Белорусский дневник  2022 - Владимир Николаевич Кулик 2 стр.


Каханай

Убачыў я тваю натуру,
Чароўны стан і воблік твой 
Пачуцці выбухнулі бурай,
І з той хвіліны сам не свой.

Гасподзь ствараў цябе як мару,
І пабажыцца я гатоў:
Твой бюст, тваю скульптуру твару
Не зможа вылепіць ніхто.

Твая пяшчота пэндзля варта! 
Яна ракой з душы цячэ,
І Рэпін не знайшоў бы фарбаў
Для таямніц тваіх вачэй.

Шкада, не чуў маэстра Моцарт! 
Магу аспрэчыць галавой 
Нікому больш не хопіць моцы
Пакласці ў ноты голас твой.

Твой воблік так паэтаў вабіць! 
У сэрцах іх гарачы хмель.
І Пушкін з Лермантавым, мабыць,
Пайшлі б адчайна на дуэль.

Тваю жаночую натуру
Не для мастацкіх мэт  о не! 
Не для карцін, не для скульптуры 
Стварыў Бог толькі для мяне.

Народны дыягназ

Ад чаго арытмія ў сэрцы?
Уцякала ад смерці.

Ад чаго туман у галаве?
Чужым розумам жыве.

Ад чаго баліць жывот?
Ад сямейных згрызот.

Ад чаго трашчаць косці?
Ад злосці.

Ад чаго свярбяць вочы?
Ашукаць хтосьці хоча.

Ад чаго баляць зубы?
Ад сквапнасці.

Ад чаго трасуцца рукі?
Ад зайздрасці.

Ад чаго ледзь ходзяць ногі?
Ад гультайства.

Ад чаго смаркач пад носам?
Ад зазнайства.

Ад чаго закладвае вушы?
Ад раўнадушша.

                                             * * *

Тасуе памяць дзён былых калоду 
На чым даўно пастаўлена пячаць.
Дарма карціць ёй нанава пачаць
Шукаць у іх цяпло і асалоду:
Няма ў душы жаданага спакою 
Там рэй вядуць памылкі і грахі,
Не вытрасці ніяк з яе трухі.
І са спагадай шчыраю людскою
Не змыць з гадоў, пражытых мною, плесню 
Сама аднойчы сыдзе ў небыццё.
Ды, дзякуй Богу, доўжыцца жыццё,
І сэрца прагне, сэрца просіць песню.

У кнігарні

Божухна! Якое тут багацце! 
Ад паліц не адарваць вачэй!
Тут, нібыта ў казачным палацы,
Кніжны свет ракой дзівос цячэ.

Тут сябры яшчэ з часоў дзяцінства,
І з юнацкай сонечнай пары, 
Цэлая эпоха пабрацімства! 
І крыху пазнейшыя сябры.

Тут сябрыне нават цеснавата:
Кожны з назапашаным дабром.
Так бывае, калі ў хаце свята 
Шмат гасцей і шмат тваіх сяброў.

І, па-мойму, лепшага настрою
Не знайсці і не адчуць нідзе:
Кожны аўтар пра сваіх герояў
Гутарку няспешную вядзе.

Хоць нячутны гэтай мовы гукі, 
Кніга ўмее ціха гаварыць.
А бярэш яе з паліцы ў рукі 
Як паходня, поклічна гарыць.

Тут я бачу класікаў  мо, роту, 
З блізкіх і далёкіх нам краін:
Дантэ, Твэн, Шэкспір, Міцкевіч, Гётэ
У святочных строях  як адзін.

Тут сябры са школьных хрэстаматый:
Пушкін, Гогаль, Лермантаў, Крылоў,
А яшчэ з усмешкай хітраватай
Пазіраюць Горкі, Блок, Святлоў.

Бачу сярод постацяў выдатных,
Хто сюды на кніжны сход прыйшоў, 
Нашыя Купала, Колас, Гартны,
Багдановіч, Броўка, Куляшоў.

Ёсць і шмат сучаснікаў вядомых,
Хто гасцюе тут не проста так,
З кім і не па кніжках я знаёмы, 
Ліпскі, Федарэнка, Шніп, Бадак
Кніжны свет  загадкавы, бясконцы:
Між паліц з трымценнем я іду,
Моўчкі, шчыра б'ю паклоны творцам,
Інжынерам чалавечых душ.

