Закон захавання кахання - Зінаіда І. Дудзюк 6 стр.


 Безумоўна, гук першасны! Ён існаваў да мяне. Але я, калі дакранаюся да гітары, хачу адчуць яе настрой, каб напоўніць свет гукамі. Нашы душы тады гучаць суладна. Можа, зусім не так заспявае яна, як мне чакалася, але я ведаю, што струна нарадзіла гук, якому патрэбна было нарадзіцца. А за ім выбудоўваецца музычная прастора з мноства новых гукаў, дзеля якой і выходзіць гітарыст на сцэну, а зала напаўняецца слухачамі. І тады час цячэ інакш, чым звычайна. Прынамсі, мне здаецца, што дзве гадзіны канцэрта пралятаюць, як дваццаць хвілін.

 Ці можна спасцігнуць загадку музыкі?

 Мабыць, гэтая задача не мае рашэння. Тайна музыкі не пошук універсальнага адказу, гэта шлях да мэты, якая ляжыць за межамі чалавечага жыцця і разумення. Яе нельга дасягнуць, можна толькі наблізіцца, што і складае сэнс нашага існавання.

 Як вам бачыцца ўласнае далейшае жыццё?

 Хачу быць патрэбным, выконваць сваё прызначэнне. Дакладна ведаю, што не дарэмна прыйшоў на Зямлю. Ува мне з маленства жыве тонкае адчуванне гуку і слова, што я і спалучаю ў сваіх песнях.

 Вам прыносіць радасць ваша творчасць?

 Так, радасць адчуваю, але занадта часта сутыкаюся з цяжкасцямі, выпрабаваннямі, неразуменнем. Тады супакойваю сябе, што гэта часовая зява, і рухаюся далей. Для мяне шмат значыць не столькі прызнанне, колькі быць пачутым і зразуметым, бо гэта патрэбна не толькі мне, а ўсім людзям.

 Вы незвычайны і вельмі прыгожы. Вам з вашым хараством, мабыць, дзяўчаты не даюць праходу,  захоплена прамовіла Ада, ёй так хацелася пераказаць яму свой колішні сон, але сумнявалася, ці паверыць, яшчэ падумае, што журналістка выдумляе абы-што.

 Ведаеце, мая жонка вельмі раўнівая і нястрыманая, калі што заўважыць, дык будзе на баранкі мне і прыхільніцы.

 У вас і дзеці ёсць?

 Дачка.

 А я так і не адважылася завесці дзіця, хоць даўнавата замужам, нешта стрымлівае мяне ад гэтага кроку, хоць і хочацца

 Адклад не йдзе на лад

Яго словы пра сямю вярнулі Аду да ўспрымання рэчаіснасці. Яна разулася, увайшла ў ваду, усклала кветкі на рачную хвалю, якая паціху панесла іх плынню.

 Гэта ахвяра Бярэзіне, каб помніла нас,  сказала яна, вяртаючыся на бераг.

 Я зразумеў.

 А цяпер мне пара. Вельмі прыемна было з вамі пазнаёміцца. Я напішу тэкст і магу прачытаць яго па тэлефоне ці, калі вы не супраць, сустрэнемся яшчэ раз у зручны для вас час.

 У мяне заўтра яшчэ выезд у буйны калгас, запрашаю паехаць са мной. Яны прышлюць машыну, так што я буду вольны казак.

Ада ўзрадавалася і не прымусіла сябе ўпрошваць. Безумоўна, яна паедзе, каб яшчэ хоць адзін дзень пабыць разам з Касьянам.

У калгасе іх добра сустрэлі, наладзілі вячэру. Старшыня, яшчэ не стары чалавек, адразу пачаў заляцацца да Ады, што выклікала рэўнасць Касьяна. Аду смяшыла такая праява пачуццяў з боку барда. Кахання няма, а рэўнасць ёсць. Гэтак, мусіць, певень ахоўвае свой курыны гарэм. Старшыня, хоць і быў на падпітку, але ўзяўся завезці іх у Бабруйск. Ён гнаў машыну на страшэннай хуткасці, а Касьян абдымаў Аду за плечы, усім сваім выглядам паказваючы, што гэта ягоная жанчына. Адзе было прыемна адчуваць ягоную прыхільнасць, яна нават не думала, што з імі можа здарыцца нешта благое. Нічога не магло здарыцца, бо яна нарэшце сустрэла таго чалавека, які ёй быў наканаваны лёсам для шчасця. Сапраўды, яны даехалі да гасцініцы без прыгод. Старшыня галантна і не без шкадавання развітаўся з імі, мусіць, адчуў нейкім чынам і сваю далучанасць да мастацтва.

