Закон захавання кахання - Зінаіда І. Дудзюк 2 стр.


 А ў мяне дзяцей пакуль няма,  адказала Ада.  Муж застаўся дома. Так што мяне таксама ніхто не будзе адрываць ад заняткаў.

 Вось і выдатна, будзем лічыць што я займела дзвюх прыкладных курсантак.

 Скажыце, калі ласка, як тут вучыўся наш славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч?  спытала Ада.

 Выдатна вучыўся. Вельмі здольны быў.

 Ці чыталі вы ягоны раман «Нельга забыць» пра той час? Ён быў у некага закаханы?

 У выкладчыцу Ніну Молеву Ведаю, што ёсць такі твор, але не чытала. Па-беларуску не разумею

 Ды ў нас усё проста, як гаворыцца, так пішацца і чытаецца. Там ён вас назваў Галінаю Іванаўнай

У дзверы зазірнулі. Наіна Андрыянаўна ўзрадавана сказала:

 Заходзьце! Хто там такі нясмелы?

У пакой увалілася гурма хлопцаў, сярод іх быў і Гоша, якога Ада сустрэла ў інтэрнаце. Загадчыца пачала з імі знаёміцца. Ада з Эмай выйшлі з пакоя, наблізіліся да дошкі з раскладам, пачалі чытаць дысцыпліны, якія належала вывучаць. Чаго там толькі ні было: руская літаратара, гісторыя Расіі, філасофія, эстэтыка, тэорыя літаратуры, гісторыя эканамічных вучэнняў, тэатральнае і выяўленчае мастацтва, замежная літаратура, мова мастацкіх твораў, спецкурсы па творчасці рускіх пісьменнікаў XIX ХХ стагоддзяў

 Вы з якога горада?  спытала Эма.

 З Бабруйска. Невялікі гарадок, недалёка ад Мінска, мо чулі?

 Чула, там, здаецца, шыны робяць. І чым вы там займаліся?

 Працавала ў раённай газеце.

 Дык мы калегі. Я таксама з газетчыкаў. Раней мы жылі ў Свярдлоўску, а потым пераехалі ў Маскву. Мой муж тэлежурналіст.

Яна назвала прозвішча, знаёмае Адзе па маскоўскай праграме «Журналісцкае расследаванне».

 Бачыла вашага мужа па тэлебачанні, постаць прыкметная. Цікавы чалавек

 Так. Але праца яго вельмі небяспечная. Яны ж займаюцца расследаваннем наркатрафіка, а гэта тоіць у сабе пэўную пагрозу.

 Вас гэта, напэўна, трывожыць,  паспачувала Ада.

 Вядома, перажываю, але заўсёды спадзяюся на лепшае

Наіна Андрыянаўна выйшла з хлопцамі з кабінета, расчыніла дзверы ў аўдыторыю і сказала:

 Тут будзеце слухаць лекцыі.

Курсанты увайшлі ў пакой, патапталіся ля дошкі, Гоша нават сеў за стол і спытаў:

 Колькі жанчын будзе на курсе?

 Дзесяць, а мужчын трыццаць,  шматзначна адказала Наіна Андрыянаўна.  Вось першыя ластаўкі: Эма і Ада, абедзьве замужнія.

Хлопцы расчаравана азваліся незразумелымі воклічамі, як быццам яны прыехалі сюды жаніцца. Загадчыца засмяялася і суцешыла іх:

 Дзяўчат поўная Масква! Усе вашы! Дарэчы, заўтра першая нядзеля верасня, у якую масквічы адзначаюць Дзень горада. Можна сказаць, што вы трапілі з карабля на баль. Праграма свята вельмі цікавая і разнастайная. Афішы вісяць на тумбах. Безумоўна, скрозь не паспееце, таму раю засяродзіцца на тым, каму што болей падабаецца. Праезд у метро бясплатны. Жадаю цікава адпачыць. А ў панядзелак прашу на заняткі. Расклад у калідоры

2

На другі дзень раніцай Ада сутыкнулася з Гошам на кухні. Ён прывітаўся і спытаў, чым яна збіраецца сёння займацца.

 Мусіць, паеду глядзець Маскву. Зусім яе не ведаю. Толькі аднойчы была на экскурсіі. Нас правезлі на аўтобусе па горадзе, паказалі Траццякоўскую галерэю, павадзілі па Крамлі міма вялізнай пушкі і звона, завялі ў маўзалей, на гэтым усё скончылася.

