Чаму ж ты служыў ім, такім? сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.
А во вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады, адразу, значыцца, і да вас
Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка? выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.
Дазваляю.
Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба? спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.
Сам ты кітаец, нечакана на чыстай рускай мове, сурова адказаў «кітаец». Сляпы, альбо што? Я калмык, а ты што калмыка ад кітайца не адрозніваеш?
Ізноў смех, а прысаромлены дзядзька толькі апраўдваўся:
Разбярэш вас, усе, што тыя картоплі ў мяху
Так, камандзіра у падвал, распарадзіўся Мірановіч, перабежчыкаў накарміць, перапісаць Канец прадстаўленню, разыходзімся!
Мірончык стаяў збоку маўчком, адно паляпваў нагайкаю па бруднай халяве. Штосьці карцела яму сказаць начальству не дужа прыемнае Нарэшце, калі Мірановіч з Жаўрыдам сабраліся ўжо йсці, затрымаў Мірановіча, буркнуў:
Тут, гэта самае Чайку па дарозе сустрэў
Камандзіра палка, а не Чайку.
Ну, камандзіра палка Загадаў далажыць, што я арыштованы. І зброю здаць
У яго нявыспаных, мутнаватых, усё яшчэ загульных вачах, калі ён падняў іх на Мірановіча, чыталіся і прыкрасць, і крыўда, а яшчэ больш пагарда, пагарда да яго, Мірановіча, і да Чайкі, і да Жаўрыда, і да ўсіх гэтых ламак«камандзераў», сцэнарыстаў камедыі, у якой ён, бравы бясстрашны Мірончык, абласканы самім Балаховічам, вымушаны ўдзельнічаць, таксама ламацца замест таго, каб гуляць сабе на якім хутары, спяваць пад гармонік, дзевак камячыць, гарэлку піць, а потым наўскач несціся на гарачым кані за любімым «Бацькам», даючы вольную волю і сабе, і вернай шаблі, хэкаць па кожнай шыі, якая пад руку, не зважаючы, паляк ці немец, белы ці чырвоны, жыд ці рускі
Арыштаваны дык ідзі арыштоўвайся, абыякава сказаў Мірановіч, з ім вось, на пару, кіўнуў на камандзіра ў будзёнаўцы. Спачатку яго адканваіруеш, а потым і сам зброю здавай
ІХ
Не спяшаючыся, камандзір палка Чайка з ардынарцам ехалі самым берагам Морачы.
У коней чвякала пад капытамі. Сыпаў снег, пакуль яшчэ рэдкі і мокры, але з ветрыкам; сівер устуджваў зямлю і камандзірскай кабыле з яе расклешаным недзе капытам балела ступаць па цупкім. Таму і трымаліся мяккага прыбярэжжа.
Толькі што яны праверылі тры дальнія, найбольш важныя дазоры (ці «палявыя заставы»): ад Старобіна, Слуцка і ад Цімкавіч. Цяпер кіраваліся да апошняга, тылавога з боку Вызны. Выстаўляўся ён больш для блізіру, на выпадак, калі разведка чырвоных заблудзіцца ці якісь іхні атрад самахоць забрыдзе так глыбока ў гэтую нейтральную з пазаўчарашняга дня зону.
Прыгорблены, пануры, у сваім аблепленым снегам шыняльку і ў насунутай на вочы, таксама заснежанай зверху фуражцы камандзір палка быў яўна не ў настроі. Ехаў ціха, думаючы аб сваім, адно калі трапляліся на дарозе пагоркі ці яміны, прыўставаў у сядле, нібы ў іх з кабылаю было адно на дваіх цела і яе боль перадаваўся і яму.
Ардынарац той самы Карпаў Даніла, якога ўсё расхвальваў перад бацькам падпіты Чуб, нават больш падыходзіў на ролю камандзіра, чым сам Чайка. У казацкім жупане, у сініх «ахвіцэрскіх» штанах з чырвонымі кантамі, у вузкіх і доўгіх, да каленяў, ботах, мажны, вусаты, строгі; толькі што пачціва, як і належыць ардынарцу, «на паўкорпуса» трымаецца ззаду Не так лёгка, аднак, яму гэта ўдавалася. Мясцовай, семежаўскай гадоўлі малады і дурны жарабец круціўся пад ім, як чорт. То яму заманьвалася пашнырыць, што таму ганчаку, па вакольных кустах, то, не зважаючы на аброць і цуглі ў роце, перла яго да вады, а то, юрліва косячыся, пачынаў ён так прыціскацца да боку кульгавай сяброўкі, што ледзь не спіхваў яе ў рачулку.
Ой, ты іграеш, ой, іграеш, праз зубы сіпеў тады Даніла, гваздаючы семежаўцу праміж вушэй, нямоцна, канечне ж. А вылегчаць?..
Калі ж жарабец супакойваўся на час і йшоў сабе смірна, як людскія коні ходзяць, тады Данілу не было чым заняцца і ён крадком, збоку пачынаў пазіркваць на камандзіра. Ён адчуваў сябе вінаватым.
Яму сорамна было і за нядаўні прыкры выпадак, і за тое, галоўнае, што ягоны брацельнік, Дзяніс, павінен зараз стаяць у гэтым тылавым, «неабавязковым» таму і ставілі звычайна падлеткаў дазоры А яго там не будзе. Бо ўчора важны (да самога ж Чайкі прыстаўлены!) Даніла здуру адпусціў яго з Чубам у вёску Разведчыкі выпраўляліся акурат у краі, адкуль браты былі родам, грэх было такой нагоды не скарыстаць, да таго ж Чуб усё ўпрошваў: «ды што яму баяцца, са мною! хай хоць бацькам пакажацца!..»
Цяпер ардынарац і вінаваціўся, і ўсё раздумваў: сказаць Чайку ці не? Ці пазней? Ці зусім маўчаць, мо само неяк абыдзецца?.. Тым больш было задняй думкаю і апраўданне: Чайка якраз спаў, і ён, добры, клапатлівы ардынарац, не насмеліўся будзіць яго гэта першае, і другое ды ўсё адно кампалка, канечне ж, адпусціў бы, ды нават проста не ведаў бы пра адсутнасць нейкага падлетка, проста не заўважыў бы! Аднак жа неяк вось так атрымалася Ды і хто б мог падумаць, што Чайка сам сёння настрапаліцца абязджаць гэтыя дазоры, і кабылы не пашкадуе?.. Нібыта без яго няма каму абязджаць
Ай, зрэшты, усё лухта, думалася Данілу, таксама «падзея»: хлопец дамоў захацеў адскочыць Адзін ён хіба? Скрозь такое. З трох дазораў, якія яны ад ранку паспелі праверыць, ніводнага поўнага Хто бліжэй жыве, усе паразбрыдаліся пад нагоду той да жонкі, той да маткі, той да свахі, па тытунь, каўбаску, самагонку Партызаншчынка! І нібыта камандзіры не ведаюць яшчэ і як ведаюць. Церпяць і мірацца, як церпіць і мірыцца Чайка. Вось жа ні заўвагі, ні слова нікому на тых трох дазорах
Але, аказваецца, збіралася ў душы, капілася, пакуль не сарваў Пакуль не гэты дурны выпадак. Хвілін дзесяць назад, калі яны, перасекшы стары семежаўскі шлях і спускаючыся да Морачы, сутыкнуліся са сваёй жа начной разведкаю. Тры коннікі са смехам і гоманам ані дбаючы ехалі сярэдзінай шляха, вялі з сабою перабежчыкаў трох чырвонаармейцаў з вінтоўкамі, і палоннага нейкі са звязанымі ззаду рукамі, высокі, бы жардзіна, камандзір, па сваёй бальшавіцкай модзе у скуранцы, над расквашанымі чаравікамі абмоткі, таму ногі здаваліся цыбатымі і тонкімі, на галаве нейкая дзіўная шапкашлем з піпкаю зверху Старшы разведкі, Мірончык, убачыўшы кампалка з ардынарцам, пасуровеў, звярнуў са шляху, падехаў: «Стаяць!» крыкнуў, перш чым дакладваць, не на Чайку, на каня, які танцаваў пад ім. Скалячы зубкі, нагайкай паказваючы на перабежчыкаў, на палоннага, пачаў дакладваць. Даніла хоць і стаяў да Мірончыка не так блізка, як Чайка, а і то ўнюхаў сівушны пах, да таго ж і гаварыў Мірончык гучна, узбуджана і блытана, як цвярозыя не гавораць. Астатнія, відаць было, таксама часу не гублялі: світкі наросхліст, шапкі на патыліцах, раты ва ўсмешках, у вачах астаткі загулу Дасталося, відаць, нейкаму хутару гэтай ноччу «гуляй, хата, хадзі, печ!»
Чайка хмурыўся, кратаў парэзаную і газецінай заклееную, як заўсёды, бараду, на Мірончыка стараўся не глядзець, а пераводзіў вочы то на чырвонармейцаў, то камандзіра іхняга. Той спакойна стаяў сабе, адно вока заплыло сіняком, другое, цэлае, зіркала зпад брылька свайго шлема дзікаватанасцярожана, нават, як падалося Чайку, насмешліва.
