Во дзе сюрпрыз... спрабую я ўдаваць зьдзіўленьне. Не ўяўляю, як Дамбартэр мог дзейнічаць без інтэрнэту...
Тэма гасьцям яўна не абыякавая. Яны з ахвотай апавядаюць мне пра заснавальнікаў Дамбартэра маладую забясьпечаную амэрыканскую пару, якая, пасьля расчараваньня ў руху сўінгэраў (гэта я, прызнаюся, выгугліў пасьля, але няма гарантыі, што гэта ня плёткі зайздросьнікаў), пачала шукаць магчымасьці ўразнастайніць сваё сэксуальнае жыцьцё не па гатэлях, як дагэтуль, а адразу па чужых дамах, якія ўзрушвалі іх нашмат болей, ужо самой магчымасьцю апынуцца ў ложку, кухні, ваньне, скуры кагосьці іншага, далёкага й амаль незнаёмага, але тым ня менш вельмі жывога й канкрэтнага і гэта ўсё яшчэ да ўсякіх гіпі, камунаў, рыаліці-шоў і сацыяльных сетак. Пачыналася ўсё з прыватных абвестак у газэтах, часопісах для турыстаў, са звычайных лістоў; літаральна за пару гадоў колькасьць зацікаўленых разраслася настолькі, што недзе ў шасьцідзясятых заснавальнікі пачалі выдаваць штогадовы альманах-каталёг на наступны сэзон, як любая вартая павагі модная фірма, прапаноўваючы абмен ужо ня дАмамі, а дамАмі. Кожная прысланая выдаўцам па пошце абвестка ўключала ў сябе, як і сёньня, адрас, кароткую анатацыю, тэрмін прапанавага бартэру, абавязковы фатаздымак гаспадароў і тэлефонны нумар для далейшых перамоваў. У сямідзясятых, калі пакаленьне гіпі супакоілася й пачало заводзіць семі, каталёгі памалу дасягнулі абёму тэлефоннага даведніку, а іхная падшыўка па колькасьці тамоў дагнала «Брытаніку». Ніякіх істотных зьменаў, калі не лічыць каляровых фатаздымкаў, большых тыражоў і лепшай якасьці паперы ў каталёгах, да самага пачатку дзевяностых у руху не адбылося хіба што амэрыканская пара перастала быць маладой і паступова адышла ад кіраваньня арганізацыяй, але ж амаль адразу ёй на зьмену ўрэшце прыйшоў Яго Вялікасьць Інтэрнэт. Тым ня менш, мае галяндзкія госьці ў васьмідзясятых пасьпелі яшчэ абмяняцца дамамі з самімі легендарнымі заснавальнікамі, якія і апавялі ім асабіста ўсё тое, што я цяпер пачуў сам ах, якія гэта былі мілыя людзі! А якія актыўныя! Да апошняга апантаныя рухам! Не абы якім, а Дамбартэрам! І іншымі сваймі дзецьмі! І ўнукамі! Жыцьцярадасныя! Закаханыя адно ў аднаго! Урэшце, гасьцінныя! Падумаць толькі, у іхным доме перабывала столькі людзей з усяго сьвету! Вядома, разьвітага, а ня трэцяга! І які гэта гонар быў для нас, тады яшчэ зусім маладых дамбартэраўцаў-пачаткоўцаў, што менавіта яны былі нашай першай парай! То бок сямёй па абмене! Раней мы шмат езьдзілі зь дзецьмі, але цяпер ужо дзеці вырасьлі, то езьдзім пераважна самі, асабліва не выбіраем, куды, бо мы ўжо ці не паўсюль аднойчы былі, але часам прыемна вярнуцца на колішняе месца, хаця вось у Празе мы, як ні дзіўна, упершыню, бо дагэтуль аддавалі перавагу далёкім вандроўкам: Каліфорнія, Аляска, Аўстралія, Новая Зэляндыя, Паўднёвая Афрыка, Індыя, карацей, дзе гавораць па-ангельску. Толькі зь векам пачалі крыху больш спазнаваць Эўропу, пачалі з Лондану, Дубліну, Парыжу, Рыму, працягвалі Мадрыдам, Венай, Флярэнцыяй на жаль, апошнім часам людзі нашага веку або семі зь дзецьмі, асабліва з Эўропы, нешта мала цікавяцца Галяндыяй, а езьдзіць у далёкія краіны нам ужо цяжкавата, дый нават калі нехта цікавіцца, то імкнецца пераважна ў Амстэрдам, шкада, што нашая дзяржава ня робіць у сьвеце адпаведнай рэклямы нашай прыродзе, культуры й рамёствам, а маладых цягне збольшага на адно...
7.
