Макс Шчур
Завяршыць гештальт
падарожны псэўдараман з фатаздымкамі
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.
Рэдактар: Сяргей Прылуцкі
Дызайн вокладкі: Макс Шчур
Вёрстка: Выдавецтва «Крок»
Шчур, М.
Завяршыць гештальт: падарожны псэўдараман з фатаздымкамі / Макс Шчур. Тэрнопаль, Украіна: Выдавецтва «Крок», 2015. 310 с.
«Завяршыць гештальт» дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Па дарозе герой-апавядальнік сустракае людзей з розных краін Еўропы і свету, абмяркоўвае з імі надзённыя пытанні эстэтыкі, эротыкі і геапалітыкі і напружана чакае, калі з ім нарэшце здарыцца нешта, што апраўдае ягонае рашэнне выехаць за мяжу як цяпер, так і дваццаць гадоў таму з Беларусі. Ён перакананы, што галоўная сустрэча ягонага жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.
© Макс Шчур, 2015
© Афармленне. Выдавецтва «Крок», 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Завяршыць гештальт
Падарожны псэўдараман з фатаздымкамі
1.
Чорнае «бэ-эм-вэ» чакае нас каля гандлёвага цэнтру на праскім Сьміхаве, я прыходжу першы, як самы нецярплівы, набліжаюся да маладога хлопца ў курортнай уніформе й цёмных акулярах (якіх ён, паспрачаюся, не здымае ня толькі ўлетку) той стаіць, абапершыся задам на капот, раз-пораз пазіраючы на гадзіньнік. Павітаўшыся, задаю галоўнае пытаньне:
Балбатранс?
Адказ на пароль кароткі абыякавы ківок, таксама нібы дамоўлены. Хлопец яўна не ў захапленьні, што яму давядзецца правесьці дзьве гадзіны ў машыне з чалавекам майго выгляду й акцэнту. Адзіны плюс, які ён бачыць ува мне мінімальная колькасьць багажу, што складаецца з аднаго заплечніку.
Ад спробы завесьці нязмушаную гутарку пра ня самую цёплую раніцу мяне ратуе падыход яшчэ дваіх балбатрансераў хлапца гіпстэрскага выгляду й ягонай дзяўчыны. То бок я між спадарожнікамі мала таго, што адзіны нячэх, дык яшчэ й найстарэйшы. А вось у пары няма ніякіх комплексаў што да выгляду, як кіроўцавага, так уласнага, і да паслугаў Балбатрансу яны яўна зьвярнуліся ўжо дзеля самой назвы. Пасьля кароткага руканьня закідваем заплечнікі ў багажнік, «бэ-эм-вэ» стартуе, урываючыся куляю самагубцы ў прагную пашчу Плзэньскай. Паедзем хутка.
Мне, як чалавеку бяз пары, дасталося пярэдняе сядзеньне побач з кіроўцам, месца «сьмяротніка» лічыцца, што менавіта на ім, гэткім спалучэньні электрычнага крэсла й дэтэктара хлусьні, чалавек павінен хоцькі-няхоцькі разгаворвацца, адкрываючы ў сабе задаткі Шахэрэзады, абы толькі ня даць кіроўцу заснуць за рулём. Я перакананы, што ад маіх аповедаў, наадварот, любы кіроўца ўпаў бы ня тое што ў сьпячку, а адразу ў кому, таму лепей спрабую ўпасьці ў сьпячку сам я і насамрэч сёньня зусім ня выспаўся на канапе ў сябра. Аднак заснуць мне праз тыповы падарожніцкі мандраж не ўдаецца, таму я выдатна чую дыялёг, які адбываецца паміж кіроўцам і гіпстэрам (дзяўчына толькі раз-пораз хіхікае або ўстаўляе ў яго двухсэнсоўныя фразы).
Кіроўца прадпрымальнік у нейкай неакрэсьленай сфэры бізнэсу (ну, гэтага ён мог і не казаць, пры ягоным выглядзе нічым іншым ён займацца й ня можа), часта ганяе ў Нямеччыну па працы; каб крыху ашчадзіць на бэнзіне (прадпрымальнік? ну так, чэскі) зарэгістраваўся на сайце Балбатрансу, яму ня ў лом падкінуць каго-заўгодна да Нюрнбэргу, Рэгенсбургу ці Дрэздэну, людзям трэба дапамагаць, часьцяком з гэтых паездак нараджаюцца карысныя сувязі, выплываюць карысныя зьвесткі, усё гэта, што ні кажы, жыцьцёвы досьвед, знаёміцца зь людзьмі ўжывую цікавей, чым на ЗнаёмстваЎжывую.ком і г. д. У сваю чаргу, маладая пара (ён праграміст а хто б сумняваўся; яна пэдагог па адукацыі, часова бяз працы) даведалася пра Балбатранс акурат праз ЗнаёмстваЎжывую. ком (а не выпадкова, як я), ідэя ім спадабалася, перадусім утрая таньней за аўтобус, ня кажучы пра цягнік, дагэтуль яны падарожнічалі збольшага стопам, ужо пасьпелі абезьдзіць ці ня ўсю Эўропу Ісьляндыя, Ірляндыя, Шампань або Праванс але найбольш прыжыліся на другім баку Пірэнэяў, куды цяперака й кіруюцца другі раз запар: завялі там добрых знаёмых, праз адну сяброўку ў Празе, якая прыехала ў Чэхію ратавацца ад беспрацоўя, жыць будуць у ейнай сямі, гішпанцы як людзі абсалютна шчырыя й шчодрыя, нягледзячы ні на які крызіс, ёсьць што паглядзець, нашыя маладыя нават пачалі вывучаць гішпанскую мову, яшчэ летась запісаліся на курсы ў Празе, цяпер вось урэшце выявіцца, ці не дарма ўбухалі ў гэта грошы, а як вырастуць дзеці іх пакуль няма, але несумненна будуць, ужо неўзабаве добра было б на старасьць гадоў пераехаць туды жыць, цёплы клімат карысны для сусчэпаў, хадзіць па гарах з лыжнымі палкамі, купацца ў моры...