Пакуль ехалі, душэўны саўгасны пачастунак добра разабраў Касьяна, ён ішоў няўпэўненаю хадою, перамяшчаўся хутка, як птушаня, якое вучыцца лётаць. Ада ўзялася правесці яго ў нумар, тым больш што Касьян патрабаваў, каб яна неадкладна прачытала тэкст інтэрвю.

Яны селі ў крэслы адно насупраць аднаго. Ада пачала чытаць. Касьян уважліва слухаў, згодна ківаў галавою. Пасма залацістых валасоў упала яму на лоб. Журналістка адарвалася ад чытва, зірнула на слухача, прыгладзіла яго валасы. Ён перахапіў яе руку, пацалаваў пальцы і сказаў:

 Дзякую, гэтак хораша пра мяне ніхто не пісаў.

 Калі тэкст задавальняе, дык буду аддаваць у друк. Пакіньце мне адрас, я вышлю вам газету.

Ён прадыктаваў адрас, Ада запісала, але ёй хацелася, каб і ў яго ўсё ж засталіся нейкія звесткі пра яе, таму прапанавала:

 Запішыце мой тэлефон.

Касьян дастаў нататнік, разгарнуў. Ада ўбачыла, што на старонцы запісана дзясяткі два тэлефонных нумароў без імёнаў і прозвішчаў. Яна зразумела: столькі нумароў нельга было трымаць у галаве, ён запісвае іх, таму што не можа адмовіць, але нікому і ніколі не тэлефануе! Яна для яго толькі адна з мноства іншых жанчын, якія мільгаюць перад вачамі шэрай масай. Мо ў кожным гарадку знаходзіцца не адна такая Ада, якая набліжаецца да яго і знікае назаўсёды. Яна прыхавала крыўду, абуджаную здагадкай, пачала развітвацца.

 Пабудзьце са мной. Нешта мне стала самотна

Ада засталася, сядзела і гутарыла з ім. А як сцямнела, усё ж пайшла дамоў. Касьян падаўся праводзіць. І тады здзейсніўся сон. Яны на развітанне пацалаваліся пад зорным жнівеньскім месяцам. З неба шчодра падалі знічкі на вялікае шчасце, толькі яны нічога не заўважалі

Ада спыніла свае ўспаміны, зразумела, што калі пусціцца ў плаванне па часе, дык не засне да ранку, а заўтра трэба быць бадзёрай, каб не кляваць носам на занятках. Ёй удалося хутка заснуць, а сярод ночы раптам нехта моцна пастукаў у дзверы, яна падхапілася, сэрца хутка-хутка калацілася з перапуду, але не паднялася, голасу не падала, за дзвярамі таксама маўчалі. Падумала, нехта заблудзіўся, пераблытаў пакоі, легла зручней і сцішылася.

5

Першы дзень заняткаў, сонечны і цёплы, парадаваў курсантаў і выкладчыкаў. Лекцыі былі ўводныя, усё толькі пачыналася, але Ада з Эмай, якія сядзелі за першым сталом, старанна запісвалі ўсё, што казаў лектар, з выглядам вучаніц-выдатніц. У час перапынкаў хлопцы выходзілі пакурыць, да іх далучаліся некаторыя з дзяўчат, абмяркоўвалі навіны літаратуры і геапалітыкі, апошняе слова ўваходзіла ў моду. Асабліва яго палюбіў Гоша Строма і выкарыстоўваў пры кожным зручным выпадку. Ён з першага дня не сыходзіўся ў меркаваннях і поглядах на геапалітыку Расіі і Украіны з азербайджанцам Эльханам Мамедам Задэ, і пычыналася бясконцая спрэчка, якую нельга было давесці да лагічнага канца, бо ў кожнага была свая праўда. Добра, што звінеў званок і пачыналася новая лекцыя.

