Севярын Квяткоўскі
Як стаць беларусам. Сто гісторый
Севярын Квяткоўскі прэзентуе праект:
«Як стаць беларусам. Сто гісторый»
Дакументальна-мастацкая проза
Рэдактар Валянцін Акудовіч
Дызайнер Анатоль Лазар
Карэктар Ціхан Карнякевіч
Кампутарная вёрстка Аляксей Харужка (publisher.by)
Пры ўдзеле:
Ганна Валынец
Аляксандар Лукашоў
Арцём Мартыновіч
Хрысціна Марчук
Аляксандар Ярашэвіч,
якія дапамаглі ў зборы тэкстаў
Адмысловыя падзякі:
Андрэй Дзмітрыеў
удзел у выданні кнігі
Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская
удзел у рэалізацыі праекту на сайце budzma.org
Марына Золатава
удзел у партнёрскай рэалізацыі часткі праекту на сайце Tut.by
Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»
Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»
Юры ВінаградаўЯк я стаў беларусам
Вам ужо не трэба рабіцца беларусам? Паколькі вы ўжо не Нехта, а Хтосьці? Тады гэтая кніга можа дапамагчы некаму з вашых родных, сяброў ці знаёмых.
Важна прачытаць кнігу ад пачатку да канца. Толькі тады будзе паўнавартасны эфект. Знікнуць многія сумневы, хістанні і фобіі. Нават калі на нейкай старонцы ў вас зявяцца думкі: «Ды зразумела, ды я гэта ўжо бачыў, прадумаў, перажыў!». Ці: «Так не бывае!». Альбо: «Няма чаго ім рабіць!». Чытайце да самай апошняй літары.
Нават калі вы і так лічыце сябе ці кагосьці з свайго атачэння беларусам. Магчыма, гэта фантомная беларускасць. Беларус гэта не бусел, зубр, партызан, мех бульбы ці трактар.
Неяк мы сядзелі з прыяцелем цёплым надвячоркам на бервяне ля дарогі ў старым квартале прыватнага сектара ў Менску. Нам было гадоў па дваццаць, а да нас падышоў значна старэйшы дзядзька стрэльнуў цыгарэтку.
Наш выпадковы знаёмы без запрашэння далучыўся да размовы. Ён не надта трапна ўстаўляў рэплікі. Было бачна, што думкі тубыльца драўляных джунгляў блукалі дзесьці па-за кантэкстам тэмы.
І раптам дзядзька выбухнуў:
Сядзіце тут, балбочаце!
Ну
Бачыце, як крыва асфальт на вуліцы паклалі?
Бачым.
Дык узялі б пераклалі!
Гэта толькі на першы погляд выглядае няўздымнай справай двум хлопцам перакласці асфальт на ўсёй вуліцы. Я прыгадваю гісторыю некалькіх дзясяткаў юнакоў з 1980-х.
Вы ведаеце, што ваша жонка Кася Камоцкая спявае нацыяналістычныя песні? запытаўся падчас допыту ў міліцыі следчы ў барда Алеся Камоцкага.
Так, адказаў Алесь, а яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы.
Гэтыя юнакі былі толькі на самым пачатку вуліцы з «крывым асфальтам», які трэба было перакласці.
Я маю на ўвазе «Гуканне вясны» традыцыйнае беларускае свята, якое несанкцыявана зладзіла група моладзі ў 1984.
Калі ад 1980-х ісці далей углыб гісторыі патрапіш на курапацкія магілы. А яшчэ далей у БНР, «вясну народаў» у царскай Расеі, паўстанні, падзелы, войны Часы, калі марылася не пра ўпарадкаванне дарогі, а пра саму вуліцу сваю краіну.
«Як стаць беларусам» кніга людзей, якія шукалі сябе ў 1980-х 1990-х. Гадаваных між СССР, перабудовай і першымі гадамі Незалежнасці.
Гэта быў час вялікай надзеі на стварэнне новай краіны, не савецкай і не антысавецкай. Проста новай. З новымі сэнсамі і новымі адчуваннямі. Дзе адным з самых захапляльных, нязвыклых і неверагодных было адчуванне ўласнага «я».
1. Пратэст
Перад зяўленнем майго «я» ў публічнай прасторы свет быў іншым.
Я тады быў занадта малы, каб ведаць, што развод ці любоўныя прыгоды аднаго з сужэнцаў разглядалі на сходзе працоўнага калектыву. Не паўсюль, канешне. Ну ўявіце сабе падобнае ў асяродку тэатра ці сімфанічнага аркестра? Ці, напрыклад, цырка?