Прачухаўся я ад таго, што ў размове настала нечаканая паўза, якой, як выглядала, папярэднічала нейкае пытаньне тое аказалася адрасаваным мне, бо кіроўца паўтарыў яго пасьля кароткага сьмяшка абаіх гіпстэраў:
Дык а вы куды едзеце? вось як, на «вы»: вынік ці то маёй дэманстратыўнай адасобленасьці, ці то непрыналежнасьці да іхнага пакаленьня, ці то неакрэсьленасьці этнічнага паходжаньня. Замест прадугледжанай тут этыкетам прапановы перайсьці на «ты» адказваю:
У Галяндыю.
2.
Уявіце, што вы пачалі сьцягваць з торэнтаў ці адкуль вы ўласна тыбзьдзіце кантэнт які-небудзь даўным-даўно парэкамэндаваны вам кінчык, безь якога вы ўжо надалей ня можаце жыць ну там, культавую парнушку якую-небудзь, да таго ж у нескарочанай рэжысэрскай вэрсіі пабачылі з прыкрасьцю, што хуткасьць поўнае гамно й няма рады, ну і забыліся пра яго да часу, а тут вяртаецеся раніцой да кампа й ажно сядаеце на сраку ад зьдзіўленьня, бо пакуль вы спалі, фільм ужо збольшага спампаваўся, мала таго: хуткасьць трафіку зь нічога ніякага падвысілася разоў у сто, і цяпер ваш комп глынае раздачу цэлымі кавалкамі, нібы вашая ўлюбёная парназорка ў тым самым (яшчэ ня бачаным, але ці не па кадры апаведзеным вам сябрамі) фільме, графік паўзе рыўкамі й расьце, як анаконда то бок канец загрузкі блізкі як ніколі, неўзабаве вы пагледзіцё ўрэшце гэты эпахальны кінамастацкі твор! Вы ўжо паціраеце ад такой удачы рукі й рыхтуеце сурвэткі, як пры бліжэйшым і цьверазейшым поглядзе на манітор аказваецца, што ўвесь гэты час пампавалі не знакамітую парнушку, а нешта зусім іншае, што супадае зь ёю толькі па назьве, які-небудзь снобскі арт-гаўзавы ацтой, каторы ўжо тым ня менш засраў на вашым гард-дыску цэлых тры гігабайты што вы будзеце рабіць? Дацягняце фільм да канца дзеля чыстай цікаўнасьці (а што, калі гэта ня простае супадзеньне? можа, вашая падсьвядомасьць хоча вам гэтай памылкай паведаміць нешта важнае? можа, гэтая нявінная й зусім не эратычная стужка зьменіць усё вашае жыцьцё?) ці раззлуяцеся ўканец і выдаліце торэнт нахер перад самым заканчэньнем запампоўкі?
Прыблізна такое ж пытаньне, як вы ў гэтай сытуацыі, задае сабе й любы чалавек, што набліжаецца да саракагадовага ўзросту. Гэта, дарагія юныя чытачы, і называецца нэль мэццо дэль камін, пасярод коміну, або крызісам сярэдняга веку, які бязь лішніх мудрагельстваў ільга апісаць як становішча «ні ўзад, ні ўперад» узад вам ужо ніхто ня дасьць, а ўперад вам самім неяк няма ахвоты, бо калі вы й раней былі сцыклом і трэсьліся як у ліхаманцы за сваё маладое жыцьцейка, баючыся заўчасна здохнуць або стаць бацькам, што тое самае, то цяпер вы сцыкло яшчэ большае й баіцеся ня толькі памерці, а нават жыць, прычым настолькі, што наадварот шкадуеце: чаму ж не ахвяравалі былі сабой у поўным росквіце сілаў дзеля якой-небудзь высакароднай мэты (самай высакароднай зь якіх, несумненна, ёсьць працяг васкага роду)? Цяпер ужо рабіць гэта позна, страшна і галоўнае камічна, ніхто вас з гэтай нагоды не пашкадуе, бо вы і так увасабляеце адпрацаваны біялягічны матэрыял, зь якім ільга рабіць што заўгодна, вам самому ў тым ліку, толк ад яго будзе адзін. Таму замест таго, каб ваяваць з уласнымі дзецьмі, што ўжо дасягнулі пераходнага ўзросту, і жонкай, што ўжо дасягнула разуменьня неабходнасьці жыць з вамі паасобку, вы і задаяцеся падобнымі ідыёцкімі пытаньнямі, абсалютна неістотнымі з гледзішча людзкой грамады як цалку. Разуменьне гэтай неістотнасьці яшчэ больш вас запалохвае і ўганяе ў зацяглую дэпрэсію, сродкаў ад якой існуе ня так і шмат; да самых папулярных зь іх належаць алькагалізм, блядзтва, спорт, самагубства і праца.