Колькі было гаворана, пачаў Чайка ціха, усё не гледзячы на Мірончыка, і Даніла зразумеў, што камандзір стрымлівае сябе, каб не сарвацца на крык: Колькі сказана было, што разведка не павінна звязвацца ні з якімі палоннымі, ні з якімі перабежчыкамі, што разведка павінна разназаўсёды запомніць балахоўшчына з зялёнадубшчынай мінуліся Калі вы ўсё гэта запомніце? цадзіў пра зубы ледзь чутна, без аніякай інтанацыі.
Перш атарапелы Мірончык сама мала чакаў падзякі ці пахвальбы хутка, аднак, апамятаўся. Падбіў на патыліцу кубанку з белчырвонабелай нашыўкаю наўскось. У тон Чайку таксама праз зубы выціснуў:
Ужо запомнілі, таварішчь камандзірь! перадражніў, і даволі ўдала перадражніў; Чайка, які ўсё амаль жыццё правёў у Расіі, сапраўды размаўляў пабеларуску з натугаю, з тымі нязграбнымі, непрыгожымі памылкамі як і ва ўсіх, хто вучыцца не жывой, а штучнай, кніжнай мове; вымаўлялася ў яго і начяльнік, і камандзірь, і ў Слуцке, і ў Мінске.
А каб яшчэ лепш запомнілі, ціха працягваў Чайка, ледзь прыкметна змяніўшыся ў твары, для яшчэ лепшага запамінання я вас арыштоўваю!
Арыштоўвай, пасміхнуўся Мірончык.
Це! хутка сказаў Чайка. Арыштоўвайце!
Паслухай, парень, тут табе не твая Расія і не царская армія, тут не выкаюць і не чёкаюць
Маўчаць!!! гаркнуў Чайка, і Мірончык адхіснуўся, аж конь пад ім прысеў.
У Семежаве зараз жа далажыць любому камандзіру, што арыштаваны, здаць зброю і самавольна адпраўляцца пад арышт! Усё ясна?!
І ў Мірончыка твар таксама змяніўся, пайшоў плямамі, заторгалася ў ціку шчака, звузіліся вочы Рука з бізуном узляцела раптам уверх
Э, э! канчай мне тут! усклікнуў Даніла, падязджаючы.
Невядома, які быў бы ўсяму гэтаму канец, калі б Чайка хоць рухам адрэагаваў, каб хоць чым выдаў спалох. Але ён не зварухнуўся, і Мірончык, выдыхнуўшы, адвёўшы вочы, зрабіў выгляд, што ўскінуў руку ўсяго толькі каб казырнуць.
Так точьна, ясна! і стаяў так, з прыкладзенай да скроні рукою, пакуль Чайка з ардынарцам не адехалі; тады ўслед ім пачулася нягучнае: Камуняка блядская!..
Штошто?! Даніла схапіўся за шаблю, крутнуў каня, не спускаючы вачэй з Чайкі: дайце адно знак!.. Але кампалка як і не пачуў, не азірнуўся нават (і дарма, бо заўважыў бы, якое ажыўленне пры словах Мірончыка прабегла па твары чырвонага камандзіра).
Данілу нічога не заставалася, як павярнуцца і ехаць следам, з адчуваннем пабітага сабакі
Семежава засталося ззаду. Насупраць вызнянскай дарогі яны пусцілі коней уброд праз мелкую тут Морач. Тыя неахвотна палезлі ў сцюдзёную ваду, крышачы капытамі ўмерзлую ў прыбярэжжа снегавую кашу. На сярэдзіне спыніліся, Даніла пасвістаў і коні зноўтакі з неахвотаю, бы робячы гаспадарам паслугу, нагнулі шыі і пацыркалі вады. Пераправіўшыся, далей паўз канаву, аброслую голым алешнікам і вербалозам, уехалі ў лясок. Затым падняліся на пагорак, усеяны старымі і новымі крыжамі, свежастаўленымі і пагнілымі агароджамі тут пачыналіся местачковыя праваслаўныя могілкі. За ўвесь час кампалка не прамовіў ні слова, ехаў, трымаючы ў адной руцэ павады, другой ўсё церабіўмучыў парэзаны падбародак. Маўчаў і Даніла, ён каяўся, што «ардынарац!» так спусціў усё з рук гэтаму крывашлапаму дурню А можна ж было калі не шабляю пару разоў па спіне перацягнуць, дык хоць бы словам паслаць, куды ў такіх выпадках пасылаюць