Прыгоды Тома Соўэра - Марк Твен 4 стр.


Заняткі ў школе адбываліся ад дзевяці да паловы адзінаццатай; потым пачыналася царкоўная служба. Мэры і Сід заўсёды добраахвотна заставаліся паслухаць пропаведзь пастара, а Том заставаўся супроць волі.



Каля паловы адзінаццатага зазваніў шчарбаты звон маленькай царквы, і зараз-жа пачаў збірацца народ да ранішняй пропаведзі. Вучні нядзельнай школы размясціліся па розных кутах царквы, сядаючы каля сваіх бацькоў, каб увесь час быць пад наглядам. Побач з цёцяй Поллі паселі Том, Сід і Мэры; пры гэтым Тома пасадзілі падалей ад расчыненага акна ад спакуслівых летніх відаў і сцэнак.

Царква патроху напаўнялася. Прышоў паджылы бядняк-поштмэйстэр, які раней бачыў лепшыя дні; прышоў гарадскі галава са сваёй жонкай у ліку іншых бескарысных рэчаў у гарадку быў і гарадскі галава і міравы суддзя, і ўдава Дуглас, прыгожая, прыбраная жанчына гадоў пад сорак, добрая, шчодрая і лагодная. Яе дом на ўзгорку быў не дом, а палац, адзіны палац у гарадку; да таго-ж гэта быў гасцінны палац, дзе наладжваліся самыя раскошныя святкаванні. Прышоў адвакат Рыверсон, новы арыстакрат з ваколіцы; зявілася мясцовая красуня; нарэшце, апошнім прышоў узорны хлопчык Віллі Макферсон, які ахоўваў сваю маці так старанна, нібы яна была шкляная. Ён заўсёды прыводзіў з сабою ў царкву сваю маці, і ўсе мамы ставілі яго ў прыклад сваім сынам. А хлопчыкі усе да апошняга ненавідзелі яго за тое, што ён такі добры, а галоўнае за тое, што яго ўзорнасцю заўсёды ім «тыкаюць у нос». З кішэні яго, нібы выпадкова, вытыркаўся кончык насавой хустачкі. У Тома насавой хустачкі не было, і тых хлопчыкаў, якія мелі гэтую прыналежнасць туалета, ён лічыў фарсунамі.


Пастар пачаў з гімна, які ён прачытаў з завываннем, улюбёным у тутэйшых месцах. Ён пачынаў на сярэдніх нотах, і, паступова падвышаючы голас, даходзіў да высокіх, рабіў націск на перадапошнім слове і раптам, нібы ныраючы, спускаў тон:

Няўжо-ж на ложку з кветак я буду
                                     адпачываць,
Калі мой блізкі прызначаны змагацца
                                     пакутваць!

У часе малітвы ўвагу Тома прыцягнула муха, якая села на спінку лаўкі перад ім. Гэтая муха нібы здзеквалася з яго: яна так спакойна церла адну аб адну свае маленькія лапкі, ахапляла імі галаву і паліравала яе так старанна, што галава, здаецца, аддзялялася ад цела і відаць была тоненькая нітачка шыі; потым заднімі ножкамі яна чысціла і скрэбла крылкі і разгладжвала іх, нібы складкі фрака, каб яны ямчэй ахаплялі цела; і ўвесь свой туалет яна рабіла не спяшаючыся, спакойна і ўпэўнена, нібы ведала, што ёй нішто не пагражае, бо Том, хоць яму і свярбелі рукі цапнуць муху, не адважыўся гэта зрабіць у часе малітвы. Але як толькі пастар дайшоў да апошніх заключных слоў, рука Тома сама выгнулася наперад; калі-ж пачулася «аман», муха была ўжо злоўленая. Але цётка ўбачыла гэты манеўр і прымусіла Тома выпусціць муху.

Пастар скончыў малітвы і аднастайным гамзатым голасам пачаў пропаведзь, да таго нудную, што хутка многія ўжо дзюбалі носам, не гледзячы на тое, што прапаведнік пагражаў грэшнікам кіпучай серай і смалой, а лік абраных, якім прызначана вечнае шчасце, даводзіў да такой маленькай лічбы, што выходзіла: такую жменьку праведнікаў не варта было і ратаваць.

Пакуты Тома аднавіліся. Раптам ён успомніў, што ў яго ў кішэні ляжыць вялікі скарб, і паспяшаўся дастаць яго. Гэта быў вялікі чорны жук з моцнымі сківіцамі жук «кусака», як называў яго Том. Жук быў схаваны ў каробачку ад пістонаў. Калі Том адчыніў каробачку, жук у першую чаргу ўкусіў яго за палец. Зразумела, хлопчык пстрычкай адкінуў яго прэч, а пакусаны палец засунуў у рот. Жук упаў на спіну і бездапаможна круціўся, спрабуючы перавярнуцца. Том глядзеў на яго і прагнуў атрымаць яго назад, але ён ляжаў далей, як можна было дастаць. Затое ён паслужыў забавай для многіх з тых, хто не паспеў зацікавіцца пропаведдзю і сачыў цяпер за намаганнямі жука стаць на лапкі.

