Прыгоды Тома Соўэра - Марк Твен 16 стр.


Прамова пастара рабілася ўсё больш чуллівая, публіка ўсё больш расчулівалася і, нарэшце, хорам далучылася да рыданняў радні, нават сам пастар не мог стрымацца і заплакаў на кафедры.

На хорах пачуўся якісьці шум, на які ніхто не звярнуў увагі; праз хвіліну рыпнулі ўваходныя дзверы. Пастар падняў заплаканыя вочы над насавой хустачкай і... скамянеў ад здзіўлення.

Убачыўшы гэта, зірнулі ў той бок адзін, другі чалавек і праз момант усе, як адзін, усталі з месц, гледзячы на трох нябожчыкаў, якія ішлі к алтару: Том наперадзе, за ім Джо і ззаду за імі Гек, які панура пазіраў на свае адзенне, ад якога засталіся адны шматкі. Яны ўсе сядзелі на хорах, слухаючы пахавальную прамову аб сабе.


Цёця Поллі, Мэры і Гарперы кінуліся да сваіх улюбёных, пачалі цалаваць, а бедны Гек стаяў засаромлены, не ведаючы, што яму рабіць і куды дзецца ад столькіх накіраваных на яго неласкавых поглядаў. Ён азіраўся па баках і ўжо хацеў быў уцячы, але Том схапіў яго за руку і сказаў:

Цёця Поллі, так нельга! Хто-небудзь павінен-жа парадавацца і з Гека.

Ну, вядома, галубок мой! Я ад усёй душы рада бачыць яго, беднага сіротку!

І цёця Поллі пачала лашчыць Гека, ад чаго той яшчэ больш засароміўся.

Потым усе заспявалі. Старадаўні падзячны гімн загучэў, як ніколі і морскі разбойнік Том Соўэр, азіраючыся на зайздросціўшых яму таварышоў, адчуваў, што гэта лепшая мінута ў яго жыцці.

У гэты дзень Тому дасталося пстрычак і пацалункаў у залежнасці ад настрою цёці Поллі столькі, што хапіла-б на цэлы год.

Раздзел XVIII


Гэта і быў вялікі таемны замысел Тома вярнуцца дадому ўсім разам і прысутнічаць на сваім уласным пахаванні. Яны ў суботу дабраліся на бервяне да процілеглага берага, выйшлі на пяць-шэсць міль ніжэй ад вёскі, начавалі ў лесе, недалёка ад ваколіцы, ледзь золак прабраліся задворкамі ў горад і добра выспаліся на царкоўных хорах сярод гурбаў зламаных лавак.

У панядзелак раніцою, у часе снедання, цёця Поллі і Мэры былі надзвычайна ласкавыя да Тома і з ахвотай: выконвалі ўсе яго жаданні. У часе гутаркі, вельмі жвавай, цёця Поллі сказала:

Бачыш, Том, я не кажу, што гэта не цікава прымусіць усіх мучыцца цэлы тыдзень, абы толькі вам было весела; але мне вельмі прыкра, што ў цябе такое злое сэрца і ты так мала мяне любіш. Калі ты мог пераплыць раку на бервяне, каб прысутнічаць на ўласным пахаванні, то ты мог-бы зірнуць і ў хату, каб даць мне які-небудзь знак, што ты не памёр, а толькі ўцёк.

Але, гэта ты мог зрабіць, Том, сказала Мэры, і вядома зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

Праўда, Том? Ты зрабіў-бы, і цёця Поллі журботна ўсміхнулася. Ну, скажы, зрабіў-бы, каб гэта прышло табе ў галаву.

Я не ведаю... Гэта-ж усё папсавала-б...

Ах, Том, а я ўсё спадзявалася, што ты хоць трошкі любіш мяне! сказала цёця прыкрым голасам, ад якога хлопчыку зрабілася няёмка. Каб ты хоць падумаў аб гэтым, не кажу ўжо каб зрабіў, але ты нават і не падумаў.

Ну, цёця, гэта яшчэ не бяда, умяшалася Мэры. У Тома-ж наогул вецер у галаве, і ён заўсёды мае столькі клопату, што яму зусім няма калі думаць.

Тым больш шкода. Сід падумаў-бы. І Сід прышоў-бы. Ах, Том, калі-небудзь ты пашкадуеш, што не стараўся хоць трошкі любіць мяне; пашкадуеш, але будзе позна.

Ну, годзе, цёця, вы-ж ведаеце, што я вас люблю, сказаў Том.

Я лепш гэта ведала-б, каб гэта хоць крыху было відаць з тваіх учынкаў.

Я цяпер вельмі шкадую, што мне гэта не прышло ў галаву, сказаў Том тонам раскаяння. Затое я хоць ува сне вас бачыў, гэта-ж таксама чаго-небудзь варта.