Я ведаў, што абраньне за мэту заходняй краіны, і асабліва Галяндыі не каб зьезьдзіць разьняволіцца ў былую Югаславію, Польшчу, Прыбалтыку ці Славаччыну, але ж гуляць дык гуляць! пагражае непазьбежнай растратай усіх маіх прэміяльных за звальненьне, якую я ўсё-ткі хацеў адкласьці на як мага пазьнейшы час, таму ад пачатку пастанавіў эканоміць на ўсім, на чым льга і нельга, і на самой дарозе у першую чаргу. Практычны розум падказваў мне, што найтаньнейшы спосаб вандровак аўтастоп, аднак практычны досьвед (як мой, так маіх знаёмых) кідаўся гэтай ідэі пад ногі з імпэтам Тадэвуша Рэйтана. Цяжка было не пагадзіцца: калі вы не анэкдатычная бляндынка, якая ў трыццаць гадоў лічыць сябе безнадзейна старой і брыдкай, а наадварот, анэкдатычны саракагадовы сівабрунэт, які лічыць сябе зноўнароджаным тынэйджэрам, то падабраць вас на шашы могуць хіба такія ж дурні, як вы. Гэта як з грыбамі: ёсьць ладныя баравічкі, а ёсьць спарахнелыя сыраежкі, якіх у самы разгар сэзону знаўцы браць ня будуць нават зь літасьці, на іх у кузаве папросту ўжо месца няма.
Мяркуйце самі: адзін мой добры беларускі знаёмец меў яшчэ са студэнцкіх часоў звычку ганяць штогод аўтастопам праз усю Эўропу ў тую ж самую казачную Гішпанію, зямлю намазанага мёдам гашыша й малака, пэрыядычна спыняючыся па дарозе ў Празе. Гады два таму ён неяк падазрона доўга ў мяне затрымаўся калі я пачаў яму намякаць, што рыба ўжо сьмярдзіць і бухаць я болей не магу, мой госьць прызнаўся, што ехаць далей у яго нешта няма ніякай асаблівай ахвоты, бо зь векам яму ўсё цяжэй кадрыць кіроўцаў (мэтафарычна кажучы, не падумайце лішняга), пагатоў выслухваць іхныя сто разоў чутыя байкі й апавядаць абрыдлыя ўласныя, што называецца, падтрымліваць размову, тым часам як насамрэч ужо карціць і самому памаўчаць, і таварыша папрасіць заткнуцца. Гэта было для мяне адкрыцьцём: то бок нават самыя экстравэртыўныя тыпы зь векам робяцца інтравэртамі, і на людзкую прысутнасьць у іх узьнікае штосьці накшталт алергіі! мне асабіста ў такой сытуацыі пагражаў бы самае меншае эпілептычны прыпадак. Знаёмец тады, аддамо яму належнае, пераламіў сябе і ўсё-ткі рушыў далей на захад, але ўжо празь дзень вярнуўся ў пацьверджаньне сваіх словаў назад ледзь не са сьлязьмі ўваччу: не магу, дружа, канец, наезьдзіўся, стары стаў, налівай. Герой аўтастопу ў ім памёр недзе пад Рэгенсбургам. Што ўжо тады казаць пра мяне, які ніколі ня быў героем ні аўтастопу, ні чаго-небудзь іншага? Такія, як выглядала, асуджаныя лёсам вандраваць або на ровары (найчасьцей трэнажорным), або прадугледжаным для іх цывілізацыяй спосабам: аўтобусамі й цягнікамі (ад самалётаў я, як негерой, адмовіўся быў адразу пасьля адзінаццатага верасьня, калі не раней). Але ж на цывілізацыі, вядома, асабліва не зэканоміш, цывілізацыя сама прывыкла эканоміць на вас. То бок хочаш ня хочаш, а выкласьці грошыкі давядзецца уява, што значна падразала крылы майго ўяўленьня.
Зрэшты, чаму ж, ёсьць яшчэ, кажуць, іншы варыянт: калі вы дастаткова малады й бяз комплексаў, вы можаце абвясьціць на інтэрнэце збор сродкаў сабе на дарогу, узяць заплечнік і пляншэт ды выправіцца самае меншае ў кругасьветнае падарожжа, каб даказаць сабе і астатнім, наколькі вы рэальна круты. Па дарозе, у якасьці падзякі сваім віртуальным спонсарам, вы можаце весьці штосьці накшталт дзёньніку няважна, дзе: у галаве, сшытку, лепш адразу ў інтэрнэце нічога такога, што хацелася б утаіць ад астатніх, ні ў вашай галаве, ні ў вашым навакольлі не адбываецца. У дзёньніку вы будзеце пісаць прыблізна пра тое, што ўсё раней прачытанае й бачанае вамі ў сеціве адпавядае рэчаіснасьці хіба не адкрыцьцё? Не забудзьце, вядома, паказаць сябе сапраўдным патрыётам: гэта значыць, абыходзіцца з абарыгенамі як зь дзікунамі ўжо таму, што яны ніколі ня чулі пра вашую краіну. А вы ж маеце як мінімум адну надзвычайную падставу ёю ганарыцца: гэтая краіна плодзіць такіх герояў як вы! Дасьць бог, вам пашанцуе, і дзікуны не зьядуць вас за гэтае стаўленьне, ані за вашую модную кепку, гіпстэрскі выгляд, гіпэртрафіраваную схільнасьць да сэлфі і бязмэтнае глоўбдрочэрства усім гэтым, вядома, вы выстаўляеце сябе немалой рызыцы: дзікуны ж, у адрозьненьне ад вас, не правялі некалькі гадоў у падарожжах і праз гэта а прыёры ня могуць раўняцца з вамі (як-ніяк, сучасным Магелянам) у цывілізацыйным узроўні і кругаглядзе, таму асьцярожней зь імі. Галоўнае не затрымлівайцеся нідзе больш як на пару дзён, іначай вам там божа барані могуць знайсьці якую працу. Аднак памятайце, што вашая праца, ваш фул-тайм-джоб гэта быць самім сабой, вы ж ня проста так зьехалі, вы шукаеце «сам сябе» то бок тую мэдыйную зорку ў сабе, у якую ператворыцеся па вяртаньні, ну хай ня ў зорку, а проста ў знакамітасьць, самае меншае у сымбаль свайго пакаленьня мамчыных сынкоў і дачушак роднай бацькаўшчыны, што гераічна адмаўляюцца ад хатняга камфорту дзеля таго, каб умацаваць камфорт ува ўласных галовах, ад якога не адмовяцца ніколі.
