Гальяш няўважна дазволіў мне вывучыць экспанат. Я паставіла каробку на канапу і тузанула за аксамітную запыленую стужку.
Зверху ляжалі граматы з профілямі Леніна-Сталіна, выпісаныя на імя выкладчыка педтэхнікума Ігната Сымонавіча Масевіча, далей - загорнуты ў цэлафан стосік пажаўцелых паперак, якія, аднак, не стала разглядаць, бо рука сама пацягнулася да антыкварнага альбома ў скураной вокладцы, з накладнымі металёвымі кветкамі, з выцісненымі вензелямі, якія яшчэ не страцілі пазалоты.
- Падобна, мы знайшлі твой сямейны архіў! - урачыста абвесціла я. Гальяш прысеў ля мяне, бязважка і павольна пагладзіў альбом, нібыта прыручаў звера, і разгарнуў. Вялікі здымак з літарамі ў куце «Фотоателье Ніхель і Ко змусіў мяне захоплена ўздыхнуць. Сапраўдная дама-вамп: тонкі профіль, цёмныя бліскучыя валасы-карэ паказваюцца з-пад капелюша з кароткімі брыламі, доўгая прыгожая шыя, як у Ганны Ахматавай, рука ў карункавай пальчатцы манерна падносіць да ярка нафарбаваных маленькіх вуснаў цыгарэтку ў тонкім муштуку. Вочы вельмі светлыя і нейкія дзіўныя... Углядаюцца ў невядомую далеч, але быццам чакаюць не прынца пад пунсовымі ветразямі, а атрад гунаў у калматых скурах, якім трэба ўсадзіць па страле ў сэрца.
- Гэта хто? - выдыхнула я. Гальяш дастаў фотаздымак з акуратных паўкруглых пазоў, пераканаўся, што на звароце нічога няма, акрамя надпісу алоўкам: Багуслава.
- Магчыма, якаясь прабабка. Не ведаю.
Прагарнуў яшчэ адну старонку. На нас глядзелі людзі даўно прамінулай эпохі. У сурдутах, мундзірах, пышных спадніцах да падлогі і шчыльна зацягнутых гарсетах.
- Ну вось гэта неадменна твой продак! - тыцнула я пальцам у фота чалавека ў дыхтоўным касцюме, пры гальштуку, але з тварам паляўнічага, вандроўніка ці ваяра. Вочы быццам свяціліся на загарэлым твары, і напэўна былі шэрага колеру, як у Гальяша, нос, здаецца, перабіты, валасы, таксама светлыя, адкінуты назад, адкрываючы высокі лоб. Подпіс лацінскімі літарамі: Шымон Каганецкі.
- Нагадвае артыста з прыгодніцкіх фільмаў пра пошукі скарбаў, - зазначыла я. - Хто гэта?
- Не ўяўляю, - напружана прагаварыў Гальяш. - Такога прозвішча ў сямі ніколі не чуў.
- Ой, а гэтая мясціна мне знаёмая! - радасна сказала я, паказваючы на фотаздымак маёнтка - двухпавярховы будынак, масіўныя белыя калоны, герб над уваходам, не разабраць, які. - Гэта Энгельсаўка, непадалёк ад майго мястэчка. Мы туды ў грыбы ездзім. У будынку было лясніцтва, а цяпер нічога няма, вокны дошкамі забітыя. Разбураецца паціху. А герба над уваходам не памятаю, знішчаны, відаць, яшчэ да вайны.
- А як даўней тая Энгельсаўка называлася? - запытаўся Гальяш, якога, як я спадзявалася, усё больш чаплялі таямніцы мінулага. Да свайго сораму, я не магла дакладна ўспомніць. Нешта такое інфернальнае, замененае на ідэалагічна правільную назву, як Прапойск - на Слаўгарад.
Яшчэ ў альбоме былі пранумараваныя здымкі нейкіх этнаграфічных рэдкасцяў: каляднай маскі, каменнага стода, драўлянага слупа з грубай разьбой.
Яшчэ ў альбоме былі пранумараваныя здымкі нейкіх этнаграфічных рэдкасцяў: каляднай маскі, каменнага стода, драўлянага слупа з грубай разьбой.
Наступным скарбам у юлёвай каробцы аказалася загорнутая ў белую сурвэтку, пажаўцелую на згінах, срэбная пласцінка. Калі мы пачалі круціць яе ў руках туды-сюды, разгледзелі на паверхні выяву мужчыны. Малады, са шляхецкімі вусамі, у канфедэратцы. Дагератып, тэхналогія першых фотаздымкаў! Відаць выяву кепска, затое захоўваецца лепш, чым папера. Але ні подпісу, ні лічбаў.
- У цябе дакладна арыстакратычныя карані, Гальяш! - з хваляваннем зазначыла я. Біёлаг паціснуў плячыма і зірнуў на мяне амаль вінавата.
- Нічога не магу патлумачыць. Бабуля памерла, дзед памёр, маці наўрад што ведае, яе радавод ніколі не цікавіў. Дзеда ненавідзела, з бабуляй сварылася - як жа, дачка-камсамолка збегла да імперыялістаў.
