Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris - Андрэй С. Адамовіч 5 стр.


А прэзас, на радасць Данілу, не спыняецца. «Нічога, хутка далучым Беларусь да вялікай Польшчы і будзе Польшча ад мора і аж да самага Смаленска». «Ага-ага,  кажа Даніла,  далучыш ты гумовы вібратар да ўласнай дупы. Я два разы зганяю па льготных квітках, свіныя плечы з Кракава ў Гданьск адвязу, вывучуся бясплатна на сантэхніка-механізатара і вярнуся ў Смургоні, бо быць праграмістам у Кракаве прэстыжна, але, як ні круці, у конях больш стабільнасці».

Ладна, гэта лірыка  што там думае кіраўнік ПіСа і што там адказвае яму Даніла. Усё ж адукацыя ў Беларусі яшчэ не так дэградавала, як у Еўропе, і мы ведаем, што, калі ад дзесяці мільёнаў адняць усіх нашых Данілаў, дык атрымаецца раўнютка сто тысяч.

А гэтыя сто тысяч што? Без карты паляка? Дурныя вы ці з Вілейкі? Што ў іх, няма якога швагра з дамавой кнігай, што ўжо не могуць вывучыць «дзень добры», і «прошу пана», і першую сталіцу новай радзімы? Анягож. Пяцьдзясят тысяч з гэтых ста  сапраўдныя габрэі, ім ваша карта паляка без дай патрэбы. Ім і так  ганяй па Эўразвязе без візы напрамілы бог. Хочаш  можаш у ЗША паехаць або ў Канаду. А хочаш  і на Ямайку. Во гэта рэч  ізраільскі пашпарт, а не ваша картка занюханая.

І яшчэ без аднаго чалавека пяцьдзясят тысяч брытанцаў на Беларусі пражывае, падданых Яе Вялікасці каралевы Злучанага каралеўства Англіі, Шатландыі і Уэльса, ці неяк так, даруйце, я сам не ангелец. Гэта па афіцыйных дадзеных ангельскай амбасады. Тут бы вам і падавіцца тым, што вы там жуяце, смаркачы, хутчэй за ўсё.

Самыя кемлівыя ўжо зразумелі, што гэтыя людзі  гэта і ёсць старшыні жыллёвых таварыстваў, якія як хочаш могуць дамавую кнігу перапісваць: могуць з пачатку да канца, а могуць з канца да пачатку.

А консулам у амбасадзе ў Менску працаваў адзін індус, яму гэтыя белыя ўсе на адзін твар, можа, ён і сапраўды пляменнік каралевы, хто яго ведае. А старшыня таварыства так меле ўпэўнена. Падчас інтэрвенцыі, каб прымусіць бальшавіцкую Расію працягваць удзел у Першай сусветнай вайне, мой гераічны прадзядуля, стрыечны брат Яе Вялікасці каралевы Вікторыі на чале кавалерыйскага палка скакаў у атаку на клятых чырвоных. І быў ён цяжка паранены восем разоў, страціў памяць, зрок і сумленне. Застаўся проста ў Смургонях лекаваць раны, дзе і ўзяў шлюб з маёй гераічнай бабкай Адэляй Якаўлеўнай. Сэр сам бачыць, што ў чарзе на брытанскі пасад я трыста сорак чацверты і ніяк не магу без брытанскага пашпарта. І слязу пускае, маўляў, такая туга па гістарычнай радзіме мяне прабірае, што не магу выконваць прамыя свае абавязкі токара на рамонтнай базе.

А індуса гэтага хоць тыгру скармі, але толькі дай паглядзець, як сахіб плача. Плясь пячаткай па паперцы. Выдае токару-старшыні пашпарт з ільвамі, а той яму руку цалуе. Індуса ажно прабірае да самага лба яго мамы з чырвонай кропачкай, якая аж з Джамалунгмы назірае, як яе сыночку белыя людзі рукі цалуюць. Аддыхаецца індус і кажа: «Давайце, завадзіце трыста сорак пятага прэтэндэнта на пасад Яе Вялікасці, так я іх палюбляю, такія яны ўжо акторы, хоць ты іх на Беларусьфільм, хоць у Інстытут журналістыкі, хоць у тэатр імя Янкі Купалы  трупай загадваць».