Ані гэты варыянт з кодавай назвай «творчая камандзіроўка» мне не пасаваў: знайсьці ў інтэрнэце спонсараў для мяне яшчэ цяжэй, чым спыніць «запарожац», дый пісаць рэгулярныя справаздачы для фсб, як я называю адну сацыяльную сетку, я ня ўмею. Аднак інтэрнэт нездарма ёсьць штучным мозгам чалавецтва: у асобных ягоных кутках, як я пераканаўся ў выпадку з Дамбартэрам, можна нарвацца на самую нечаканую й часам вельмі карысную інфармацыю. Гэтак, калупаючыся наўдачу курсорам у нейкіх нямецкамоўных сайтах, я і натрапіў на Балбатранс. Пэўны час у мяне сышоў на тое, каб расшыфраваць нямецкія надпісы і ўцяміць, якім чынам дарога ці не праз усю Эўропу на машыне можа наяве, а ня ў сьне каштаваць у два-тры разы таньней, чым дарога на аўтобусе, пра цягнік ня кажучы. Да мяне ніяк не даходзіла, што з гэтага мае кіроўца аказалася, яму хапае, калі вы заплаціце яму за бэнзін, прычым у складчыну зь іншымі пасажырамі, а рэшту выдаткаў кампэнсуеце сваёй высакароднай ахвотай скласьці яму (і астатнім складнікам) кампанію. Пра такое самарытанства я чытаў апошні раз толькі ў перакладзе Сёмухі. У выніку сапраўды атрымлівалася штосьці сярэдняе між аўтастопам і таксі з той розьніцай, што маршрут і час адпраўленьня (выгада ў параўнаньні са стопам) загадзя жалезна дамоўленыя, і што каштаваць вам гэта (у параўнаньні з таксі) будзе лічаныя эўра. Дастаткова зарэгістравацца на сайце Балбатранс.ком і ўэлкам ін клаб. Што я на хвалі сваёй дагэтуль нечуванай, папросту панічнай рашучасьці, большай за ўсякі панічны страх, і зрабіў у той жа вечар.
8.
Яшчэ адна несумненная прыкмета старэньня гэта калі вы нечакана для сябе пачынаеце шчыра цікавіцца надворем. Лухта, што размовы пра надворе вядуцца з чыстай ветлівасьці: уласна, цікавіцца надворем азначае цікавіцца здароўем. Але, так бы мовіць, ня толькі індывідуальным, якое ўсё болей пачынае вас даставаць, а ўсеагульным здароўем папуляцыі, у крайніх выпадках усіх сямі ці колькіх там мільярдаў братоў па біялягічным кшталце. То бок размова пра надворе ёсьць ускосным сьведчаньнем вашай раптоўнай схільнасьці да гуманізму, які наагул свомы людзям старэйшага веку тым, хто сыходзіць, з сумам пакідаючы на гэтай плянэце тых самых сем мільярдаў гуманоідаў (ведама ж, не даляраў!), і хто гэтым сямі мільярдам не абыходзіць ніякім бокам. Вось калі б вы, сыходзячы, пакідалі на плянэце сем мільярдаў баксаў, па адным на брата па біялягічным кшталце, то кшталт надзвычай зацікавіўся б фактам вашага сыходу, і перадусім вашай спадчынай (усё той жа матэрыяльнай а іншай і не бывае). Тады, як у кожнай сумленнай сямі, было б узьнятае глябальнае пытаньне, каму і колькі з гэтае спадчыны павінна перапасьці. А так ваш запозьнены клопат пра здароўе чалавецтва (калі браць шырэй самой плянэты) практычна ня мае шансаў на ўзаемнасьць. Тое ж самае з геапалітыкай: і яна ёсьць улюбёным каньком прыстарэлых, бо ім (то бок вам) ужо ня служаць, як раней, уласныя ногі, таму вы на яго й падселі, спадзеючыся, што ён падкіне вас раней за іншых у будучыню, якая ў прынцыпе тычыцца вас асабіста ўсё меней.