Зборная РБ па негалоўных відах спорту - Павал Касцюкевіч 11 стр.


Выдых. І чорная паласа заканцоўваецца, рассыпаецца ды ў непадрыхтаваныя зрэнкі джыгаюць тысячы сонцаў, што крышаць раёк і працінаюць мозг колючым болем. Аднак урэшце атрымліваеш тое, дзеля чаго ты і вяртаўся на паверхню, не мог не вярнуцца: нагбом выпітая шклянка чыстага паветра.

Няма чалавека, які любіць суку-крата. Нават баба Маня, святая кабета, бабуля з адукацыі і па нараджэнні, якая во і пеўняў літасціва забівае ўдушаючым прыёмам абгорнутага вакол галавы вышытага ручніка, нават яна, згледзеўшы на гародчыку чарнічную кірпу ў атачэнні земляных камякоў, хапае добра заіржэлы тамагаўк, жвава падскоквае да разрытай норкі, і абедзьвюма скурчанымі артрытам і шматвектарнасцю тутэйшай гісторыі рукамі пляжыць, пляжыць ўжо і так знявечаны дол. Сука, сука, сука!..

Ці забіла? Скулля!

У суботу-нядзелю, укленчыўшы, баба Маня засыпае просьбамі нябеснае адміралцейства, каб тое ўрэшце спісала на бераг суку-крата і суку-краціху з Ноевага авіяносца. У панядзелак яе малітвы пачутыя на калгасныя нівы прыязджаюць пажарныя машыны і сорак дзён ды сорак начэй МНСнікі ліюць воду ў гэтыя бяздонныя шахты, у галавакрутныя лабірынты, што спраектаваў злы марыярці айчыннага падполля на, на, на!

Вада сыходзіць, і на свет Божы выплываюць дзесяць трупікаў палёвак і пацукоў, парутройку Сямёнычаў і Францавічаў, нават адна жаба лопнула ад такога напору. І хоць бы адна су... Стоп-стоп, а што гэта чарнее на траве побач? Гэта нажаль толькі ягоная чорная шапачка і сонечныя акуляры. Такі пазбегнуў праведнай адплаты: растаў як цукар, сука-крот, сплыў, уцёк, змыўся на іншы ўзровень.


Што сядзіць у мазгу гэтага пякельнага выпаўзня:

якая мудрагелістая машына,

якая макабрычная агрэгаціна?

Хто кіруе гэтымі неўтаймаванымі нічым паводзінамі?

Хто грае на генным аргане гэнага арганізма гэтакія пачварныя гімны?

Ад усіх тых шматлікіх пытанняў і вольнадумных тлумачэнняў у дыктатара торгаецца шчака ды з напругі страляюць коркі генералісімускіх эпалетаў. А баба Маня па-простаму, па-рабоча-сялянску, трапляе з інсультам у рэанімацыю.


Карэспандэнт: А зараз дамо слова кіраўніку службы аховы і па сумяшчальніцтве ўнуку бабы Мані. Таварыш службіст-унук, як вам удалося схапіць падземную пачвару?

Кіраўнік службы аховы: На тры-пятнаццаць І што характэрна на допыце ўсіх запрадаў, сука: яўкі, паролі, рыбныя месцы. Нават родны хвост.

Кар.: Што інкрымінуецца гэтаму запраданцу?

КСА: Вынаходства геены вогненнай, разбурэнне Пампеі, канструяванне калодзежа і ківача, усе забойствы на вуліцы Морг. І яшчэ

запішыце: баскервільскі сабака закончыў сваю спрынтарскую кареру ў грымпенскай дрыгве дзякуючы зламысна спланаванаму дзеянню (ці бяздзеянню) гэтай сукі.

Кар.: Запішам. Дык, дарэчы, дзе цяпер гэты чорны капач, хай тройчы будзе праклятае ягонае імя? У кампетэнтных сутарэннях?

КСА: Не зусім там. Як бы гэта вам сказаць, каб нічога не сказаць... Ну, вы самі ўсё цудоўна разумееце... Ён на іншым узроўні... У іншых вымярэннях Божыя дарогі нязведныя і вядуць углыб. Чакры і мантры, усё ахутана цемраю і акультнымі паходнямі. І ў дадатак ніхто з нашых пацаноў, ну хоць страляй, не разумее па-крацінаму, разумееце?.. Адным словам, допыт мы яму рабілі так бы мовіць... э-э, невербальна... э-э, дыстанцыйна... Наўслеп ідучы па лабірынтах крацінага мозга... Дэдуктыўную фантазію і крыміналісцкі вымысел ставілі ў галаву следства. Адным словам, мы патушылі ў канторы святло, запалілі свечку, ўсёй аператыўнай групай селі ў кола, узяліся за рукі, сказалі модлы, і дапыталі ягоны дух.

