Адраджэнне пасярод крызісу. Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла - Пітэр Кваснеўскі 6 стр.


Мой сын, цяпер ужо юнак, дзіцём прысутнічаў на некаторых Трыдэнцкіх Імшах, але то быў час, калі мы не маглі знайсці спяваную Імшу, каб у ёй удзельнічаць. Калі яму споўнілася больш-менш сем гадоў, нам пашчасціла ўдзельнічаць у Missa cantata пасля больш чым гадавога перапынку. Калі мы вярнуліся дадому, ён узяў ліст паперы і без усялякіх просьбаў з нашага боку намаляваў тое, што ён бачыў на алтары (гл. ілюстрацыю). Заўважце, якім чынам адлюстраваны ключавы момант цэлебрацыі, прынашэнне ахвяры нашага Пана, і як перададзена неадемная сакральнасць гэтага моманту: высокі келіх, перабольшаныя свечнікі, прыслугоўваючы звоніць у званкі, крыху схіліўшыся. Мой сын ніколі не маляваў Імшы Novus Ordo, нават самай пабожнай; магчыма, яна ніколі не ўражвала яго альбо не кранала так, як Трыдэнцкая Імша. Я ўжо чую, як літургічныя эксперты кажуць: «Ён не разумеў гэтай Імшы, бо ён не мог перакласці (і нават пачуць) кожнае лацінскае слова». Вам, літургічныя эксперты, якім так патрэбны глыток здаровага сэнсу, я адкажу: ён убачыў і бясслоўна ўхапіў самую сутнасць Імшы  велічны, таямнічы, прыцішаны і святы акт пакланення, засяроджаны вакол Цела і Крыві Хрыста. Калі ласка, адкажыце мне: што разумее і з чым выходзіць сямігадовае дзіця пасля тыповай англамоўнай парафіяльнай літургіі? Альбо не, не кажыце! Я лепш распавяду вам, што сказала мая дачка, якой тады было чатыры гады, калі яна ўбачыла як дарослая жанчына выконвала функцыю галоўнага міністранта: «Мама, мама, жанчыны-святары ўсё ж бываюць!» Нагода для спакойнай катэхэзы і ціхага абурэння. Такая літургія  гэта банкрут яшчэ да свайго пачатку; а пакуль яна не скончыцца, мы будзем сведкамі пародыі на каталіцкую Традыцыю. Толькі таямнічая прысутнасць Хрыста не дае ёй зрабіцца поўнай пародыяй.



Найвышэйшая «Імша для дзяцей»  я маю на ўвазе кожную асобу, ад малюткага хлопчыка да старога, якая хоча жыць пакліканнем духоўнага дзяцінства, а не тых, хто застаецца на дзіцячай ступені чалавечага развіцця,  гэта Трыдэнцкая Імша ва ўсёй сваёй прыгажосці, якая кожнага прысутнага аглушае артадаксальнасцю і кожнаму нашэптвае таямніцу. Калі вы хочаце мець поўны касцёл каталікоў, якія ведаюць, любяць і практыкуюць сваю веру, дайце ім літургію патрабавальную, глыбокую і дасканалую. Яны дарастуць да гэтага выкліку. Чаму ж гэтага не бачылі рэфарматары літургіі і чаму іх сённяшнія паслухмяныя прыхільнікі не бачаць, што людской душы патрэбна пэўная незразумеласць, бязгучная глыбіня, крыніца супраціву і цяжкасці, чужая веліч, якая рэзка кантрастуе са знаёмымі і павярхоўнымі справамі штодзённага жыцця? Чалавеку патрэбна гэта, каб ведаць, хто ён і чаму ён тут. Без гэтага ён умацуецца ў нігілістычным меркаванні, што штодзённае жыццё  гэта пастка, з якой ён ніколі не вызваліцца. Літургія дакладна не павінна быць лёгкадаступнай і зразумелай. Такімі павінны быць адносіны ў бізнэсе, а нашыя справы з Усемагутным Богам не могуць быць настолькі празрыстымі і нефармальнымі. «Я той, Які ёсць, а ты тая, хто не ёсць»,  сказаў Пан св. Кацярыне Сіенскай. Літургія павінна перадаваць нам (або прынамсі мець магчымасць перадаваць) агромністае адчуванне ўніверсальнасці Бога і мізэрнасці чалавека ў тым выглядзе, у якім яны зядналіся ў неспасцігальнай таямніцы Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека, недасяжнага перасячэння Усяго і Нічога ў шлюбе, які зрабіў Усё слугою Нічога, каб з Нічога пачало існаваць вечнае сяброўства з Усім. «Як жа гэта станецца, калі я мужа не ведаю?»  Я не ведаю, наколькі людскі патэнцыял можа ахапіць Бога, і нават пад натхненнем Духа гэта застаецца для мяне таямніцай, бо нішто з гэтага па-людску не мае «сэнсу», але ўсё ж яно мае нашмат больш сэнсу, чым усё, што калісьці прыходзіла ў галаву чалавеку. Гэта суцяшальная загадка, вакол якой традыцыйная літургія круціцца аж да пэўнай знямогі. Прыгадайце візантыйскі абрад з яго хвалепадобнымі паўторамі: «Госпадзе, змілуйся» і «Дай нам, Госпадзе»; паглядзіце на традыцыйны рымскі абрад з яго геаметрычнай харэаграфіяй, змястоўнымі перыядамі цішыні і драматычнымі жэстамі.

Таму давайце раз і назаўсёды пакінем абсурднае сцвярджэнне, што «людзі не могуць зразумець, што адбываецца на лацінскай Імшы, але ўсе разумеюць, што адбываецца на англійскай Імшы». Насамрэч самы нямыты, непісьменны селянін Сярэднявечча лепш ведаў, што адбываецца ў велічным прэзбітэрыі яго мясцовага касцёла. Гэты селянін, часткова з вітражоў, прыгажосцю і складанасцю якіх мы захапляемся дагэтуль, ведаў, што Бог памёр за яго, што Кроў Езуса змывае ягоныя грахі і што ўсё гэта цудоўным чынам прысутнічае ў Імшы. Селянін ведаў гэта лепш за сучаснага парафіяніна, які сядзіць у выбеленым касцёле сярод нязграбных прадметаў і не можа ясна вызнаць веру ў Сапраўдную Прысутнасць нашага Пана ў Эўхарыстыі, які блытае любоў з эмацыйнасцю і малітву з супольным спевам. Той від разумення, які сапраўды важны падчас Імшы, здольны набыць кожны вернік, які ўвойдзе ў сапраўдны касцёл на святую літургію: гэта інтуітыўнае разуменне таямніцы Уцелаўлёнага Слова, якое стала ежай для нас; разуменне адзінай і ўніверсальнай ахвяры Кальварыі, прысутнай сярод нас. Любое іншае «разуменне», незалежна ад актыўнасці ўдзелу, зяўляецца ілюзіяй рэальнасці, скажэннем формы, адцягваннем увагі ад таго, што сапраўды мае значэнне. Імша на роднай мове  гэта зусім не гарантыя таго, што чалавек зразумее таямніцу Імшы. Наадварот, калі аправа цырымоніі абсалютна знаёмая, удзельнік можа лёгка падумаць, што ён да канца разабраўся ў сутнасці гэтай цырымоніі. Знаёмае робіцца руцінай, а руціна пачынае ігнаравацца. Наша ўласная мова  гэта зона камфорту, якая абараняе нас ад шоку Евангелля, ад скандалу Крыжа, ад прывабнасці невядомага. Я хутчэй пагадзіўся б на вялікую дозу чужароднасці, на несучасную музыку, на дзіўныя словы, на архаічную мову, на рытуальныя рухі, вельмі непрыстойныя для дэмакратычнага грамадства. Чалавек, кінуты ў такую сітуацыю, прынамсі ведае, што ён мае справу з чымсьці абсалютна адрозным і, магчыма, нашмат больш глыбокім, чым яго штодзённыя заняткі.

Verbum caro factum est супраць шматслоўнасці

Калі мы жадаем, каб «люд» удзельнічаў у літургіі актыўна, дзе participatio actuosa разумеецца так, як гэта разумее Касцёл: як павышанае ўсведамленне і ўспрымальнасць да рэлігійнай мовы і сімволікі з адпаведнымі адказамі, чутнымі і нячутнымі, вербальнымі і невербальнымі, то нам трэба пастарацца паважаць элементарную будову людской псіхалогіі. Павольная працэсія з прыгожа ўбраных служыцеляў, якая паважна падыходзіць да алтара пад магутныя гукі духавога аргана альбо пад нябесны спеў хору, ахоплівае пачуцці і душу, прыводзячы да больш глыбокага і працяглага эфекту, чым кепска апрануты святар, які ў свабоднай манеры выходзіць з сакрыстыі і пачынае Імшу блытанай прамовай з элементамі персанальных перажыванняў. Калі літургія не можа адразу паказаць штосьці сэнсоўнае прастадушнаму дзіцяці, яна правалілася. Паклон святара, які прамаўляе «Confiteor», акаліт, які разгойдвае кадзільніцу, іерархічна расстаўленыя на ўрачыстай Імшы субдыякан, дыякан і святар, магутная цішыня Рымскага Канона  усе гэтыя рэчы прамаўляюць наўпрост да сэрца, нават да сэрца малога дзіцяці, якое здолее сядзець ціха і глядзець, як рабілі шматлікія дзеці, бачаныя мною, нават на доўгіх урачыстых літургіях. Літургія Novus Ordo можа мала што сказаць такім душам, таму што яна толькі кажа, яна не робіць, не кланяецца, не шэпча, не маўчыць, не чувае, не гойдае кадзільніцу, не выконвае мелодыі, не кіруе расстаноўкай служыцеляў па меры таго, як яны выконваюць свае разнастайныя абавязкі. Значэнне, моц сказанага слова тым меншая, чым большую яму прыдаюць значнасць. У крайнім выпадку мы маем літургію, на якой вельмі шмат чаго кажуць, але рэдка на вока ці ў вуха трапляе штосьці ўрачыстае ці сакральнае.

