Дайце паглядзець!
Том паказаў частку досыць карыкатурнага рысунка дома з пакатым дахам і дымам, які высоўваўся з коміна, як пробачнік. Дзяўчынка паступова зацікавілася яго работай і забылася на ўсё ў свеце. Калі Том скончыў, яна доўга глядзела, а потым шапнула:
Якое хараство! Цяпер нарысуйце чалавека.
Мастак паставіў на дварэ перад домам чалавека, падобнага на пад'ёмны кран, і такога высокага, што ён мог-бы пераступіць цераз дом. Але дзяўчынка не належала да суровых крытыкаў. Яна задаволілася вырадкам і прашаптала:
Які прыгожы! Цяпер нарысуйце мяне побач з ім. Том нарысаваў пясочны гадзіннік, зверху прыладзіў да яго поўны месяц, дадаў саламяныя ручкі і ножкі і ў растапыраныя пальцы ўлажыў вялізны веер. Дзяўчынка сказала:
І гэта таксама прыгожа. Хацела-б я ўмець рысаваць.
Гэта не цяжка, шапнуў Том. Я вас навучу.
Ну, праўда? Калі?
На вялікім перапынку. Вы пойдзеце дадому абедаць?
Магчыма, не пайду.
Добра. Як вас завуць?
Бэкі Тэчэр. А вас? Але-ж я ведаю, Томас Соўэр.
Мяне называюць так перад тым, як караць. Калі-ж я добра трымаю сябе, мяне клічуць проста Том. Вы будзеце мяне зваць Том, так?
Так.
Том зноў пачаў нешта пісаць на дошцы, хаваючы ад дзяўчынкі напісанае. Але цяпер ужо яна не адсоўвалася, а прасіла паказаць. Том адмаўляўся:
Там нічога няма.
Не, ёсць!
Не, няма. Ды вам і глядзець зусім не хочацца.
Не, хочацца, сапраўды хочацца. Калі ласка, пакажыце!
Вы каму-небудзь скажаце.
Не скажу, чэснае слова, не скажу!
Нікому, ні адной жывой душы? Пакуль жывыя?
Нікому не скажу. Пакажыце-ж!
Ды вам-жа ж зусім і не хочацца...
Калі вы такі ўпарты, Том, я ўсёроўна ўбачу.
І яна палажыла сваю маленькую ручку на яго руку. Пачалася лёгкая барацьба. Том рабіў выгляд, нібы сурёзна ўпінаецца, але пакрыху адсоўваў сваю руку, і нарэшце адкрыліся словы: «Я вас кахаю!»
Ах, які вы брыдкі! і дзяўчынка досыць балюча ўдарыла яго па руцэ, але пачырванела не без прыемнасці.
У гэты самы момант Том адчуў, што караючая рука моцна ўхапіла яго за вуха і прыпадымае з лаўкі. Такім чынам яго павялі праз увесь клас, на другі бок, і пасадзілі на яго ўласнае месца, пры агульных насмешках вучняў. Некалькі жудасных хвілін стаяў настаўнік над ім, не кажучы ні слова, потым таксама моўчкі пайшоў да свайго трона.
Калі школа супакоілася, Том добрасумленна хацеў прымусіць сябе займацца, але для гэтага ён быў надта ўсхваляваны. У часе чытання ён блытаў словы, на геаграфіі ператвараў азёры ў горы, горы ў рэкі, а рэкі ў астравы, так што выходзіў першабытны хаос, які быў перад стварэннем свету. У дыктоўцы ён нарабіў безліч памылак у самых простых словах, адным словам, спусціўся да апошняга вучня і вымушан быў уступіць другому бляшаную мядальку, якую ён з гонарам насіў некалькі месяцаў.
Калі школа супакоілася, Том добрасумленна хацеў прымусіць сябе займацца, але для гэтага ён быў надта ўсхваляваны. У часе чытання ён блытаў словы, на геаграфіі ператвараў азёры ў горы, горы ў рэкі, а рэкі ў астравы, так што выходзіў першабытны хаос, які быў перад стварэннем свету. У дыктоўцы ён нарабіў безліч памылак у самых простых словах, адным словам, спусціўся да апошняга вучня і вымушан быў уступіць другому бляшаную мядальку, якую ён з гонарам насіў некалькі месяцаў.
Раздзел VI
Чым больш Том стараўся прыкаваць сваю ўвагу да кнігі, тым больш раскідваліся яго думкі, так што нарэшце, уздыхнуўшы і зяхнуўшы, ён перастаў старацца. Яму здавалася, што вялікі перапынак ніколі не прыдзе. У паветры стаяла мёртвая ціша ні гуку, ні дыхання. З усіх снатворных дзён гэты быў самы снатворны. Усыпляючае мармытанне дваццаці пяці школьнікаў, паўтараючых заданне, баюкала душу, як чароўнае гудзенне пчол.