Але нарэшце дабраліся мы да таго самага аднаго-адзінага чалавека на Беларусі, які не мае ані карткі паляка, ані габрэйскага, ані ангельскага пашпарта. «Дык гэта Лукашэнка!»  напэўна, ужо вы падскокваеце на месцы, радыя сваёй здагадцы. Не, зноў вы як пальцам гаўна памацалі. Так, я палюбляю вас падманваць, мне гэта  як таму консулу, калі белыя плачуць. Не, той адзіны і непаўторны  гэта Цімур Хоміч.

«Стой, стой!  закрычыце вы.  Але ж Хоміч у Варшаве, як жа ён у яе трапіў?» Такія вы ўжо дзе хуткія, прыйдзе час, даведаецеся як.

А нашы героі мусілі сабрацца наступнага дня ў Пшэмака і Касі, але, той казаў, пацеха, як на Святога Вайцеха, а на такую пацеху грэх было не завітаць да Андрэя Куцілы  рэжысёра-дакументаліста, які не ведаў абсалютна нічога пра планы шаноўнай грамады сабрацца ў ягонай кватэры.

Госці пачалі прыходзіць а пятай. Першым у дзверы Андрэя пазваніў капітан Капейкін, які не меў звычкі спазняцца на службовыя сустрэчы. Чорны доўга думаў, які б падарунак захапіць з сабой да рэжысёра і не прыдумаў нічога лепшага, як раздрукаваць свой фотаздымак у параднай форме з аксельбантамі і медалём «Выдатнік КДБ» у фармаце паўтара на два метры. Яму прыйшлося аддаць за гэтую працу ці не траціну месячнага забеспячэння. Праз гэта агент не браў таксоўку, але пайшоў да рэжысёра пешкі (добра, што той жыў пры пляцы Збавіцеля і дарога заняла ўсяго чатыры гадзіны  дый тое праз адчувальны вецер, які ператвараў партрэт у крыло планёра).

Госці пачалі прыходзіць а пятай. Першым у дзверы Андрэя пазваніў капітан Капейкін, які не меў звычкі спазняцца на службовыя сустрэчы. Чорны доўга думаў, які б падарунак захапіць з сабой да рэжысёра і не прыдумаў нічога лепшага, як раздрукаваць свой фотаздымак у параднай форме з аксельбантамі і медалём «Выдатнік КДБ» у фармаце паўтара на два метры. Яму прыйшлося аддаць за гэтую працу ці не траціну месячнага забеспячэння. Праз гэта агент не браў таксоўку, але пайшоў да рэжысёра пешкі (добра, што той жыў пры пляцы Збавіцеля і дарога заняла ўсяго чатыры гадзіны  дый тое праз адчувальны вецер, які ператвараў партрэт у крыло планёра).

Дзверы капітану адчыніла пакаёўка, Капейкіна яна не ведала, але прапусціла яго ў кватэру, бо да гаспадара часцяком прыходзілі дзіўныя людзі, з якімі ён абмяркоўваў то творчасць ранняга Альмадовара, то прыёмы мантажа ў серыі фільмаў «Ёлкі». Самога рэжысёра пакуль не было.

Капейкін паставіў партрэт да сцяны і сеў пры стале, застаўленым бутэлькамі з-пад віна. Хутка прыйшлі Віталь Рыжкоў з Андрэем Адамовічам, яны не сталі чакаць гаспадара, а пачалі піць і размаўляць пра нешта сваё. Капейкіна сябры нібыта не заўважалі. Дапіўшы гаспадарскае віно, паэты ўзяліся за прынесенае з сабой. Калі некалькі бутэлек зніклі ў іх глотках, Андрэй пайшоў корпацца ў ноўтбуку гаспадара.

Пакуль ён штосьці там круціў, да кампаніі далучылася Агата Кокс.

 Спадарства, ці даведаліся вы што-небудзь пра Цімура?  запытаў Капейкін.

