Ордэн Прамяністых - Зміцер Дзядзенка 3 стр.


 Мне здаецца, што падобных таямнічых гісторый, звязаных з Аршаншчынай, можна знайсці безліч, толькі мы пра іх нічога або зусім нічога не ведаем. Альбо вось бывае такое, што нехта валодае рэдкімі дакументамі, але не мае вашай здольнасці вынесці іх на публіку ў цікавым, белетрыстычным, можна сказаць, выглядзе. Так, каб усе толькі раты паразяўлялі і сказалі: «Ах!»

Ён утаропіўся ў твар Кміцічу, пільнуючы, ці заглынуў яго слухач старанна падрыхтаваную прынаду. І дадаў, панізіўшы голас:

 Што б вы сказалі, калі б я паказаў вам дакументы, якія распавядаюць пра гісторыю таемнага містычнага ордэна, які дзейнічаў у Воршы ў 20-я гады? Вас бы гэта зацікавіла?

Ва ўсмешцы на яго глюгастым твары Кміціч угледзеў паразу сваіх спроб адчапіцца ад вагоннай размовы.

З ПРЭСЫ

Янка Купала вярнуўся дамоў

На гэтых днях вярнуўся ў Менск з падарожжа па Заходняй Еўропе беларускі народны паэта Янка Купала. У гутарцы з нашым супрацоўнікам Янка Купала паведаміў наступнае:

 У Заходнюю Еўропу я паехаў галоўным чынам лячыцца і правёў паўтара месяца ў Карльсбадзе (Чэха-Славакія).

Мне давялося спаткаць там нашых пісьменнікаў: Гартнага, Чарота і Зарэцкага. Усе разам мы паехалі ў Прагу, дзе былі вельмі шчыра і ветла спатканы навуковымі і літаратурнымі коламі. Прафесары Адольф Чорны і Мурка мелі з намі гутарку, прычым вельмі цікавіліся станам сучаснай беларускай культуры. Некаторыя пражскія газеты змясцілі нашы фатаграфіі, гутаркі з намі і інш.

З Прагі Гартны, Чарот і Зарэцкі накіраваліся ў Парыж, адкуль праз Берлін і Рыгу маюць хутка вярнуцца ў БССР. У Латвіі нашы пісьменнікі маюць быць з візітам у латвійскага міністра асветы Райніса і наведаць Дзвінскую беларускую гімназію.

 Ці давялося вам пабываць у Заходняй Беларусі?

 Не,  адказаў Янка Купала.  Едучы назад, я спыніўся толькі на кароткі час у Варшаве і амаль нікога не спаткаў з беларускіх дзеячаў Заходняй Беларусі.

Савецкая Беларусь, 11 кастрычніка 1927 года

1927, кастрычнік

Высокая фігура Антона Хлюдзінскага нахілілася над сталом: прыўзняўшы накрыўку з заварніка, ён зазірнуў цікаўна ўглыб, вывучаючы змесціва пасудзіны. Ад водару, які тая выпраменьвала, на твары мужчыны зявілася задавальненне  пахла і сапраўды смачна.

Антон наліў гарбату ў два кубкі, адзін з іх падсунуў бліжэй да госця:

 Спярша выпем гарбаты, а потым пагаворым Як кажуць, чым багатыя!

Багацце на стале мусіла сімвалізаваць талерка з канапкамі  белы хлеб з маслам, а таксама паўлітровы слоік з клубнічным сочывам, густым, цёмна-барвовым.

Андрэй Камар акуратна выклаў сабе на канапку клубнічыну, выцягнутую са слоіка, і адкусіў. Расплюшчаная аб паднябенне ягада напоўніла рот летнім водарам, сакавітая слодыч быццам перадавала едаку свае ўспаміны пра сонца, затоеныя недзе ў глыбіні.

Цяпер гэтыя ўспаміны сталі часткай яго, Андрэя. Яны напластаваліся, наслаіліся на ягоныя  нядаўнія, змрочныя Хлопец сутаргава зглынуў і паглядзеў на гаспадара вялікімі вырачанымі вачыма. Той страпянуўся:

 Што такое? Нясмачна?