 Калі дазволіце, стану вашым гідам, з намі яшчэ Сеня Хмурноў паедзе. Ён наогул у Маскве ўпершыню. Хлопец з Чувашыі. Я ў яго пытаў, мо там у вас усе зачувашаныя?  засмяяўся Гоша.  Ён кажа, што сапраўдных чувашоў толькі ў вёсцы можна знайсці, раствараюцца дробныя народы ў рускай культуры, як у сернай кіслаце. Савецкі Саюз своеасаблівая імперыя, турма народаў. Але яна ўжо хістаецца, вось-вось абваліцца. Адчуваеце?

 Украіна яшчэ трымаецца мовы, традыцый, а ў нас  Ада безнадзейна махнула рукой.  Мы хутка дарэшты растворымся

 Усё будзе добра. У паветры пахне пераменамі. Я гэта адчуваю, асабліва ў Кіеве.

 Дай Бог

 Дык як вы? Далучаецеся?

 Паедзем,  пагадзілася Ада.  Дайце мне хвілін дзесяць на зборы.

 Выдатна,  Гоша зірнуў на гадзіннік.  У дзесяць сустракаемся, я вам пастукаю ў дзверы.

Ада пераапранулася з халата ў цёмную трыкатажную сукенку, накінула лёгкую куртку з зеленаватай плашчоўкі. У Маскве стаяў ясны і цёплы пачатак верасня, але на ўсялякі выпадак трэба было перастрахавацца, раптам надворе зменіцца. Прычасалася, пакруцілася перад люстэркам, якое вісела на сцяне. Потым прыдзірліва агледзела пакой, ці ўсё на месцы. Учора яна вымыла падлогу, дзіву далася: пад ложкам сабраўся таўшчэзны слой пылу. Ніколі такога не бачыла! Мусіць, тут шмат гадоў жылі мужчыны, якія ніколі не прыбіралі ў пакоі. Ада працерла вокны, павесіла новыя шторы, на стол паставіла талерку з яблыкамі, як звычайна рабіла дома. Яе маці жыла на ўскраіне горада, за вузенькай і зарослай аерам рэчкай Бабруйкай, у прыватным доме, мела стары сад, які раз у чатыры гады так буйна пладаносіў, што не ведалі куды падзець тую садавіну. Новае жытло Ады пахла бабруйскімі яблыкамі і мела даволі прыемны і ўтульны выгляд. У дзверы пастукалі. Ада адчыніла, убачыла Гошу, а з ім маладога мужчыну, невысокага, з чорнымі вачамі і прыемным тварам.

 Знаёмцеся, гэта Сеня Хмурноў, сказаў Гоша.

 Вельмі прыемна. Нядобра знаёміцца праз парог. Зайдзіце на хвілінку ў пакой.

 Ну, паглядзім, як вы тут уладкаваліся,  Гоша смела пераступіў парог доўгімі нагамі. Выдатна! Так могуць прыхарошыць звычайны інтэрнацкі пакой толькі жанчыны.

 А вы хлопцы хто, паэты ці празаікі?  спытала гаспадыня.

 Па нас не відно?  іранічна спытаў кіеўлянін.

 Гоша падобны на паэта, узнёслы, парывісты, а наконт Сені не ведаю  адказала Ада.

 Так, я пішу вершы,  сказаў Гоша,  але на курсах мы абодва лічымся перакладчыкамі. Будзем нешта ці некага перакладаць з боку на бок.

 Жадаю поспеху,  засмяялася Ада, пачаставала хлопцаў яблыкамі, і разам яны рушылі аглядаць горад.

Прайшліся па праспекце Руставелі да прыпынка метро, спусціліся пад зямлю і паімчалі з грукатам па цёмным тунэлі, куды задумаў Гоша. Па ўсім было відаць, што ён меў пэўны план. Як толькі вынырнулі з падземнага перахода, апынуліся перад піўным кіёскам. Сеня вінавата зірнуў на Гошу і прапанаваў:

 Мо зробім па піву?

 Безумоўна,  падтрымаў ідэю Гоша.  Ада, як вы?

 Дзякую, піва не люблю. Ад піва ходзяць крыва

 Мо якой газіроўкі ці соку?  спытаў Гоша.

