Цяпер паедзем на Старую плошчу, сказаў Гоша і рушыў да станцыі метро.
Ада з маўклівым Сенем паспяшалі ўслед за ім. Зноў з грукатам пранесліся некалькі станцый метро, падняліся наверх і апынуліся перад высокім шматпавярховым будынкам з вялікімі вокнамі.
Тут засядаў Цэнтральны камітэт кампартыі СССР! А цяпер яго няма! Камуністы таўкуцца з плакатамі на Чырвонай плошчы, ніяк не могуць паверыць, што іхняя ўлада скончылася, сказаў самазваны гід.
Ад будынка, да якога прывёў Гоша, веяла тым прыгнечаным і цяжкім пачуццём, якое звычайна людзі адчуваюць на могілках. Хаця, зрэшты, так яно і павінна быць. Арганізацыя, не здатная стварыць прыстойныя ўмовы існавання для людзей, заўсёды патыхае мярцвячынай.
Раскажу анекдот, праўда, стараваты. сказала Ада. Славу Метравелі ведаю, Славу Старшынава ведаю, а Славу КПСС не ведаю.
Гэта, мусіць, бабруйскія габрэі такі прыдумалі? спытаў Гоша.
Цяпер у Бабруйску габрэя днём з агнём не знойдзеш. Ці яны дурні сядзець у правінцыі?
Масква святкавала Дзень горада, спяшала ў будучыню, а Гоша, Сеня і Ада таўкліся на яе мінулым, якое прыгнятала настрой. Гід нарэшце адчуў гэта сам і сказаў:
Нешта мы ходзім, як пахавальная каманда.
Я таксама падумаў, каб дзе піва папіць, азваўся Сеня, які да гэтага ўвесь час маўчаў.
Паедзем да маіх знаёмых у наша прадстаўніцтва. Я пазнаёмлю вас з сапраўднымі хахламі, хоць сам я напалову рускі, але Украіна мая радзіма, якую я вельмі люблю, сказаў Гоша і рынуўся ўперад, Ада з Сенем ледзь паспявалі за ім.
«Усе мы нешта і некага яўна ці ўпотай любім, але далёка не ў кожнага хапае смеласці адкрыта пра гэта сказаць, прынамсі, я мо толькі ў вершах даю сабе волю, падумала Ада. А ці трэба раскрывацца, выказвацца, разнасцежваць душу, калі твае прызнанні і лепшыя пачуцці пасля могуць абярнуцца супраць цябе, калі ператворацца ў брыдкія плёткі? Са мною было гэта ўжо не раз. Хоць бы ўзяць лепшую сяброўку Ларысу, якая пісала вершы, хадзіла на пасяджэнні літабяднання, адначасова распаўсюджвала розныя небыліцы пра мяне ад зайздрасці, бо яе творы адмаўляліся друкаваць у мінскіх выданнях. Ёй здавалася, што я знарок не дацягваю яе вершы да пэўнага ўзроўню. Якія могуць быць вершы, калі твая душа заплыла брудам, калі ты робіш паскудства іншым? Зрэшты, такіх асоб мо і не варта цягнуць за вушы ў літаратуру, дзе ім няма чаго рабіць? Вершы пішуцца найперш не для друку, а для таго каб вызваліць душу ад пачуццяў, што просяць выйсця, ліюцца рыфмаванымі радкамі, струменяць крынічкаю. Нельга іх стрымліваць. Здаецца, калі не дасі ім волю, то захлынешся і загінеш. А друкаванне справа другарадная. Можна выбраць нешта і надрукаваць, калі твор мае мастацкую каштоўнасць. Для мяне напісанне вершаў гэта лад жыцця»
Разважаючы, Ада нават трохі адстала ад хлопцаў, але Гоша своечасова спыніўся і пачакаў яе, каб не згубіць у вірлівым натоўпе. Нарэшце яны прыйшлі ў нейкае памяшканне, дзе было чалавек сем, маладых мужчын, якія весела і хутка перамаўляліся паміж сабою па-ўкраінску, потым аднекуль узнікла пляшка гарэлкі. Разлілі ў маленькія кілішкі, выпілі за Украіну, стоячы і не закусваючы. Ада таксама мусіла прыгубіць пітво, каб не абразіць нацыянальныя пачуцці прысутных. Міжвольна падумала: «Ці хто пе калі за Беларусь? Мала ў нас выхоўваюць патрыятызм не напускны, а сапраўдны, каб глыбокія карэнні пускаў у душу. Беларусаў ці сілком высялялі, ці заклікалі-заваблівалі ехаць у Сібір, на цаліну у Казахстан, у Карэлію на лесанарыхтоўкі, за свет, каб толькі яны не трымаліся за свае балоты ды лясы. Для чаго? А мусіць, для таго, каб развучыліся шанаваць і любіць роднае, каб размываліся як народ, як нацыя ў чужародным асяроддзі».
