Гэта герб тваіх продкаў!
Маіх продкаў? У нас што, быў свой герб? шчыра здзівіўся хлопец.
Наш род належаў да гэтага герба і карыстаўся ім.
Гэта як?
Даўней, калі рыцары збіраліся на вайну і абядноўваліся пад адной харугвай з гербам, за вайсковыя заслугі іх семям мог надавацца герб. Ім яны потым карысталіся. Такім чынам многія шляхецкія семі займелі падобныя гербы. Наш род пайшоў ад сапраўдных рыцараў.
Але ж!
Янка быў гэтак здзіўлены, гэтак усхваляваны, што мог бы выпусціць вуду і не заўважыць таго.
Ашалець можна! не мог ачомацца хлопец. А чаму я нічога дагэтуль не ведаў?
Папраўдзе, гэтага нават твой бацька не ведае. Я пра тое асабліва ні з кім не размаўляў.
А чаму?
Ну як табе патлумачыць? Не тыя часы былі, скажам так.
У сэнсе?
Калісьці за такое маглі і выправіць куды, у Сібір ці яшчэ што горай. Хаця твой бацька і нарадзіўся ўжо ў больш вольны час, але ўсё адно лепей было не распавядаць пра сваё паходжанне.
А цяпер што?
Ужо можна і не хаваць. Але каму гэта цяпер цікава?.. сумна прамовіў дзед.
Мне! гарэлі вочы хлопца. Вельмі! Гэта ж так істотна ведаць, кім былі твае продкі. Асабліва калі гэтакія. Я дагэтуль пра рыцараў толькі ў кніжках чытаў ды фільмы пра іх глядзеў. А цяпер разумею, што ў маім родзе былі рыцары! Цікава ж!
Шчыра кажучы, мяне вельмі цешыць, што цябе гэта так уразіла, павесялеў дзед. Можа, у цябе атрымаецца болей даведацца пра нашых продкаў. Я стары ўжо. А ў вас, маладых, усе магчымасці сёння на тое ёсць. І архівы, і бібліятэкі вунь якія, і гэтае, як яго
Сеціва? падказаў хлопец.
Ага, яно самае. Вось дзе рэч, кажуць, цудоўная.
Усё, што пажадаеш, можна знайсці, пагадзіўся Янка. Трэба будзе ў вольны час, як вернемся, паглядзець. Магчыма, што і знайду.
Мо што і мне потым апавядзеш.
Абавязкова, дзеду.
О! раптоўна гукнуў дзед, і Янка павярнуўся ў той бок, куды глядзеў дзед. Торкае, глянь ты, торкае!
Ага, адразу з імпэтам пералучыўся Янка на іншае. Глянь ты, і сапраўды, бярэ! Ды і добра, відаць жа. Гэтак цягне, няйнакш, вялікая рыбіна.
Так, давай, давай! дзед шмаргануў вуду і закруціў шпульку.
Урэшце над воднай плынню паказалася і сама рыбіна, якая выскачыла на імгненне з вады, спрабуючы вызваліцца ад гачка. Яна была не з дробных. Галоўнае цяпер, каб яна не сарвалася.
Падхватнік, Янка, хутчэй падхватнік! крычаў дзед, падцягваючы рыбу, якая ўпарта супраціўлялася.
Хлопец кінуў сваю вуду і скокнуў па падхватнік. Дзед падвёў рыбу бліжэй да берага, а хлопец яе ўдала падхапіў. Ён ледзь выцягнуў рыбіну на бераг, ажно той падхватнік прагнуўся.
Глядзі, глядзі! раптоўна гукнуў дзед. Хапай вуду, і ў цябе бярэ!
Хлопец кінуўся ратаваць сваю вуду, якую рыбіна магла сцягнуць за сабою. Янка падсякаў яе і падцягваў гэтак, як вучыў дзед. Рыба пачала весці з боку ў бок, але хлопец усё бліжэй падцягваў яе да берага. Лёска напіналася, як струна, але гэта адно падахвочвала хлопца. Яшчэ крыху намаганняў і ягоны ўлоў на беразе.