Але вось у царкву выпадкова забраўся пудэль, журботны, стомлены летняй гарачынёй і цішынёй; знудзіўшыся сядзець дома, ён шукаў забаў і новых уражанняў. Калі ён убачыў жука, яго панура апушчаны хвост адразу падняўся і завіляў. Ён доўга вывучаў здабычу, хадзіў вакол яе, здалёк абнюхваў; потым асмеліўся, падышоў бліжэй; потым разявіў рот, хацеў схапіць жука і не патрапіў; паўтарыў спробу, яшчэ і яшчэ; відаць, гэта яму спадабалася; ён лёг на жывот, так што жук прышоўся яму між лап, і зноў пачаў рабіць свае спробы. Нарэшце гэта яму абрыдала, ён супакоіўся, забыўся на жука і нават пачаў драмаць; галава паступова апусцілася, і падбародак дакрануўся да ворага, які зараз-жа ўкусіў яго. Пудэль візгнуў, матнуў галавой, і жук адляцеў ад яго на два крокі і зноў паваліўся на спіну.


Тыя, хто сядзеў бліжэй і бачыў усё гэта, аж трэсліся ад стрыманага смеху; некаторыя схавалі свае твары за веярамі і насавымі хусткамі, і Том быў зусім шчаслівы.

У пудэля быў дурны выгляд, відаць, ён і сам адчуваў, што застаўся дурнем, але ў той-жа час яго сабачае сэрца карцела ад крыўды і жадання помсты. Таму ён падышоў да жука і асцярожна распачаў атаку: наскокваў на жука з усіх бакоў, ледзь не кранаючы ворага пярэднімі лапамі, ляскаў на яго зубамі і матаў галавой так, што пляскалі вушы. Але ўрэшце гэта яму зноў абрыдала; ён паспрабаваў-быў пагуляць з мухай, але гэта не здалося яму досыць цікавым; пасачыў за мурашкай, прыціскаючы нос да самай падлогі, але і тут хутка знудзіўся, пазяхнуў, уздыхнуў і зусім забыўшыся на жука усеўся на яго...

Што тут адбылося! Пудэль дзіка заскавытаў і пачаў кідацца па царкве; перад самым алтаром перабег на другі бок, стралой панёсся да дзвярэй, ад дзвярэй назад, не спыняючы брахаць і скуголіць, бо жук уеўся яму ў жывот і не разнімаў свае сківіцы; чым больш сабака кідаўся, тым мацней быў боль, і нарэшце пудэль ператварыўся ў нейкую лахматую камету, якая круцілася па сваёй арбіце з неймавернай хуткасцю. Скончылася тым, што ашалелы пудэль кінуўся ўбок і ўскочыў на калены свайму гаспадару, а той выкінуў яго праз акно.

Усе сядзелі чырвоныя, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць голасна. Нават прапаведнік збіўся з панталыку і хаця зараз-жа аднавіў сваю прамову, але цяпер гаварыў ужо нягладка, запінаючыся, адчуваючы, што ўсёроўна шансы на поспех страчаны, бо нават на самыя сурёзныя яго фразы слухачы, хаваючыся за спінкамі лавак, адгукаліся толькі прыдушанымі выгукамі самай паганай вясёласці, нібы прапаведнік сказаў нешта надзвычайна забаўнае.

Усе ўздыхнулі з палягчэннем, калі гэтая пакута скончылася, і пастар сказаў «аман».

Том Соўэр ішоў дадому вясёлы, кажучы сабе, што і царкоўная служба часам можа быць не надта ўжо нуднай, калі толькі ўнесці ў яе некаторую рознастайнасць. Адно толькі псавала яго радасць: ён нічога не меў супроць таго, каб пудэль пагуляў з яго жуком, але навошта-ж было зусім забіраць яго? Гэта ўжо нядобрасумленна.

Раздзел V


У панядзелак Том Соўэр прачнуўся зусім няшчасным. З ім заўсёды так было па панядзелках, бо гэтым днём пачынаўся тыдзень новых пакут у школе. Ён нават шкадаваў, што ўчора было свята, бо пасля волі зварот у няволю быў яшчэ цяжэйшым.

Том ляжаў і думаў. Раптам ён адчуў, што хоча захварэць, каб застацца дома і не хадзіць у школу. Сапраўды, ці нельга на што-небудзь захварэць? Ён даследваў сябе, нідзе не баліць. Памацаў сябе яшчэ раз. На гэты раз яму здалося, нібы ў яго пачынае калоць у жываце, і ён узрадаваўся, спадзяючыся, што боль узмацніцца. Але боль, наадварот, пачаў сцішацца і паступова зусім знік.

Том ляжаў і думаў. Раптам ён адчуў, што хоча захварэць, каб застацца дома і не хадзіць у школу. Сапраўды, ці нельга на што-небудзь захварэць? Ён даследваў сябе, нідзе не баліць. Памацаў сябе яшчэ раз. На гэты раз яму здалося, нібы ў яго пачынае калоць у жываце, і ён узрадаваўся, спадзяючыся, што боль узмацніцца. Але боль, наадварот, пачаў сцішацца і паступова зусім знік.

Том зноў пачаў меркаваць і раптам успомніў, што ў яго хістаецца зуб. Гэта было вельмі дарэчы; ён ужо збіраўся «завыць як сабака», але раптам яму прышло ў галаву, што калі ён скажа пра зуб, то цётка возьме ды і вырве яму зуб, а гэта балюча. Таму ён парашыў, што зуб лепш пакінуць на запас і пашукаць чаго-небудзь іншага.

Некаторы час нічога не знаходзілася. Потым ён успомніў, як доктар расказваў пра адну хваробу, якая палажыла хворага ў ложак на тры тыдні ды яшчэ пагражала стратай пальца. Хлопчык паспешна выцягнуў з-пад коўдры вялікі палец і пачаў яго аглядаць. Але ён не ведаў, якія адзнакі гэтай хваробы. У кожным разе паспрабаваць варта было-б, і ён пачаў енчыць.

Але Сід спаў.

Том застагнаў яшчэ больш, і яму здалося, што палец у яго сапраўды баліць.

Сід не адгукаўся.

Том нават запыхаўся ад намаганняў. Ён адпачыў крыху, набраў паветра ў лёгкія і выпусціў некалькі дасканалых енкаў.

Сід толькі хроп.

Гэта злавала Тома. Ён паклікаў: «Сід! Сід!» і тузануў брата за плячо. Гэта падзейнічала, і Том зноў застагнаў. Сід пазяхнуў, пацягнуўся, прыпадняўся на лакцю, засоп і ўтаропіўся на Тома. Той усё енчыў. Сід гукнуў яго:

Том! Слухай, Том!

Адказу не было.

Ты чуеш, Том? Том, што з табой?

І Сід у сваю чаргу тузануў брата. трывожна ўглядаючыся яму ў твар.

Том жаласна прастагнаў:

Пакінь, Сід, не чапай мяне!

Ды што з табой, Том? Я паклікаю цёцю.

Не, не трэба. Можа гэта пройдзе. Нікога не клікай. Не трэба.

Ну вось яшчэ! Вядома, паклікаю. Ды не стагні ты так! Гэта-ж жах! Даўно гэта з табой?

Некалькі гадзін. Ой! Калі ласка, не торгай мяне, Сід! Ты мяне заморыш.

Чаму-ж ты раней не разбудзіў мяне? Том, браток, не стагні так: мяне аж мароз дзярэ па скуры. Што ў цябе баліць?

Я ўсё табе дарую, Сід! (Стогн.) Усё, што ты зрабіў мне дрэннага. Калі мяне не будзе...

О, Том, няўжо-ж ты паміраеш? Том, родненькі, не памірай! Не трэба. Можа...

Я ўсім дарую, Сід! (Стогн.) Скажы ім гэта. Я маю рамку ад акна і аднавокае кацянё аддай той дзяўчынцы, што нядаўна прыехала, і скажы ёй...

Але Сід схапіў сваё адзенне і знік. Том так старанна ўяўляў сябе хворым, што сапраўды ўжо хварэў, і стогн яго быў зусім натуральны.

Сід імчаўся ўніз па лесвіцы і крычаў:

Цёця Поллі, ідзіце хутчэй! Том памірае!

Памірае?

Але! Чаго-ж вы чакаеце? Ідзіце хутчэй!

Глупства! Не веру!

Але тым не менш яна ўжо бегла нагару, а Сід і Мэры за ёй. І твар у яе зрабіўся зусім бледны, і губы дрыжэлі. Падбегшы да пасцелі Тома, яна ледзь магла прамовіць:

Том, любы, што з табой?

Ох, цёця, я...

Што з табой, дзіця маё?

Ох, цёця, у мяне антонаў агонь у пальцы.

Старая ўпала на крэсла і засмяялася, потым заплакала, потым зноў засмяялася і заплакала.

Ад гэтага ёй палягчэла, і яна сказала:

Ну і напалохаў-жа ж ты мяне! А цяпер досыць: кінь гэтыя глупствы і ўставай!

Назад Дальше