Вось жа: падагнаўшы бабе Мані ў больніцу апельсіны, а дыктатару ў рэзідэнцыю невялічкае радовішча нафты, у жоўтай шапачцы лідара, у брыльянтавых sunglasses ад Армані, сука-крот няспешна сплаўляецца па Леце ў бок цэнтра зямлі. Без натугі той цэнтр мінае і вуньдзе ён: злавесным антыподам набліжаецца да Аўстраліі. Трохі запыняецца на зямной паверхні і расце. Сука-крот ўвышкі з ранча, шматпавярховік, сіднэйскую тэлевежу. Дамарослым кінг-конгам паглядае на ўсё гэта і на ўсіх нас чыста рэальна зверху ўніз. І толькі тады стартуе ў неба: як тузік грэлку рве зямное прыцягненне, прастае лапакрылы і самавітымі ўзмахамі кіруе да зор, каб прасвідраваць у космасе дасканалую чорную дзірку, якая ўсіх нас і ўрое.

Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту


Сёння лапта, заўтра кёрлінг. Там, у алімпійскім камітэце, палічылі, што трэніровачныя базы і спартоўцы па ўсіх відах немэтазгодна. Кракет, пола, даміно, гарадкі. Так, шчырая праўда: для начальнікаў краіны месца на педэстале не раўнуючы пераможны бліцкрыг супраць Малдовы, аднак як мудра пастанавіў камітэт, для ўсіх гэтых нязначных відаў адной каманды у самы раз.

Мы зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту. Адна каманда, адзін трэнер, адна халера: кракет ці чукбол. Выязная спортбрыгада. 2025 плячыстых на жывот і касцістых на язык барбудас, з фіналам еўрабачання замест эякуляцыі, гаражным сэксам з «аўдзюшкай» замест выходных. Звычайная васьмігадзінная піздзячка з працоўнай кніжкай і паўторкавымі запоямі. Спартовыя рознарабочыя, мы ніколі не ведаем, што будзе сёння.

Тэк, зборнічкі, разабралі па клюшцы і аквалангу і марш у аўтобус: сёння на Цнянцы чэмпіянат свету па падводным хакеі.

А канькі?

На чорта?

Ну, дык хакей усё ж...

Так, канькі... Дай гляну... Неа, у правілах канькоў няма: даеш нырца з чыгуннай клюшкай і закідаеш алюмініевую шайбу (Госпадзе, хто гэткія гульні прыдумляе?!) у плавучую браму...

Лёнчык плаваць не ўмее.

Заўтра ён будзе збіты і пазбыты заробку невядомым мужчынам перадпенсійных гадоў у чорнай масцы і трэніках нацыянальных колераў.

Лёнчык па паскораным курсе ўжо навучыўся... А па гэтым, падводным, мы якое месца ў сусветным рэйтынгу?

Якая вам розніца? 154-ае. Галоўнае, хлопцы, я тут глянуў, выйсці з падгрупы: разбамбіць абсалютных хакейных аматараў сахарцаў. Зацяць дыхалку але адужаць нічыйку з крэпкім сярэднячком Ватыканам. А гранды кубінцы лічы, у нашай торбе: тыдзень таму іх першы склад «негалоўкі» разам з клюшкамі, шайбамі і плавучымі брамамі для баласту па дне акіяна ў Фларыду рвануў. З імі можна змагацца: памятаеце, мы аж чатыры галы ім забілі, калі гулялі ў баскетбол. Усё, до трындоліць марш у аўтобус!

Гэта Францавіч. Два гады да пенсіі. Галоўны трэнер зборнай Беларусі па негалоўных відах спорту. Колісь масажор у моладзевай зборнай па сапраўдным хакеі. Што ў яго ад мінулага дык гэта памасажаваць цябе па рэбрах і хрыбціне, а потым спрытна накласці шыну з клюшак і ўмела патэлефанаваць у «хуткую». Што ад будучыні дык нашае ўсё.

Сёння, хлопцы, не дамо пудла: усё ж спаборніцтва па нашым нацыянальным відзе спорту...

Скокі з шэстам праз балота? Спартовае жабраванне?

Акадэмічны перагон іншамарак. Першынство Еўропы. Суперфінал: мы і літоўцы.

Кожнаму выдаецца па сто еўра і стратэгічная мапа Нямеччыны.

Па сто?

Убазарылі, па пяцьдзясят.

Лёнчык кіраваць не ўмее.

Хай прыгоніць матацыкл для майго ўнука. Толькі не «мінскач». «Мінскач» з Нямеччыны не па-спартоваму. А па дарозе ўдарыце па прыўкрасных польскіх гарадках.

Па польскіх гарадках? І «шэнгенку» дадуць? Супер, Лёнчык кажа, што ўжо ўзяў экстранныя курсы па кіраванні.

