Хачу ажаніцца.
Раптоўна куткі іхных вуснаў ападаюць уніз, як кончыкі вусоў у чальцоў ансамбля «Песьняры»: яны разумеюць, што гэтым разам я не жартую.
10.
Урэшце Нюрнбэрг, цэнтральны вакзал, перавалачны пункт нумар першы. Пасьля разьліку не без палёгкі разьвітваюся з кіроўцам і запальваю цыгарэту адначасова з тым, як ён націскае на газ. Хлопец зь дзяўчынай ніяк ня могуць нарадавацца знаёмству з новым балбатрансерам з Прагі: пытаюцца, ці добра я ведаю Нюрнбэрг, ці ня зойдзем мы разам пасьнедаць, ці не патрэбны мне адрас іхнага сябра ў Амстэрдаме. Усё адмаўляю, як на сьледзтве, моўчкі кручу галавой, выпускаючы дым. Нюрнбэрг я ведаю на ўзроўні кіно аб працэсе з нацыстамі й опэры Вагнера, якой дагэтуль ня чуў (каб было чым заняцца на пэнсіі), звычкі сьнедаць я пазбавіўся яшчэ ў студэнцкія гады, і наагул, мушу (дзякуй богу) сьпяшацца, каб пасьпець на наступную машыну. Юныя гіпстэры мне, натуральна, ня вераць, лічаць гэта адгаворкай, наўмысна ўдаюць, быццам крыўдуюць як жа ж людзі, ледзь перасекшы мяжу, раптоўна цэняць любога, хто размаўляе на іхнай мове! А калі б і ня быццам пляваць. Я ўжо ня ў тым веку, каб зважаць на іхныя крыўды. Шчасьлівай дарогі да Мюнхену ці праз што вы там едзеце...
І ўсё-ткі я з пэўнай зайздрасьцю гляджу ўсьлед гэтай маладой пары, асабліва хлопцу з акуратна занядбанаю барадою ў стылі царскага генэрала (хаця ён сам лічыць антычнага волата ці кубінскага партызана), якая робіць зь яго большага мужчыну, чым насамрэч, гэткі ідэальны эрзац уласнага бацькі, бо сапраўдны ў яго тыповы лашара накшталт мяне, толькі пры бабле, але таксама не сячэ ў модных плынях, зайздрошчу ня толькі таму, што дзеўка ў яго досыць сымпатычная, але й праз тое, што ў дарозе ён, у адрозьненьне ад мяне, у сваёй стыхіі, і зусім не задумваецца аб чымсьці, што не дае мне спакою цяпер, як зрэшты й не давала ў ягоным веку а раз не задумваецца, то ўжо, бадай, і не задумаецца, пазьней будзе не да таго. Таму жадаць ім шчасьлівай дарогі было з майго боку крыху лішнім: яна ў іх і так шчасьлівая, куды б ні вяла, гэта відаць і сьляпому, і іхнае шчасьце акурат у тым, што кірунак дарогі цалкам ім абыякавы.
Можа, вы заўважалі, што на сьпіне ў «чалавека з пляцаком» (пляцачніка, як яго называюць у нас у Чэхіі), то бок на ягонай майцы ці кашулі, у такой гарачыні ад самога пляцака амаль непазьбежна, бы ў той Кафкавай машыне з калёніі, замест тэксту прысуду ўзьнікае адзіная, хіба толькі не крывёю, а ўласным потам выведзеная лацінская літара Y: выява, што насамрэч утрымлівае найглыбейшую магчымую жыцьцёвую мудрасьць, якая ў перакладзе з ангельскай гучыць: «НАВОШТА?» Калі на сьпіне ў Дона Кіхота было напісана «варят», то на шырокіх сьпінах нашых сучасьнікаў зьмяшчаецца ўжо толькі адна, затое ня менш красамоўная літара хаця там мог бы стаяць і пытальнік, у лепшым выпадку нумар гульца ўлюбёнай футбольнай каманды. Літара Y вызначае сёньняшняга турыста-пляцачніка нашмат лепей за ягоны пашпарт, маршрут, сфэру зацікаўленьняў, сэксуальную арыентацыю й г. д. ёю ўжо ўсё сказана. Гэтае пытаньне без адказу пляцачнік цягае з сабой па сьвеце, цнатліва прыкрыўшы яго сваім пляцаком; ён пазначаны гэтаю літарай, бы крыжам (а ў сярэднявеччы крыж і насамрэч выяўлялі ў такой форме як ведалі). Хаця ня ўсё й не заўжды, трэба сказаць, так трагічна: час ад часу на сьпінах-плашчаніцах зьяўляюцца і іншыя сымбалі. Напрыклад, смайлік, варыянт той жа дурацкай «лічыны».