 Пакуль нічога новага, але мы дазналіся аб тым-сім з яго мінулага. Калі капітану Капейкіну цікава, я з задавальненнем раскажу. Толькі, магчыма, варта пачакаць іншых, каб бясконца не пачынаць гісторыю з пачатку?  адказаў Віталь.

 Хіба Цімур Хоміч можа зацікавіць кагосьці, апроч мяне?

 Васпане, паверце, гісторыя Цімура Хоміча зацікавіць кожнага.

 Што ж у ёй такога незвычайнага?  капітан Капейкін пачынаў ускіпаць, як курыны булён, ажно ў яго на лбе, там, дзе мусіў быць край фуражкі, зявілася шэрая пена, якую хацелася зняць шумоўкай.

Але Адамовіч даў рады з ноўтбукам і запусціў на праектар першы і самы знаны фільм Андрэя Куцілы. Фільм быў дакументальны і, як гісторыя Цімура Хоміча, зацікавіў кожнага, нават Капейкіна, з тых, хто быў у пакоі, і кожнага з тых, хто да іх далучыўся падчас прагляду, нават самога Андрэя Куцілу і яго пакаёўку, якая раней ніколі не бачыла фільмаў гаспадара. Яна зайшла запытаць у Андрэя, ці што-небудзь патрэбна, але так і засталася стаяць з разяўленым ротам да канца прагляду.

Калі пачаліся фінальныя тытры, госці, якіх набраўся поўны пакой, усталі і пайшлі пляскаць так горача, што рэжысёр спачатку пачырванеў, пасля пабялеў ды на астачу пазелянеў. Пазелянеў ён, праўда, не праз апладысменты.

 Хто!?  зароў рэжысёр так, што пакаёўка падскочыла на месцы, нарэшце зразумеўшы, што фільм скончыўся.  Хто паставіў сюды фота гэтага ўрода!?  з дзікім крыкам Андрэй Куціла схапіў партрэт капітана Капейкіна і выкінуў яго ў французскае акно, якое адчынілі, бо ў пакоі было задушна.

Рэжысёр абвёў гасцей чырвонымі, як познія вершы Коласа, вачыма, яго трэсла. Не было сумневаў: калі ён толькі даведаецца, хто прынёс сюды гэты партрэт, а самае галоўнае  паставіў яго акурат пры той сцяне, на якой яны і глядзелі фільм,  ён кінецца на гэтага чалавека і паспрабуе разбіць яму галаву або выціснуць вочы пальцамі. Раззлаваўся ён не на жарт, бо зразумеў, што муляла яму вока цэлыя паўтары гадзіны. Больш за тое, у яго зявілася падазрэнне, што гледачы былі ў захапленні, бо стужка наклалася на партрэт кадэбэшніка з медалём і аксельбантамі.

На шчаcце капітана Капейкіна, ён стаяў акурат плячо ў плячо з Андрэем Куцілам, апрануты быў у цывільнае, а валасы ў яго за паўгода адраслі так, што ён нічым не нагадваў таго маладога паголенага хлопчыка на фотаздымку. Пакаёўка ж разумела, што, калі яна пакажа на капітана Капейкіна, турэмнага тэрміну гаспадару ніяк не абмінуць.

Пакрысе госці пачалі супакойваць рэжысёра: маўляў, гэта нічога, давай выпем за твае новыя фільмы, клянёмся табе, пасля таго, што мы ўбачылі, мы ўжо ніколі не будзем ранейшымі, гэта перавярнула нас, як бы падчапіўшы крукам за ўспаміны, якія мы лічылі страчанымі, і перамяшаўшы з самым добрым з таго, што ёсць у нас,  і гэты сплаў забытых успамінаў і найлепшага  гэта цяпер і ёсць мы. Пакуль госці супакойвалі рэжысёра, Капейкін зрабіў выгляд, што ідзе ў прыбіральню, а сам выскачыў з кватэры, каб падабраць партрэт. Ён думаў, што, каб вярнуць грошы за друк, яго давядзецца здаць па вопісе на канспіратыўную кватэру.

Назад Дальше