Ада прыглядалася да аднакурснікаў. Сярод мужчын вылучыла афганца Латыфа, смуглявага з непрагляднымі чорнымі вачамі і правільнымі рысамі твару. Вельмі прыгожы быў Грыша Вепраў, светлавалосы, па-юначы стройны, які ведаў на памяць процьму вершаў і мог у любы момант па-майстэрску пачытаць што-небудзь, сваё ці чужое. Да паступлення на курсы ён працаваў у Сібіры ў нейкай філармоніі як спявак і чытальнік. Сімпатычнай выдавала Агнія Дымава, у вельмі акуратна пашытай уласнымі рукамі сукенцы. Ада высока ацаніла яе выраб, бо іншы раз таксама нешта бралася сабе шыць, але ці швы ў яе аказваліся занадта перацягнутымі, ці нешта кроілася не надта ўдала. Рэдка калі заставалася задаволеная тым шытвом.

Эма яе проста зачаравала выхаванасцю і ўвагаю. І ў першы ж дзень прапанавала наведаць Чыстыя Пруды, дзе некалі жыў Міхаіл Булгакаў. Пасля заняткаў яны няспешна пайшлі па вуліцы. Ада заўважыла галантарэйную лаўку і прапанавала зайсці. Памяшканне было маленькае, але набітае розным дробным таварам: ніткамі, стужкамі, напарсткамі, іголкамі. Ада звярнула ўвагу на карункі, прыцанілася, набыла два метры і сказала:

 Куды-небудзь прышыю.

Выйшлі з крамы і сутыкнуліся з Наінай Андрыянаўнай.

 Гуляеце, дзяўчаты?  спытала яна.

 А вы куды?  пацікавілася Эма.

 У гастраном купіць якіх харчоў.

 Ахвота вам цягнуць адсюль харчы, у вас жа Басманны рынак пад бокам.

 Ніколі не хаджу на рынак. У тым раёне мой былы муж жыве, не хачу з ім сустракацца.

 Чаму вы развяліся?  спытала Ада.

 Смешная гісторыя. Мы з ім жылі і не мелі дзяцей. Дактары казалі, што ён бяздзетны. І раптам ягоная сакратарка зацяжарыла. Ён паверыў і сышоў да яе. Вось і ўсё. З таго часу мы з Віктарам не бачыліся.

 Вы вельмі перажывалі?  спачувальна спытала Эма.

 Спачатку трохі бедавала, а пасля палюбіла і ацаніла волю. Куды хачу паеду, куды хачу пайду, калі хачу вярнуся. Можа, толькі трохі шкадавала, што не мела сваіх дзяцей. Але ў мяне столькі было курсантаў, бездаможных, як дзеці, што ім я аддавала душу і вольны час. Шмат хто з былых выхаванцаў тэлефануе мне, заязджае, гэта прыемна. З працаю мне пашанцавала. Я ж нават дысертацыю напісала. Магла б падацца ў выкладчыкі, лекцыю прачытала і вольная! А мне гэтага мала. Хацелася працаваць з людзьмі і для людзей. Тое мне Бог і даў Ну, шчасліва. Мне на той бок,  сказала Наінай Андрыянаўнай, узмахнула рукою на развітанне і пашыбавала да перахода.

Эма вяла Аду па старых вуліцах, расказвала пра маскоўскае жыццё, распытвала пра Бабруйск.

 У мяне там засталася маці, сказала Ада.  Жыве яна на ўскраіне горада ў сваёй хаце. Бацька загінуў у аварыі, разбіўся на матацыкле з сябрам, малады яшчэ быў. Вось так мы і маемся нібы ў горадзе, але па-вясковаму: садзім грады, трымаем курэй, парася, іншы год дык і качак разводзім, але яны занадта пражорлівыя.

 А муж? Ты ж замужам, Наіна Андрыянаўна казала.

Назад Дальше