Ада працавала, вучылася, прыглядалася да супрацоўнікаў і аднакурснікаў, але таго, якога прысніла, нідзе не сустракала. Бегала да нейкіх хлопцаў на спатканні, з некім сябравала, з некім ліставалася, але адчувала, што нікога не кахае так, каб раз і назаўсёды. Мімаволі шукала прыснёнага, але нідзе яго не было. Таму і замуж згадзілася пайсці за Мечыслава пад націскам маці, што не бачыла вялікай розніцы паміж тымі хлопцамі, адзін з якіх патэнцыяльна мог стаць яе мужам. Прамінула шмат гадоў, перш чым лёс звёў яе нарэшце з Касьянам. Аднойчы летам яна ўбачыла афішу, на якой была выява барда з гітарай. Яна спынілася перад ёю, і сэрца закалацілася ад хвалявання. Гэта быў той самы хлопец, прыснёны ёю ў васямнаццаць гадоў. «Касьян Цымбалевіч. Аўтарскія і народныя песні, рамансы», прачытала яна. Зірнула на дату. Канцэрт меўся адбыцца на наступны дзень у Палацы культуры шыннікаў, а таксама ў санаторыі, які знаходзіўся на Бярэзіне, побач з Бабруйскам.
Яна, супрацоўнік раённай газеты, мела магчымасць наведваць культурныя мерапрыемствы, якія адбываліся ў горадзе, без квітка. Сядзела ў шумлівай зале і з хваляваннем чакала барда. Людзі пачалі нецярпліва пляскаць у ладкі. Шырма рассунулася. На пустую сцэну з-за куліс выйшаў прыгожы малады мужчына з хвалістымі светлымі валасамі і сінімі вачамі, ён пакланіўся, пашчыпаў струны гітары і пачаў спяваць. Голас меў прыемны, мяккі, такім бы спяваць калыханкі. Здавалася, што ён рухаўся ў прасторы гукаў, чутных толькі яму. Ягоныя жэсты, поступ, позіркі падпарадкоўваліся дзіўнаму рытму. Ада не магла адарваць ад яго вачэй і яшчэ не розумам, а падсвядома разумела: менавіта гэтага чалавека яна кахала з той самай сустрэчы ў сне.
Калі прагучалі апошнія акорды, слухачы, зачараваныя спевамі, колькі хвілін маўчалі, не прымаючы расстання, а потым зала ўзарвалася магутнымі воплескамі. Нецярплівыя дзяўчаты пабеглі на сцэну з кветкамі. Спявак галантна цалаваў ім ручкі і дзякаваў. Ада тым часам накіравалася за кулісы. Яна сустрэла Касьяна, які нёс ахапак букетаў, ля грымёркі, сказала, што зяўляецца аглядальнікам аддзела культуры мясцовай газеты, вельмі ўражаная яго выступленнем і хацела б узяць інтэрвю, каб шырэй расказаць пра яго чытачам.
Аглядальнік? Хочаце мяне агледзець? іранічна пасміхнуўся бард, Ада сумелася ад пачутага. Праз гадзіну ў мяне яшчэ адна сустрэча ў клубе санаторыя. Можа, толькі пасля таго пагутарым.
Добра, згадзілася яна.
А ведаеце што, пачакайце мяне хвілінку, я збяру свае рэчы, і на маёй машыне паедзем на новую сцэнічную пляцоўку. Што ж гэта я кветкі трымаю? Гэта вам
Ада адхіснула ад гары букетаў, прамаўляючы:
Не трэба! Гэта ж вашы!
А куды я іх падзену? У гасцініцу павязу ці што? Бярыце, вам яны вельмі пасуюць.
Ада прыняла кветкі, паклала на абшарпаны стол, які стаяў за кулісамі, паскладвала іх, павыкідвала цэлафанавыя абгорткі, якія непрыемна шаргацелі. Калі Касьян выйшаў з грымёркі, яна ўжо стаяла з гожым акуратным букетам.
Якое хараство! Давайце я вазьму вас на працу кветканосцам! пажартаваў ён.
Згодная, адказала Ада, ледзьве хаваючы хваляванне.
