Прыгоды Тома Соўэра - Марк Твен 15 стр.


Вось-жа весела будзе, Том! Я-б хацеў, каб гэта было цяпер.

І я! А калі мы ім скажам, што навучыліся курыць, калі былі піратамі, то яшчэ больш зайздросціць будуць.

Ды ўжо-ж! Вядома, будуць.

Ды ўжо-ж! Вядома, будуць.

Праз некаторы час гэтая гутарка нейк завяла і пачала перарывацца. Паузы рабіліся даўжэйшымі. Затое колькасць сліны надзвычайна павялічылася. Рот у кожнага хлопчыка ператварыўся нібы ў фантан. Яны ледзь паспявалі ачышчаць скляпенні ў сябе пад языком, каб папярэдзіць паводку. Не гледзячы на ўсе іхнія намаганні, ім залівала горла, і кожны раз пасля гэтага рабілася млосна.

Абодва навічкі збялеліся, і выгляд у іх быў самы няшчасны. У Джо вывалілася люлька з аслаблых пальцаў, у Тома таксама. Нарэшце, Джо слабым голасам прамовіў:

Я згубіў свой ножык, трэба пайсці пашукаць.

Том дрыжачымі губамі і перарывістым голасам вымавіў:

Я памагу табе. Ты ідзі ў гэты бок, а я пайду вунь туды, к крыніцы. Не, Гек, ты не ідзі за намі, мы самі знойдзем.

Гек усеўся на сваё месца і чакаў больш гадзіны. Потым знудзіўся і пайшоў шукаць таварышоў. Ён знайшоў іх у лесе, далёка адзін ад аднаго; абодва былі бледныя і нейкія сонныя. Але нешта падказала яму, што калі раней ім было вельмі дрэнна, то цяпер прычына гэта адхілена.

За вячэрай абодва былі маўклівыя, глядзелі неяк баязліва, і калі Гек пасля вячэры закурыў люльку і прапанаваў ім таксама, то абодва адмовіліся, спасылаючыся на хворасць, мабыць у абед яны зелі што-небудзь такое, што пашкодзіла ім.

Раздзел XVI


А поўначы Джо прачнуўся і пабудзіў таварышоў. У паветры была злавесная духата. Хлопчыкі збіліся ў кучу і ціскаліся бліжэй да агня, хоць ноч была вельмі цёплая. Яны сядзелі і ўважліва прыслухоўваліся. Ззаду ўсё танула ў непрагляднай цемры.

Раптам нешта бліснула, асвятліла лісце і знікла; потым зноў бліснула ярчэй і яшчэ, і яшчэ. У верхавінах дрэў пачуўся слабы ўздых; хлопчыкі адчулі на сваіх шчоках нечае дыханне і затрапяталі пры думцы, што гэта пранёсся «дух ночы». Потым зрабілася ціха.


І раптам зноў злавесны блеск маланкі, якая з надзвычайнай яскравасцю асвятліла кожную травінку ля кастра і тры бледныя спалоханыя дзіцячыя твары. Па лесе пракаціўся гром і заціх, адгукнуўшыся далёка глухім грукатам. Падзьмуў халодны вецер, зашамацеў усім лісцем разам і раскідаў попел вакол кастра.

Зноў бліснула маланка, і ў тую-ж секунду ўдарыў гром. Хлопчыкам здалося, што ад гэтага грукату дрэвы валяцца ім на галовы. Сярод надышоўшай цемры яны з жахам прыціснуліся адзін да аднаго. Па лісцях застукалі першыя буйныя каплі дажджу.

Хутчэй, рэбяты, у палатку! крыкнуў Том.

Яны кінуліся бегчы, спатыкаючыся аб карэнні і чапляючыся за ліяны. У лесе бушавала страшэнная бура, і ўсё са стогнам гнулася пад яе напорам. Яркая маланка бліскала бадай што бесперапынна адна ўслед за другой і кожная суправаджалася аглушальным громам. Дождж паліў як з вядра.

Хлопчыкі з крыкам клікалі адзін аднаго, але рэў буры і грамовыя ўдары заглушалі іх галасы. Адзін за адным дабеглі яны да палаткі і схаваліся пад ёй, прадрыжэлыя, падрапаныя, прамоклыя да ніткі; з іх адзення струменямі цякла вада; але кожны быў задаволены хоць тым, што ў яго ёсць таварышы па няшчасцю. Размаўляць ім нельга было, нават каб бура і не заглушала іхных галасоў, бо надта ўжо пляскаў парус над іх галавой.

Навальніца ўсё ўзмацнялася. Нарэшце вецер сарваў парус, і ён закружыўся па воле ветру. Хлопчыкі ўхапіліся за рукі і, штохвілінна спатыкаючыся і насадзіўшы сабе гузакоў, пабеглі пад ахову вялікага дуба, што стаяў на беразе.

Цяпер стыхіі разгуляліся на поўную сілу. Пад несупынным блескам маланак усё вырысоўвалася з незвычайнай выразнасцю: нахіленыя дрэвы, пеністая рака, цмяныя абрысы высокіх уцёсаў на другім беразе. То там, то сям які-небудзь лясны волат нібы ў бойцы валіўся на зямлю, ламаючы маладыя дрэвы вакол сябе; неаслабны грукат грому перарываўся цяпер адрывістымі выбухамі, рэзкімі, сухімі, якія напаўнялі душу невыказным жахам. К канцу навальніца напружыла ўсе свае сілы і забушавала яшчэ з большай лютасцю; здавалася, яна разарве востраў на кавалкі, спаліць яго, вырве з карэннямі дрэвы, сатрэ яго з зямлі. То была жудасная ноч для беспрытульных дзяцей.

Але нарэшце бойка сціхла, і стыхіі пачалі супакойвацца. Грукат грому рабіўся ўсё цішэйшым, паступова ў лесе зноў стала ціха. Хлопчыкі вярнуліся ў свой лагер напалоханыя, але тут выявілася, што ім усё-ж такі пашанцавала, бо тое вялікае фігавае дрэва, пад якім яны заўсёды начавалі, пашчапала маланка, і яны загінулі-б, каб засталіся пад ім.

Усё ў лагеры прамокла наскрозь. Агонь пагас: хлопчыкі па сваёй дурноце не зрабілі ніякіх захадаў, каб яго захаваць. Гэта было вельмі непрыемна, бо ўсе тры прамоклі да касцей і дрыжэлі ад холаду. Яны вельмі красамоўна выказвалі сваю прыкрасць, але потым заўважылі, што агонь прабраўся так далёка пад вялікі пень, ля якога быў раскладзены, што некалькі вугольчыкаў выратаваліся ад вады.

Хлопчыкі ўзяліся за справу, пачалі збіраць ламачча і кару ў схаваных ад дажджу кутках і пасля доўгіх, цярплівых намаганняў расклалі агонь. Яны навалілі туды як мага больш галля, зрабілі вялізны касцёр і бадзёрасць зноў вярнулася да іх. Над агнем яны высушылі сваю прамоклую ветчыну, паделі, расселіся вакол кастра і да раніцы гутарылі пра свае прыгоды: спаць усёроўна нельга было, бо навакол не было ніводнай сухой мясцінкі.

З першымі праменнямі сонца нашых герояў пачала асільваць дрымота, і яны паляглі на беразе, на мокрым пяску.

Калі сонца прыпякло іх, яны падняліся і млява пачалі рыхтаваць сабе снеданне. Але і пасля ежы яны адчувалі сябе зморанымі; усё цела ламіла; зноў вярнуўся сум па доме.

Том прыкмеціў гэты сум і рабіў усё, што мог, каб развесяліць сваіх таварышоў. Але іх не цешылі ні галачкі, ні цырк, ні купанне. Ён напомніў ім пра вялікую тайну і яму ўдалося крыху ажывіць іх. Том скарыстаў гэта і паспяшаўся зацікавіць іх новай выдумкай, прапанаваўшы ім часова пакінуць разбой і зрабіцца індзейцамі. Гэтая думка здалася ім прывабнай. Яны мігам раздзеліся, выпэцкаліся ад ног да галавы гразёю, зрабіліся паласатымі, як зебры, і пайшлі ў лес нападаць на англійскае паселішча. Пры гэтым усе тры, вядома, былі правадырамі.

Потым яны падзяліліся на тры варожых пляменні, з ваяўнічымі крыкамі выскоквалі з засады і кідаліся адзін да аднаго, забіваючы і скальпуючы [4] ворага тысячамі. Бойка была гарачая і хлопчыкі засталіся задаволеныя.

Вярнуліся ў лагер вячэраць галодныя і шчаслівыя. Але тут узнікла неспадзяваная труднасць: варожыя індзейцы не маглі разам есці хлеб, пакуль не памірацца між сабой, а пры гэтым абавязкова трэба было выкурыць «люльку міру». Яны ніколі не чулі, каб стварыць згоду можна было без гэтага. Двое з іх пашкадавалі, чаму яны не засталіся піратамі. Але нічога не заставалася рабіць, і надаючы сабе вясёлы выгляд, яны па чарзе пачалі зацягвацца з люлькі.

І што-ж! Цяпер яны ўжо радаваліся, што ператварыліся ў дзікуноў, бо яны ад гэтага нешта выйгралі: яны ўбачылі, што цяпер ўжо сяк-так могуць курыць, не маючы патрэбы ісці шукаць згублены нож; калі ім і было крыху дрэнна, то не на столькі, каб лічыць гэта сур'ёзнай перашкодай. Вядома, яны паспяшаліся скарыстаць такую магчымасць і пасля вячэры для практыкі паўтарылі вопыт з поўным поспехам. Дзякуючы гэтаму, вечар прайшоў вельмі прыемна. Яны цешыліся, ганарыліся і былі такія шчаслівыя ад свайго новага ўмення, як быццам ім пашанцавала аскальпаваць і садраць скуру з шасці індзейскіх пляменняў адразу.

Раздзел XVII


Не так весела было ў маленькім гарадку ў ціхі суботні вечар. Гарперы і сямя цёці Поллі з вялікім горам і слязмі ўбраліся ў жалобу. У пасёлку і наогул было не надта шумна, а цяпер у ім была нязвычайная цішыня. Абываталі задуменна рабілі свае справы і часта ўздыхвалі. Дзецям суботні адначынак, здавалася, быў не на радасць. Гульні не ладзіліся, і паступова дзеці зусім адмовіліся ад іх.

Пад вечар Бэкі Тэчэр сумна сядзела адна на школьным двары і, не знаходзячы ні ў чым уцехі, гутарыла сама з сабой.

Хоць-бы ў мяне засталася тая медная шпонка, што ён падараваў мне, а то мне нават і памянуць яго няма чым.

Бэкі ўсхліпнула, потым казала далей:

Гэта акурат тутака і было... О, каб можна было паўтарыць нашу сустрэчу, я не казала-б яму такіх злых слоў! Але яго няма, і я ніколі, ніколі больш не ўбачу яго.

Гэтая думка забівала яе, і яна пайшла ўся ў слязах.

Потым прышоў цэлы гурт хлопчыкаў і дзяўчынак, школьных таварышоў Тома; стоячы ля плота і сцішыўшы голас у знак пашаны да нябожчыкаў, яны ўспаміналі, як Том зрабіў тое і тое і што сказаў Джо, прычым у кожным яго слове бачылі цяпер злавеснае прароцтва. І кожны дакладна паказваў тое месца, дзе стаялі загінуўшыя хлопчыкі, і пры гэтым сказаў: «А я стаяў вось так, як цяпер стаю, а ён як ты стаіш, і ён усміхнуўся вось так, і на мяне раптам нешта такое найшло, неяк жудасна зрабілася, разумееце? Ну, тады я, вядома, не ведаў, што гэта значыць, а цяпер разумею!»

Пачаліся спрэчкі аб тым, хто апошнім бачыў хлопчыкаў жывымі; шмат хто спрабаваў прыпісаць сабе гэты гонар, але паказаннямі сведак гэта абвяргалася; калі-ж нарэшце высветлілі, хто апошні бачыў загінуўшых таварышоў і размаўляў з імі, то гэтыя шчасліўцы пачалі вельмі задавацца, а ўсе іншыя глядзелі на іх і зайздросцілі. Адзін хлапчук, не знайшоўшы нічога лепшага, з гонарам заявіў:

Том Соўэр аднаго разу мяне здорава пабіў.

Але яго спроба набыць сабе славу не ўдалася. Тое самае маглі сказаць пра сябе бадай усе хлопчыкі, так што лаўры яго вышлі надта таннымі. Група разышлася, не спыняючы гутаркі пра загінуўшых герояў.

На другі дзень, пасля заняткаў у школе, заместа звычайнага званка, пачуліся мерныя, працяглыя ўдары царкоўнага звана. Адзін за адным пайшлі ў царкву парафіяне, спыняючыся на парозе, каб шэптам пагутарыць аб сумным здарэнні. Ніхто не мог успомніць, каб маленькая царква калі-небудзь была такая поўная. Зрабілася ціха, і ў царкву ўвайшлі цёця Поллі з Сідам і Мэры, а за імі сямя Гарпер усе ў жалобе. Усе, як адзін чалавек, у тым ліку і стары пастар, пачціва ўсталі і стаялі ўвесь час, пакуль радня загінуўшых не расселася на пярэдняй лаве. Потым зноў настала цішыня, перарываемая толькі прыглушанымі рыданнямі.


Нарэшце пастар распасцёр рукі і пачаў службу. Праспявалі чуллівы гімн, потым была пропаведзь на тэкст: «Я ёсць уваскрасенне і жыццё».

Пастар намаляваў такую яскравую карціну вартасцей, прывабнасці і незвычайнай здольнасці загінуўшых хлопчыкаў, што не засталося ў царкве ніводнага чалавека, які не пашкадаваў-бы і не журыўся, што ён увесь час упарта не хацеў бачыць вартасці бедных хлопчыкаў, а ўпарта бачыў у іх адны толькі недахопы і заганы.

Назад Дальше