Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris - Андрэй С. Адамовіч 4 стр.


 Мне маёр Папяровы,  адказваю,  даў строгі загад, занатоўваць усё самае цікавае з жыцця майго персанальнага апазіцыянера, не пісаць жа мне, як ён раствор на будаўніцтве замешвае.

 Я разумею, Капейкін, ты трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Я паперкі твае прачытаў, асабліва вось цікавая з Рэспубліканскага псіха-неўралагічнага дыспансэра, дзе ты праходзіў стацыянарнае лячэнне.

Кажа ён гэта, кажа, а ў мяне ажно мароз па скуры: няўжо я дзесьці штосьці не тое зрабіў, падвёў кіраўніцтва? Можа, апазіцыянер мой раствор рабіў па даведніку з бэнээфа або дзеўкі гэтыя сувязныя з-за мяжы. Нічога не магу ўцяміць.

 Ведаеш што, Капейкін, мы з кіраўніцтвам параіліся і вырашылі даць табе ўнікальную магчымасць паслужыць Радзіме.

Сказаў гэта генэрал і пачаў выкладваць на стол тоўстыя-тоўстыя тэчкі. Я толькі і думаю сабе: «Ого, з кім гэта генерал-маёр з засакрэчаным прозвішчам мог абмяркоўваць мой лёс, лёс простага лейтэнанта Капейкіна?» А генерал усё дастае і дастае гэтыя тэчкі. І вось ужо ўвесь стол імі завалены.

 Гэта,  кажа тады кіраўнік пятага ўпраўлення,  твая новая справа, Капейкін.

У мяне аж вочы засвяціліся: во гэта справа дык справа. На пяцьдзясят тэчак.

 Але гэта яшчэ не ўсё,  сказаў генерал.  За мной.

Мы пайшлі да ліфта і спусціліся ў сутарэнні, прайшлі праз чатыры пасты аховы і двух кулямётчыкаў, апошнія дзверы ахоўваў асабісты шалёны сабака генерала. Гаспадару сабака аблізаў боты, а на мяне паглядзеў строга: як што якое  клац  і развітаюся я са сваёю мужнасцю.

Генерал адчыніў сталёвыя дзверы і завёў мяне ў падземную анфіладу, само існаванне якой Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ніяк не каментуе.

Усё было спрэс завалена тэчкамі. Іх былі сотні тысяч.

 Але, таварыш генерал-маёр, я гэта ніколі не змагу нават прачытаць.

 На шчасце, Капейкін,  кажа генерал, а сам мяне з анфілады выводзіць і дзверы зачыняе.  КДБ не страціў яшчэ рэшткі прафэсіяналізму, ніхто не дасць табе такі ўзровень допуску да сакрэтных матэрыялаў, каб ты мог з гэтай справай азнаёміцца. Я сам тут не да ўсяго маю допуск. Але для разведчыка найгоршае  гэта быць дэзінфармаваным, то цяпер ты ведаеш веліч справы, над якой будзеш працаваць.

 Мне забраць тэчкі з вашага кабінета?

 Ты што, Капейкін! Да іх ты таксама не маеш допуску, я ўжо і так пайшоў на службовы праступак, калі паказаў іх табе.

 З чаго мне тады пачаць?

 Правільнае пытанне, Капейкін! Па-першае, ты будзеш весці справу,  ён нахіліўся да мяне і сказаў вельмі ціха ў самае вуха.  Цімура Хоміча. Па-другое, зайдзі ў аддзел кадраў, мы табе званне капітана прысвоілі, атрымаеш там забеспячэнне і цывільную вопратку. Камандзіруем цябе ў Варшаву. Згодна з апошнімі сакрэтнымі дадзенымі, герой тваёй справы менавіта там.

На гэтым рапарт капітана Капейкіна быў скончаны і ён звярнуўся да гасцей дома Шымана і Таццяны:

 Вось і ўся мая гісторыя, спадарства. Што было далей, вам вядома. Дык вось, ці дапаможаце вы мне знайсці Цімура Хоміча? Увесь мой лёс цяпер у вашых руках.