 Не-не-не,  Андрэй пакруціў галавой, быццам пускаючы ў розныя бакі сонечных зайчыкаў ад сваёй рудой шавялюры.  Усё смачна, але кавалак у горла не лезе, калі згадваю

 Не варта спяшацца, давайце па парадку,  спакойна сказаў Хлюдзінскі.

У адказ яго малады госць рэзка закруціў галавой, быццам адганяў нейкую назолістую жамяру:

 Даруйце, я не пра ўсё магу распавядаць Я вам пастараюся расказаць як найбольш, але не свае таямніцы выдаваць не змагу, прабачце.

 Гэтыя сцены,  з ледзь прыкметнай усмешкай Хлюдзінскі абвёў рукой навокал,  чулі і бачылі столькі таямніц, што ім вы можаце даверыць шмат чаго. Але я згодны, што выдаваць чужыя таямніцы непрыгожа Таму раскажыце мне тое, што зможаце.

Міжвольна Камар азірнуўся навокал, акінуўшы позіркам сцены, на якія паказваў гаспадар.

Гістарычны музей, якім загадваў Хлюдзінскі, месціўся ў старадаўнім барочным царкоўным будынку, які адлічваў ужо другое стагоддзе. Яго стромкі выштукаваны сілуэт нібыта ўсплываў па-над навакольнымі дамамі і быў бачны здалёк, яшчэ на падездах да горада, нават калі падарожнік рухаўся з левабярэжжа Дняпра.

Напачатку за таўшчэзнымі мурамі размясціліся манашкі-базыльянкі, прадстаўніцы ўніяцкага ордэна, які паядноўваў заходняе і ўсходняе хрысціянства. Як распавядаў колісь Хлюдзінскі, уніяты быццам бы і маліліся па-беларуску, і дзяцей навучалі на мясцовай мове. Пазней, калі унію скасавалі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, тут атайбаваліся праваслаўныя манахі, і беларускую мову малітваў замяніла грувасткая царкоўнаславяншчына.

Так, гэтыя муры мусілі ведаць шмат чалавечых таямніц: яны чулі і пакаянны шэпт споведзей, і ліхаманкавыя перамовы ўніяцкага біскупа Васіля Лужынскага, які разам з Іосіфам Сямашкам падпісаў акт скасавання уніі, і задаволеныя масленыя галасы праваслаўных манахаў, якім задарма дасталася чужая маёмасць Гэтак жа лёгка, як прыйшла яна да праваслаўных, так і сышла ад іх, калі бальшавікі адлучылі царкву ад дзяржавы і сіламоц забралі ладную частку царкоўных багаццяў. Казалі, што настаяцель царквы, які не хацеў пускаць узброеных чэкістаў у будынак, цяпер сплаўляе лес недзе ў далёкіх халодных лагерах.

Апошнія некалькі гадоў у старасвецкім будынку размяшчаўся гістарычны музей, і надзеі, што ў ім зноў загучыць царкоўны распеў, не было. Бадай што, адзіныя сакрэты, якія ў гэтых мурах сяліліся цяпер, датычылі экспанатаў гістарычнага музея ды нешматлікіх супрацоўнікаў гэтай установы, якой і кіраваў Хлюдзінскі.

Яго высокая фігура настолькі пасавала гэтаму ўзнесенаму над горадам будынку, што было цяжка ўявіць, як Хлюдзінскі можа змяшчацца ў памяшканнях з невысокімі столямі.

Андрэй Камар з удзячнасцю паглядзеў на гаспадара:

 Разумееце, ёсць такая супольнасць людзей Невялікая група. Не тое каб нейкая там арганізацыя  куды там! Проста такі нібыта клуб, дзе збіраюцца аднадумцы, абмяркоўваюць розныя пытанні

Ён замаўчаў, падбіраючы выразы. Антон не прыспешваў госця, разумеючы, як таму складана цяпер, і не жадаючы неасцярожным словам збіць яго з тропу.