А далей яны толькі і паспявалі, што выцягваць згаладалую рыбу, і за колькі гадзін ужо мелі болей чым зайздросны ўлоў. Такога Янка і не мог уявіць.
Нечаканая разгадка. Чароўная краіна
Дахаты нашы рыбакі вярнуліся надта шчаслівыя і з багатым уловам. Вядро, амаль поўнае рыбы, Янка ледзь перанёс праз парог і з грукатам бухнуў на падлогу. Яго перапаўняў гонар мужчыны-здабытніка, які з лішкам выканаў свой гаспадарскі абавязак карміцеля сямі. Следам за ім ужо больш сціпла ўвайшоў дзед і ціха паставіў вуды і рэчы ў кут.
Вось! пахваліўся Янка. Ледзь данеслі!
Матка Боска! радасна пляснула ў ладкі бабуля. Ну вы і малайцы!
Але ж, сапраўдныя рыбакі! Здабытнікі! Гэта ж трэба, гэтулькі рыбы налавілі! падтрымаў сваіх родных тата і папляскаў сына па плечуку. Ну, дай пацісну табе руку!
І той з гонарам, але ў той самы час і ўсхвалявана працягнуў яе бацьку.
Ды што вы, прамовіў збянтэжаны ад пахвалы хлопец. Я ж з дзедам. Каб не ён
Слушна, Янка, падтрымаў такое імкненне да справядлівасці бацька. Славай трэба дзяліцца з тымі, хто дапамагаў яе дасягнуць. Ну, тата, звярнуўся ён ужо да свайго бацькі, вы мяне ўразілі, нават перасягнулі самога сябе. Мяркую, Янка надоўга запомніць такую рыбалку!
Толькі куды ж мне цяпер усю гэтую рыбу падзець? прамовіла бабуля.
Частку можам засмажыць альбо ў печы згатаваць, прапанавала маці. А рэшту сёння возьмем з сабой у госці. Будзе выдатны падарунак.
Якія госці? крыху здзівіўся Янка, і не таму, што было шкада з кімсьці падзяліцца, а таму, што нечаканымі былі навіны пра выправу на госці адразу па прыездзе.
Цётка твая нас усіх сёння да сябе паклікала, даўно не бачыліся.
Вой, матуля, я сёння так стаміўся і не выспаўся Можна я ўдома застануся?
Яна ўсіх паклікала, крыху разгубілася маці.
А з іншага боку, мо няхай ён дома застанецца? падтрымаў сына бацька. Мяркуй сама: іншыя дзеці нават прыблізна яго ўзросту туды дакладна не прыйдуць. Што ён там рабіцьме? Будзе сядзець і глядзець на нас, слухаючы сумныя дарослыя разважанні?
Во! далучылася да размовы і Мілана. А можна тады і я ўдома застануся? Што я там адна буду рабіць? Я лепей сябровак сваіх адведаю, даўно не бачыліся. Мяне ўжо суседка Марыська клікала да сябе, Янку таксама.
Мяне? здзівіўся Янка.
Не, цябе запрашаў ейны брат, твой прыяцель, патлумачыла Мілана. Я сказала, што ў цябе ёсць рыцарскія даспехі, а яна пра гэта апавяла брату, той вельмі хацеў іх пабачыць.
Але ж! Я толькі ўчора заявіўся, а ўжо аднавяскоўцы ведаюць з чым.
Усе адразу ж засмяяліся з такой серыі навін.
А што? як нічога ніякага працягнула Мілана. Я ёй пахвалілася сваёй дыядэмай і тваімі даспехамі. Ёй з братам дужа цікава на іх паглядзець. Пэўна, яны такога яшчэ ніколі не бачылі.
Добра, вазьму з сабой.
Можа, так для вас будзе лепей, пагадзілася маці.
Анягож! падтрымаў тата. Ім з сябрамі будзе куды весялей, чым з намі.
А вы? звярнулася мама да свёкра. З намі пойдзеце? Не стаміліся?