Том усім сэрцам прагнуў вырвацца на волю, або хоць знайсці што-небудзь цікавае, каб запоўніць час, які цягнуўся так нудна. Ён сунуў руку ў кішэню, і твар яго раптам асвятліўся радасцю. Ён цішком выцягнуў з кішэні карабок, вынуў кляшча і палажыў яго на даўгую плоскую парту. Клешч у гэты момант пэўна адчуў удзячнасць, але не надоўга: бо як толькі ён задумаў уцячы, Том булаўкай павярнуў яго назад.
Побач з Томам сядзеў яго сардэчны прыяцель, які нудзіўся не менш за яго. Ён вельмі ўзрадваўся такой забаве і адразу зацікавіўся ёю. Сардэчнага прыяцеля звалі Джо Гарпер. Хлопчыкі ўвесь тыдзень былі неразлучныя, а ў святы ваявалі адзін супроць аднаго на чале двух варожых армій. Джо таксама выцягнуў з курткі булаўку і пачаў памагаць прыяцелю ганяць кляшча. Абодва чым далей, тым больш захапляліся гэтым заняткам. Нарэшце Том абвясціў, што яны толькі перашкаджаюць адзін аднаму і ніводзін не атрымоўвае поўнага задавальнення. Ён палажыў на парту грыфельную дошку таварыша і правёў пасярэдзіне лінію зверху данізу.
Угавор такі: пакуль клешч будзе на тваім баку, ты можаш ганяць яго куды хочаш, а я ўжо не буду чапаць яго, але-ж, калі ты яго ўпусціш і ён уцячэ да мяне, тады ўжо ты яго не чапай, пакуль ён зноў не пяройдзе на твой бок. Згодзен?
Добра. Давай пачынаць!
Клешч вельмі хутка ўцёк ад Тома і перайшоў экватар. Джо доўга важдаўся з ім, а потым клешч і ад яго ўцёк, вярнуўся назад. Гэтыя пераходы паўтараліся некалькі разоў. Пакуль адзін хлопчык ганяў кляшча, цалкам захоплены гэтым цікавым заняткам, другі з не меншай цікавасцю, сачыў за ім. Абодва схілілі галовы над дошкай і забыліся на ўвесь свет.
Нарэшце шчасце, відаць, назусім перайшло на бок Джо. Клешч, узбуджаны і ўсхваляваны не менш за саміх хлопчыкаў, кідаўся туды і сюды, але кожны раз, як толькі ён збіраўся перайсці да Тома і ў таго свярбелі рукі, каб пачынаць, Джо булаўкай спрытна заварочваў кляшча ў другі бок і пакідаў яго за сабой. Том нарэшце не вытрымаў: надта ўжо вялікая была спакуса. Ён працягнуў руку і сваёй булаўкай загарадзіў дарогу кляшчу. Джо ўскочыў, як ашпараны:
Том, не чапай!
Я хачу толькі крыху падагнаць яго, Джо!
Гэта нячэсна, сэр! Пакінь яго ў спакоі!
Ды ну цябе, я-ж трошкі.
Пакіньце кляшча ў спакоі, гавораць вам!
Не жадаю.
Ты не маеш права чапаць: ён на маім баку.
А клешч чый?
Мне ўсёроўна, чый ён, ён на маім баку, і ты не маеш права яго чапаць!
Што? Не маю права!? Клешч мой, і я магу рабіць з ім, што захачу!
У гэты момант Том атрымаў здаравенны ўдар па спіне; другі такі-ж удар трапіў у плячо Джо, а потым на працягу двух мінут настаўнік з вялікай стараннасцю выбіваў пыл з куртак, а школа ўся рагатала. Хлопчыкі былі так захоплены сваёй гульнёй, што не заўважылі, як перад гэтым у класе раптам зрабілася ціха. Справа ў тым, што настаўнік падкраўся да іх ціха, на пальцах і досыць доўга стаяў ззаду, сочачы за гульнёй, а потым ужо дадаў ёй і з свайго боку больш рознастайнасці.
Калі нарэшце прышло дванаццаць гадзін і настаў вялікі перапынак, Том вышаў са школы з адной групай школьнікаў, Бэкі з другой. Праз некаторы час яны сустрэліся на лужку і вярнуліся разам у пустую школу. Яны селі блізенька адзін ля аднаго і палажылі перад сабой грыфельную дошку. Том даў Бэкі грыфель і ейнаю рукою нарысаваў другі дом, дзівоснай архітэктуры. Калі цікавасць да мастацтва прайшла, яны сталі проста балакаць адзін з адным.
Том пытаўся:
Ты любіш пацукоў?
Том пытаўся:
Ты любіш пацукоў?
