І што гэта азначае? нарэшце запытаўся ён у госця.
Той з роспаччу вымавіў:
Пашкоўскі любіў белыя ружы, і на нашых сустрэчах ён заўжды ставіў на стол вузкую вазу з адной такой кветкай. Гэта быў такі своеасаблівы рытуал. Але пра яго, мабыць, ніхто па-за нашым колам не ведаў
2009, снежань
Кміціч сядзеў і амаль бяздумна шчоўкаў па картах, раскладзеных у гульні на маніторы. Пасьянс «Павук» быў для яго своеасаблівай медытацыяй, спосабам расслабіцца.
Во! Нармальны адпачынак офіснага клерка! Павел нават не пачуў, як за спінай у яго зявіўся галоўны рэдактар Аляшэўскі. Яшчэ крыху і пачняце, як нармальны менеджар, глядзець на працы парнушку цішком ад начальства
Рэдакцыя газеты, у якой працаваў Кміціч, займала некалькі невялікіх памяшканняў у адным з офісных будынкаў у цэнтры Менска. Мабыць, больш правільна было б назваць гэта адным вялікім офісам, падзеленым знутры на некалькі пакояў. У рэдактара, натуральна, быў свой кабінет. Астатнія памяшканні былі застаўленыя сталамі з кампютарамі. Каўралін, якім была пакрытая падлога, зядаў гук крокаў.
Прабачце, Кміціч сумеўся і адным клікам мышкі згарнуў гульню ўніз экрана. Не ладзіцца з тэкстам нешта. Думаў, удасца пераключыцца.
Аляшэўскі ўважліва паглядзеў на журналіста:
Праўда? Выгляд у вас нейкі ммм ускудлачаны. Можа, адпачынак кароткі патрэбны?
Адпачынак не, рашуча заявіў Кміціч, а вось парада патрэбная.
Справа ў Кміціча была прыватная, але ў пустым памяшканні, якое займала рэдакцыя, яны былі толькі ўдвух, таму ні паніжаць голас, ні пераходзіць у іншы пакой неабходнасці не было.
Павел вырашыў распавесці рэдактару пра свае сумневы не таму, што моцна давяраў, а хутчэй з той прычыны, што дзве галавы заўжды лепш, чым адна.
У мяне тут чарговы раз праблемы з КДБ
Зімовы дзень сквапнічаў, не хацеў дзяліцца сонечным святлом у офісе яго замянялі лямпы дзённага асвятлення, халодныя, адстароненыя, абыякавыя. Пад такім святлом і размова гучала троху адстаронена і тэатралізавана.
Зноў? непрыхаванае здзіўленне гучала ў голасе Аляшэўскага. Я думаў, што ўсё скончылася, калі памёр той кадэбіст, што вас пераследаваў. Вы ж казалі, што гэта было нешта асабістае, а не звязанае з працай! Я таму і надрукаваў даследаванне пра гэтыя архіўныя справы з золатам БНР
Не-не, паспяшаўся Кміціч выправіць міжвольную аблуду свайго шэфа. Гэта вельмі ўскосна звязана з той справай. Вельмі ўскосна Той артыкул надаў мне нейкую вядомасць у пэўных колах. І цяпер мне, ведаеце, прапанавалі пазнаёміцца з дакументамі, якія ляжаць у архівах. Яшчэ нікім з гісторыкаў не бачаныя дакументы.
Ого! настрой Аляшэўскага скакаў, як тэмпература ў хворага. Дык гэта поспех! А што за дакументы?
Яшчэ толкам не ведаю. Як не ведаю і таго, якую цану за гэта могуць запрасіць.
Аляшэўскі падняўся і, як у кепскім кіно, стаў хадзіць па пакоі, заклаўшы рукі за спіну:
Тут, вядома, трэба ўсё ўзважыць. Магчыма, вам адкрыецца чарговая сенсацыя. А можа, гэта пусты нумар Прынамсі, я ведаю аднаго з беларускіх даследчыкаў сталінскіх рэпрэсій, які ў 90-х папросту купляў у супрацоўніка КДБ копіі спраў тых часоў. У абедзенны перапынак супрацоўнік выходзіў з будынка, выносячы пад пінжаком з дзясятак тэчак, і ішоў у мікрааўтобус у суседнім завулку. Там яго чакаў абед, пакуль гэты даследчык фатаграфаваў старонкі спраў Колькі ён плаціў дадаткова, я нават не ведаю. Да таго як узяцца за гэтыя справы, ён быў бізнесоўцам. Потым кінуў бізнес і прысвяціў сваё жыццё вяртанню з невараці імёнаў тых, каго забрала сталіншчына
Ён памаўчаў, каб надаць словам большую грунтоўнасць. З аднаго боку, не даў ніякіх указанняў, з другога намёк атрымаўся даволі празрысты.
У кожным разе, рэдактар зрабіў паўзу, павярнуўся і дапытліва паглядзеў на Кміціча, калі вы адмовіцеся, то як журналіст будзеце шкадаваць пра гэта.
А калі пагаджуся, у тон яму працягнуў Кміціч, то магу пашкадаваць пра гэта як чалавек.
Яны паглядзелі ў вочы адзін аднаму болей казаць не было пра што.
2009, снежань
Кміціч з зацікаўленасцю аглядаў кватэру, у якую яго запрасіў новы знаёмы. «Можаце называць мяне Аляксеем Пятровічам, прозвішча тут не патрэбнае», крывая ўсмешка прарэзала твар суразмоўцы, даючы журналісту зразумець, што не варта асабліва спадзявацца, што імя сапраўднае.