Крыху збоку  гурт людзей з навукі,
Ветразяў прагрэсу ўсіх часоў.
Маю шанц паціснуць моцна рукі
Ньютану, Энштэйну і Русо

Вось ён, залаты запас краіны!
Храм, дзе прычашчаецца душа,
Дзе жывуць і мары, і ўспаміны,
Ад якога ў свет вядзе бальшак.

Вось, яно сапраўднае багацце!
Зліткі залатыя  не раўня,
І няварта на іх грошы траціць:
Мёртвыя яны, як цішыня.

Вольны час без кнігі бавіць марна.
Кажаце: «Няма чаго чытаць»
Вы калі наведвалі кнігарню,
Бралі ў рукі кніжку пагартаць?

І не для забавы  мне паверце! 
На пацеху часу ўсім стае.
Моц душы і асалоду сэрцу
Нам чытанне кніг штодня дае!

«Прачытаць усе іх немагчыма» 
Гэты хітрык шмат каму свярбіць,
І дарма шукаеце прычыну 
Хто даў права кнігу не любіць?
З добрай, мудрай кнігай, як з малітвай,
Нам лягчэй і спакайней ісці
Па сцяжынах, часам апавітых,
Што Ўсявышнім дадзены ў жыцці.

То часцей наведвайце кнігарню,
Не шкадуйце грошай для душы!
Свет тады, упэўнен, лепшым стане
Будзе час  падумайце ў цішы.

                                             * * *

Зямля мяняе свой убор 
Змрок ахінае наваколле,
І на заснежанае поле
Кладзецца водбліск першых зор.

Зіма прыйшла і ў Прынямонь.
Нясу мароз вячэрні ў хату,
Дзе ў печцы зырка, зухавата
Гарыць, трапечацца агонь.

Цяплом напоўнены пакой,
Ён не сябруе з халаднечай 
Душа ж трывожыцца аб нечым,
Прагнаць не можа неспакой.

Няўжо ноч зноў скрадзе мой сон,
Схавае дзесьці да світання,
І слухаць мне ў дрымотным стане
Яе самотны патэфон?

                                             * * *

Я сонца ў зімы не прашу:
Бракуе самой яго промняў, 
Абы не студзіла душу
І меней адбельвала скроні.

Я долі ў зімы не прашу:
Сама ледзь скрыпіць палазамі 
Адлігай скідае кажух
І горкімі плача слязамі.

Я шчасця ў зімы не прашу:
Яно, яе шчасце зямное,
Кароткае, кшталт скавышу, 
Сплывае з паводкай вясною.

Прашу я зіму аб адным:
Раструшч, спапялі беззваротна,
Развей над планетай, як дым,
Карону з атрутай смяротнай.

Дзяўчыне з далёкага юнацтва

Дзяўчыне з далёкага юнацтва

Часу небагата  толькі вечар
Падарыла нам з табой зіма.
Прамільгнула знічкаю сустрэча 
І нічога ад яе няма.
Як нічога? Памяць не здаецца! 
Ёй той сцюжны вечар дарагі,
І таму не адпускае з сэрца,
Робіць, як у танцы, з ім кругі.
Ну навошта сам сабе я хлушу?!
Успамін аспрэчваю дарма! 
Калі шчыра, то прызнацца мушу:
Назірала, бачыла зіма,
Як глядзеў нясмела я ў бяздонне
Сініх азярын  вачэй тваіх,
І губамі грэў твае далоні,
Па-дзіцячы хукаючы ў іх.
                                             * * *

Душа не любіць адзіноты,
Ёй больш утульна між людзей,
Дзе вір падзей, святло надзей.
Душа не любіць адзіноты,
Самота час яе крадзе,
Нясе ёй жаласныя ноты.
Душа не любіць адзіноты,
Ёй больш утульна між людзей.

Дзіўна, што Пушкін вясну не любіў

Вясёлая пара  вачэй азеляненне,
Як грэе кроў твая вітальная краса!
Люблю прыроды трапяткое абуджэнне 
І водар пахкага зяленіва ў лясах,
Пяшчоту промняў сонца, свежае дыханне
Усёй ваколіцы, блакіт над галавой,
І покліч вечнага, сустрэчнага кахання,
Надзей загадкавых і светлых мар сувой!