Усе вельмі ажывіліся і пачалі перабіраць розныя варыянты, дзе можна было б знайсці таго Цімура і хто яго бачыў апошнім. Але хутка высветлілася, што ніхто нічога канкрэтнага сказаць не можа. Так, надоечы чуў пра Цімура, нібыта ён аформіў крэдыт, каб набыць духоўку, але дзе аформіў, у якой краме, праз які банк, на якую мадэль і скуль гэта вядома  ніхто паведаміць не мог.

 У нас жа сабралася сапраўдная беларуская багема, няўжо, спадарства вы не дасце рады і не дапаможаце беднаму капітану Капейкіну адшукаць Цімура Хоміча?  запытала Таццяна.

Усе дружна заківалі галовамі, асабліва гарачыя прапанавалі за гэта тут жа выпіць і выпілі, пасля выпілі яшчэ па адной. І Шыман сказаў, што спадары беларусы проста абавязаны дапамагчы агенту КДБ знайсці Цімура Хоміча і што цяпер яны будуць па чарзе хадзіць у госці да кожнага з прысутных, а той будзе прыводзіць сваіх знаёмых  і так яны пакрысе апытаюць мільён беларусаў, якія цяпер жывуць у Варшаве.

Першымі вырашылі адведаць Пшэмака і Касю, бо Кася ўсё яшчэ спала, а Пшэмак быў толькі «за». На гэтым пянку вырашана было працягваць, а капітан Капейкін сядзеў рэшту вечара моўчкі і толькі ціха пасміхаўся сабе ў вусы, якіх не насіў.

На гэтым месцы вы можаце запытаць, а скуль столькі беларусаў у Варшаве? У нас жа на мяжы танкі ходзяць хмура, а візы выдаюць у польскім кансулаце, які яшчэ горшы за гэных памежнікаў.

Але Булгакаў пісаў, што кватэрнае пытанне масквічоў сапсавала, а беларусаў не тое каб палепшыла, але пераявіла не раўнуючы госпада нашага Суса Хрыста, перажагнаемся, брацця.

Але, але не проста так узгадаў я кватэрнае пытанне, а дакладней пытанне старшыняў жыллёвых таварыстваў. Што ён вярзе, якія жыллёвыя таварыствы? А такія таварыствы, у каторых захоўваюцца дамавыя кнігі. А ў тых кнігах што? Правільна, у тых кнігах пазначаецца нацыянальнасць жыхароў дома.

Напрыклад, быў Даніла з-пад Смургоняў. Зайшоў той Даніла да старшыні жыллёвага таварыства, нага ж нагу падпірае, рука руку абдымае. «Дык ты, Даніла, аказваецца, меў дзеда, а той дзед, бач ты, сінім па жоўтай паперы  паляк як ён ёсць». Ну, як паляк? Пакуль яшчэ не паляк, але вось ужо крывавыя натаўскія еўры ў кішэні старшыні  і быў Даніла Каспяровіч беларус да болю ў мазалях, гандляр коньмі, а стаў, як быў, Януш Корчак  вялікі польскі педагог, гуманіст, асветнік. Але ж Януш Корчак быў габрэем? І Даніла цяпер габрэй, выходзіць? Гэта вы ўжо хапілі цераз край зямлі, праз вяршыню Эльбруса і выйшлі на Галанскія высоты, бачыце вы ўжо даліну Эўфрата і падступных арабаў, ужо мроіцца вам шасцідзённая вайна і вайна суднага дня, і ўжо крычыце вы ў сэрцах сваіх: «Вядзі нас да перамогі, Мошэ Даян, леў ты пустыні. Спявай нам баявыя песні, Голда Мэер, каб цябе феміністкі на руках насілі ды песцілі!»

Не, у амбасадзе дзяржавы Ізраіль з такой паперкай паглядзяць на вас сувора і пагоняць у плечы, як тых арабаў з адвечных іх арабскіх зямель. Не спяваць вам песень пра перамогу габрэйскай зброі над усімі іншымі зброямі. Але нічога, у палякаў прасцей усё. Выпіску ім прынёс, што дзед твой быў Ян Амос Каменскі, яны нават і не ўцямяць, што Амоска быў зусім і не паляк, а чэх звычайны, хаця таксама гуманіст і асветнік.