Фу! я іх цярпець не магу.
Яно так, жывых і я не люблю. Але я кажу пра здохлых; ім можна завязаць вяроўку на шыю і круціць вакол галавы.
Не, пацукоў я наогул не люблю. А вось што я люблю, жаваць разінку.
І я таксама. Шкода толькі, што яе ў мяне няма.
У такім разе ў мяне крыху ёсць. Я дам табе пажаваць, толькі ты мне потым аддай назад.
Гэта было прыемна, і яны пачалі жаваць па чарзе, матаючы нагамі ад празмернай прыемнасці.
Ты была калі-небудзь у цырку?
Была, і тата абяцаў яшчэ раз павесці мяне, калі я буду добрая.
Я быў у цырку тры-чатыры, многа разоў! Там заўсёды прадстаўляюць што-небудзь новае. Я, калі вырасту, паступлю клоунам у цырк.
Праўда? Вось добра! Яны ўсе такія прыгожанькія, стракаценькія!
Але, але, і пры гэтым кучу грошай заграбаюць... Бэн казаў, па далару ў дзень. Слухай, Бэкі, ці была ты калі-небудзь заручаная?
Што гэта значыць?
Ну, заручаная, каб выйсці замуж?
Не.
А хацела-б?
Не ведаю. У якім гэта выглядзе?
У якім выглядзе? Ды ні ў якім. Ты проста гаворыш хлопчыку, што ніколі ні за каго не пойдзеш, апрача яго, разумееш, ніколі! потым цалуеш яго, вось і ўсё. Гэта кожны можа зрабіць!
Цалаваць? Навошта-ж цалаваць?
Ну, затым, каб... ды таму, што звычай такі... Усе гэта робяць.
Усе?
Ну але, усе закаханыя. Ты памятаеш, што я напісаў на дошцы?
Памятаю.
Што-ж?
Не скажу.
Тады можа мне сказаць?
Так, скажы... але толькі калі-небудзь у другі раз.
Не, цяпер.
Не, не трэба лепш заўтра.
Не, не, цяпер, Бэкі. Я ціханька, я шапну табе на вушка.
Бэкі не ведала, што сказаць, а Том палічыў яе маўчанне за згоду, прылажыў губы да самага яе вуха і паўтарыў гэтыя словы. Потым сказаў:
Цяпер ты мне шапні тое-ж самае.
Яна доўга адмаўлялася, потым папрасіла:
Адвярніся, каб не бачыць мяне, тады скажу. Толькі ты нікому не расказвай, чуеш, Том? нікому, нікому! Добра?
Не, не, я нікому не скажу, будзь спакойная. Ну, Бэкі!
Ён адвярнуў твар, і яна саромліва прашаптала:
Я... вас... кахаю!
Потым ускочыла і пачала бегаць вакол парт, ратуючыся ад Тома, які ганяўся за ёй; потым зашылася ў кут і закрыла твар белым фартухом.
Ну, Бэкі, абвясціў Том, цяпер усё ўжо скончана, засталося толькі пацалавацца.
І ён цягнуў яе за фартух і за рукі.
Трохі-па-трохі яна здалася і апусціла рукі, а Том пацалаваў яе проста ў губы, кажучы:
Ну, вось і ўсё, Бэкі. Цяпер ты ўжо нікога не павінна любіць, апрача мяне, і ні за кога, апрача мяне, не выходзіць замуж, ніколі, ніколі і навекі вякоў. Ты абяцаеш?
Так, я нікога не буду любіць, Том, апрача цябе, і ні за кога другога не пайду замуж. І ты глядзі, ні з кім не жаніся, апрача мяне.
Ды ўжо-ж, вядома, такі ўгавор. І калі пойдзеш у школу ці са школы, ідзі са мной, калі нікога з старэйшых не будзе блізка, і ў гульні выбірай мяне, а я буду цябе выбіраць. Так заўсёды робяць заручаныя.
Я ніколі не чула пра гэта. Гэта вельмі міла!
Гэта надзвычайна весела! Мы з Эмі Лорэнс...
Шырока расчыненыя ясныя вочкі сказалі Тому, што ён даў маху, і ён спыніўся збянтэжаны.
Том! Дык я ўжо не першая, з якой ты быў заручаны?
Дзяўчынка заплакала.
Не плач, Бэкі. Я не кахаю яе больш.
Не, кахаеш! Ах, Том, ты сам ведаеш, што кахаеш.
Том хацеў-быў абняць яе, але яна адштурхнула яго, павярнулася тварам да сцяны і зноў заплакала. Том пачаў суцяшаць яе, называючы ласкавымі імёнамі, зноў паспрабаваў абняць, але яна зноў адштурхнула яго. Тады ў ім абудзіўся гонар. Ён пакрыўдзіўся і вышаў.