Вельмі ж недасяжна прыгожы быў гэты чалавек. Ада мела, як яна лічыла, сціплую знешнасць, была сярэдняга росту, звычайны круглы твар, дробныя рысы, зялёныя вочы, каштанавыя валасы. Але на яе звярталі ўвагу хлопцы мо найперш таму, што было ў яе паставе, вачах, аблічы нешта ўзнёслае, рамантычнае, што прыходзіць з далучанасцю да паэзіі.
Зараз паедзем у санаторый, будзеце яшчэ і маім навігатарам, бо я ў вашым горадзе ўпершыню, прапанаваў Касьян.
З задавальненнем. Паедзем туды, Ада ўзмахнула рукою, паказваючы напрамак, і не ўтрымалася, каб не спытаць. Ці даўно вы выступаеце?
Не так даўно, гадоў пяць.
Шкада, што раней да нас не прыязджалі. Гледачы атрымалі вялікае задавальненне. Я таксама
Дзякую, адказаў Касьян, на секунду адрываючы позірк ад дарогі. Калі адчуваеш, што твая праца прыносіць радасць людзям, што ты не проста блазан на сцэне, які выйшаў павесяліць публіку, а крануў іхнюю душу, самыя патаемныя струны, дык жыццё набывае сэнс.
Дзе ваша сталае месца працы?
У Гародні, у філармоніі, а раней сам па сабе трэнькаў.
Не кажыце так. Вы цудоўна спявалі і ігралі. У вас нават прозвішча музычнае.
Усе мае дзяды і прадзеды займаліся тым, што рабілі цымбалы, гуслі, скрыпкі ды гралі на гэтых інструментах на вяселлях. Адсюль і прозвішча пайшло. А я выбраў гітару, як найбольш папулярны інструмент, але ёсць у мяне задума сабраць аўтэнтычны аркестр з традыцыйнаю дудою, барабанам з бразготкамі, скрыпкаю ды цымбаламі. Як грымнем разам, дык увесь свет заскача. Толькі вы пра маю мару не пішыце, бо не здзейсніцца.
Як жа можна не сказаць пра мару?
Можна напісаць, што я мару яшчэ раз наведаць ваш горад. А якія тут у вас славутыя мясціны?
Найперш крэпасць.
Ведаю, ужо ўчора паразглядваў бастыёны, пахадзіў па сутарэннях. Цікава, ці ёсць адметныя факты, якія датычацца гісторыі крэпасці?
Ёсць звесткі пра так званы «Бабруйскі план», прыдуманы дзекабрыстамі Мураўёвым-Апосталам і Бястужавым-Руміным, якія ў той час камандавалі Палтаўскім і Чарнігаўскім палкамі ў крэпасці. Яны наважваліся ўзяць у закладнікі цара Аляксандра Паўлавіча, які павінен быў наведаць Бабруйск у 1823 годзе. Потым мелі намер рухацца на Пецярбург разам з высокапастаўленым палонным. Гэтую задуму аспрэчыў Песцель. І яна не здзейснілася. Цар без прыгод агледзеў Бабруйск, крэпасць і адехаў. Потым, як вы ведаеце, дзекабрыстаў-зачыншчыкаў павесілі, вось такая гісторыя. Яшчэ кажуць, што ёсць пад крэпасцю шмат падземных хадоў, але я ніколі не адважвалася хадзіць па падзямеллях, і, думаю, цяпер яны ўсе заваленыя.
Цікавая інфармацыя, адзначыў Касьян.
Вось мы і на месцы, сказала Ада, калі падехалі да транспартнай стаянкі.
Да будынка санаторыя, узведзенага ў стылі архітэктуры сталінскіх часоў, вяла алея абсаджаная дрэвамі, кустоўем і кветкамі. Касьян прыпаркаваў машыну. Ада паклала кветкі на сядзенне, выйшла з салона, і разам яны падаліся да адміністрацыйнага корпуса. Потым Касьян зноў спяваў. Ада не магла наслухацца і нагледзецца на яго. І ўсё думала, як жа яна цяпер будзе жыць без гэтага чалавека? І для чаго нейкія вышэйшыя сілы паказалі ёй яго, на пакуту ці на шчасце?