Увогуле Ада трымалася сціпла, хавалася за спінамі Гошы і Сені, у размовы не кідалася, каб лішні раз не звяртаць на сябе ўвагу. Ёй было няўтульна ў гэтым мужчынскім гурце, і яна міжвольна падумала, што можа і самастойна аглядаць Маскву, не абавязкова ўвязвацца ў нечыю кампанію.
Нарэшце Гоша развітаўся са сваімі землякамі і прапанаваў яшчэ наведаць знакаміты Арбат. Ада і Сеня пагадзіліся. Метро зноў за лічаныя хвіліны даімчала іх да мэты, што ні кажы, вельмі зручны транспарт. На Арбаце гэтым святочным днём было шматлюдна, як на кірмашы. Гандляры прадавалі карціны і матрунак, размаляваных пад Сталіна, Брэжнева, Гарбачова і Ельцына. Мастакі пісалі эцюды на мальбертах. Музыкі ігралі на гітарах, саксафонах, скрыпках. Нейкі хлопец у вышыванцы нешта далікатна выцінаў на дудачцы. У расчыненыя футаралы зрэдзь-калі сыпаліся манеты. Людзі сядзелі за столікамі, пілі ды елі. Усё тут было дарэчы, усім хапала месца.
Сеня зноў захацеў піва, Гоша падтрымаў яго, Ада згадзілася папіць кавы. З кубачкам яна падышла да гітарыста, які віртуозна выконваў нейкую класічную рэч, і падумала, што Касьян тут таксама мог бы знайсці магчымасць для выяўлення ўласных музычных здольнасцей. Але ён, мабыць, так і не сабраўся напісаць заяву на курсы, прынамсі, нічога пэўнага не адказаў на яе прапанову паехаць разам на вучобу. А раптам усё ж прыедзе!
Дамоў вярталіся пад вечар. Убачылі ў небе вялізныя рознакаляровыя паветраныя шары, якія з-за ціхага надворя доўга віселі без руху на адным месцы. Паназіралі трохі за імі, пасля толькі спусціліся ў падземны пераход. Там было тлумна і шумна. Ішлі галерэяй да метро. Гоша з Сенем пачалі пераморгвацца, аглядаючы дзяўчат, якія стаялі ўдоўж сцен. Ада не адразу зразумела, што яны маюць на ўвазе, мо проста ацэньваюць масквічак з мужчынскага пункта гледжання. Хлопцы ёсць хлопцы, яны не могуць абыякава праходзіць міма хараства ў спадніцах. Аднак Гоша патлумачыў:
Путаны выйшлі на паляванне
Калі ёсць попыт, дык будзе і прапанова, адказала Ада. Патрыярхальны свет нарадзіў шмат заганных зяў у грамадстве. Я нікога не хачу пакрыўдзіць.
Згодны, пацвердзіў Гоша. У нашым свеце шмат недасканалага, але нам гэтага не паправіць.
А мяне ўсё задавальняе, прамовіў Сеня. Я гатовы любіць путан і сваю жонку, Маскву і сталіцу маёй Чувашыі, Чэбаксары, і ўвесь свет наогул!
Каб дазваляла каліта! засмяяўся Гоша.
Гэта ты трапна прыкмеціў.