Гэта я ўсё да таго, што нелюбімыя маладымі людзьмі ўцекачы з Поўдня маюць прынамсі нейкую, і досыць сурёзную, мэту вандроўкі а вось у іхным уласным гіпстэрскім бадзяньні па Эўропе я штось такой мэты не заўважаю. Таму мне й здаецца, што ўва ўцекачоў з Поўдня ёсьць нейкая, хай ня зорная, будучыня, а ў маіх спадарожных эўратулягаў, нягледзячы на ўсе іхныя бліскучыя задаткі няма, для іх ёсьць толькі сучаснасьць, якую яны ледзь пасьпяваюць спажываць з максымальнай выгадай для сябе: так ужо з гэтым сьпяшаюцца, што неператраўленая сучаснасьць папросту лезе з усіх іхных адтулінаў адначасова. Але пытаньне густу.
Адшываючы аднаго за адным таксістаў, дакурваю (якое слова!) другую цыгарэту, і акурат тады, калі замест лёсу маладой пары пачынаю пераймацца пытаньнем, ці дазволена тут уласна курыць, каля самых маіх, можна сказаць, ног, быццам я самае меншае кіназорка (вось яна, выгада Балбатрансу!) рэзка затарможвае не кадылак і не лімузін, а срэбная «шкода супэрб», чый кіроўца тут жа выпускае з начовак акенца шэрую вадкасьць шкла й вынырвае з глыбіняў салёну:
Сэрвус! На Мангайм? Паехалі!
Амаль бяз словаў падпарадкоўваюся ягонаму загаду, закідваючы свой заплечнік адразу ў салён прымушаць кіроўцу ўставаць з-за руля й адчыняць багажнік дзеля такой сьмешнай вагі было б непрыстойна. Гэтым разам, выглядае, спадарожнікаў у мяне ня будзе: немцы хаця й прыдумалі Балбатранс, але самі, здаецца, аддаюць перавагу традыцыйным відам транспарту. То бок адмаўчацца мне ўжо ня ўдасца.
11.
І ўсё-ткі сапраўды, зь якой ласкі, калі не лічыць Дамбартэру, я еду менавіта ў Галяндыю? Не, я зусім ня думаю, што кагосьці насамрэч цікавіць адказ на гэтае пытаньне лічыце, што я проста шпіён, якому ніколі не зашкодзіць лішні раз паўтарыць сваю асабістую «легенду». На жаль, яна досыць доўгая, таму пачаць будзе лепей ужо зараз аднекуль з дагістарычных часоў, калі мне было ажно на дваццаць гадоў меней, чым сёньня.
Гэтых самых дваццаць гадоў таму над усёй зямной куляй панавала цемра мінулага тысячагодзьдзя, дадаткова азмрочанага бясконцымі войнамі, эпідэміямі, кампутарным і сэксуальным невуцтвам. Інтэрнэтам карысталіся ў асноўным толькі ў Пэнтагоне, мабільнымі тэлефонамі толькі ў кіно, а Мазафакербэрг наагул яшчэ хадзіў у школу. Ніводны дрон не ахоўваў мірны сон нейкіх там няшчасных пяці мільярдаў насельніцтва. Ані Вікіпэдыя, ані Цвынтар да часу не азаралі сваім зіхценьнем людзкія душы. Тыя, хто хацеў даведацца праўды, вымушаныя былі сьляпіць вочы пры начных лямпадах над папяровымі кнігамі, у дадатак псуючы страўнікі неэкалягічнымі бутэрбродамі. Замест таго, каб спакойна зарабляць грошы ў сеціве ці на біржы, людзі мусілі хадзіць на працу. Узяць іпатэку было далёка ня так проста, як пазьней. Ні прагрэсіўны Іран, ні ціхмяная Паўночная Карэя яшчэ ня мелі атамнай зброі.
У Нью-Ёрку стаялі «блізьняты», у Багдадзе сядзеў Садам, у Трыпалі ўзьлягаў Кадафі, а ў Вашынгтоне хлус Клінтан пад працоўным сталом цішком даваў у рот беднай Моніцы. Ісламская дзяржава яшчэ была не абвясьціла заранкі новага сьвету. Крыважэрны Мілошавіч бамбіў Югаславію. Крым пакутаваў пад абцасам украінскага бота, а вызвольныя расейскія войскі сьціпла туліліся на базе ў Севастопалі й толькі пэрыядычна выяжджалі трэніравацца ў Чачню. Малады асілак Пуцін яшчэ толькі станавіўся на ўласныя ногі ў чарзе па інекцыю ботакса. Лэдзі Гага яшчэ была ня выдала ніводнага альбому, таму мэляманы былі вымушаныя задавольвацца ўсякімі Бьёркамі й Пі Джэй Гарвэямі. Сам Курт Кабэйн застрэліўся, ня вытрымаўшы ціску той жудаснай эпохі, чым асіраціў заўчасна цэлае пакаленьне але гэта было, нагадаю, дзесьці ў ЗША.
Што да такой адсталай часткі плянэты як Эўразьвяз, то там наагул панаваў суцэльны кашмар, разлад і карупцыя. Лісабонская хартыя вольнасьцяў не была яшчэ ні напісанай, ні падпісанай, ні ратыфікаванай ня кажучы пра дамову ТТІР. Атамныя электрастанцыі ўзвышаліся па-над краявідам, як непрыступныя замкі злыдняў-фэадалаў. Эўропа задыхалася ад смогу, тытунёвага й канаплянага дыму. Выкліканыя гэтымі выпарэньнямі галюцынацыі спараджалі ў мазгох эўрапейцаў небясьпечныя ілюзіі пра эканамічную супрацу, бесканфліктнае суіснаваньне, пашырэньне ўласнай дэмакратычнай гегемоніі й лебэнсраўму на ўсход адначасова зьнішчаючы іхныя шэрыя клеткі разам зь некаторай вельмі цэннай інфармацыяй: гэтак, прыкладам, па ўкурцы яны на нейкі час зусім забыліся пра існаваньне Расеі! У дадатак да ўсяго, з асобных краінаў-нягодніц такіх, як таталітарная Беларусь можна было ўварвацца ў Эўропу калі-заўгодна, прычым без усякай турыстычнай візы ці карты паляка. Гэтым карысталіся такія небясьпечныя прайдзісьветы як я, каб зваліць за мяжу й паразітаваць на карку ўсебакова недаразьвітага заходняга грамадзтва, паглыбляючы й бязь мяне ўжо невыносны крызіс.
Дваццаць гадоў таму, калі мне самому было дваццаць, я, ураджэнец палеска-падляскага памежжа, упершыню ехаў на так званы Захад, замест шчыта ўзброены сшыткам, які мне хтосьці незадоўга да таго падараваў нібы ведаў, што мне патрэбна дзеля падтрыманьня баявога духу, залуналага тады ў аблоках пэрманэнтнай юначай дэпрэсіі. На вокладцы сшытку была выяўленая мапа ды што мапа, папросту карціна! Эўропы, якою тая паўстае з вышыні палёту касьмічнага спадарожніка або міжкантынэнтальнай ракеты. Маўляў, не згубіся ў вялікім сьвеце, хлопча! хаця дарог, межаў і нават гарадоў пазначана не было, спрэс зелень, горы й вада, як у зямным Раі; над мапаю зорачкі Эўразьвязу й буйнымі літарамі надпіс: «Джэнэрэйшн Юрап». Агулам выява досыць падобная паводле стылю да вядомай застаўкі кінакампаніі «Юнівэрсал Пікчэрз» як шмат усяго яна штораз абяцае гледачу на самым пачатку фільма! Дык вось, гэтаму клятаму сшытку (што выглядаў рыхтык як невялікага памеру кніга, старонак у трыста), канец канцоў, я і «абавязаны» ня толькі тым, што жыву «на Захадзе», але й тым, што з часам ператварыўся ў графамана. Менавіта ў ім я пачаў занатоўваць усякую лухту: спачатку толькі карысныя факты, адрасы, каардынаты, тэлефоны, асобныя падзеі, даты, гадзіны; пасьля цытаты, афарызмы, сэнтэнцыі, максімы, а ўрэшце, даруй божа, уласныя думкі, уражаньні і нават сорамна сказаць вершы! На іх мяне неяк прабіла адразу ж пасьля вяртаньня зь Юрапу на радзіму. Як толькі сшытак закончыўся (на што мне спатрэбілася каля году роўна столькі, колькі нашым айчынным спэцслужбам, каб адшукаць яго аўтара), у мяне настаў такі глыбокі душэўны крызіс, што ўратаваць мяне ад яго магла адна эміграцыя мне карцела зьехаць ужо дзеля таго, каб набыць сабе яшчэ адзін такі самы сшытак, пакуль іх там не перасталі выпускаць (перасталі). Цяпер ужо і ня ведаю, ці не спаліў я яго празь нейкі час па пяні, ці мо проста выкінуў у кожным разе, я даўно яго ня бачыў і не шукаў. Калі б цяпер ён трапіўся мне ў рукі, то першае, што я б зрабіў гэта прыпісаў бы да слова «Джэнэрэйшн» яшчэ «Дэ», зрабіўшы з генэрацыі дэгенэрацыю: атрымалася б кніга, ня горшая за тую папярэднюю, хай сабе з тым жа зьместам. Хіба што нашмат больш праўдзівая.