У І843 г. па Ўказу Ўрадавага Сэнату Луна, якое ў той час належала рымска-каталіцкай царкве, пераходзіць у казённае ведамства. Фальварак складаўся з 2 двароў у в. Луна і ў в. Пілкі.
25 верасьня 1859 г. Віленскі генэрал-губэрнатар зрабіў прадпісаньне гродзенскаму губэрнатару «Аб правядзеньні неадкладна найстражэйшага дасьледаваньня аб буянскім учынку сялян маёнтка Луна», бо сяляне адмовіліся ад згонаўвыхадаў на ўборку панскага ўраджаю ўсяго працаздольнага насельніцтва, пачынаючы з 12 гадоў. У воласьць былі накіраваны 57 паліцэйскіх. Але звыш 200 чалавек узброілася палкамі і перагарадзілі дарогу паліцэйскім.
У І859 г. на тэрыторыі, ахопленай Волпай, Росьсю і Луна, адбыўся «цьвярозы» рух. Сяляне на сходах прынялі пастановы ў царскіх кабаках віно і гарэлку не купляць. «У нас няма ні пянства, ні распусты, ні крадзяжу. Хату хоць на цэлы дзень пакідай адчыненай ніхто трэскі не возьме», піша пра звычаі нашай мясцовасьці Эліза Ажэшка.
Антыалкагольны плякат
Для ўціхамірваньня сялян у ліпеню 1862 г. урад накіраваў роту салдат. Валасны старшыня загадаў забіраць у сялян прадукты харчаваньня, «рэзаць жывёлу». Супраціўленьне луненскіх сялян было зломленае.
Не прынялі ўстаноўчых грамат сяляне вёсак Шчарбавічы, Глядавічы, Стральцы, Жылічы, Камянчаны. У сялян былі адабраны добра ўгноеныя землі, а аддадзены непрыдатныя, на якіх нічога не радзіла. Аб гэтым напісалі скаргу Віленскаму генэрал-губэрнатару ў кастрычніку 1862 г. З-за непісьменнасьці сялян складаў скаргу і зрабіў подпісы за іх нейкі Антоній Багуслаўскі. Праз пяць дзён больш за 100 сялян скасілі частку панскага лугу. 19 кастрычніка 1862 г. ад Віленскага генэрал-губэрнатара Назімава прыходзіць «Адносіна» Гродзенскаму губэрнатару «аб сходзе сялян Луненскай воласьці Гродзенскага павета аб павялічэньні паншчыны, прысваеньні іх грошай і распрадажы маёмасьці беднякоў памешчыкам». У «Адносіне» распавядаецца на што скардзяцца сяляне « сельских обществ Луненской вол»., што міравы пасрэднік абявіў аб адмене згонаў, а летам прымушаў адбываць згонныя павіннасьці звыш вызначанай паншчыны, і штрафуе за невыхады. Што ў 1830 г. зярно з сельскага запаснога магазына (склад для семяннога зерня сялян) было забранае на харчаваньне войска, а грошы 2000 р. забраў памешчык сабе, і хлебны запас папоўнены недастаткова. Скарб 23 сялянскіх гаспадарак распраданы за нядоімкі, бо па прычыне дрэннага ўраджаю і падзяжу ската гэтыя сяляне не змаглі і не адпрацавалі на памешчыка. Толькі ў 1858 годзе ў сялян адабрана 500 дзесяцін зямлі, а эканомія павялічыла грашовыя плацяжы на 1 руб. 46 кап. з двара. Таксама на 1 дзень павялічана баршчына і склала 5 дзён на тыдзень замест чатырох.
Скаргі на гэта міравому пасрэдніку і земскаму спраўніку не далі ніякіх вынікаў і таму сяляне хадайнічаюць аб утварэньні сьледчай камісіі для справядлівага разгляду іх скаргаў. У дакумэнце адзначаецца, што і раней у некаторых вёсках Луненскай воласьці адбываліся беспарадкі з нагоды патрабаваньняў памешчыкаў, якія не адпавядалі Ўстаўным граматам.
Якія былі наступствы скаргі сялян і адносіны Віленскага генэрал-губэрнатара сьведчыць «Рапарт Гродзенскага земскага спраўніка Гродзенскаму губэрнатару аб прымяненьні ваеннай сілы пры ўвядзеньні Ўстаўной граматы ў Луненскай воласьці» ад 25 сьнежня 1862 г « () То, чтобы восстановить порядок и повиновение, тем более во избежание распространения подобных беспорядков и в других местах, я отнёсся к Командиру 3-го батальона Калужского пехотного Его Величества короля прусского полка, дабы в виде экзекуции послать в деревни Каменчаны, Стрельцы, Жиличи, Шкробовичи и Глядовичи на каждый двор (которых всего 150) по два человека и сьверх того устроил в местечко Лунно особый караул из 60 человек, для арестования или же в случае надобности наказания более виноватых и упорных крестьян и на счёт размещения низших чинов при приличном содержании я назначил ежедневного экзекутного платежа по 5-ти копеек на человека и за переход по 1 1/2 копейке на версту и требовал чтобы те же постояльцы непременно тот час доставили ко мне в Лунну каждый своего хозяина и таковыми они всё были собрать, то я сделал им при мировом посреднике соответствующее внушение, заставил быть спокойными и выслушать Уставную Грамоту, а когда это кончилось с желаемым успехом я крестьянам возобновил приказание, чтобы руководствовались и повинности исполняли по Грамоте, а нижних чинов для 11 роты удовлетворить следуемыми деньгами, в чём малейшего сопротивления со стороны крестьян я уже не встретил, а как по местному дознанию моему оказалось: что к означенному неповиновению более всего виновен крестьянин деревни Каменчаны Иван Олизар, который чувствуя свою вину, до прихода моего скрылся, то я предписал приставу Бугардту за возвратом Олизара доставить его за караулом ко мне в Гродно для воздержания его от подобных поступков».