Пяцігорская дуэль

Страляюць паэты ў паветра:
Не могуць у грудзі страляць.
На тое яны і паэты 
Ім сэрцы чужыя баляць.

Ім сорамна цэліцца ў сэрца,
Бо смерць  гэта ўжо небыццё.
Паверце паэту, паверце:
Ён цэніць чужое жыццё!

Не верце Мартынаву, людзі! 
Не варты ён кроплі таго:
Наўмысна ён цэліўся ў грудзі,
У самае сэрца яго.

А мог, як паэт, у паветра
Націснуць смяротны курок,
Зрабіўшы насустрач паэту
Без кулі спагадлівы крок.

Трагічная повязь абставін.
На помсце памешаны свет.
А праўда заўсёды святая 
Не мог быць інакшым паэт.

Ён словам свабодным не песціў
Ні ўладу, ні нават сяброў.
Дарэмна нікога не бэсціў
З багатых ці бедных двароў.

Ён збрыдзеў шукальнікаў славы,
Сляпой ганарыстасці хмель,
На смелую думку аблавы, 
Таму і пайшоў на дуэль.

Машук здрыгануўся ад болю,
Ад жаху, што ён не ўбярог
Паэта, які сам з сабою
Апошні тут вёў дыялог.

Счарнелі ад роспачы горы.
Абрынуўся лівень з нябёс.
І вецер вялікае гора
Народу Расіі панёс.

Нешта будзе

Колькі помню сябе ў гэтым свеце,
Продкі дня не жылі без надзеі.
«Нешта будзе»  казалі нам, дзецям,
Мы на іх са здзіўленнем глядзелі.

У гады з неўмалотам, няўродам,
З саладухаю ды з лебядою,
Чуўся голас спадзеўны з народа:
«Нешта будзе Не век жыць з бядою»

На вяселлях, куляючы чарку,
Маладым шчасця зычылі ўволю:
«Абрабляйце сваю гаспадарку!
Нешта будзе А можа, і болей»

У дні гора і страт непапраўных
Гналі з сэрца рой думак трывожных
І зацягвалі ўздыхамі раны:
«Нешта будзе Нам Бог дапаможа»

А калі зямны рай абвяшчалі
І трубілі аб ім, як аб цудзе,
З вуснаў продкаў зноў ціха гучалі
Словы мудрыя: «Нештачка будзе»

І цяпер, калі вірус кавідны
Ходзіць потайкам, рве жыцці людзям,
Чуем голас, надзеяй спавіты:
«Божа спыніць яго Нешта будзе»

Роздум

Не страціў даверу
да шэпту аеру
і золкага срэбра расы,
да шуму таполі
і жыта на полі 
да ўсёй навакольнай красы.

Не страчу ніколі
даверу да болю
нямых курапацкіх крыжоў,
званоў у Хатыні 
магільных святыняў,
дзе д'ябал пачварны прайшоў.

Няма і прычыны
не верыць жанчыне,
што поплеч са мною ідзе,
і шчырай сябрыне,
і боскай сцяжыне,
што ў вечнасць святую вядзе.

А страціў давер я
да розных паперак
і вестак з экранаў, газет,
да планаў маштабных
і лозунгаў штатных 
яны не палепшылі свет.

Не маю даверу
да гучных намераў,
што льюцца ракою з трыбун,
да льсцівых прамоўцаў,
дзе кожнае слоўца 
як рэха эпохі камун.

Удосталь той веры,
што Бог мне адмераў
і продкі мае збераглі,
каб шчасця агеньчык,
як сонца праменьчык,
гарэў і свяціў на зямлі.

                                             * * *

Як толькі душу працінае трывога
І белы дзень змрочную песню пяе,
Тады апаноўвае сэрца знямога,
Сум скоўвае думкі і мары мае.

Ад гэтай навалы я ў лес уцякаю 
У шэпце-дрымоце гаёў і бароў
Трывожны настрой неўзаметку знікае,
І я адчуваю: практычна здароў.

Пераклады з рускай паэзіі

Назад Дальше