лятаўчыкавага кахання перасохла, а мо і не было зусім нічога, толькі гульня, пісаў жа ён у лісце, што душа ягоная заснула, а мо і не прачыналася».
Пакуль Ада з Тоняю чакалі ліфт, да іх падышоў святар, разам моўчкі падняліся на сёмы паверх.
Тоня, што гэта ў нас наспявае? здзіўлена спытала Ада.
А ты хіба не ведаеш? Хлопцы дапіліся да белай гарачкі. Грыша Вепраў расказваў, што да яго ў пакой прыходзіць вялізны чорны сабака, галавой ажно да столі дастае, і сядзіць усю ноч. А ён баіцца паварушыцца, каб звер яго не загрыз. Агнія запрасіла святара, каб асвяціў наш паверх, ачысціў ад усяго благога.
Ну, няхай сабе, абы памагло, бо Ара ў мяне за сцяною таксама ноччу оргіі ўчыняе, заснуць немагчыма. Можна ж ціха піць, навошта гарлапаніць Бывай, да заўтра, Ада развіталася з Тоняю і накіравалася ў свой пакой.
Яна і сама заўважала, што хлопцы адурэлі ад волі побач ні сямі, ні родных, толькі вялізны горад са спакусамі. Напіваліся так моцна, што іншы раз покатам ляжалі на калідоры. Некаторыя, мусіць, мелі ўжо вялікі стаж пянства, таму справа дайшла да белай гарачкі. Грышу Веправа было асабліва шкада, вельмі прыгожы і таленавіты хлопец, але аказаўся слабы духам.
У пакоі было холадна. Ацяплення яшчэ не ўключалі. Аду, як і вахцёрку-армянку, таксама даймалі раннія маскоўскія халады, яна падумала, што трэба купіць нейкі абагравальнік ці хоць гумавую грэлку, каб класці ў пасцель пад ногі, і занялася прыгатаваннем вячэры. Вырашыла насмажыць трохі бульбы, калі-нікалі можна парушыць правілы харчавання, каб пазбыцца аднастайнасці. Гэтым яна і занялася. Калі бульба была гатовая, узяла патэльню і панесла ў пакой. Як толькі вытыркнулася ў калідор, убачыла, што на яе рухаецца працэсія на чале са святаром, які апускае вялізны венік у памыйнае вядро і пырскае калідор, за ім цягнуліся гурмою насельнікі сёмага паверха. Ада спынілася, каб не пераходзіць дарогу хрэснаму ходу. Мінаючы яе, святар шчодра пырснуў з веніка на смажаную бульбу. Ада зразумела, што есці бульбу, асвечаную з памыйнага вядра, не будзе, вярнулася і выкінула жаданую вячэру ў смеццеправод. «Не заслужыла я, мабыць, гэтую ежу», падумала Ада і вярнулася ў пакой. Папіла гарбаты пад ціхі гоман радыёпрыёмніка, прыслухалася і са здзіўленнем пачула, што інтэрвю бралі ў прафесара, кандыдата мастацвазнаўства, пісьменніцы Молевай Ніны Міхайлаўны, той самай, у якую падчас вучобы быў закаханы Уладзімір Караткевіч. Слынны навуковец апавядала пра расійскіх мастакоў-авангардыстаў, абяднаных вакол студыі «Новая рэальнасць». Ада ўважліва ўслухоўвалася ў голас жанчыны і думала: «У рамане Караткевіча жанчына, якую пакутна кахае беларускі пісьменнік, памерла ад аперацыі на сэрцы. Закаханы герой павёз сваю каханую-нябожчыцу, каб пахаваць у Беларусі. Не мог пакінуць яе ў Маскве, хоць мёртвую забраў з сабою. Такая сумная гісторыя. Праўда мастацкага твора не супадала з фактамі жыцця. Прататып персанажа Молева жыве, працуе і нават перажыла аўтара. Мабыць, грэх пісаць пра жывога чалавека, што ён памёр, за гэта аўтара можа чакаць кара і ранні зыход. Нельга праз літаратурны твор помсціць сваім непрыяцелям, жадаць ім зла, праклінаць. Сусветны закон справядлівасці бязлітасны да пісьменнікаў, таму што ім дадзена ўплываць на чалавечыя душы».
9
Група на чале з Наінай Андрыянаўнай раніцай выехала ў Ясную Паляну. Эма адмовілася ад экскурсіі, сказала, што шмат разоў была там з мужам. Ада сядзела адна ля акна і азірала наваколле, якое мільгала за вокнамі. У аўтобусе было шумна, асабліва ззаду, дзе рэй вёў Гоша Строма. Хлопцы гулялі ў карты, часта спрачаліся, нешта выкрыквалі незразумелае, казалі, што карыстаюцца «блатной феняй».
Краявіды былі вельмі падобныя на беларускія: лясы, палі, часам маляўнічыя ўзгоркі, як пад Мінскам. Здзіўляла толькі тое, што ў такую гарачую пару, у верасні, не было відно на палях ні тэхнікі, ні людзей. Няўжо тут не садзяць бульбу? Самая пара яе капаць. На Беларусі гэтаю справаю займаюцца ледзь не да замаразкаў, а буракі дык наогул са снегам выграбаюць. Пад азіміну пара араць. А тут ніхто нават не варушыцца. У нейкім невялічкім гарадку спыніліся ля кафэ паабедаць. Там Ада ўпершыню ў жыцці пакаштавала медавуху, напой ёй вельмі спадабаўся. Закусіла славутым тульскім пернікам, таксама вельмі смачным.