Выпрабаваўшы іх па чарзе ў прыведзенай пасьлядоўнасьці (як вы разумееце, беспасьпяхова), я сам канец канцоў запыніўся на апошнім як самым бясьпечным і ўнівэрсальным: з калегамі можна і пабухаць, што таксама ёсьць не абы-якім спортам, з каляжанкамі калі не паблядаваць, то прынамсі пафліртаваць, а жыцьцё праца скарачае ня горай за самагубства, будучы ўсяго толькі яго адкладзенай формай, таму мець працу ў сярэднім веку надзвычай важна, і пажадана аддаваць ёй усяго сябе, карыстаючы з таго, што вам ня трэба марнаваць высілкі на сямю, як астатнім. З пэўнага часу мая асабістая адданасьць працы (нягледзячы на пэрыядычныя скарачэньні, у тым ліку майго заробку) пачала мацнець літаральна з кожным днём набліжэньня карпаратыву ў гонар маіх саракавінаў (лепшага выразу не прыдумаць, бо кожны юбілей, і гэты асабліва, ёсьць памінкамі па там-прапэрдзю), а рыхтавацца да яго я пачаў, як ужо мне ўласьціва, загадзя, то бок гадоў за пяць да самой даты. Мае мілажальныя калегі, усе як адзін сямейныя, ужо не маглі на гэта глядзець і ўрэшце настукалі на мяне шэфу, які аднаго чароўнага дня выклікаў мяне ў кабінэт, паставіўшы перад мною рубам пытаньне «калі я ў апошні раз быў у адпачынку». Я з гатоўнасьцю адказаў, што летась, езьдзіў быў да сяброў на выходныя ў Градэц Кралавэ, гэтак жа як пазалетась да суайчыньнікаў у Лысу-на-Лабэ, але ён мой пералік перапыніў (хаця той і безь яго ўжо заканчваўся): не, маўляў, у сапраўдным адпачынку, турыстычным, замежным, курортным ці як ён там біямаць завецца.
Выпрабаваўшы іх па чарзе ў прыведзенай пасьлядоўнасьці (як вы разумееце, беспасьпяхова), я сам канец канцоў запыніўся на апошнім як самым бясьпечным і ўнівэрсальным: з калегамі можна і пабухаць, што таксама ёсьць не абы-якім спортам, з каляжанкамі калі не паблядаваць, то прынамсі пафліртаваць, а жыцьцё праца скарачае ня горай за самагубства, будучы ўсяго толькі яго адкладзенай формай, таму мець працу ў сярэднім веку надзвычай важна, і пажадана аддаваць ёй усяго сябе, карыстаючы з таго, што вам ня трэба марнаваць высілкі на сямю, як астатнім. З пэўнага часу мая асабістая адданасьць працы (нягледзячы на пэрыядычныя скарачэньні, у тым ліку майго заробку) пачала мацнець літаральна з кожным днём набліжэньня карпаратыву ў гонар маіх саракавінаў (лепшага выразу не прыдумаць, бо кожны юбілей, і гэты асабліва, ёсьць памінкамі па там-прапэрдзю), а рыхтавацца да яго я пачаў, як ужо мне ўласьціва, загадзя, то бок гадоў за пяць да самой даты. Мае мілажальныя калегі, усе як адзін сямейныя, ужо не маглі на гэта глядзець і ўрэшце настукалі на мяне шэфу, які аднаго чароўнага дня выклікаў мяне ў кабінэт, паставіўшы перад мною рубам пытаньне «калі я ў апошні раз быў у адпачынку». Я з гатоўнасьцю адказаў, што летась, езьдзіў быў да сяброў на выходныя ў Градэц Кралавэ, гэтак жа як пазалетась да суайчыньнікаў у Лысу-на-Лабэ, але ён мой пералік перапыніў (хаця той і безь яго ўжо заканчваўся): не, маўляў, у сапраўдным адпачынку, турыстычным, замежным, курортным ці як ён там біямаць завецца.