- Я дапамагу разабрацца з гэтымі дакументамі, - вырвалася ў мяне.
- Я ж у архівах з падобнымі працую.
Ніколі не прапаноўвайце хлапцу, які вам падабаецца, нават страшэнна падабаецца, сваю дапамогу, калі ён сам не просіць. У іх, мужыкоў, інстынкт: апякаеш яго - ты мамачка альбо драпежніца, якая хоча яго акруціць, а калі вакол цябе трэба бегаць з марозівам і паліто - ты чароўная дама, якую ён, магчыма, заваюе, нягледзячы на цяжкасці.
- Дзякую, але гэта не гарыць.
Голас гучаў настолькі знарочыста абыякава, што я абурылася і засмуцілася. Бо абыякавасць да гісторыі, у тым ліку ўласнага роду, уважаю за такі недахоп разумовы і душэўны, што чалавек успрымаецца, як інвалід. Я не хацела б настолькі расчаравацца ў шэравокім біёлагу.
Я моўчкі паклала ў скрынку зноў загорнуты ў сурвэтку дагератып, а Гальяш ужо трымаў у руках пульхны сшытак у зялёнай пацёртай вокладцы, яшчэ адзін экспанат са скрынкі. Сшытак аказаўся ўвесь спісаны цвёрдым почыркам з вострадахавымі літарамі. Вельмі падобна на дзённікавыя запісы... Дата на першай старонцы - 1893 год - падалася мне чамусьці страшэнна знаёмай. Ах, так, гэта ж лічба з каменнага педэстала знакамітай скульптуры-фантана Хлопчык з лебедзем, зробленай у год адкрыцця ў горадзе водаправода. Колькі я на першых курсах сядзела з сябрамі на лаўцы каля таго фантана, сузіраючы гэты надпіс. Дарэчы, пляц з фантанам празвалі Панікоўкай - бо хлопчыка, які пяшчотна прыціскае да сябе вялікую птушку, гарадскія жартаўнікі прыпадабнялі персанажу рамана Ільфа і Пятрова Залатое цяля, старому шалберу Панікоўскаму, што больш за ўсё на свеце любіў гусей.
Але перад намі дзённік, напісаны больш за сто гадоў таму! Подпіс уладальніка знайшоўся: Багуслава Н. Відаць, тая самая дама з цыгарэткай!
- Гэта табе таксама не цікава? - як мага больш халодна папыталася я.
Ну чаму, чаму патрапіла мне ўтрэскацца ў хлапца, які настолькі не
падзяляе маіх інтарэсаў? Ды каб я на антрэсолях нашай хрушчоўкі такое знайшла, я б валярянку бутэлечкамі піла, абы сэрца ад радаснага ўзрушэння і прадчування таямніцаў не выскачыла! Але Гальяш усё-ткі, падобна, больш прыкідваўся абыякавым, чым быў. Ён кусаў вусны і вадзіў пальцамі па сшытку, быццам наважваўся... І нарэшце прамовіў глуха:
- Мне страшна.
Ад нечаканага прызнання ў слабасці, ад усведамлення, што я заслужыла такую шчырасць, я зноў расчулілася, расцяклася, як масла на цёплай патэльні.
- Чаму?
Гальяш задумаўся, паціраючы пальцам лоб, такі ж высокі, як у невядомага Каганецкага на фотаздымку.
- Гэта як бы ты азірнуўся назад, і замест дарогі, па якой ішоў, звычайнай такой, асфальтавай, пабачыў пракладзеную над прорвай хісткую кладку. Што ў маім мінулым, чыя кроў ува мне цячэ? Я па звярах ведаю, як шмат значыць парода. Магчыма, мой свет парушыцца, калі я гэта прачытаю, і я ніколі не стану ранейшым. У бальніцах нездарма не даюць хвораму на рукі гісторыю яго хваробы.
- Лічыш за лепшае зрабіць выгляд, нібы мы нічога не знаходзілі? -з выклікам прамовіла я. Гальяш уздыхнуў на поўныя грудзі, быццам рыхтаваўся да бойкі, і шчыра ўсміхнуўся (маё здрадлівае сэрца, вядома, трапятнулася).
- Я не дазволю сабе быць баязліўцам. Тым больш, я ж бачу, як цябе гэта ўсё цікавіць, і артыкулы твае чытаў... - (Чытаў! Трэба ж!) - Ты малайчына. Магчыма, штось і з гэтай скрынкі выкарыстаеш у сваёй працы. Так што.
Гальяш абвёў вачыма загрувашчаны пакой.
- Бог з імі, з трантамі, заўтра сам скончу. Я абяцаў табе гарбату... Вось давай і зладзім вечар за гарбатай і чытаннем старых дакументаў. Ты сама сказала, умееш іх разбіраць, дык і агучыш.
Гальяш абвёў вачыма загрувашчаны пакой.