Аўтобус рушыў далей. Зноў мільгалі палі, лясы ў восеньскай красе, селішчы, і раптам нехта крыкнуў:
Ясная Паляна!
Ада і сама ўжо ўбачыла шыльду на ўзбочыне і ўзрадавалася, што нарэшце яны прыехалі, куды імкнула яе душа. За вокнамі замільгалі вясковыя хаты, мусіць, тут жылі нашчадкі тых прыгонных сялян, якія належалі графу Льву Мікалаевічу Талстому. Аўтобус спыніўся на шырокай пляцоўцы, разлічанай на вялікі паток турыстаў. Але на гэты раз тут нікога не было. Мабыць, перабудова адбіла ў людзей ахвоту да падарожжаў.
Хлопцы і дзяўчаты высыпалі з аўтобуса, мінулі браму з дзвюх белых вежаў, накрытых зялёнаю бляхай, пайшлі па бярозавай алеі міма вялікага саду, дзе людзі абіралі жаўтаватыя сакавітыя антонаўкі і складвалі ў драўляныя скрынкі. З-за дрэваў ужо быў бачны зялёны дах белага будынка, таго самага, у якім некалі жыў Талстой з вялікай сямёй і служкамі. Ада набліжалася да дома пісьменніка, і хваляванне ўсё больш ахоплівала яе. Яна міжвольна спытала сама ў сябе: «А калі б знакаміты пісьменнік жыў не тут, а ў іншай мясцовасці, якія былі б ягоныя кнігі? Ці ўплывае месца жыхарства на творчасць? Безумоўна ўплывае. Таму што самая нязначная зява можа стаць фактам паэзіі ці празаічнай замалёўкі. Але трэба, каб тая ці іншая падзея закранула душу, неяк адбілася ў свядомасці, сфарміравалася ў пачуццё і выявілася думкаю, якую можна было б запісаць на паперы».
Пакуль Наіна Андрыянаўна хадзіла ў адміністрацыю і дамаўлялася, каб курсантам дазволілі прайсціся па пакоях, яе выхаванцы некалькі разоў абышлі вакол двухпавярховага будынка, прыглядаючыся да дэталяў даху, падваконняў, аздобы сцен, адкрытай веранды з ажурнаю агароджаю і вельмі простага ганку. У сярэдзіне жытло графа Талстога таксама выглядала даволі бедна. Простыя посцілкі на ложках, звычайныя шторы, старая і сцёртая падлога, белы настольнік на абедзенным стале. Ада разумела, што гэтыя сціплыя рэчы тым і каштоўныя, што да іх дакраналіся рукі вялікага пісьменніка. Столькі часу і падзей прайшло: рэвалюцыя, дзве вайны, нават Чарнобыль не мінуў гэтыя мясціны, а жытло працягвае існаваць, дазваляючы наведвальнікам з дапамогаю ўяўлення пранікнуць у мінулае, аддзеленае мноствам гадоў ад цяперашняга часу.
Экскурсавод вельмі будзённа правяла кароткую экскурсію, спынілася на асобных датах і падзеях з жыцця вялікага пісьменніка, пра якія прысутныя добра ведалі і самі са школьных ды ўніверсітэцкіх праграм. Нараджэнне, страта маці, вучоба ва ўніверсітэце, служба ў войску на Каўказе, удзел у Крымскай вайне, вандроўка па Еўропе пасля адстаўкі, жаніцьба, педагагічная дзейнасць, творчасць. Вось так, жыццё вялікага чалавека можна змясціць у некалькі энцыклапедычных радкоў, толькі ніхто не ведае, што ён адчуваў, як успрымаў жыццё, як рэагаваў на тыя ці іншыя падзеі. Пра гэта можна меркаваць толькі па творах і артыкулах. А рэакцыя ў Талстога на падзеі ў Расіі была заўсёды бурная, на жаль, адна асоба не можа павярнуць кола гісторыі ў пэўны бок без дапамогі войска, без хіжасці і хітрасці. На такія заганныя метады Талстой не быў здатны, ён заставаўся пісьменнікам, які назіраў і вывучаў жыццё, рабіў высновы з надзеяю, што яны спатрэбяцца грамадству. У канцы аповеду экскурсавод дазволіла задаць пытанні.
Скажыце, калі ласка, чаму Леў Мікалаевіч, пражыўшы жыццё з Софяй Андрэеўнай, раптам ва ўсім расчараваўся і пайшоў з дамоўкі, спытала Ада.
Думаю, крызіс сталага ўзросту. Здарылася так, што пад канец жыцця ён разышоўся ў поглядах з жонкаю. Жылі яны побач, але паасобку. Гэта, мусіць, вельмі прыгнятала Льва Мікалаевіча. Не магу сказаць, што перажываў Талстой у той час, пра гэта лепш было б спытаць у яго. Зараз мы пойдзем на магілу, можа, там зразумееце нешта з таго, што пакуль застаецца для нас таямніцай.