Калі вы жадаеце суняць нечыя слёзы, размаўляйце, смейцеся, іранізуйце, заводзьце гутарку пра надворе ці крычыце, толькі не абдымайце і не шкадуйце. Ад жалю да самога сябе ды атрымаўшы шчодрую порцыю спагады, чалавек рыдае яшчэ саладзей
Дэйсі, Дэйсі, што здарылася? разгублена паўтараў Лемюэль і гладзіў мяне па валасах, а я плакала плачма, таму што ён так імкнуўся мне дапамагчы, а я
Чаму ты не сказаў мне адразу, што твой прадзед быў аптэкарам? прагаварыла я скрозь рыданні. Чаму?
Дык ты ж не пытала, сказаў ён, працягваючы мне насоўку, бо мая ператварылася ў мокрую, вартую жалю анучку. Ты прыйшла тады на Самшытавую вуліцу і паводзіла сябе роўна гэтак жа, як шматлікія дзяўчыны і жанчыны, што прыходзілі сюды. Усе яны паўтаралі адно: «Пытанне жыцця і смерці!» і закліналі мяне паказаць ім рэцэпт сродку ад бародавак ці для росту валасоў Прадзед быў непераўзыдзеным майстрам па частцы жаночых сродкаў для прыгажосці, ты хіба не ведала? У мяне і думкі не было цябе падманваць, я шчыра хацеў дапамагчы
Я рыдала.
Дэйсі, Дэйсі, але што ж ты шукала? Што павінна было аказацца на 87 старонцы? занепакоена спытаў ён.
Сродак ад нябачнасці скрозь сорам і слёзы вымавіла я. Мая прабабуля у лісце Я думала, сэр Грымсвотн чараўнік дапаможа мне стаць бачнай каб мяне нарэшце заўважылі. Жыву ўсё жыццё, быццам мяне няма і ўсе глядзяць скрозь мяне
Тут Лемюэль выдаў нейкі дзіўны гук і сілай адвёў мае рукі ад заплаканага твару.
Дэйсі, ну што ты! Што ты такое кажаш! Ты прыкметная! І нават вельмі прыкметная, сказаў ён і прыняўся пальцамі выціраць слёзы, што каціліся па маіх шчоках. Ты такая мілая і клапатлівая, тактоўная і выдатна выхаваная! І вяснушкі табе вельмі пасуюць. А калі ты стаіш спінай да сонца, яно прасвечвае праз твае валасы, яны залоцяцца і ззяюць, як смешны непрычасаны німб. І ты так кранальна запраўляеш валасы за вушы А на ўказальным пальцы правай рукі ў цябе мазоль ад вязання. А калі ты ўважліва слухаеш, то схіляеш галаву набок, як маленькая разумная птушачка А калі задумваешся ці нервуешся, пачынаеш выстукваць нейкі матыў пальцамі левай рукі Я ўсё спрабаваў зразумець, што гэта, але так і не здолеў Ты адварочваешся ад люстэркаў. І ніколі не грукочаш дзвярыма. І не зрываеш кветкі, якія табе падабаюцца, а толькі пагладжваеш пальцам пялёсткі. Ты мілая, слаўная, і проста немагчыма прайсці міма, не заўважыўшы цябе трэба быць дурнем ці сляпым
Я слухала яго як у сне. Мне хацелася, каб гэты сон ніколі не заканчваўся, але дзесьці там, знадворку, у жорсткай рэальнасці ўжо звінеў званок будзільніка, і гэты будзільнік быў самых строгіх правіл.
Але ж у цябе ёсць нявеста, сказала я горка. Навошта ты ўсё гэта кажаш мне, калі ёсць яна?
Ён нахмурыўся.
Прабач. Ты маеш рацыю, гэта бязглуздая сітуацыя, недарэчная і брыдкая. Я павінен быў адразу табе сказаць, мямліў ён, а я адчувала, што цёплая асалода ад яго слоў хутка згасае, і на змену ёй прыходзіць горкае, цягучае адчуванне пакінутасці і адзіноты
Мая нявеста, Дэйсі, ці разумееш, яна з тых дзяўчат, з якімі не ўсё так проста. Ты толькі не кажы маёй матухне, бо я нават яшчэ не зрабіў афіцыйную прапанову. Я збіраўся зрабіць надоечы, але ўсё адкладваў Ведаеш, я страшэнна баюся, што мне адмовяць
«Я б не адмовіла», сумна падумала я. І мне зноў стала так шкада сябе! І на нейкае імгненне Лем зрабіўся мне непрыемны. Якое права мае ён стаяць тут і жаліцца на сваю строгую нявесту, якой ён баіцца? Мяне ж ён не баіцца, бо чаго мяне баяцца? Мне можна паплакацца ў камізэльку, я пашкадую, падбадзёру і дам добрую параду, а ён, як той міфічны мазгаклюй, расправіць крылцы і паляціць да сваёй нявесты з букетам ранункулюсаў у дзюбе