- Бог з імі, з трантамі, заўтра сам скончу. Я абяцаў табе гарбату... Вось давай і зладзім вечар за гарбатай і чытаннем старых дакументаў. Ты сама сказала, умееш іх разбіраць, дык і агучыш.
- А калі за вечар не паспеем? - вырвалася ў мяне. Біёлаг неяк занадта ўважліва паглядзеў і павольна прамовіў:
- Тады працягнем заўтра. Мой самалёт толькі праз тыдзень.
Спадзяюся, ён не заўважыў маёй радасці...
Тонкая змяюка нарэшце вырашыла запаўзці ў самы цёмны кут сваёй шкляной турмы і скруцілася надзейным клубком, чарапаха - не паверыце - усё гэтак жа пускала вадзяныя бурбалкі, магчыма, гэта была ў яе доўгатэрміновая медытацыя альбо натхнёныя спевы, тарантул... На тарантула я намагалася не глядзець, так што не магу сказаць, што ён рабіў у той момант. А мы з шэравокім шыракаплечым не маім хлопцам уселіся побач на канапу, засцеленую пледам, зразумела, у краткі, гарбата дымілася ў кубках з зялёнай паліванай керамікі, канапкі з вяндлінай, па-хуценькаму зварганеныя мною, ляжалі гарой у талерцы з такой жа зялёнай керамікі, не хапала толькі агню ў каміне, як і самога каміну.
Я сербанула гарбаты, салодкай «у чатыры лыжачкі», як мне падабаецца, разгарнула першую старонку таямнічага дзённіка і прачытала:
«3.10.1893. Я не люблю фатаграфаваць мёртвых дзяцей».
Раздзел другі. Сляды на твані
Гальяш з сілай правёў далонямі па твары:
- Тытанік, блін... Па-беларуску...
Я адклала ўбок зялёны сшытак з пажаўцелымі старонкамі, спісаны цвёрдым дробным почыркам. Усё роўна зараз ні слова вымавіць не магу. Толькі ўсхліпваць.
Сапраўды, Тытанік па-тутэйшаму. Заміж акіяна з чыстай вадзіцай - смярдзючая дрыгва. Хлябчыце і маўчыце.
За вокнамі зноў згушчалася восеньская цемра, але зор не было відаць. Адкуль зоры там, дзе лупяць штучныя абыякавыя вочы ліхтары ды клубіцца смуроднае дыханне машын? Гальяш усхапіўся з канапы, якую мы ўгвэзалі за суткі чытання аднойдзеных на антрэсолі дакументаў так, што варта было дзеля яе прыдумаць гіганцкую пральную машыну, і ўсхвалявана захадзіў па пакоі.
- Што за паскудства гэтыя сямейныя гісторыі! Недарэчныя, несправядлівыя смерці - і ніякага следу. Падумаць толькі, і гэты альбом з фотаздымкамі, і дзённік, калі не містыфікацыя, мусілі пабываць у дрыгве...
Я, выцершы слезы, ад якіх усё перад вачыма расплывалася, уважліва перагледзела старонкі: там-сям пакарабачаныя, з пацёкамі, яны ўсё-ткі захаваліся добра, атрамант не расплыўся нідзе.
- Напэўна, дарожныя сумкі графа Каганецкага былі з дыхтоўнай скуры, не прапускалі ваду. Таму і не патанулі.
Гальяш з размаху ўсеўся на канапу, аж спружыны віскнулі, нервова расшпіліў каўнер кашулі ў краткі. Цяпер ён яшчэ больш быў падобны да свайго продка з фотаздымка: ускудлачаныя русявыя валасы, высокі лоб, адчайныя шэрыя вочы на смуглявым абліччы.
- Там яшчэ штосьці напісана?
Я перагарнула апошнюю старонку.
- Так. Запіс зроблены праз год пасля папярэдняга.
Я адпіла даўно астылай гарбаты і зачытала:
- 23.10.1894. Дзеля чаго мне жыць, я зразумела толькі праз месяц пасля таго, як загінуў мой дарагі незабыўны Шымон. Цяпер, спадзяюся, я да канца свайго жыцця буду глядзець у любыя шэрыя вочы - на твары нашага сына. Давыд стрымаў слова, якое даў Шымону: ён самы адданы і верны чалавек на свеце. Мы перабраліся ў Вільню, Давыд перавёўся ў тутэйшы ўніверсітэт, падалей ад здрадніка Калоцкага. Бедны Давыдзе: ён зусім хворы, і нават не гады, дні палічаныя... Магчыма, я прыму ягоную прапанову аб фіктыўным шлюбе і ўсынаўленні: Ігнат мусіць вырасці ў бяспецы, без плямаў на паходжанні. Але сэрца маё засталося ў бурштынавым палацы. Падумаць толькі: нават белая сукенка ацалела з майго няздзейсненага вяселля! А адзінае маё каханне... Я спадзяюся толькі, што ўдасца зноў вярнуцца да тае кладкі над прорвай, дзе стаіць камень з крыжам, і выплакаць хоць частку слёзаў. Спадзяюся, мой сын і дзеці сына таксама не забудуць дарогі туды.