Я? Вядома ж, пайду. Мне ж рыбалка не ў цяжар была. Мне ж гэта хутчэй за звыклую забаўку.
Ды і я таксама не тое што стаміўся, быццам стаў апраўдвацца Янка, проста не выспаўся, прачнуўся ж рана
Ніхто ж нічога не кажа, супакоіў яго дзед. Гэта мне, старому, ужо з рання не спіцца. А вам, вядома, проста неабходна высыпацца.
Дарослыя пераапрануліся і сабраліся выходзіць з дому. Але ўжо ў апошні момант дзед заўважыў, што вуды ён так і не прыбраў у камору.
Во дзе ёлупень стары! пакпіў ён сам з сябе. Зусім вылецела з галавы.
Ай, бацька, звярнуўся да яго тата Янкі, прыйдзем прыбярэш. Выходзім.
Не-не-не! заўпарціўся дзед. Рэчы заўжды мусяць быць на сваіх месцах. Пагатоў новая вуда, дарагая такая! А ты кажаш, каб яе вось так кінуў? Ды мне ж супакою не будзе, увесь час у гасцях буду думаць, як яна там.
Добра. Толькі хутчэй, калі ласка. А то нас, пэўна, ужо чакаюць.
Я зараз, хуценька.
Дзед падхапіў кінутыя рэчы і пашыбаваў з імі да каморы. Ён адамкнуў дзверы, усё паставіў, выйшаў і зачыніў дзверы. А затым падняў руку, каб замкнуць іх, мяркуючы, што ключ у замочнай шчыліне, і на імгненне знерухомеў, спрабуючы нешта ўспомніць.
Дзіўна, прамармытаў ён.
Ключа ў дзвярах не было. Стары пачаў аглядаць свае кішэні, але і там было пуста.
Нічога не разумею, прамовіў ён.
Што такое? запыталася жонка.
Ды ключ, дакладна ж памятаю, што пакінуў яго ў дзвярах. Падаецца ж, не вымаў. Ці не? Мо ў каморы паклаў дзе? выказаў ён здагадку і зноў пачаў шукаць.
Ды хадзем ужо, проста прычыні дзверы. Што можа здарыцца з тваёй каморай за паўдня?
Але дзед нічога не адказваў, яго цяпер болей хвалявала пытанне, куды ён падзеў ключ.
Ай, тата, і сапраўды, карцела ўжо выйсці і бацьку Янкі, проста прычыні дзверы. Дзеці ўдома, калі што затэлефануюць. Нам жа тут недалёка ісці, гэта ж не ў суседняю вёску ці яшчэ куды.
Ну добра, добра, без асаблівай радасці змушана пагадзіўся дзядуля.
Ён проста прычыніў дзверы, яшчэ колькі секунд памуляўся каля іх, не маючы ахвоты пакідаць дзверы незамкнёнымі, а потым рашуча махнуў рукой і ўрэшце скіраваў з усімі да выйсця. Не ведаў ён тады, да чаго гэта ўсё можа прывесці. Хоць недзе там, у глыбіні, нешта тачыла яго. Ну, значыцца, лёс такі. Што наканавана
Янка не бачыў усяго гэтага. Яго змарыла пасля ранняй рыбалкі і перакусу, і ён ужо амаль без сіл паваліўся на ложак. А Мілане, хоць тая і бачыла ўсё, гэта было не надта цікава.
Дарослыя ўрэшце сышлі, і дзеці засталіся адны ў доме. Янка пасапваў, а сястрычка тым часам пайшла збірацца на госці да сяброўкі. Яна ведала, што там будзе прысутнічаць і сябра яе брата, таму жадала выглядаць як мае быць. Дзяўчына пачала перабіраць адзенне, каб абраць, які строй болей пасуе да дыядэмы. Пакуль яна ўпрыгожвалася, Янка паспеў крыху адпачыць. Устаў ён поўны сіл. Цяпер можна хоць на госці, хоць на пошукі прыгод. А як вядома, хто шукае прыгодаў, той заўжды іх знойдзе. Ці яны яго