Ну, не надта, нават, кошкі сняць, але ўсё-ж лепш, як нічога. Што-ж табе снілася?

А вось што. У сераду вечарам я сніў, нібы вы сядзіцё ля ложка, а Сід каля вас на драўлянай скрыні, а ля яго Мэры.

Што-ж, мы так і сядзелі. Мы так заўсёды сядзім. Я рада, што хоць сон напомніў табе нашы прывычкі.

Потым мне снілася, што тут-жа сядзіць маці Джо Гарпера.

Але-ж яна і сапраўды была тут! Што-ж табе яшчэ снілася.

О, многа чаго! Ды толькі я цяпер слаба памятаю.

Ну, паспрабуй успомніць! Няўжо не можаш?

Яшчэ мне здалося ўва сне, што вецер... вецер...

Прыпомні, Том, што зрабіў вецер?

Том прыціснуў пальцы да ілба і пасля хвіліны трывожнага чакання ўсклікнуў:

Успомніў, успомніў! Вецер пагасіў свечку.

О божа! Далей, Том, далей!

Потым вы нібы сказалі: «Здаецца, нібы дзверы...»

Далей, Том, далей!

Пачакайце, дайце ўспомніць... Ах, так! вы сказалі, што вам здаецца, нібы дзверы адчыненыя.

Ды я-ж іменна гэта і сказала. Памятаеш, Мэры? Ну далей!

Потым... потым... Ну, я не памятаю, я не ўпэўнены, але мне здаецца, нібы вы паслалі Сіда, каб ён... каб ён...

Ну? ну? Што я сказала яму зрабіць?

Вы сказалі яму, вы... загадалі яму зачыніць дзверы.

Божа літасцівы! Ніколі не чула я такога. Вось пасля гэтага і не давай веры снам. Зараз-жа пабягу расказаць усё гэта місіс Гарпер. Паглядзім, ці будзе яна пасля гэтага казаць усялякія глупствы пра забабоны. Расказвай-жа, Том, што было далей!

О, цяпер я ўсё ўспомніў, цёця! Потым вы сказалі, што я не злы, а толькі свавольнік і прайдзісвет, і што з мяне спаганяць ўсёроўна, што гэта вы сказалі? з жарабяці, ці што.

Ну але, я іменна так і сказала. Ах, божа мой! Ну, што-ж далей, Том?

Потым вы заплакалі.

Верна, верна, заплакала, і не першы раз. Потым?

Потым місіс Гарпер таксама заплакала і пачала гаварыць, што Джо таксама добры і ёй шкода, што яна пабіла яго за сліўкі, калі яна сама выплехнула іх.

Гэта быў прароцкі сон. Ну, расказвай далей!

Потым Сід сказаў...

Я, здаецца, нічога не сказаў.

Не, Сід, ты сказаў, паправіла Мэры.

Ціха, не перашкаджайце яму! Ну, Том, што-ж ён сказаў?

Ён сказаў, што ён спадзяецца, што мне там лепш, дзе я цяпер. Але, каб я раней быў лепшы...

Божа-ж мой! Вы чуеце? Гэта-ж яго сапраўдныя словы.

І вы за гэта пасварыліся на яго.

Вядома пасварылася. Не, тут быў ангел. Гэты ангел цябе натхнуў!

Потым місіс Гарпер пачала расказваць пра Джо, як ён страляў з пісталета пад самым яе носам, а вы ёй расказвалі пра ката Піта і пра лякарства...

Зусім правільна!

Потым вы доўга гаварылі, як нас шукалі ў рацэ, і што ў нядзелю будзе наша пахаванне, а потым вы з місіс Гарпер пачалі абыймацца і плакаць, і пасля таго яна вышла!

Так, акурат так! Хай не ўстану я з гэтага месца, калі не так! Каб ты сам ўсё бачыў і чуў сваімі вушамі, Том, ты не мог-бы расказаць дакладней. Ну, а потым што было?

А потым вы ляглі, і мне было так шкода вас, што я ўзяў ды і напісаў на кавалку кары: «Мы не памерлі, мы толькі ўцяклі, каб зрабіцца піратамі», і палажыў на стол каля свечкі, а вы ў гэты час спалі, і твар у вас быў такі добры-добры, што я падышоў, нагнуўся і пацалаваў вас проста ў губы.

Гэта праўда, Том, праўда? Ну тады я ўсё табе дарую.

Гэта праўда, Том, праўда? Ну тады я ўсё табе дарую.

І яна так сціснула хлопчыка ў абдымках, што ён адчуў сябе апошнім нягоднікам.

Гэта было вельмі міла з яго боку, хоць гэта і быў толькі сон, заўважыў Сід нібы сам сабе.

Маўчы, Сід! Чалавек ува сне робіць тое самае, што ён зрабіў-бы ўяве. Вось табе вялікі яблык, я наўмысля хавала яго для цябе на выпадак, калі ты знойдзешся. Але, дзеткі, вам ужо трэба ісці.

Дзеці пайшлі ў школу, а старая цётка к місіс Гарпер расказаць цудоўны сон пляменніка. Сід не палічыў патрэбным выказаць тое, што ён думаў, ідучы з дому. А думаў ён вось што:

«Ці-ж можна бачыць такі доўгі і складны сон! Усё гэта выдумкі!»

Якім героем зрабіўся цяпер Том. Ён ужо не скакаў, а трымаў сябе горда, з гонарам, як і належыць пірату, які адчувае, што на яго глядзіць увесь свет. Ён рабіў выгляд, што не заўважае накірованых на яго поглядаў і не чуе заўваг аб ім, але ў душы адчуваў вялікую асалоду і ад гэтых позіркаў, і ад заўваг.

Маленькія хлопчыкі чарадой бегалі за ім і ганарыліся тым, што іх бачылі разам з ім і што ён не гнаў іх ад сябе, а ішоў нібы барабаншчык перад працэсіяй, або слон на чале цэлага звярынца. Яго равеснікі прытвараліся, нібы нічога не ведалі пра яго адсутнасць, але тым не менш страшэнна зайздросцілі яму. Яны аддалі-б ўсё на свеце, каб мець яго смуглую, засмаленую сонцам скуру і яго славутасць.

У школе вучні так насіліся з ім і Джо, і ў іх поглядах відаць было такое красамоўнае захапленне, што абодва героі вельмі хутка сталі празмерна задавацца. Яны пачыналі расказваць свае прыгоды прагным слухачам, але толькі пачыналі, бо скончыць у іх нехапала фантазіі. Калі-ж нарэшце яны выцягнулі свае люлькі і пачалі дыміць з абыякім выглядам, то слава іх паднялася на недасяжную вышыню.

Том парашыў, што цяпер ён можа абыйсціся без Бэкі Тэчэр. Яму досыць і славы. Ён будзе жыць для славы. Цяпер, калі ён такі славуты, можа яна і захоча мірыцца. Ну, і хай сабе! Яна ўбачыць, што ён можа быць такім самым безуважным, як і некаторыя з дзяўчынак.

У гэты момант прышла Бэкі. Том зрабіў выгляд, што не бачыць яе. Ён адышоў і далучыўся да групы хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе зараз-жа пачалася гутарка. Хутка Том убачыў, што Бэкі з палаючым тварам і бліскучымі вачыма весела ганялася за таварышкамі, гучна рагочучы кожны раз, калі ўдавалася каго-небудзь злавіць. Здавалася, яна цалкам была занятая гэтай гульнёй, але ў той-жа самы час Том заўважыў, што яна ўвесь час старалася быць бліжэй да яго і, відаць, сачыла за ім. Гэта надавала яму гонару, але ён усё прытвараўся, што не заўважае яе. Тады яна перастала ганяцца за дзяўчынкамі і нерашуча пачала хадзіць воддалі, час ад часу ўздыхаючы і цішком пазіраючы на Тома. Раптам яна заўважыла, што Том больш за ўсіх гутарыць з Эмі Лорэнс. Яна падышла бліжэй, стала бадай побач з імі і нібы вясёлым тонам звярнулася да адной з сваіх таварышак:

Якая ты нядобрая, Мэры-Ганна! Чаму ты не была ў нядзельнай школе?

Я была. Ці-ж ты мяне не бачыла?

Не, не бачыла. Дзе-ж ты сядзела?

Як заўсёды, у класе міс Пітэрс. Я цябе бачыла.

Няўжо? Як дзіўна, што я цябе не заўважыла. Я хацела расказаць табе, што ў нас будзе пікнік.

А, гэта цікава. Хто-ж наладжвае яго?

Мама наладжвае для мяне.

Ах, як добра! А што, ці запросіць яна мяне?

Ну, вядома. Пікнік-жа наладжваецца для мяне, значыцца, яна папросіць усіх тых, каго я захачу, а я хачу, каб і ты была з намі.

Вельмі міла з твайго боку. А калі будзе пікнік?

Яшчэ не ведаю. Можа, на канікулах.

Вось будзе весела! Ты паклічаш усіх хлопчыкаў і дзяўчынак?

Але, усіх, хто са мной сябруе або хоча быць маім сябрам.

І яна цішком зірнула на Тома, але той у гэты час расказаў Эмі Лорэнс пра страшэнную буру на астраўку і пра тое, як маланка разбіла вялікае фігавае дрэва «ў самыя трэскі», у той час яны стаялі за тры крокі ад дрэва.

Назад Дальше