 Вы толькі не смейцеся, але мы там абмяркоўваем пытанні маральныя. Пытанні маральнага выбару, напрыклад,  нечакана прызнаўся малады чалавек.  Я разумею, што ў будучыні перад чалавекам не павінна стаяць такое пытанне, бо камунізм адпрэчыць усялякія падставы для неабходнасці маральнага выбару. Мне і галоўны рэдактар нашай газеты так кажа. Чытай, кажа, метранпаж, газету, якую набіраеш,  палітычна падкоўвайся, а то не пусцяць цябе ў камунізм Але мы пакуль што не ў камунізме, дый сам я не партыйны  у адрозненне ад таварыша рэдактара, а чалавек з ваганнямі. Пытанні ў мяне часта ўзнікаюць, на якія сам я адказы знайсці не магу

На наіўным твары Андрэя зявіліся сарамяжлівыя чырвоныя плямы: ён бянтэжыўся таго, што не можа рашуча адпрэчыць усе свае пытанні і безаглядна рушыць у абяцаную светлую будучыню, калі, як сказаў бы паэт, камуністамі стануць усе людзі на Зямлі.

Хлюдзінскі і не думаў дакараць юнака за гэтыя сумневы. Але ў вачах яго мільгануў цень неспакою: тое, пра што пачаў расказваць Андрэй, нібы прыадчыніла невядомыя дзверы, адкуль пацягнула пранізлівым холадам.

 І вось Грацыян Пашкоўскі ў нас такі мэтр, як яго называюць на французскі манер,  чалавек вельмі абазнаны, начытаны. Ён столькі кніг прачытаў, столькі ўсяго ведае. Вы не ўяўляеце  ён на шасці замежных мовах можа гаварыць Мог,  раптам сумеўся хлопец, згадаўшы нядаўнюю падзею. Голас яго набрыняў нявыплаканымі слязьмі.

 Я чуў пра Пашкоўскага як пра эрудыта і вялікага разумніка. У нашым горадзе яму роўных, можа, і не было,  Хлюдзінскі палічыў неабходным падхапіць размову, каб юнак лягчэй справіўся з эмоцыямі.  Казалі, што ён вярнуўся з-за мяжы пасля рэвалюцыі, бо пры царызме яму за рэвалюцыйную дзейнасць турма пагражала. Але ж, здаецца, ён з меншавікамі быў, не?

 Так,  Камар ужо справіўся з наплывам пачуццяў і мог працягваць свой расповед.  Але ён і за мяжой ужо не вельмі займаўся партыйнай дзейнасцю, а пераключыўся на навуку, а пасля вяртання на радзіму дык і не думаў зноў займацца палітыкай. Ён казаў, што рэвалюцыя ўжо адбылася, а нам цяпер трэба займацца выхаваннем чалавека, годнага будучыні.

Малады чалавек задуменна памаўчаў, нешта ўзважваючы ў думках, а потым працягнуў з роспаччу:

 Калі я зайшоў, ён быў мёртвы А на грудзях у яго была прымацаваная белая ружа. Разумееце, белая ружа.

Хлюдзінскі з непаразуменнем паглядзеў на юнака: яму ні пра што не казала гэтая кветка, не выклікала ў яго ніякіх вобразаў і асацыяцый. Ён не мог зразумець, чаму Андрэй кажа пра белую ружу з такім болем і адначасовым жахам.

 І што гэта азначае?  нарэшце запытаўся ён у госця.

Той з роспаччу вымавіў:

 Пашкоўскі любіў белыя ружы, і на нашых сустрэчах ён заўжды ставіў на стол вузкую вазу з адной такой кветкай. Гэта быў такі своеасаблівы рытуал. Але пра яго, мабыць, ніхто па-за нашым колам не ведаў

2009, снежань

Кміціч сядзеў і амаль бяздумна шчоўкаў па картах, раскладзеных у гульні на маніторы. Пасьянс «Павук» быў для яго своеасаблівай медытацыяй, спосабам расслабіцца.

Назад Дальше