Пасля канцэрта галоўны ўрач санаторыя і яшчэ нейкія жанчыны павялі Касьяна і Аду ў асаблівы кабінет пры сталоўцы, каб пакарміць вячэраю. Было там і віно, ды Касьян спаслаўся на тое, што за рулём піць сабе не дазваляе, але ад пляшкі не адмовіцца і возьме з сабою. Усіх такое кампраміснае рашэнне задаволіла. Прысутныя выпілі за сустрэчу, пажадалі поспехаў спеваку, нагрузілі з сабою цэлафанавы пакунак з закускаю і цёпла развіталіся з гасцямі. Ада зноў несла кветкі, хоць было і не так шмат, як на папярэднім выступленні.
Куды паедзем? спытаў Касьян, заводзячы машыну.
Не ведаю, адказала яна. Вам, мусіць, трэба было б адпачыць, а я навязалася са сваім інтэрвю.
Адпачну, паспею. Можа, пасядзім дзе-небудзь на беразе ракі? Яшчэ віно пракісне.
Дык вы ж за рулём
Ёсць такі нюанс. Добра, давайце пакінем машыну дзенебудзь, а самі пойдзем на рэчку. Люблю глядзець на ваду. Яна мяне супакойвае.
Можна і так, адказала Ада, адчуваючы, што не хоча разлучацца з Касьянам.
А потым яны сядзелі на беразе ракі. Хвалі лагодна наплывалі на пясок, звешаныя ўніз галіны вербалозу паласкаліся ў вадзе. На тым баку быў поплаў, застаўлены стажкамі сена, быццам волаты паскідалі свае шаломы і палеглі спаць. Ужо пачало змяркацца. Навокал панавала прыемная вечаровая ціша, калі ўсё жывое рыхтуецца да сну.
Ада з Касьянам арганічна ўліліся ў асяроддзе, седзячы на траве, пілі віно з пляшкі, над імі было зорнае жнівеньскае неба, з якога час ад часу падалі знічкі. Ада забылася пра ўсе свае абавязкі і турботы, час спыніўся, быццам яна трапіла ў месца з найвялікшай гравітацыяй, дзе законы дзейнічаюць не так, як звычайна на зямлі. Касьян, мабыць, адчуваў, што зачараваў дзяўчыну, ягонай душою таксама запанавала ўзнёсласць і натхненне, самы час пісаць вершы. Ён сказаў пра дзіўнае адчуванне, якое аднойчы перажыў:
Не ведаю, сон ці ява, але мне здаецца, што я не нарадзіўся, а зляцеў аднойчы з неба, згарнуўся клубком і падаў ўніз.
Вы Лятавец, самы сапраўдны Лятавец. Я гэта зразумела адразу, калі ўбачыла вас на афішы.
Лятавец? Гэта хто такі?
Лятавіцы персанажы славянскай міфалогіі. Яны ў выглядзе зорак злятаюць на зямлю, ператвараюцца ў людзей і жывуць, колькі здолеюць. У іх залацістыя валасы, сінія вочы, яны вельмі прыгожыя.
Не, мяне нарадзіла звычайная зямная жанчына, хіба мо ў цела немаўляці ўсялілася душа Лятаўца, разважліва сказаў Касьян.
Адкуль бярэцца ваша музыка? Вы яе ствараеце, ці яна ўладарыць вамі?
Безумоўна, гук першасны! Ён існаваў да мяне. Але я, калі дакранаюся да гітары, хачу адчуць яе настрой, каб напоўніць свет гукамі. Нашы душы тады гучаць суладна. Можа, зусім не так заспявае яна, як мне чакалася, але я ведаю, што струна нарадзіла гук, якому патрэбна было нарадзіцца. А за ім выбудоўваецца музычная прастора з мноства новых гукаў, дзеля якой і выходзіць гітарыст на сцэну, а зала напаўняецца слухачамі. І тады час цячэ інакш, чым звычайна. Прынамсі, мне здаецца, што дзве гадзіны канцэрта пралятаюць, як дваццаць хвілін.