Ада і не заўважыла, як хутка праляцеў дзень, толькі зараз успомніла, што яны не абедалі, а пара ўжо і павячэраць. Таму запрасіла хлопцаў:
Прыходзьце да мяне праз гадзінку, я бульбу звару.
Яны ўзрадаваліся і паабяцалі зявіцца абавязкова. У бедным абшарпаным літінстытутаўскім інтэрнаце не было лядоўні. Таму харчы, якія хутка псуюцца, тут купляліся ў такой колькасці, каб іх адразу можна было зесці. Калі што і заставалася нязедзенае, дык ставілася ў халодную пару года паміж двайнымі рамамі акна ці вешалася за фортку.
Ада наабірала бульбы, пакінула на малым агні варыцца, а сама пайшла ў гастраном, які быў побач, цераз дарогу, купіла сасісак, памідораў, смятаны і булачак. Вячэра атрымалася не надта багатая, але па-студэнцку добрая. Хлопцы ахвотна паелі бульбы з салатаю і сасіскамі, папілі чаю з булачкамі і варэннем і, мусіць, не пашкадавалі, што на цэлы дзень прынялі ў сваю кампанію жанчыну.
Пасля таго, як госці пайшлі, Адзе засталося памыць посуд і хутчэй легчы спаць, бо хоць і ездзіла цэлы дзень, але нахадзілася так, што ногі ажно гулі. Яна колькі разоў павярнулася з боку на бок, выбіраючы найбольш зручную позу для сну, згадала Касьяна, мусіць, успаміны пра яго ніколі не пакінуць яе, як бы яна не адгаворвала сябе забыць мінулае. Аднак усё ж заснула, стомленая доўгаю вандроўкаю па Маскве, у шчаслівым прадчуванні першага дня заняткаў.
3
Ада ехала ў метро на лекцыі і яшчэ мела ў душы слабую надзею: а раптам і Касьян прыехаў на вучобу гэта было б вялікім шчасцем. Яму таксама карысна пажыць у Маскве, паспяваць на Арбаце, займець мноства новых знаёмых, мо нават і вельмі карысных.
У аўдыторыі сабрала ўся група. Людзі былі прыкладна ва ўзросце да сарака гадоў, толькі некалькі мужчын мелі сіваватыя галовы і было відно, што ім, мусіць, пераваліла за пяцьдзясят. Касьяна не было. Курсанты няспешна рассаджваліся, выбіралі сабе месцы і напарнікаў. Ада з Эмай занялі першы стол у радзе каля дзвярэй, адразу за імі селі верныя рыцары Гоша з Сенем. Празвінеў званок. Праз некалькі хвілін увайшла Наіна Андрыянаўна, павіншавала прысутных з пачаткам навучальнага года, праверыла наяўнасць курсантаў па спісе і засталася задаволеная, бо ўсе аказаліся на месцы. Выявілася, што ў групе будуць вучыцца людзі з далёкага замежжа: францужанка Наталі, югаслаўка Мірыям і афганец Латыф. Іхнія прозвішчы Ада не запомніла, а імёны адразу ўрэзаліся ў памяць. Было даволі курсантаў з саюзных рэспублік: Казахстана, Арменіі, Азербайджана, Кіргізіі, Карэліі і яшчэ Бог ведае скуль.
Наіна Андрыянаўна ўрачыста абвясціла, што сёння заняткаў не будзе, а курсантаў правязуць на аўтобусе і пакажуць Маскву, каб палюбілі яе, як родны горад, які з радасцю прымае ўсіх годных людзей, здатных ствараць і працаваць на яе гонар і славу. Аўтобус чакае ля варот, можна ісці і займаць месцы.
Шумлівай гурмой, чыста дзеці, хлопцы і дзяўчаты расселіся ў аўтобусе. Іх павезлі па вуліцах даволі хутка, так што разгледзець нешта магчымасці не было. Мільгалі будынкі, вежы і сцены Крамля. Наіна Андрыянаўна весці экскурсію не ўзялася, яе новыя выхаванцы пазіралі за вокны і нічога адметнага не бачылі. Масква як Масква. Раптам ззаду пачуўся ўзрушаны голас Гошы: