Вось табе й атрымай гашыст гранату! нямецкі тунісіец Ахмэд нічым не адрозьніваецца ў сваіх поглядах на ўцякацкую праблему ад чэскага кіроўцы й патрыёта Вашка! у абодвух яны аднолькава радыкальныя, прычым іронія ў тым, што Вашак у ліку астатніх перасяленцаў завочна ненавідзіць і Ахмэда, перадусім за колер ягонай скуры, хаця кажа, што нібыта за рэлігію а ў сапраўднасьці, сустрэўшыся над куфлем піва ў цемрадзі кавярні для невідушчых (ёсьць такія), яны цудоўна б адзін аднаго зразумелі й выйшлі б на божае сьвятло ўвабдымку, пасьля чаго можаце ўявіць сабе сцэну з кіно, дзе герой з бадуна прачынаецца й бачыць побач у ложку свайго найлепшага сябра. Да таго ж яшчэ калегу па бізнэсе. Называецца, замачылі кантракт.
І што мне на гэта адказаць? Пераконваць тунісійца ў тым, што ягоныя суайчыньнікі ні ў чым ня горшыя за яго, мне неяк няёмка, я ў Тунісе ня быў нават па пуцёўцы, пагатоў яшчэ добра памятаю чырвона-зялёную масу толькі зь сярпом замест ветаха сваіх уласных суайчыньнікаў, сустрэць якую ў Эўропе з аркестрам яўна маральна не гатовы. Дый калі ў Тунісе ўсе такія гуманістыя, як Ахмэд то, можа, ён сапраўды мае рацыю? (Выходзіць нешта падобнае да парадоксу хлуса, не?) На халеру мне асабіста ў Эўропе столькі людзей, якія будуць думаць толькі пра сябе? іх тут і так хапае, зь мяне пачынаючы... Дзякуй богу, што Ахмэду ёсьць чым заняцца, таму ён у ІДЫЛію не паедзе а калі б не было?
Але ж згода, ня трэба рабіць з Ахмэда нейкага монстра. Ахмэд звычайны. Па-свойму нават сапраўды гуманіст у стылі фраера Барталямэ дэ Ляс Касаса, які быў, па сумяшчэньні, першым тэарэтыкам расізму. Наагул, ня варта задаваць звычайным людзям правакацыйных пытаньняў, кшталту пра адмену сьмяротнага пакараньня ці пра ратаваньне жыцьцяў іншых, што ў прынцыпе тое самае заўжды ёсьць рызыка, што зь іх ад доўгага роздуму ўрэшце вылупяцца надзвычайныя скаты. Паспрабуйма ўсё-ткі глядзець на тое, што яны маюць прынамсі нейкае, нібыта нават уласнае меркаваньне, як на нечуваны гістарычны прагрэс, дасягненьне інфармацыйнага веку й перадусім як на здабытак дэмакратыі абы толькі гэты здабытак ня стаў апошнім цьвіком у яе труне.
14.
Ня думайце, шаноўныя галяндзкія падданыя, я кіруюся да вас у Галяндыю не таму, што ўчыніў нейкае цяжкое злачынства (маё злачынства палягае акурат у тым, што я не ўчыніў ні халеры), і, па шчырасьці, нават не з-за клімату. Пагатоў не з-за мітычных мігрантаў з Поўдня, якіх у нас у Чэхіі ніхто як сьлед у вочы ня бачыў, бо тут яны бясьпекі чамусьці не шукаюць. Насамрэч мяне, мякка кажучы, задраў смак тутэйшага піва, задралі натоўпы англа-рускамоўных турыстаў, што з горда ўзьнятымі галовамі мінаюць адны адных, нібы ў акупаваным і яшчэ не канчаткова падзеленым пасьляваенным Бэрліне, задрала вечнае й паўсюднае вулічнае брыньканьне нішчымнага джазіку мясцовага разьліву, задралі бухія віртуозы ў начных забягалаўках, задралі тутэйшыя тынэйджэры з айфонамі й без, задралі бягуны на кароткія дыстанцыі й велясыпэдысты на доўгія, задралі танкісты-адзіночкі ў нацысцкіх касках на так званых сэгўэях, задралі экспэты-псэўдаінтэлектуалы з усяго сьвету, задралі студэнты-эразьмісты й асабліва задралі гіпстэры... Але самай першай мяне задрала тутэйшая тэлевізія, якую я ўрэшце адключыў яшчэ год таму, чым практычна адрэзаў сябе шлях да паразуменьня з простым людам, так званай «гайпалой-барбарой». Калі ж я ў дадатак яшчэ перастаў бухаць і хадзіць у бары, то мая ізаляцыя ад грамадзтва й ягоных настрояў стала зусім гермэтычнай. Па-мойму, у навуцы гэта называецца «нутраной эміграцыяй».
Мне спатрэбілася пражыць у Празе амаль дваццаць гадоў, каб урэшце перад ёю капітуляваць і прызнацца сабе, што я так і ня здолеў яе асыміляваць. Адзіным вынікам маіх высілкаў спазнаць яе як мага больш дасканала стала нядаўняя выснова: Прага, зь якою я сяк-так пазнаёміўся за гэты час зусім ня тая Прага, якую я хацеў спазнаць дваццаць гадоў таму і якой, мажліва, не існуе зусім. А пазнаёміўся я тут, за рэдкімі выключэньнямі, збольшага з такімі самымі, як я: безыменнымі пісьменьнікамі-шарлятанамі, расчараванымі паэтамі, самаўлюбёнымі снобамі, гора-выдаўцамі, музыкамі бяз таленту, маладзёнамі й дзяўчатамі без паняцьця пра рэальнае жыцьцё, як духоўнае, так практычнае, беспрацоўнымі філёзафамі бяз кніг, кіношнікамі-аматарамі, беспрытульнымі ў роспачы, наркаманамі й выпівохамі ў апошняй стадыі... Мае самыя цэнныя праскія прыяцелі гэта звычайныя эмігранты, збольшага з Лацінскай Амэрыкі, Віетнаму й былой Югаславіі: Чарнагорыі, Македоніі, Славеніі... Значную частку зь іх складаюць букіністы, афіцыянткі, прадавачкі, бармэны й дактары. То бок людзі, зь якімі я сутыкаюся меней-болей мусова, а яны са мною што называецца, «прафэсійна».
Тое, што я на працягу ўсяго гэтага часу лічыў самаразьвіцьцём і прагрэсам, прывяло ў маім выпадку да стагнацыі, а неўзабаве й дэградацыі ну проста як з тым фінансавым капіталізмам! Дэградацыя, між іншым, пачынаецца акурат з таго, што пад выглядам інтэграцыі ўлазіш у даўгі перад грамадзтвам, пераяжджаеш з пакойчыку два на два мэтры недзе ў прыгарадзе ўва ўдвая-ўтрая большую кватэру ў цэнтры гораду, увешваеш яе сьцены замест ранейшых плякатаў з рок-героямі арыгінальнымі творамі знаёмых мастакоў, пачынаеш набываць дарагое ўіскі, езьдзіць на таксі, зьбіраць аўтографы ўлюбёных памерлых аўтараў, замест звычайнага нататніку пісаць свае зацемкі адразу ў нэтбук, заводзіш уласнага зубнога і ўласнага псыхіятра (можна некалькіх, не зашкодзіць, па адным на кожную школу псыхалягічнай думкі й дзень тыдня), пачынаеш затарвацца ўсякім гломаздам па інтэрнэце, ходзіш гуляць у тэніс (калі не адразу ў гольф), наведваеш пафасныя вэрнісажы абыякавых табе выстаў і, урэшце, як кульмінацыя свайго неўтаймаванага кансьюмэрызму мяняеш старыя, зламаныя акуляры 10-гадовай даўніны на новыя, нятанныя й модна-гіпстэрскія (а іншых у асартымэнце ўжо і няма). Зьмена акуляраў у маім веку значыць болей за зьмену пашпарту: гэта зьмена ня толькі й ня столькі ўласнага выгляду, колькі перадусім у літаральным сэнсе бачаньня. Можа, вы думаеце, што новыя акуляры лепш прыстасаваныя да вашага пагоршанага працай, чытаньнем і юцюбам зроку? не, насамрэч, гэта вы вымушаныя прыстасавацца, падладзіцца пад іх. Наагул, такія рэзкія жыцьцёвыя перамены лепш зьдзяйсьняць задоўга да крызісу сярэдняга веку, бо ў самы яго разгар нечаканая вастрыня фокусу ў поглядзе на сябе й астатніх можа каштаваць вам вашай крохкай і потна набытай псыхічнай раўнавагі, ажно да поўнай страты арыентацыі ў навакольнай прасторы. Спрабаваць зноўку нарадзіць самога сябе ў сорак і пазнавата, і вельмі рызыкоўна: могуць памерці і дзіця, і сама парадзіха, пакінуўшы малое сіратой у найгоршым выпадку абое. Але ж вядома, мацярынскі інстынкт такая штука...
Калі казаць пра інстынкты, дык той, які валодае мною зараз кшталту інстынкту слана або кіта, што з надыходам вызначанага часу кіруе паміраць на бясьпечнае ціхае месца, нярэдка нават у месца свайго нараджэньня (ну, ня будзем перабольшваць) магчыма, патаемна спадзеючыся стаць у наступным жыцьці баабабам, бабуінам ці на крайняк проста бабай. Зрэшты, калі падумаць, Галяндыя і ёсьць месцам майго нараджэньня! дакладней кажучы, месцам нараджэньня эўрапейца ўва мне. Так ужо сталася, што гэтая краіна (між іншым, краіна Вэрмэера! Рэмбрандта! Сьпінозы! Дэкарта! Комэнскага! Стэлінга! Вармэрдама! ня кажучы пра Ван Гогаў і Мандрыянаў! канец канцоў, сталае месца пражываньня Грынэўэя! гэтага мала?) была маёй першай любоўю, першай наведанай мною сапраўды замежнай, несавецкай краінай, найстарэйшай «дачкой царквы», як сказаў адзін з папярэдніх Папаў пра Францыю... Цяпер той самы эўрапеец-ува-мне едзе туды аддаваць богу душу. Якому богу? Няважна. Любому. Едзе, так бы мовіць, завяршыць гештальт, як любяць казаць інтэлектуалы з народа, асабліва з нашага. Ну і яшчэ ён туды едзе дзякуючы таму, што ў іншае месца, напрыклад у тую ж улюбёную Францыю або Італію, трапіць у яго ня выйшла.
15.
У восемдзесят трэцім было так: сямя з Ўэспэды паехала ў Гохдорф, абмяняўшыся папярэдне з партнэрамі ключамі па пошце, аднак дасланыя сямі ключы да дзьвярэй партнэраў у Гохдорфе не пасавалі то ж бо партнэры, дужа актыўныя чальцы Дамбартэру, іх паблыталі не з абыякімі, а з ключамі саміх гасьцей, таксама атрыманымі па пошце, на што неспрактыкаваныя госьці ў падарожніцкім запале папросту не зьвярнулі ўвагі й сваіх уласных ключоў не пазналі. Запасных ключоў партнэры, на жаль, нікому з суседзяў не пакінулі, бо жылі ў асобным маёнтку, так бы мовіць на хутары, і суседзяў з навакольля практычна ня ведалі, як што дзякуючы Дамбартэру амаль не бывалі ў сябе дома, таму ключы свае трымалі ў руках досыць рэдка. Апынуўшыся ў безвыходнай сытуацыі перад добра забясьпечанай ад злодзеяў вілай на схіле гары пасярод прыўкраснай швайцарскай прыроды, госьці з Ўэспэды плюнулі й пражылі тыдзень у гатэлі, а па вяртаньні дамоў атрымалі ад партнэраў ліст з падзякай за тое, што яны так узорна клапаціліся пра іхную хату у якой, насамрэч, не прабылі ні дня.
Затое пакінулі яе такой, якой знайшлі, адзначаю я, хаваючы ўсьмешку ў гарбаце. Мае госьці з задавальненьнем ківаюць галовамі: прынамсі, адно правіла я ўжо запамятаў і адразу Залатое!