Цудоўна, але Лёнчык зараз са здзіўленнем высветліць, што польскія гарадкі гэта такі спорт. На чэмпіянаце свету вы там сярод галоўных прэтэндэнтаў. Бо адзіныя ўдзельнікі. Палякі ўвогуле адмовіліся гуляць у гэта, хоць самі тыя гарадкі і вынайшлі. Польскія гарадкі вельмі займальны від спорту: ў ім нешта ад чараў гарызантальнага скалалазання і троху ад прывабаў унітазакідання. Вам дастаткова толькі прыбыць у Гродна, які адзіны ва ўсім свеце не адмовіўся праводзіць гэтае спартовае мерапрыемства, і проста атрымаць там кубак. І, дарэчы, трафей застаецца ў вас навечна, бо стваральнікі гульні парываліся пераплавіць той кубак на алюмініевыя чушкі і закапаць у зямлю. Іх урад ужо вылучыў два мільёны злотых на сціранне гэтага віду спорту з калектыўнай памяці і гістарычных крыніцаў. Сённяшнім капітанам зборнай прызначаю Лёнчыка у яго апошні працоўны дзень.

Цудоўна, але Лёнчык зараз са здзіўленнем высветліць, што польскія гарадкі гэта такі спорт. На чэмпіянаце свету вы там сярод галоўных прэтэндэнтаў. Бо адзіныя ўдзельнікі. Палякі ўвогуле адмовіліся гуляць у гэта, хоць самі тыя гарадкі і вынайшлі. Польскія гарадкі вельмі займальны від спорту: ў ім нешта ад чараў гарызантальнага скалалазання і троху ад прывабаў унітазакідання. Вам дастаткова толькі прыбыць у Гродна, які адзіны ва ўсім свеце не адмовіўся праводзіць гэтае спартовае мерапрыемства, і проста атрымаць там кубак. І, дарэчы, трафей застаецца ў вас навечна, бо стваральнікі гульні парываліся пераплавіць той кубак на алюмініевыя чушкі і закапаць у зямлю. Іх урад ужо вылучыў два мільёны злотых на сціранне гэтага віду спорту з калектыўнай памяці і гістарычных крыніцаў. Сённяшнім капітанам зборнай прызначаю Лёнчыка у яго апошні працоўны дзень.


Увечары мы, чэмпіёны свету па польскіх гарадках, ачумелыя ад двайной змены, у рыгалаўцы на ўскрайку Горадні святкуем праводзіны Лёнчыка:

Лёнчык, дык што за новая праца?

Хлопцы, я цяпер легіянер.

Клас: зайздросцім, але шчыра. Куды, у прафесіянальны?

Не, двайніком да Бэн Ладэна. Усё як мае быць: поўны сацыяльны пакет, дваццаць восем дзён адпачынку на год, медстрахоўка і бясплатныя масты і каронкі.

Лёня, якія масты, якія каронкі?! Там пасля аднаго працадня будзеш рэбры жалезнымі скобамі змацоўваць!

Не трэба Лёнчыка мець за ідыёта у кантракце ўсё прапісана: ніякай ваеншчыны. Бэна я замяняю толькі на парадах-нарадах, ну, максімум на негалоўных тэлезваротах з пагрозамі чалавецтву.

Дарэчы, пра чалавецтва: яго ашчасцілі дзвюма зборнымі Беларусі па негалоўных відах спорту. Першая зборная для гульняў на выездзе. Гатэлі, еўрасутачныя і агні вялікіх гарадоў. Мы не яна. Мы зборная Беларусі па негалоўных відах спорту для хатніх гульняў. Стылая дзвюхпакаёўка разам з ці то жонкай, ці то цешчай, з якой суткі за двое, і агні канфоркі.

Патрабуецца дзевяць цягавітых беларусаў для фіналу еўралігі па класічных баданнях з танкам.

Францавіч, не губі!

Спакуха, хлопцы. Як там у паэзіі: «Беларусу чалавеку і трактару»? Запыт перанакіравалі на МТЗ хай чухаюць патыліцу яны. Але цяпер смехі набок: у Гішпаніі чэмпіянат свету па баі быкоў, ад нашай краіны трэба два тарэадоры.

Я не магу у мяне месячныя.

Хлопцы, не выдурняйцеся, тут жа галоўнае не перамога, а ўдзел. Чыста для птушачкі: пастаялі трохі на арэне, папрыручалі быка. А я за гэта зверху падчас паездкі дазволю не трымацца спартовага рэжыму: гішпанскае чарніла за мой кошт. Толькі перад карыдай просьба на грудзі не браць, а то будзе, як у мінулы раз, калі зборная Украіны праходзіла ўсю карыду на рагах. Дык што, хто едзе?

Назад Дальше