З іншага боку, уявіце, калі б рабочы шарыка-падшыпнікавага завода перад калегамі пачаў тлумачыць свае амурныя прыгоды беларускай літаратурнай мовай.
У тэатры, акадэміі ці філармоніі ўявіць магу. А ў цырку ўжо не. Табу.
Прылюдна корпацца ў чужой бялізне было нормай, а публічна гаварыць па-беларуску скандалам.
Чаму шакавала беларуская мова? Гэта быў выклік галоўным каштоўнасцям тагачаснага грамадства. Людзі хацелі зліцца з сацыяльным краявідам. Каб нішто не нагадвала пра іхную іншасць, адрознасць ад савецкага.
Ім даравалася казаць «дз» і «ч», але «шкарпэтка» ды «фарбы» ўспрымаліся як пагроза для будучыні адзінага савецкага народа.
І калі ў грамадскім месцы ты пачынаў гаварыць літаратурнай беларускай мовай, ад цябе ўсе адсланяліся каб ніхто не падумаў, што тут нехта хаўрусуецца з табою.
А за «дз» і «ч» проста пагарджалі. Ты як бы быў на ніжэйшай прыступцы ў грамадстве крэст, калхознік, недаіндывід соцыюма.
Вяскоўцы рабілі каласальную ўнутраную работу, каб пазбыцца свайго прыроднага беларускага. Таму літаратурная беларуская мова выглядала як плявок, як знявага іхных памкненняў.
Прыезджыя вяскоўцы ў горадзе праходзілі праз здзекі, пагарду і прыніжэнне. Гэта была не нацыянальная, а сацыяльная, і далей светаглядная дыскрымінацыя.
А інакш і быць не магло, бо ідэолагі камунізму фармавалі грамадства, у якім «усе будуць гаварыць на адной расейскай мове», хадзіць шыхтом і думаць «мы», а не «я».
Вораг народа калхознік выпяндрожнік эліта. Такі прыблізна эвалюцыйны шлях беларускай мовы ад часоў сталіншчыны да пачатку ХХІ ст.
Беларуская мова як вартасць гэта вынік папярэдніх гістарычных працэсаў, калі асоба асэнсоўвае сябе як каштоўнасць, якая не верыць у зададзенасць. Нават у зададзенасць СССР, які падаваўся бясконцым маналітам. Непарушнай канстантай.
Але нават тыя, хто паважаў сваё «я», падладжваліся, бо далі веры, што «я» больш ніколі не будзе. Прынамсі, па-за ўласнай кухняй.
Беларуская мова ў публічнай прасторы гэта толькі вынік, сімвал зменаў у свядомасці асобнага чалавека і грамадства. А яшчэ гэта ўчынак.
2. Пошук
СССР стаяў як снег пад нечакана раннім і моцным вясновым сонцам. Людзі раптам убачылі, колькі непатрэбшчыны хавалася пад сумётамі.
На вачох знікалі пісьмёны на ледзяной корцы, якія для людзей ужо даўно былі пазбаўленыя сэнсу: «Камунізм», «Слава КПСС!», «Жыць у вяках!».
На аголенай зямлі пачыналі вымалёўвацца новыя словы, для многіх жаданыя: «Незалежнасць», «Адраджэнне», «Жыве вечна!».
Жаданыя, але не напоўненыя зместам. Словы, якія ўспрымаліся хутчэй інтуітыўна, бо большасць людзей папросту не мела патрэбнага досведу, каб пабачыць за гэтымі словамі штосьці, што можа мець канкрэтную вартасць.
Пакуль адныя разгублена шукалі ў талым брудным снезе рэшткі сваіх спадзяванняў, іншыя пачыналі працаваць на нанова адкрытай, ужо рыхлай, але яшчэ халоднай зямлі.
Маё, сваё, наша. Мая краіна, свая будучыня, наша справа. Як па мне, найбольшага дасягнулі тыя, хто перарос пратэст, і пайшоў далей: у шукальнікі-першаадкрывальнікі-нановастваральнікі.
Пратэст быў патрэбны як штуршок. Тыя, хто застаўся «анты-», антысавецкім, напрыклад, так і заселі ў ім нібы ў багне, зрабіўшыся сваім уласным праціўнікам навыварат.
Новая краіна прыдумлялася і рабілася па-над «анты-».