Аднак гісторыя на гэтым не закончылася: пасьля вяртаньня дамоў госьці зьдзівіліся, якім тады чынам партнэры з Гохдорфу трапілі да іх без ключоў, пачалі прыглядацца й прыйшлі да высновы, што ані ў іхным доме цягам мінулага тыдня ніхто ня жыў. Роспыты па вакольных гатэлях пацьвердзілі іхнае падазрэньне: спрактыкаваным партнэрам па Дамбартэры было так сорамна за сваю памылку, што яны пастанавілі захаваць факт неадбытага абмену ў сакрэце ня толькі ад неспрактыкаваных гасьцей, але нават ад сябе саміх.
Пашанцавала ім, што яны не пакінулі ў хаце ката ці сабаку, азываюся я.
Абсалютна слушна! у захапленьні маёй кемлівасьцю пагаджаецца Марыя. Менавіта дзеля гэтага ў стандартным фармуляры дамбартэраўскага кантракту ёсьць пункт наконт хатняй жывёлы: яе абавязкова трэба браць з сабой!
Калі толькі гэта не карова, дадае на ўсякі выпадак Марыін муж, і калі сталыя гаспадары вашага часовага дому ня супраць.
А калі супраць? пытаюся я.
Тады яе нельга браць з сабой ні ў якім разе! прасьвятляе мяне Марыя. Для гэтага ў цывілізаваных краінах сьвету ёсьць адпаведныя службы, прытулкі, а ў бальшыні нармальных людзей яшчэ й сваякі і знаёмыя.
А калі... пачынаю я.
Калі што?
Ат, нічога.
Ну што вы ўжо, дагаворвайце! Між намі ня можа быць ніякіх таямніцаў! Вы ня маеце каму аддаць свайго хатняга ўлюбёнца? Гледзячы на вас напэўна, ката? Каб не аказалася, што ён бадзяецца недзе па двары, а ўвечары прыйдзе мяўкаць да нас, то бок да вас, пад дзьверы... Вы прынамсі набылі яму на два тыдні ежы? Ці нам давядзецца выдаткаваць на яе ўласныя грошы? І хто будзе прыходзіць выносіць за ім фэкаліі? Вы ж курыце дома дзеля таго, каб перабіць іхны смурод? Куды ён наагул у вас ходзіць? Ці можа вы навучылі яго карыстацца ўнітазам разам з вамі? Ды яшчэ й змываць за сабой?
Няма ў мяне ката, з шкадаваньнем у голасе кажу я. Мой адзіны хатні ўлюбёнец я сам.
Абсалютна слушна! у захапленьні маёй кемлівасьцю пагаджаецца Марыя. Менавіта дзеля гэтага ў стандартным фармуляры дамбартэраўскага кантракту ёсьць пункт наконт хатняй жывёлы: яе абавязкова трэба браць з сабой!
Калі толькі гэта не карова, дадае на ўсякі выпадак Марыін муж, і калі сталыя гаспадары вашага часовага дому ня супраць.
А калі супраць? пытаюся я.
Тады яе нельга браць з сабой ні ў якім разе! прасьвятляе мяне Марыя. Для гэтага ў цывілізаваных краінах сьвету ёсьць адпаведныя службы, прытулкі, а ў бальшыні нармальных людзей яшчэ й сваякі і знаёмыя.
А калі... пачынаю я.
Калі што?
Ат, нічога.
Ну што вы ўжо, дагаворвайце! Між намі ня можа быць ніякіх таямніцаў! Вы ня маеце каму аддаць свайго хатняга ўлюбёнца? Гледзячы на вас напэўна, ката? Каб не аказалася, што ён бадзяецца недзе па двары, а ўвечары прыйдзе мяўкаць да нас, то бок да вас, пад дзьверы... Вы прынамсі набылі яму на два тыдні ежы? Ці нам давядзецца выдаткаваць на яе ўласныя грошы? І хто будзе прыходзіць выносіць за ім фэкаліі? Вы ж курыце дома дзеля таго, каб перабіць іхны смурод? Куды ён наагул у вас ходзіць? Ці можа вы навучылі яго карыстацца ўнітазам разам з вамі? Ды яшчэ й змываць за сабой?