Голыя дошкі падлогі гучна скіроўвалі ўверх гукі крокаў: Аляксей Пятровіч прапанаваў не здымаць абутак, бо ўсё адно брудна і пераабуцца няма ўва што. Лямпачка пад жоўтым плафонам асвятляла пакой, у якім сіратліва стаялі стол, два крэслы і старая зашмальцаваная канапа. Менавіта канапа, на якую нават не хацелася сядаць, здавалася сімвалам гэтага пустога, няўтульнага памяшкання, якое не надта старалася прыкідвацца жытлом.
Кміціч пабачыў, што ў кватэры ёсць як мінімум яшчэ два пакоі, але дзверы туды былі зачыненыя. На дзвярах у адзін пакой нават вісеў замок, пагрозліва сціснуўшы зубы.
Аляксей Пятровіч прапанаваў Паўлу сесці за стол:
Мы дамовімся з вамі так: я прыношу сюды дакументы, вы іх вывучаеце і можаце рабіць выпіскі ад рукі. Фатаграфаваць іх я вам не дазваляю, бо мяне зядуць, калі фотакопіі трапяць у друк А выпісваць можаце што і колькі заўгодна, так! Правяраць вашыя выпіскі я не збіраюся.
Ён з выклікам паглядзеў на Кміціча, чакаючы, каб той ацаніў высакароднасць паводзінаў.
Павел памаўчаў, ацэньваючы сказанае, потым вымавіў:
Якія яшчэ ўмовы?
Мы будзем сустракацца раз на тыдзень тут, я буду прыносіць дакументы, якія пасля нашых сустрэч мне трэба будзе вярнуць у архіў.
Мяне вельмі цікавіць, голас журналіста прагучаў крыху асіпла, чаму вырашылі прапанаваць гэта мне? Праца з дакументамі гэта хутчэй справа для гісторыкаў, спецыялістаў архіўнай справы Я журналіст гэта значыць чалавек, не вельмі абазнаны ў дэталях гэтай працы. Думаю, вы маглі б для яе знайсці больш адпаведнага спецыяліста.
Дык вы адмаўляецеся? Аляксей Пятровіч не мог схаваць здзіўленне. Вось угадай ты гэтых журналістаў з іхнімі незразумелымі паводзінамі! Спярша пагаджаецца прыйсці, потым пачынае круціць дупай, як дзяўчынка-какетка Ці, можа, гэты Кміціч папросту набівае сабе цану? Нічога! І не такіх абломвалі.
Аляксей Пятровіч падняўся з-за стала і падышоў да акна. Стоячы спінай да суразмоўцы і гледзячы на мітуслівую вуліцу, ён няспешна загаварыў:
Калі вы адмаўляецеся, дык я пашукаю якія-небудзь іншыя варыянты. Проста мне вельмі спадабаўся ваш стыль вы лёгка і даступна выкладаеце гістарычны матэрыял. На жаль, не кожны спецыяліст-гісторык здольны данесці свае веды ў папулярнай форме, таму мне хацелася знайсці чалавека, які напіша гэтую гісторыю цікава і зразумела для ўсіх
А чаму мы сустракаемся менавіта тут? не сунімаўся журналіст. Можна ж было, мабыць, арганізаваць мне працу ў архіве КДБ, каб вам не давялося насіць сюды дакументы?
Суразмоўца рэзка павярнуўся да Кміціча, і на яго твары хітра бліснулі вочы.
А пускаць вас туды для працы не дазваляе распараджэнне кіраўніка камітэта. Не тое каб персанальна вас, рука ўзнялася ў заспакаяльным жэсце. Гэтая забарона яна для ўсіх. Толькі сваякі рэпрэсаваных могуць папрасіць справу на сваіх продкаў, а ўсялякім гісторыкам і аматарам доступ да архіўных дакументаў забаронены. Гэтае правіла дзейнічае з канца 90-х.
Чаму? не драмаў у Кміцічу журналіст.
Вы ж памятаеце, Павел, як у перабудову адкрылі архівы? Вось і ў наш архіў тады пусцілі гісторыкаў. Вядома, не ўсе дакументы ім і тады можна было вывучаць толькі тыя, з якіх знялі грыф сакрэтнасці Але гэта мала дапамагло: некаторыя, нават вывучаючы дакументы 1920-х гадоў, змудрыліся вываліць на органы цэбар бруду і перакруціць гісторыю. Барацьба з антысавецкім падполлем у іх, бач ты, атрымалася не абаронай дзяржавы, а ледзь не нейкімі там катаваннямі нявінных людзей! Якія ж яны нявінныя, калі рыхтавалі паўстанні і тэракты, шпіёнілі на карысць замежных разведак?.. Так чорт ведае да чаго дадумацца можна!
Кадэбіст раптоўна сціх, быццам сам заўважыў, што расхваляваўся. Ён пажаваў вуснамі нейкую думку, спрабуючы яе на смак, Павел не перашкаджаў гэтым роздумам.
Вось пасля такіх гісторыкаў старшыня камітэта і забараніў ім доступ да архіваў, ужо спакойна працягнуў Аляксей Пятровіч. Ведаеце, у нас таксама ёсць людзі адукаваныя, гістарычны факультэт заканчвалі, ім, як кажуць, і карты ў рукі. Яны вывучаюць дакументы і пішуць гісторыю ўзважана, без гэтых спекуляцый
Ну і?..
Я б да іх звярнуўся, у голасе мужчыны прагучала скруха, але не змогуць яны напісаць папулярна, бо звыкліся пісаць або акадэмічным стылем, або рапартамі Так што тут усё сышлося клінам: і працаваць у самім архіве вам нельга, і напісаць вы здолееце цікава.