Новыя мары і новыя крокі да стварэння свайго ўласнага Дому. Масавыя пратэсты, якія пачаліся ў сярэдзіне 1990-х, гэта акурат пратэсты супраць забароны новай мары. І знішчэння ўжо адшуканага і толькі-толькі створанага свайго.
3. Гонар і годнасць
«А нашто вы гаворыце па-беларуску?» такое пытанне ад суайчыннікаў можна пачуць яшчэ і сёння. Гэтае пытанне звычайна мае цэлы спектр інтанацый: ад абуранага да добразычліва-цікаўнага.
Нашто? Які сэнс? «Што я гэтую беларускую мову у місу насыплю?» незадаволена буркоча дзядзька з мястэчка.
Людзі, якія ў маладосці займаліся фізічным выжываннем пры Сталіне і Гітлеры, не разумелі такога вось ірацыянальнага штукарства. Ды яшчэ і марнавання часу вучы, перавучвай.
За пару іхнага жыцця колькі разоў змянялася ўлада і ідэалогія: цар, немцы, першыя палякі, бальшавікі, другія палякі, слуцкія палкі, першыя саветы, другія немцы, другія саветы, канец сталіншчыны, адліга І гэта ўсяго за дзве генерацыі.
Унукі тых, хто памятаў часы ад цара, перажылі росквіт/застой СССР, перабудову, крах саветаў, незалежнасць Незразумелую.
У 1991 годзе мне было васямнаццаць гадоў. Асаблівасці жыцця і светагляду папярэдніх дзесяцігоддзяў я зведаў адно школьнікам. У асноўным у іранічным варыянце. «Сынок, смяяліся бацькі з майго па-дзіцячы распаведзенага анекдота пра Брэжнева, нікому не кажы. А то нас пасадзяць у турму!» Так казалі, але ўжо смяяліся. Страху не было ў іх, народжаных у апошнія гады жыцця Сталіна.
У 1991 годзе мне было васямнаццаць гадоў. Асаблівасці жыцця і светагляду папярэдніх дзесяцігоддзяў я зведаў адно школьнікам. У асноўным у іранічным варыянце. «Сынок, смяяліся бацькі з майго па-дзіцячы распаведзенага анекдота пра Брэжнева, нікому не кажы. А то нас пасадзяць у турму!» Так казалі, але ўжо смяяліся. Страху не было ў іх, народжаных у апошнія гады жыцця Сталіна.
Як многія тысячы беларусаў, я быў шчаслівы і ганарыўся тым, што мы атрымалі сваю краіну, ды яшчэ з нацыянальнай сімволікай, пра якую масава дазналіся толькі за тры гады перад тым на Дзяды 1988 году.
Было адчуванне, што наперадзе вялікая і цікавая праца.
4. Любоў
«Паглядзі, сынок, якая ў нас зямля цудоўная», сказаў мне бацька, калі мы вярталіся ў Менск з гасцей ад сваякоў-Квяткоўскіх з вёскі Дусаеўшчына, што пад Капылем.
Я быў тады дашкольнікам. І мне яшчэ толькі належала дазнацца пра гісторыю нашага роду, пра прадзеда Адольфа Квяткоўскага з дробнай шляхты, які перад Першай сусветнай працаваў аканомам у мясцовай абшарніцы, быў на фронце «імперыялісцічаскай», а пасля дзесьці ваяваў між 1918 і 1920 годам, але дакладна не за чырвоных.
Пра бальшавізацыю, пра акупацыю, пра немцаў і партызанаў вакол Дусаеўшчыны, калі немцы спалілі адну хату, а партызаны дзве. І пра тое, як сямя перажывала гэты час, пакуль мой дзед Адам Квяткоўскі ішоў да Берліна. Пра тое, што брата дзеда Аркадзя Квяткоўскага ў вёсцы ўжо ў 1960-я некаторыя клікалі аднаасобнікам, бо сваімі рукамі сабраў трактар і дзякуючы іншым сваім ведам ды талентам матэрыяльна не залежаў ад палітыкі партыі і калгасу.
Шмат-шмат пачуў я розных гісторый, якія складалі карціну жыцця маіх папярэднікаў, якіх я проста як дзіцё любіў.
Любіў іхны падворак, поўны жыўнасцяў: пчолы, куры, гусі, свінні, каровы, конь. Трактар, сталярка, кузня. Сад, агарод, за ім поле, там лес. Усё гэта раз ці два на год, калі прыязджаў з Менску.