Сяляне яшчэ паспрабавалі паскардзіцца самаму імпэратару Аляксандру ІІ. Але скарга ў Пецярбург не дайшла, а асела ў канцылярыі самага Гродзенскага губэрнатара Івана Галера.
Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне
«Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Каралеўстве. Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі».
Эліза Ажэшка
Беларускія, польскія і літоўскія патрыёты рашылі выкарыстаць сытуацыю, каб вызваліцца ад акупантаў. У канцы 1850-х гг. і пачатку 1860-х на Беларусі, у Польшчы і Літве ўзьніклі канспіратыўныя арганізацыі, а з восені 1861 г. падрыхтоўку паўстаньня ачоліў Камітэт у Вільні. Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў называе нашу краіну «самой мяцежной колонией России».
3 верасьня 1861 года Гродна і губэрня абвешчаны на ваенным становішчы (зьнятае 28 кастрычніка 1862 г. і зноў абвешчана 26 студзеня 1863 г.). Яшчэ ў сакавіку 1861 г. з бацькаўскай Якушоўкі з мэтай стварэньня кансьпіратыўнай вызвольнай арганізацыі ў Гародню накіраваўся Кастусь Каліноўскі. Сярод іншых у Гарадзенскую арганізацыю ўвайшлі Валеры Ўрублеўскі, Эразм Заблоцкі, Ян Заржыцкі і Ян Ваньковіч. З ліпеня 1862 года пачынае выпускацца Кастусём Каліноўскім «Мужыцкая праўда» першая рэвалюцыйна-дэмакратычная газэта ў Беларусі.
«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля зьвярталася газета да простага люду. За тое, што мы цару 25 лет на войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасьць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасьць і веру, а мы-то даем рэкрута, і нашымі грудзямі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты Ён-то, перакупіўшы многа папоў плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў зьлітаваньня над намі».
«Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасьць! Нас цар ніц не падмане не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сьцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам ды бацькам», заклікае Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе».
Шырокую дзейнасьць разгарнуў Кастусь Каліноўскі на Гарадзеншчыне. Валеры Ўрублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводзтва, будучы генэрал Парыскай камуны. У губэрні паўстанцы ўтварылі акругі, адпавядаючыя 5-ці станам. Цывільным кіраўніком Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці. Ян Каменьскі заслугоўвае таго, каб аб ім і яго лёсе было расказана падрабязьней, што будзе зроблена ў аддзельным апавяданьні пазьней.
«Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» Карціна Пётры Сергіевіча
Унук паўстанца Язэпа Шамета з в. Дубраўляны (апошні час жыў у Седзянеўцах) успамінаў, што яго дзед быў сувязным паўстанцкіх атрадаў, што ў нашай мясцовасьці дзейнічала каля трох тысяч паўстанцаў, узброеных драбавікамі, шаблямі, пікамі ды косамі. Пасьля паразы каля Кнышава Язэп Шамет вывез з поля бою параненага паўстанца Жалезьнякоўскага з в. Хамічы, а самому ўдалося пазьбегнуць палону. Мясцовыя сяляне вялікай актыўнасьці ў паўстаньні не праявілі, але калі паўстанца агітатара з в. Камянчаны Івана Алізара арыштавалі, то 30 сялян зьяўіліся ў Луненскае валасное праўленьне, зьбілі старшыню Малашку і вывезьлі ў невядомым накірунку. Але на самой справе «Малашка (Małaszko) Ян, с. Шымона, войт Лунна, быў арыштаваны ў першыя дні сакавіка 1866 г. [? памылка 1863] за захаванне паўстанчай літаратуры. У той час меў 45 гадоў», гэта значыць быў паўстанцам.
Невядома, якую пазыцыю ў адносінах да паўстаньня занялі гаспадары маёнтка Луна, але ён не быў абкладзены часовым зборам з маёнткаў памешчыкаў польскага паходжаньня на ўтрыманьне сельскіх каравулаў у пэрыяд з 1 кастрычніка 1863 г. да 1 мая 1864 г. Сельскі каравул у Луна складаўся з дзяржаўных сялян Ваўпянскага і Дубнаўскага вясковых грамадзтваў, якія забясьпечваліся хлебам з запасных абшчынных магазынаў, а грашовыя сродкі выдзяляліся з харчовага і мірскага капіталаў.