Такія яны ўжо дзе даверлівыя, гэтыя палякі. Я помню, раз бадзяўся па Варшаве, а ў кішэні толькі ватман фармату А0 і маркер (самі бачыце, раздалі мне мечаныя карты). Што рабіць, трэба дзейнічаць. Напісаў я на тым ватмане, што я знаны польскі пісьменнік і аўтар Канстытуцыі трэцяга траўня. І ўстаў на пляцы Канстытуцыі. Палякі мне за тры гадзіны накідалі поўны капялюх злотых. Я пасля тры дні баляваў. Вось якія даверлівыя.

Дык і ты, Даніла, толькі прыехаў ты са Смургоняў у Менск і ўжо на інтэрвю стракочаш, што дзед твой Амоска даў табе тры запаветы, але кожны з запаветаў ён пісаў флякамі па журыку. Запавет першы: сам ён быў палякам, і бацька твой паляк, і ты, выходзіць, паляк, і ўсе твае дзеці цяпер палякі і, вынікае, могуць бясплатна вучыцца ў Польшчы. Запавет другі: Польшча  яна ад мора да мора, і праезд для цябе па ёй цяпер ільготны. І трэці запавет: не пакідаць культуры нашай польскай, каб не ўмёрлі.

 Якая першая сталіца Польшчы?  раптам пытае працаўнік кансулату.

Што, Даніла, не рыхтаваў цябе твой Амоска да такога павароту? Не расказалі на трохдзённых курсах пальшчызны і хадзьбы на мыліцах? Увесь ты халадзееш, Даніла, хрыбетнік твой робіцца нібы лом, які жаўнер будаўнічых войск убівае ў трамвайныя рэйкі, ідзе-гудзе па ім вібрацыя проста ў твае мазгі, і ўсё ў тваіх, Даніла, мазгах вібруе і гудзе, як у халадцы, ды сцякае па скронях ліпкі пот.

 Гміна!  раптам узгадваеш ты. Казала ж гістарычка Гражына Чаславаўна: «Вучыся, дэбіл»,  ты і вывучыўся ёй на радасць.

 Гнезна!  папраўляе цябе працаўнік кансулату і падміргвае.  Бачу, што пан вучыў з дзедавых слоў, а дзед быў знаны асветнік з-пад Смургоняў.

Як той казаў, колькі ні красуйся, а ўсё туды рыхтуйся, то праміне, можа, год які ці два  і стаіць ужо Даніла перад афіцэрам памежнай службы з запаветнай карткай, укладзенай у пашпарт і хавае ў чорнай торбе малочныя і мясныя прадукты.

І такіх Данілаў нарабілася на Беларусі дзевяць мільёнаў дзевяцьсот тысяч палякаў. Ажно ў Польшчы ўзрадваліся. Кіраўнік ПіСа так і сказаў: «Ужо я вам стаміўся казаць, там і няма нікога апроч палякаў, толькі адмый іх ды журыкам накармі  і ад паляка не адрозніш». А Даніла такі сабе і думае: «Ага, шчас, бл-дзь, буду я твой бігас жэрці, пякотка мяне ад яго пячэ, флякамі тваімі мазацца і бабе сваёй цыцкі імі мазаць! Ты на сваю фрызуру паглядзі, халера ты пранцавая, мацеры б тваёй у Нямеччыну на аборт у свой час зганяць, польскае ты быдла, дрэсяж ты з Лодзі!»

А прэзас заходзіцца, нясе яго, не раўнуючы бабу Клаву (я пра яе вышэй пісаў, з восьмай яна кватэры). Гаворыць прэзас: «Мы з вамі нясём святло вялікай польскай культуры ва ўвесь свет». А Даніла толькі і думае сабе: «Ага-ага, святло ты нясеш. Можа, Шымборску ты нясеш? Мілаша, можа? Ты ж з Лодзі дрэсяж, ты іх ні радка не ведаеш, нясун ты яб-чы. Во ў мяне швагер быў на маторным заводзе, дык ён аднаго разу цэлы трактар вынес, хоць іх там не рабілі. Гэта нясун, я разумею, а ты  цьху, плюнуць і нават не расціраць, клоп ты вурзупельны. Ці, можа, Барбару Брыльску ты нясеш? Дык я бачыў тую Барбару, пацягала яе жыццё, яна цяпер па танным прайсе здымаецца ў тупых камедыях».

Назад Дальше