Аднойчы ў нядзелю я і мая жонка ўдзельнічалі ў лацінскай Імшы Novus Ordo ў венскім Карлскірхэ, і ўся літургія была толькі словамі, словамі, словамі. Святар выйшаў з сакрыстыі і пачаў гаварыць. Ішла размова. Ішлі чытанні, ішла гамілія, ішоў аферторый, ішоў канон  заўсёды словы, рэдка песня, ніколі сімвал. Пасля апошняй малітвы святар вярнуўся ў сакрыстыю. Усё. З пункту гледжання фенаменалогіі, гэта было не што іншае, як малітоўнае набажэнства. Кожнае дзіця, якое было там,  дзіця гадамі альбо дзіця сэрцам  знайшло б недастаткова спажытку для людской прыроды, нават калі б яно прыняло найвялікшую духоўную ежу ў выглядзе святой Эўхарыстыі. У гэтым і заключаецца праблема: колькі можа цягнуцца сітуацыя, калі самая сутнасць і мэта літургіі, яе бясконца каштоўны дар Цела і Крыві Пана Езуса, знаходзіцца ў супярэчнасці з яе пустой, банальнай формай, з бездарожнай пустыняй, у якой не жыве ніводзін чалавек? Мераючы стандартамі сакральнай значнасці, новая літургія, перапоўненая шматслоўнасцю і музыкай «мюзак», часта зяўляецца нежывой пустыняй.

Аднойчы ў нядзелю я і мая жонка ўдзельнічалі ў лацінскай Імшы Novus Ordo ў венскім Карлскірхэ, і ўся літургія была толькі словамі, словамі, словамі. Святар выйшаў з сакрыстыі і пачаў гаварыць. Ішла размова. Ішлі чытанні, ішла гамілія, ішоў аферторый, ішоў канон  заўсёды словы, рэдка песня, ніколі сімвал. Пасля апошняй малітвы святар вярнуўся ў сакрыстыю. Усё. З пункту гледжання фенаменалогіі, гэта было не што іншае, як малітоўнае набажэнства. Кожнае дзіця, якое было там,  дзіця гадамі альбо дзіця сэрцам  знайшло б недастаткова спажытку для людской прыроды, нават калі б яно прыняло найвялікшую духоўную ежу ў выглядзе святой Эўхарыстыі. У гэтым і заключаецца праблема: колькі можа цягнуцца сітуацыя, калі самая сутнасць і мэта літургіі, яе бясконца каштоўны дар Цела і Крыві Пана Езуса, знаходзіцца ў супярэчнасці з яе пустой, банальнай формай, з бездарожнай пустыняй, у якой не жыве ніводзін чалавек? Мераючы стандартамі сакральнай значнасці, новая літургія, перапоўненая шматслоўнасцю і музыкай «мюзак», часта зяўляецца нежывой пустыняй.

У адным інтэрвю выключна прамалінейны кардынал Ранжыт (у той час ён працаваў у Кангрэгацыі Божага культу) сказаў наступнае:

На працягу гадоў літургія падвяргалася шматлікім злоўжыванням, а многія біскупы ігнаравалі іх. У motu proprio Ecclesia Dei adflicta Папа Ян Павел ІІ выказаў гаротную просьбу, якая была не чым іншым, як заклікам да парадку ў Касцёле і да больш сурёзнага стаўлення да літургіі Перад абліччам такой сітуацыі Святы Айцец [Бенедыкт XVI] не мог маўчаць: як мы бачым ў лісце да біскупаў наконт motu proprio, а таксама ў яго шматлікіх прамовах, ён мае глыбокае пачуццё пастырскай адказнасці. Таму гэты дакумент, акрамя таго, што ён зяўляецца спробай дайсці да еднасці з Супольнасцю св. Пія Х, таксама можна назваць знакам, моцным заклікам паўсюднага пастыра да зброі, да пачуцця сурёзнасці22.

«Пачуццё сурёзнасці»  гэта менавіта тое, прасоўванню чаго служыць урачыстае выкананне рытуалу альбо цырымоніі, бо пры гэтым ствараецца і выхоўваецца правільная ўнутраная пастава тых, хто моліцца,  усведамленне таго, што мы кленчым ці хутка будзем кленчыць перад Каралём каралёў і Уладаром уладароў, укрыжаваным і ўваскрослым Збаўцам, укрытым пад вэлюмам Найсвяцейшай Эўхарыстыі, і што гэтае наша прывілеяванае становішча патрабуе ад нас найвышэйшай пакоры, пакланення і прагі святасці. Толькі тады, калі гэтыя цноты (а таксама іншыя, блізкія да іх) бачным і чутным чынам будуць характарызаваць кожны аспект нашай публічнай малітвы, у нас будзе сапраўдная сакральная літургія, верная сваёй нязменнай прыродзе і таму духоўна здаровая і бяспечная для тых, хто ў ёй удзельнічае.

Назад Дальше