 Ні ў якім разе. Для мяне гэта дрэнная прыкмета. Як пачну з ранку салодкую ваду піць, дык да вечара гэта не скончыцца,  засмяялася Ада.

Хлопцы купілі па бляшанцы піва, стаялі і з задавальненнем пацягвалі яго.

 Куды гэта мы прыехалі?  спытала жанчына.

 Пойдзем, я пакажу вам тое месца, дзе стаяў храм Хрыста Выратавальніка, потым яго ўзарвалі і зрабілі адкрыты басейн.

Яны падняліся на ўзгорак і ўбачылі вялізнае пустое бетоннае карыта, якое нагадвала падмурак пад будучы пампезны будынак. Каб Гоша не сказаў, што гэта басейн, сама Ада ніколі не здагадалася б, для чаго гэтае збудаванне прызначалася.

 А чаму ён пусты?  спытала жанчына.

 Нікому непатрэбны. Мы не ў лепшы час прыехалі ў Маскву. Бязладдзе вакол. Брудныя вокны, вуліцы, людзі з мяшкамі Зрэшты, самі бачыце Пагаворваюць, быццам збіраюцца храм аднаўляць.

 Калі ходзяць чуткі, ды так яно і будзе,  выказала меркаванне Ада.

 А ці трэба?  засумняваўся Сеня.

 Храм аднавіць не цяжка, а мільёны людзей, знішчаных у гулагах, не ўваскрасіць,  сказаў Гоша.

Яны пастаялі яшчэ трохі, паўзіраліся ў шэры бетон і зноў рушылі да метро. Наступным пунктам экскурсіі аказалася Лубянка. Гоша падвёў спадарожнікаў да пустога пастамента і сказаў:

 Тут стаяў помнік Дзяржынскаму. Ідалы адлятаюць у вырай.

 Дзе іх вырай?  насмешліва спытала Ада і сама адказала: Дзе ходзіць прывід камунізму.

 Кожны народ здатны сам сабе ствараць ідалаў. Савецкія, думаю, пойдуць на пераплаўку,  выказаў меркаванне Гоша.  З іх зробяць новых, не менш экзатычных балванаў. Вось яна, знакамітая Лубянка, дзе перамолвалі лепшых людзей Расіі, Украіны, Беларусі, Чувашыі

Яны глядзелі на доўгі будынак, дзе праём кожнага акна абрысамі нагадваў жаўнера, які гатовы быў бараніць існуючую ўладу і караць усіх, хто не адпавядаў пэўным патрабаванням палітычнай сістэмы. Гэты механізм семдзесят гадоў дзейнічаў зладжана, але раптам нейкая дэталь у ім зламалася, і ён пачаў рабіць збоі, што і вылілася ў падзеі лета 1991 года, калі ўзнікла пагроза дзяржаўнага перавароту і часова ўладу захапіў так званы Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы. Пра абарону Белага дома ў Маскве было вядома з трансляцый па тэлебачанні, але потым усё супакоілася, і Ада без трывогі выехала ў сталіцу СССР, тым больш што яе наогул не цікавіла палітыка.

 Цяпер паедзем на Старую плошчу,  сказаў Гоша і рушыў да станцыі метро.

Ада з маўклівым Сенем паспяшалі ўслед за ім. Зноў з грукатам пранесліся некалькі станцый метро, падняліся наверх і апынуліся перад высокім шматпавярховым будынкам з вялікімі вокнамі.

 Тут засядаў Цэнтральны камітэт кампартыі СССР! А цяпер яго няма! Камуністы таўкуцца з плакатамі на Чырвонай плошчы, ніяк не могуць паверыць, што іхняя ўлада скончылася,  сказаў самазваны гід.

Ад будынка, да якога прывёў Гоша, веяла тым прыгнечаным і цяжкім пачуццём, якое звычайна людзі адчуваюць на могілках. Хаця, зрэшты, так яно і павінна быць. Арганізацыя, не здатная стварыць прыстойныя ўмовы існавання для людзей, заўсёды патыхае мярцвячынай.

 Раскажу анекдот, праўда, стараваты.  сказала Ада.  Славу Метравелі ведаю, Славу Старшынава ведаю, а Славу КПСС не ведаю.

Назад Дальше